Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца
Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 202с.
Мінск 2008
Празь нейкі час аўтобус збочваў управа і мы рухаліся ў кірунку раёну, які называўся Чыжоўка. Перад уездам у яго мы абміналі яшчэ адзін парк з возерам і ехалі па шырокай галоўнай вуліцы. Поруч з наступным тутэйшым Палацам Культуры трэба было рабіць яшчэ адную перасядку. Тут мы сядалі ў аўтобус, які ішоў напрамкі да Нэкропалісу. Праз прыпынак ён выяжджаў на дарогу, зь якой ужо віднелася манумэнтальная арка яго брамы. Вялізная брама самотна ўзвышалася
ў глыбіні залатога поля, аточаная ціхім шэптам набухлага калосься.
Самое ж поле сыходзіла далёка да небакраю і недзе там дакраналася да неба, па якім павольна плылі кавалкі яшчэ пакуль не расталай цукровай ваты.
27
Дваццатае стагодзьдзе для Краіны, цяпер ужо Беларусі, пачалося новым патопам, што абрынуўся на яе землі. Яна робіцца тэатрам ваенных дзеяньняў для Усходняга фронту Першай сусьветнай вайны. За ёй прыйшла Рэвалюцыя, грамадзянская вайна, вайна ўжо савецкай Расеі з Польшчай. Падлічыць дакладную лічбу стратаў ад гэтых навалаў наўрад ці магчыма. Толькі колькасьць асобаў, якіх Імпэрыя прымусова выслала за межы Краіны, складае каля мільёну чалавек.
У трыццатыя гады, прыбраўшыся ў строі Краіны Шчасьця, Імпэрыя працягвала вычышчаць абшары гэтай зямлі ад Культуры, гарадоў і народаў. Ей ужо ня трэба было хавацца за папамі ды развагамі пра высокую духоўнасьць яе Місіі. Цяпер яна магла станчыць сапраўднае чорна-белае танга жыцьця й сьмерці, ажывіць Капрычасы Гоі, стварыць гіганцкія макабрычныя палотны, выкарыстоўваючы
толькі дзьве фарбы: чорную — зямлі — ды барвовы колер застылай крыві.
У трыццатых па абвінавачаньні ў нацыяналізьме Сталін выразаў амаль усю беларускую творчую і навуковую інтэлігенцыю. Толькі са складу Саюзу пісьменьнікаў да пачатку саракавых гадоў у жывых засталося ўсяго дванаццаць чалавек. Ішлі масавыя забойствы простых грамадзянаў. За адзін 1937 год у Беларусі былі расстраляныя сто тысячаў чалавек. Працягвалася высяленьне ў Сыбір кулакоў, нацыяналістаў, рэлігійных сэктантаў ды «іншых варожых элемэнтаў». Лік ахвяраў Імпэрыі за гэтыя гады цяжка паддаецца вылічэньню. Вядома, што толькі на адным зь месцаў масавых пакараньняў у Курапатах пад Менскам расстралялі ад ста да дзьвюхсот пяцідзесяці тысячаў чалавек.
У трыццаць дзявятым апошняя вялікая Вайна накрыла гэтыя землі. Яна доўжылася шэсьць гадоў і забрала жыцьцё яшчэ кожнага чацьвертага яе жыхара.
28
Што я добра памятаю зь дзяцінства, дык гэта тое, што мы жылі ў шчасьлівым грамадзтве. Ці быў я шчасьлівы, не памятаю. Хутчэй за ўсё, не. Як і кожнага маленькага чалавека, мяне атачалі свае маленькія праблемы, страхі
ды няспраўджаныя жаданьні, якія, мусіць, не давалі адчуць сябе шчасьлівым. Але тое, што мы жывем у самым шчасьлівым грамадзтве, я ведаў абсалютна дакладна. Гэта ведалі ўсе дзеці Гораду Сонца. Памятаю, як мы спачувалі тым іншым дзецям, што жывуць у спарахнелым капіталістычным сьвеце ды пазбаўленыя шчасьлівай будучыні. Я памятаю вясёлыя піянэрскія песьні, што даносіліся з нашай радыёкропкі сонечнымі вясновымі днямі (а ў Горадзе Сонца заўсёды было шмат сонца), і той дзіўны фільм, які я ўбачыў аднойчы ў нейкі нясонечны, пахмурны зімовы дзень.
Я на штосьці хварэў, таму не пайшоў у школу. Як і ўсім дзецям, мне падабалася хварэць. У мяне нават быў ўлюбёны занятак на выпадак хваробы. Я ўладкоўваўся ў фатэлі ля акна на нашай цёплай кухні ды разглядаў падарожную кнігу па Ленінградзе. Гэта была кніга зь вельмі падрабязнымі аксанамэтрычнымі плянамі. Мне чамусьці падабалася белымі зімовымі днямі, у паўхворым стане шпацыраваць па яе аксанамэтрыях сярод уяўных зімовых, таўрычных, міхайлаўскіх ды іншых ленінградзкіх палацаў.
У той дзень па нашым чорна-белым тэлевізары я ўбачыў фільм пра сабаку і старога, які нечакана захварэў і памёр. Гэта была кароткая навэля, якую паказалі днём, калі большасьць савецкіх людзей знаходзілася на працы. Звы-
чайна такія дзіўныя фільмы паказвалі ў такі час, калі іх практычна ніхто ня мог бачыць. Там не было нейкай адмысловай фабулы. Стары самотны чалавек памірае. Прыходзяць лекары, нейкія незнаёмыя людзі. Яны нешта робяць. Сабака назірае за гэтым. Ен сядзіць каля цела памерлага старога. Ноч. Гарыць сьвечка.
У наступных кадрах графічна пранізьлівы чорна-белы зімовы дзень. Невялічкая пахавальная працэсія накіроўваецца на могілкі. Сабака ідзе па сьнезе за труною памерлага. Старога закопваюць. Людзі разыходзяцца. Сабака застаецца адзін. Празь нейкі час ён вяртаецца дадому. А дому больш няма. Дзьверы зачыненыя, і ніхто ўжо не адчыніць іх.
Мне запомнілася дзіўнае адчуваньне ад гэтага фільму. Балесны марозны дзень за акном ды сумная чорна-белая сага пра старога і пра сабаку, які жыў у Краіне Шчасьця. Але ў адзін зімовы дзень сабачае шчасьце скончылася.
29
Нямігу зносілі доўга. Спачатку яе ператварылі ў адну вялікую дэкарацыю, гіганцкую руіну, у якой розныя кінагрупы з усяго Саюзу здымалі фільмы пра вайну. Ізноў тут рвалі-
кі са свастыкамі ды чырвонымі зоркамі. Потым прыехалі экскаватары.
Мне было шкада гэтых кварталаў, якія дыхалі цеплынёй ды ўтульнасьцю простага чалавечага побыту. Я доўга ня мог зразумець, навошта яны гэта робяць. Чаму прыехалі жахлівыя машыны і б’юць вялікімі шматтоннымі кулямі па сьценах майго дзяцінства. Навошта руйнуюць маленькі прыгожы сьвет, у якім быў стары дом з разумнымі шафамі, ненавісныя начныя ясьлі, маленькія булачныя з пахам цёплага хлебу, старыя-курды, што сядзелі ў драўляных будках і за некалькі капеек чысьцілі абутак мясцовым дэндзі, жанчыны, якія разьвешвалі вымытую бялізну ва ўтульных падворках. Дзе блукалі шкляры, тачыльшчыкі, каты, сабакі з разумнымі вачыма, дзе стаяў дурманлівы пах каміннага дыму. Я не разумеў, чаму яны забіваюць цела старога Гораду, бо Няміга была менавіта целам старадаўняга Менску. Безь яе ён распадаўся на раздробленыя аскепкі прадмесьцяў, рассыпаўся, рабіўся прывідным.
Многія потым казалі: гэта было лягічным працягам таго, што Імпэрыя ўжо шмат гадоў тут рабіла раней. Мне ж здаецца, што гэта Горад Сонца патрабаваў новай жыцьцёвай прасторы. Пакуль жыла Няміга, ён ня быў адзіны ў гэтым горадзе. Няміга — яго даўні канкурэнт ды супернік. Пакуль Яна была жывая, Ен ня мог па-сапраўднаму сысьці ў сьвет салод-
кіх сноў, бо Ен — Сонечны Горад Мрояў, a Яна — Бяссоньне, Тая, якая ня сьпіць. Яна абуджала яго, не давала заснуць. Яна была бяссонная Ноч, а ён — сонечны Дзень. Рана ці позна Ен павінен быў яе задушыць.
Хаця ўсё, што зьяўлялася ў сямідзясятыя гады на месцы зруйнаваных кварталаў Нямігі, ужо ня мела ніякага дачыненьня да Гораду Сонца. Ен мог заваёўваць новыя абшары толькі ў трыццатыя, саракавыя, пяцідзясятыя, калі ў ім жыла сіла стылю і моц веры. У сямідзясятыя веры ўжо не было, таму тое, што зьяўлялася як працяг Гораду Сонца, было фальшывым, а таму няздарным.
Пазьней я зразумеў яшчэ адну прычыну забойства Нямігі. На самым яе найменьні ляжаў праклён крывавых берагоў. Усё, што было зьвязана зь ім, непазьбежна гінула альбо зьнікала. На берагох ракі Няміга ў 1067 годзе адбылася бітва, зь якой пачалася гісторыя Менску. Аб’яднаныя сілы кіеўскага князя Ізяслава, чарнігаўскага князя Сьвятаслава, пераяслаўскага князя Усевалада разьбілі войскі полацкага князя Усяслава, узялі горад, a ўсіх жыхароў у помсту выразалі. На Нямізе снапы сьцелюць з галоваў, на таку жыцьцё кладуць, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі ня добрым пасевам былі засеяны. Так, у старажытным манускрыпце «Слова пра паход Ігаравы», паэт апісваў гэтыя падзеі.
Бяссоньне зрабілася падземнай вадой гэтай Зямлі, ракой сьмерці, што ўносіла душы загінулых у незьлічоных войнах. За восем вякоў пасьля крывавых берагоў Няміга-рака перасохла. Яе ўзялі ў трубы ды пусьцілі пад зямлёю. Але на паверхні застаўся Няміга-горад, які яшчэ праз сто гадоў сышоў у зямлю сьледам за ракой. На гэтым месцы праклалі вялікую магістраль, а празь некалькі гадоў тут зьявілася станцыя мэтро, прыблізна ў тым самым месцы, дзе былі крывавыя берагі, якую таксама назвалі Няміга. Яшчэ празь некалькі гадоў на гэтай станцыі адбылося страшнае ахвярапрынашэньне. Падземная рака забрала жыцьці каля пяці дзясяткаў падлеткаў. Абставіны гэтага ахвярапрынашэньня здаюцца яшчэ больш жахлівымі, калі пачынаеш дазнавацца пра спадарожныя яму містычныя падзеі.
Гэта здарылася травеньскім нядзельным днём. У гэтым дні не было нічога незвычайнага. У Горадзе з самага раньня стаяла сьпякота. Паветра было вільготнае, як звычайна напярэдадні навальніцы. Увечары праз Горад пранеслася жудасная вестка. Ніхто яшчэ ня ведаў дакладна, што адбылося, але ўсе разумелі, што здарылася нешта жахлівае. Пазьней акалічнасьці гэтага жаху ведаў кожны.
У той дзень на полі побач са станцыяй мэтро Няміга праходзіў канцэрт, на які сабраліся некалькі тысячаў гледачоў, пераважна — сту-
дэнты й школьнікі. Раптоўна неба над гэтым месцам абрынулася сьцяной вады. Відавочцы апавядалі, што гэта не было падобна да моцнага дажджу, але менавіта да сьцяны вады, да ракі, якая пала зь неба менавіта там, дзе ляжалі калісьці Нямігі крывавыя берагі. У іншых частках Гораду ў гэты час дажджу альбо не было зусім, альбо ішоў звычайны невялікі дожджык. Дзеці кінуліся, каб схавацца ад вады, да станцыі мэтро. Сотні людзей пабеглі да падземнага пераходу, што вёў да Нямігі. У ім, пад зямлёй, здарылася страшная цісканіна, у якой загінула пяцьдзясят чатыры чалавекі.
Усё адбылося як амаль тысячу гадоў назад: На Нямізе снапы сьцелюць з галоваў, на таку жыцьцё кладуць, веюць душу ад уела. Нямігі крывавыя берагі ня добрым пасевам былі засеяны. Праклён крывавых берагоў нагадаў пра сабе. Рака вады пралілася над тым самым месцам і пацягнула за сабой дзяцей гэтага Гораду паміраць на сваіх берагох, але гэтым разам пад зямлёй, бо ўжо шмат гадоў Няміга — падземная рака.
Падземнай ракі крывавыя берагі, крывавыя берагі Бяссоньня...
30
Сярод мноства кінастужак пра Вайну, якія я бачыў у дзяцінстве, мне запомніўся фільм Гадзіньнік спыніўся апоўначы пра забойства Вільгельма Кубэ — генэральнага камісара Трэцяга Райху ў Беларусі ў часы акупацыі. Менскае падпольле прысудзіла гаўляйтэра да сьмяротнага пакараньня, але доўга ня мела магчымасьці да яго падабрацца, пакуль не ўдалося завэрбаваць пакаёўку ў доме Кубэ, якая й выканала прысуд супраціву. У настроі гэтага фільму было нешта вельмі шчырае й жорсткае адначасова. Напрыканцы яго галоўная гераіня сьпявала для нямецкіх афіцэраў на нейкім банкеце ў доме гаўляйтэра пяшчотную беларускую песьню, а потым ішла ў спальны пакой ды падкладала міну з гадзіньнікавым мэханізмам пад матрац у ложку Кубэ.