Крывавы памол
Сяржук Сокалаў-Воюш
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 271с.
Мінск 2004
не спадзявайцеся!” “Пхаць!” “Дзякуй, пані Алена, дзякуй”... “Бруна! Ані важ!” “Бруна! Ты мяне чуеш?” “Ані важ!”
Момант раптоўнай цішыні пасьля гэтага недарэчнага тут воклічу, літаральна аглушыў, каб амаль адразу ж запоўніцца іншым крыкам. Гэта новы чалавечак прывязваўся да нашага сьвету: вітаўся са сваёй доляй, якая ўвайшла ў яго зь першым зямным уздыхам.
Праз хвіліну з гасьцёўні пачуўся ўзрадаваны голас пана Эдмунда:
Хлопец!
I пры тым абсалютна здаровы, адказаў пан Дыба.
Гэта трэба адзначыць! Габрусь! Дзе Габрусь? Габрусь, кліч пана Антона! Дзеці няхай сьпяць. Для іх сьвята пачнецца заўтра.
Пане Антоне, без дазволу ўбілася ў расчыненую палавінку галава старога пахолка, вас да стала, у паноў Дзяржынскіх сьвята!
Я выйшаў у гасьцёўню.
Пане Антоне, кінуўся да мяне гаспадар, прашу за стол. Сёньня ў сьвет прыйшоў яшчэ адзін Дзяржынскі.
Віншую, пане Эдмундзе, віншую.
Пані Алена, накрытая коўдрай, ляжала тут жа на старасьвецкай скураной канапе. Малы спаў побач. Я падышоў:
- Добры дзень, малеча. Жадаю табе вырасьці вялікім чалавекам, уславіць твой старажытны род і памножыць славу продкаў. Вось табе першы падарунак: адзін рубель за ўчора, адзін на сёньня й адзін у заўтра.
- Дзякуй, пане Антоне, адказала гаспадыня й пасьміхнулася.
Я вярнуўся да стала. Пан Эдмунд ужо наліў адмыслова прынесеныя на гэта куляўкі:
- Пане Ўладыславе, пане Бруна, не адмоўце з гэтай нагоды.
- Далучаемся ў думках, адказаў за абодвух лекар.
- Што ж, тады, паводле старога звычаю, першую за тых, што пайшлі.
Мы тройчы чаркануліся й выпілі. Слава ім!
- Цяпер па другой, за тых, што прыйшлі, кіраваў працэсам пан Эдмунд, але тут ужо чаркануцца належыць толькі двойчы.
- Ну й трэйцюю, за тых, што прыйдуць, і простым чаркаваньнем, сказаў пан Дыба, які зь цікавасьцю назіраў гэты стары шляхоцкі звычай.
- А як жа! Канешне, за тых, што прыйдуць, толькі чаркавацца трэба ізноў тройчы.
Гарэлка была хаця й крамная, але
добрая. Пакуль мы закусвалі, рэй узяў пан Дыба:
- Роды былі на дзіва ўдалыя. Калі ўлічыць, што пані Алена перад тым упала са сходаў, то й наагул гэта шчасьлівы выпадак. Дарэчы, ваш сын, пане Эдмундзе, нарадзіўся ў кашулі.
- 3 пасьледам? сказаў зь веданьнем справы гаспадар.
- 3 пасьледам. А гэта знак, што жыцьцё ягонае будзе вартае, лекар павярнуў галаву ў бок пані Алены. Як чуемся?
- Шчасьлівы выпадак, паўтарыла яна словы пана Дыбы.
- А як так, то й імя яму трэба шчасьлівае, сказаў лекар і нечакана зьвярнуўся да Бруна. Што на гэта думае мой асыстэнт?
- Думаю, што Фэлікс было б якраз.
- Фэлікс, паўтарыў пан Дзяржынскі, Фэлікс, калі з лаціны, так і ёсьць шчасьлівы... А маленькі Фэлікс Еля... Алена, што ты думаеш?
- Думаю, што пан Бруна мае рацыю й Фэлікс будзе якраз.
- А вам як, пане Антоне?
Ад нейкага моманту ўсё, што адбывалася ў маёнтку, пачало мне здавацца нейкай загадзя напісанай пастаноўкай. Я яшчэ ня быў зусім пэўны, але мне пада-
лося, што начныя госьці зьявіліся тут невыпадкова. Яны нагаварылі процьму нечуваных рэчаў, прынялі роды й вось цяпер нязмушана намовілі гаспадароў на гэтае ймя. Ухвальныя позіркі, якімі яны раз-пораз узнагароджвалі адно аднаго, таксама трывожылі. Была ў гэтым нейкая іхная, схаваная ад іншых, радасьць. Мне хацелася зрабіць нешта насуперак, і я выразна сказаў: “Кепска”. Але заміж гэтага прагучала ня менш выразнае:
- Цудоўна...
IV
Першае, што я ўбачыў наступнае раніцы, былі мае згубленыя напярэдадні рэчы. Яны ня проста стаялі недзе ў куточку, а былі раскладзеныя такім чынам, якім гэта мог зрабіць толькі я сам...
Пры дзьвярох дыхала парай мядніца на ўмываньне. Я салодка пацягнуўся й глянуў на вакно. Імжыў дожджык. 3 гасьцёўні чулася прыглушаная размова. Я прыслухаўся. Словы гучалі няўцямна, але суразмоўцы пазнаваліся досыць лёгка. Паводле тону, выглядала, што пан Эдмунд нешта загадвае Габрусю, а той ізноў адмаўляецца. “Чортавы лібэралы, падумаў я, распусьцілі народ. Цяпер кож-
ны пахолак агрызаецца, нібыта ўсё ягонае жыцьцё не аплочанае па магчымасьці шчодра з гаспадарскай кішэні. Але ў Дзержынове гэта не мая справа. Затое ў Дзічках ніхто не пярэчыць. Жывуць, працуюць і маюць. Ня з ласкі, а як належыць. Таму й чуюцца беларусамі, а ня быдлам, ня тыцкаюць у вочы ўяўнай пальшчызнай альбо расейшчынай. Ведаюць, хто яны й якім чынам усё ўладжана ў гэтым сьвеце. А гонар свой выстаўляюць напаказ па-за маёнткам, бо ў самім маёнтку ўсе маюць той самы гонар”.
Між тым гаворка ў гасьцёўні сьціхла. Уставаць не хацелася, але й валяцца ў ложку больш не выпадала гадзіньнік паказваў на дзясятую, а гэта ўжо сон, як у новага шляхціца. Я ўстаў, памыўся, прыбраўся й выйшаў з пакою.
- Маглі б яшчэ спаць, сустрэў мяне пан Эдмунд, але як ужо ўсталі добрай раніцы.
- Добрай... Як пані Алена? Як сын?
— Дзякаваць Богу.
- А пан Дыба й ягоны асыстэнт яшчэ сьпяць?
- Які пан Дыба?
- Ну, лекар, што прымаў роды.
- Лекар?
Зьдзіўленьне пана Эдмунда было такім натуралёвым, што я сумеўся.
- Жонка нарадзіла бязь лекара...
- Як жа так?
- А што тут дзіўнага? Габрусь прывёз арандарову жонку, дзякаваць Богу, жыве недалёка.
Пан Дзяржынскі глядзеў на мяне як на вар’ята, і я... здаўся:
- Даруйце. Напэўна, учора хапілі лішняга... Канешне, канешне... А можа быць, сон... Ці насланьнё...
Першы раз у жыцьці я з судзьдзі ператварыўся ў блазна... Калі б той хвілінай пабачыў мяне, прыкладам, Зорыч можна не сумнявацца, што я адразу быў бы залічаны ў трупу... Але не выглядаць жа было на ідыёта ў чужой хаце...
- Дзіва што пасьля такой ночы, сказаў пан Эдмунд, мяне таксама да раніцы даймалі розныя немарасьці... Сьніліся, ведаеце, розныя... гаспадар зайшоўся кашлем, і я заўважыў як ён сутаргава й марна пачаў шукаць у кішэні насоўкі.
- А дзе цяпер арандарова жонка?
- Ды дзе ж ёй быць? Зьехала дадому адразу, як вы пайшлі адпачываць... Але што ж мы стаім. У вас як там, пад Полацкам, з раніцы гарбату ці каву?
- Па-рознаму.
- Ну то й добра.
Пакуль Дзяржынскі наліваў гарбату,
я стаяў ля вакна й перабіраў у памяці ўчорашнія падзеі. Начныя госьці сапраўды не пакінулі па сабе аніякіх сьлядоў, калі не лічыць насоўкі пана Эдмунда. Яны не дакрануліся ні да пітва, ні да ежы. Дождж змыў сьляды іхнае хурманкі, і нехта, болып магутны, чым можна сабе ўявіць, сьцёр успамін пра іхны побыт у гэтых сьценах... Але чаму я памятаю ўсё? Чаму нехта захацеў, каб мяне лічылі вар’ятам? A можа, рэч зусім не ўва мне? Альбо...
- Сядайце, пане Антоне. Мы ж з вамі яшчэ так і не паразмаўлялі.
- Але. Нават не паразмаўлялі.
- Вы, як я разумею, у нашых мясьцінах упершыню?
- Так, але продкі мелі надзел на Наваградчыне, і я езьдзіў глянуць на былую веліч. “Навошта я схлусіў? Чаму не сказаў пра справу зь зямлёй пад Ярэмічамі?”
- Любіце старасьветчыну? “Маніш, даражэнькі. Рамантызм скончыўся яшчэ ў сярэдзіне стагодзьдзя. Зрэшты, не мая справа”.
- I старасьветчыну таксама. “Ну, хоць напаўпраўду”.
- А што, Абруч-Жахоўскія сапраўды былі ў сваяцтве з Батурамі?
- Былі. Але, як цяпер кажуць, неафіцыйна. Кароль абраў спадарычну, а тая
й зацяжарала. “Адкуль ён ведае пра Батураў, калі ня памятае начных візытантаў?”
- Разумею. Ну й, адпаведна, пасады, маёнткі...
- Ані.
- Жорстка.
- Абруч-Жахоўскія. Гвалт нават каралям не даруюць. “Навошта яму гэта? Сямейнае паданьне мусіць заставацца сямейным... Аміля Абруч-Жахоўская сапраўды сыпанула паскудніку атруты пасьля Полацку. Счакала, пакуль землі Вялікага Княства вернуцца, і сыпанула. Вось ныркі ў караля й ня вытрымалі”.
- Мы, палякі, прасьцей глядзім на такія рэчы.
- Палякі?
- Як і вы.
- Магчыма, пане Эдмундзе, вам будзе прыкра, але мы не.
- Ну й дарэмна. Наш продак, ратмістра Мікола Дзяржынскі, таксама быў тутэйшы. I што яны цяпер гэтыя тутэйшыя? Ты ім волю, яны табе няўдзячнасьць, ты да іх па-людзку, яны да цябе па-хамску... Вы толькі не падумайце, што я іх ненавіджу. Наадварот, я люблю іх. Сярод іх трапляюцца й здольныя, але ўсё гэта выглядае сьмешна пад бокам у двух
вялікіх народаў, вялікіх культураў. Вось мы з вамі гаворым на іхнай мове, карыстаемся гэтым, так бы мовіць, атавізмам, але ўжо нашыя дзеці могуць выйсьці на іншы шлях. I слушна зробяць.
А што вам перашкаджае паставіць тутэйшых на месца? Што вам замінае ўжыць гаспадарскую ўладу?
Даражэнькі пане Антоне. Я выхаваны ў іншых традыцыях. Я скончыў унівэрсытэт, дзе была й вольная думка, і мары пра людзкае грамадзтва. Ну й што? Пакуль яшчэ працаваў у Таганроскай гімназіі, жыў сярод інтэлектуалаў ідэі сяк-так працавалі. Ды й народ расейскі мае вялікія магчымасьці. Але варта было захварэць і прыехаць сюды, варта было сутыкнуцца зь мясцовым людам, як мары мае пахіснуліся. Вось вам і канфлікт духовы, і вынікі...
Даруйце, пане Эдмундзе, але я ўсё гэта бачу крыху йнакш. Ня трэба далёка хадзіць па прыклады. Пасьля скасаваньня прыгону хто паўстаў за справядлівасьць? Паўсталі тыя, каму вы адмаўляеце ў людзкасьці.
- Паўсталі палякі. А тутэйшыя іх толькі прадавалі.
- Палякі паўсталі ў Польшчы.
- Ну, каталікі. А гэта на нашых землях амаль тое ж самае.
Цяпер я разумею, чаму вам так цяжка. У мяне ў Дзічках усё йначай... У мяне яшчэ памятаюць вунію, ведаюць пра беларускасьць. Але тут усё гэта ў вашых руках.
У маіх... Ды тутэйшыя мяне паважаюць. Слова Дзяржынскага гэта слова, і цана яму вядомая гэта з аднаго боку. 3 другога... Вось хоць бы й сёньня з раніцы. Пасылаю я Габруся паглядзець вашых коней, а ён мне: “Хурман пана Антона прачнецца, ён і дагледзіць”. Я яму пра гасьціннасьць, а ён мне...
Далей я ўжо ня слухаў. Значыцца, мой хурман тут, коні на месцы, рэчы ў пакоі... Што яшчэ? Ага, згадаў:
- Пане Эдмундзе, а што гэта за птушак я бачыў учора ў вашым лесе?
- ???
- Такія вялікія, падобныя да крумкачоў, але значна большыя.
- А пры тым не сустрэлася вам часам жанчына ў чорным?
- Чорная Выдма?
- Го, на Полаччыне таксама пра яе ведаюць?
Так.
- Вось вам і яшчэ адзін прыклад. Цемра несусьветная. Выдумалі нейкую Выдму й крумкачысак ейных нібыта спадарожнікаў. Байкі гэта ўсё.
- Але ж, пане Эдмундзе, гэта я іх бачыў... Я.
Дзяржынскі няўцямна паціснуў плячыма... Гаворка для абодвух рабілася непрыемнай.
- А вам даводзілася бываць у нашых мясьцінах?
- Толькі праездам, па дарозе ў Пецярбург.