Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца  Артур Клінаў

Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца

Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 202с.
Мінск 2008
42.74 МБ
У дзевятнаццатым стагодзьдзі Імпэрыя пачынае вызваляць Краіну ад таго, што зьвязвала яе з Эўропай. Як і ў войнах, першымі ўдар прынялі гарады. На пачатку, у 1830 годзе, быў зруйнаваны цэнтар Берасьця, аднаго з найпрыгажэйшых месцаў Краіны. Там, дзе стаяла мноства барокавых касьцёлаў, Імпэрыя ўзьнесла гіганцкую Цытадэль — Брэсцкую крэпасьць з казармамі ды пляцамі для муштраваньня жаўнераў. Пазьней зьнясуць ці перабудуюць многія іншыя гарады Краіны. У
большасьці зь іх будуць зьнішчаныя ратушы, як непатрэбны Імпэрыі сымбаль былой вольнасьці ды магдэбурскага права.
У 1831 годзе ў Краіне выбухнула паўстаньне, якое было асуджанае на паразу. Занадта няроўнымі ўжо аказаліся сілы Імпэрыі і інсургентаў. Пасьля паўстаньня пачйлося скарэньне Краіны праз праваслаўе. Удар прынялі каталікі ды ўніяты. Дзьве траціны каталіцкіх і ўніяцкіх кляштараў з больш чым трох соцень, якія існавалі тады, былі зьнесеныя альбо перададзеныя праваслаўным. У 1839 годзе ўніяцтва цалкам забаранілі. Пачалося прымусовае навяртаньне ўніятаў, якія складалі большасьць у Краіне, у праваслаўе. Другі ўдар прыйшоўся па адукацыі. Імпэрыя зачыніла Віленскі Унівэрсытэт, езуіцкія калегіюмы, многія школы. Ва ўсіх навучальных установах Краіны выкладаньне перавялі на расейскую мову.
У 1863 годзе ў Краіне выбухнула новае паўстаньне супраць Імпэрыі. Але яно больш паходзіла на ахвярапрынашэньне дзеля волі, паколькі шанцаў перамагчы ўжо не было. Вынік паўстаньня — дзясяткі тысячаў тых, хто загінуў ці быў высланы ў Сыбір. У гарадох зачыняліся альбо зьнішчаліся рэшткі каталіцкіх кляштараў ды касьцёлаў.
На зямлі, дзе стагодзьдзямі жылі ў спакоі каталікі, уніяты, праваслаўныя, пратэстанты, юдэі, мусульманы, якая прымала гнаныя ве-
равызнаньні зь іншых краінаў, як стараабрадцаў з Расеі, пачаўся рэлігійны гвалт. Краіна, што мела канстытуцыю, парлямэнт, выбіранага Караля, якая мела квітнеючыя гарады з вольнасьцямі, гарантаванымі магдэбурскім правам, ператваралася ў руіну, сталася глухой правінцыяй Імпэрыі.
Тое, што засталося ад Краіны, не магло ўжо адкрыта процістаяць навале. Але яшчэ была магчымасьць тэрору: калі Імпэрыю нельга перамагчы, то яе неабходна забіць. Многія патрыёты Краіны сыходзяць у Рэвалюцыю, у тэрарыстычнае падмосьце Імпэрыі.
У 1884 годзе беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі забіў Аляксандра II, адзінага імпэратара, які стаў ахвярай тэрору. Наступны ў 1918 ужо будзе забіты Рэвалюцыяй, у спружынным гадзіньнікавым мэханізьме якой будзе зашмат людзей, народжаных у гэтай Краіне, таксама як і выхадцаў зь іншых нерасейскіх ускраінаў Імпэрыі. Вельмі доўга і моцна яна сьціскала спружыны, якія раней ці пазьней павінны былі прывесьці ў рух мэханізм Рэвалюцыі.
17
У маім дзяцінстве ў Горадзе Сонца Бога ўжо не было. Калі я пытаў выхавацельку ў дзіцячым садку: «Чаму яго няма?», яна адказвала мне проста: «Гагарын лётаў у космас, але Бога там ня ўбачыў». Мне ўяўлялася, што Бог — барадаты дзядуля ў белых шатах зь белымі крыламі, які лунае ў чорнай прасторы над зямным шарыкам. Але зьявіўся Гагарын на касьмічным караблі, абляцеў Зямлю, ды ня ўбачыў у круглым акенцы свайго ілюмінатара крылатага дзядулю. Значыць, Яго сапраўды няма. Гагарын быў для мяне вялікі Аўтарытэт.
Грамадзяне Краіны Шчасьця ня толькі ня верылі, але й ганарыліся тым, што ня вераць у Бога. Яны адчувалі ў гэтым нейкую перавагу над тымі, хто застаўся ў тым часе, калі Бог яшчэ жыў. У той перавазе прысутнічала ўпэўненасьць перадавога навуковага погляду, які перамог цемрашальства. Гонар чалавека, што скарыў прыроду, зрабіўся вышэйшым за істоту, залежную ад яе.
Памятаю, як мне было сорамна выходзіць на вуліцу, калі мяне запасочылі ў тым, што я маю сувязі з Богам. Было сорамна і крыўдна, бо гэта здарылася па-за маёй воляй. Адбылося гэта, калі з нашага дому на Ламаносава, дзе прайшло маё раньняе маленства, мы
перабраліся ў новую кватэру на вуліцы Чарвякова, што месьцілася ў старой і вельмі экзатычнай частцы Гораду. Гэты раён называўся Старажоўка ды славіўся тым, што тут туліўся птушыны рынак, дзе прадавалі катоў, сабак, трусоў, курэй, сьвіней ды іншую жывёлу.
Перад самым пераездам на новую кватэру мы пахавалі бабулю. Яна доўга хварэла на рак і памерла яшчэ на той старой кватэры. Бабуля верыла ў Бога, таму пахавалі мы яе паводле царкоўнага абраду: з папом ды адпяваньнем. Неўзабаве пасьля прыезду на Старажоўку, на сорак дзён маці запрасіла нейкіх жанчынаў з царквы. Гэта былі апранутыя ў чорныя даўгія сукенкі і такія ж чорныя хусткі зусім незнаёмыя мне старыя. Маці была сябрам Партыі і ня дужа зналася на царкоўных пытаньнях. Іаму паклікала іх, каб тыя дапамаглі правесьці хаўтуры як належала паводле абраду. Адбывалася гэта ў канцы верасьня, надвор’е стаяла яшчэ цёплае, таму вокны пакоя, дзе стаяў накрыты жалобны стол, былі расчыненыя ў падворак нашага дому.
Пасядзеўшы, як прынята, нейкі час за сталом, жанчыны ў чорным пачалі чытаць малітвы. Чыталі яны іх на ўвесь голас — гучна і расьпеўна. Усё адбывалася раньнім вечарам, і двор нашага новага дому поўніўся розным народам. Мне хацелася зачыніць вокны і крыкнуць гэтым жанчынам, каб яны прамаўлялі малітвы
цішэй, паўшэптам, так ціха, каб ніхто ня мог іх пачуць. Але, вядома, іх пачулі ўсе, хто быў у гэты час у двары. Дзеці, зь якімі я яшчэ толькі зьбіраўся пасябраваць, сабраліся пад нашымі вокнамі і рагаталі, пазіраючы ў наш бок.
Памятаю, як яны глядзелі наступнага дня, калі я выйшаў на падворак. Хлопцы стаялі ў яго глыбіні і пра нешта шапталіся, кідаючы на мяне насьмешлівыя ды цікаўныя позіркі. Думаю, яны прынялі нас за «сэктантаў». Але я ня меў ахвоты пераконваць іх у адваротным. У гэты дзень я папрасіў маці набыць мне ў бліжэйшую нядзелю на Старажоўцы сабаку.
18
Старажоўка месьцілася ўжо за мяжой Гораду Сонца. Затое гэта быў раён старога дарэвалюцыйнага Менску, дакладней, яго тагачасная ўскраіна. Палацы тут ужо не сустракаліся зусім, як і не было прыгожых ляпных агароджаў. Толькі паркан старой гарадзкой інфэкцыйнай лякарні трохі нагадваў тую шыкоўную агароджу вайсковага гарнізону, што стаяла ў маім старым раёне.
Затое адно акно нашай кватэры напрост выходзіла да іншага гарнізону, які месьціўся на Старажоўцы. Хоць памеры ён меў значна меншыя за ранейшы ды яго не атачалі п’едэсталы
з капустаю, але я мог назіраць усё, што адбывалася за яго плотам. Нашая кватэра была на чацьвертым паверсе, а вайсковая частка месьцілася адразу пад нашымі вокнамі праз дарогу. Цяпер я ўжо ня толькі чуў правільны тупат, але й мог бачыць, як квадратныя зялёныя вусені рухаліся па пляцы альбо хадзілі па сьцежках ад бараку да бараку.
Зьверху вайсковая частка нагадвала цацачны гарадок, складзены з канструктара. У ім усё было чыстае й вельмі ахайнае. Нават дрэвы стаялі тут белага колеру. Кожнай вясной іх фарбавалі да таго месца, дзе пачыналася лісьце. Калі я запытваў у маці: «Навошта іх фарбуюць?», яна адказвала: «Каб вусені па ім ня поўзалі». Цяпер я мог ня толькі чуць песьні жаўнераў, але й назіраць іх выканаўцаў: мнаганожкі сьпявалі іх звычайна, калі ішлі да сталоўкі ці вярталіся зь яе.
Адразу за агароджай вайсковай часткі пачынаўся паркан Птушынага рынку. Тое, што хавалася за ім, цяпер цікавіла мяне значна больш, чым тое, што адбывалася ў цацачным гарнізоне. У Горадзе Сонца не было заапарку, таму рынак рабіўся адзіным месцам, дзе раз на тыдзень, у нядзелю, зьяўлялася магчымасьць убачыць і нават набыць усялякую жыўнасьць.
Тут не гандлявалі экзатычнымі жывёлінамі. Пераважна гэта былі куры, качкі, тру-
сы, сабакі, кацяняты, хамякі ды сьвіньні. Затое яны вадзіліся тут у вялізарных колькасьцях. Самымі гаманлівымі зь іх былі парсючкі. Калі б раптам, крый Божа, у вас здарыўся запой і вы забыліся, які цяпер дзень тыдня, то па рохканьні ды віскату сьвіней а шостай гадзіне раніцы ў вашага акна вы б маглі беспамылкова сказаць, што сёньня нядзеля.
Рынак пачынаў працу на золку. Ужо а пятай раніцы пад нашым акном выцягваўся ланцуг з фурманак ды цэлага парку «жыгулёў», «масквічоў» ды «волгаў». «Мэрсэдэсаў», як і экзатычнай жывёлы, у Горадзе тады не вадзілася. Усю раніцу да самога поўдня ў багажнікі машынаў і на фурманкі грузілі альбо, наадварот, выгружалі трусоў, курэй ды маленькіх парсючкоў. Курэй ды трусоў звычайна насілі ў драўляных скрынях, а парсюкоў у вялікіх завязаных палатняных мяхах. Трусы і куры паводзілі сябе ціха. Затое парсючкі, якім, мусіць, было страшна, брыкаліся й дзіка віскаталі. Мяхі, якія суворыя дзядзькі ў кепках цягнулі на сваіх сьпінах да драбінаў, заўсёды варушыліся й выдавалі гукі электрапілы, што ўвайшла ў тоўстае сукаватае палена.
За агароджай Птушынага рынку пачыналіся парканы прыватных хатаў. Старажоўка ўвогуле поўнілася мноствам розных драўляных, цагляных, мэталічных у сетачку аль-
бо даўгія драты агароджаў, платоў, тынаў ды парканаў. 3 другога боку нашага дому пачыналася агароджа дзіцячага садка. За ім, празь невялічкую мясцовую дарогу, — паркан школы, у якую я хадзіў. Справа ад школы цягнуўся паркан лазьні. Калі я выпраўляўся на бульвар — цэнтар мясцовага жыцьця з двума Гастраномамі, булачнай, ашчаднай касай, аптэкай, кінатэатрам, цырульняй, рэстаранам — трэба было прайсьці паміж дзьвюма агароджамі — школы і лазьні, праз даўгі й такі вузкі праход, што два чалавекі разыходзіліся ў ім толькі трохі прытуліўшыся да парканаў.
Акрамя парканаў і агароджаў, у нашым раёне ўзвышалася мноства чорных мэталічных комінаў маленькіх кацельняў. Я любіў гэтыя коміны. Калі ў марозны зімовы дзень я выглядаў у акно, яны стаялі самотным гаем высокіх чорных камлёў з даўгімі белымі кронамі дыму, які задуменна падымаўся ў неба.
19
У школе я вучыўся някепска, хоць наведваць яе ня вельмі любіў, асабліва ўзімку, увосень ды ўвесну. Заняткі пачыналіся рана, а восьмай гадзіне, таму падымацца трэба было недзе каля сёмай. На вуліцы ў гэты час звычайна яшчэ стаяла цемра. Калі я ўздымаўся і пады-
ходзіу да акна, школа, якая месьцілася проста насупраць нашага дому, пільна глядзела на мяне сваімі жоўтымі пяшчотнымі вачыма. У яе поглядзе, здавалася, было нешта садысцкае. Мне так хацелася вярнуцца назад у ложак, але квадратныя вочы пахмурнелі й прамаўлялі: «Ня сьмей! Зараз жа апранайся ды ідзі да мяне!» Але час ад часу здараліся радасныя дні, калі яна глядзела, а я мог са зьедлівым задавальненьнем адказаць ёй: «А вось і не пайду! У мяне ёсьць даведка ад лекара!»