• Газеты, часопісы і г.д.
  • Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца  Артур Клінаў

    Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца

    Артур Клінаў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 202с.
    Мінск 2008
    42.74 МБ
    Казалі, што там жывуць цыганы, і ўвогуле ён небясьпечны для наведваньняў, бо акрамя цыганоў там жыве яшчэ шмат рознага крымінальнага элемэнту. Аднак, мне здаецца, гэта былі толькі чуткі, ва ўсякім разе клопату ад такога суседзтва мы ня мелі і з радасьцю хадзілі ўзімку катацца на санках зь вялізарнай гары, што пачыналася адразу на ўскрайку пасёлка. Але ж цыганы, магчыма, там напраўду жылі. Час ад часу з вузкіх вулачак Сельгаспасёлка выяжджалі нейкія чарнабровыя дзядзькі на конных павозках і дзелавіта накіроўваліся кудысьці ў бок мяжы Гораду.
    Наш дом ня быў Палацам, а звычайным шматкватэрным домам, якіх тысячы ў гэтым Горадзе. Палацы для Народу сустракаліся ў нашым раёне, але іх было няшмат. Горад Сонца тут ужо заканчваўся, таму Палацы, што
    трапляліся у нас, ня мелі такон пышнасьці, як на Праспэкце. Затое недалёка ад майго дому стаяла шыкоўная ляпная агароджа вялізарнай вайсковай часткі, у якую проста ўпіралася нашая вуліца. У дзяцінстве яна здавалася мне даўгой і вельмі высокай. Агароджа цягнулася ўздоўж вуліцы больш чым на паўкілямэтра. Праз кожныя дваццаць дзіцячых крокаў яе праразаў фігурны п’едэстал, які вянчаў няправільнай формы рэльефны шар. Я ня ведаў, як завецца гэты элемэнт, але ён быў падобны да качана капусты, зробленага з гіпсу.
    3-за агароджы выглядалі сьпічастыя дахі даўгіх, жоўтага колеру казармаў, адкуль увесь час даносіліся жаўнерскія сьпевы. Хлапчукамі, мы бегалі да плоту паслухаць гэтыя сьпевы. Вядома, нам хацелася паглядзець, што там адбываецца, але п’едэсталы з капустай былі такія высачэзныя, што нам заставалася толькі слухаць, як сотні ног, адбіваючы правільны рытм, тупаюць паўзь іх зь іншага боку. Часам ногі правільна крочылі паралельна паркану, часам іх гук аддаляўся. Затым набліжаўся. Раз-пораз дружны тупат праразаў гучны крык: «Рота, запе-вай!». Тады з-за п’едэсталаў прылятала стогалосае: «Ндёт солдат по Го-ро-ду, по незнакомой у-лн-це, н от улыбок де-вн-чьнх вся у-лн-ца светла!..»
    Адразу за агароджай пачыналася вуліца, што вяла да Праспэкту. ГІа ёй мы хадзілі ў
    краму, якая звалася Гастраном, дзе куплялі прадукты. У нашым Горадзе чамусьці ўсе харчовыя крамы насілі імя Гастраном, хаця выбар ядомага ў іх ніяк не адпавядаў гэткай ганарлівай назьве. Праўда, Горад Сонца забясьпечваўся правіянтам непараўнана лепш за іншыя месты Краіны Шчасьця. У нас на прылаўках ляжала па пяць—шэсьць гатункаў кілбасы, можа, таму яны важна называлі сябе Гастраномамі. Але ж сустракаліся гарады, дзе кілбасы не было зусім, таму там крамы зваліся проста — Прадукты.
    Усе Гастраномы ў Горадзе, акрамя тых, што знаходзіліся на Праспэкце, былі падобныя адзін да аднога. Звычайна яны ўяўлялі зь сябе даўгія пэналы, адну сьцяну якіх пакрывала белая кафля, а другая была шкляной і вялікімі вокнамі выходзіла ў Горад. Паміж кафляй і вокнамі чарадой стаялі вітрыны, якія кшталтам нагадвалі фартэпіяна, толькі замест клявішаў у іх ляжалі балеі зь селядцамі, палкі кілбасы альбо пірамідкі з кансэрвавых бляшанак.
    Ля фартэпіянаў з кілбасою ды іншым правіянтам заўсёды таўкліся пакупнікі, якія, калі давалі нешта дэфіцытнае, нэрваваліся і крычэлі:
    — Больш за кіляграм у адны рукі не даваць! Куды прэш, сьвіньня! Я тут займаў! Нічога ня ведаю, я стаю вось за гэтай жанчынай!..
    Зьмесьціва прылаўкаў нас цікавіла мала. Звычайна мы накіроўваліся ў Гастраном па марозіва ды ліманад, які зваўся Бураціна.
    Побач з Гастраномамі месьціўся яшчэ адзін аб’ект нашай пільнай увагі — аўтаматы з газаванай вадой. Мы бегалі да іх, каб выпіць шыпучкі з сыропам за тры капейкі. Аўтаматы нагадвалі Мойдодыр’аў, зь дзіцячых кніжак. Выцягнутымі прастакутнымі галовамі яны стаялі на вуліцы парамі альбо групамі па тры, па чатыры. Іх зьдзіўленыя, разяўленыя раты заўсёды неяк бязглузда глядзелі на мяне, калі я падыходзіў да аднаго зь іх, запускаў руку ў трапэцыяпадобную зяпу, спалоскваў гранёную шклянку і кідаў унутар галавы тры капейкі. Галава ўцямлівала нешта пару імгненьняў, a потым зь лёгкім рэактыўным гудзеньнем напаўняла шклянку газіроўкай.
    Часам галава думала доўга, як быццам рабіла выгляд, што не разумее, чаго ад яе хочуць. Тады трэба было сьціснуць пяць пальцаў у кулак і што моцы ўваліць па яе зьдзіўленай пысе. Звычайна гэта дзейнічала. I ў шклянку выплёсквалася — з шыпячымі бурбалкамі — халодная газіроўка. Смачнейшага за яе не было напою ў цэлым сьвеце!
    12
    Далей за Гастраном па вуліцы, што ішла да Праспэкту, я выбіраўся нячаста. Да яго трэба было тупаць яшчэ больш за кілямэтар, таму мы хадзілі туды, толькі калі ў кінатэатры непадалёк ад нашага дому не паказвалі цікавага фільму. Тады неабходна было цягнуцца ў іншы кінатэатар, які месьціўся на Праспэкце, побач з Плошчай Любові, у парку, што назвалі ў гонар заваёўнікаў Паўночнага полюсу Паркам Чалюскінцаў.
    Наведваць кіношкі мы любілі. Фільмы, якія круцілі старыя мэханічныя кінапраектары ў вялікіх цёмных залях, адчынялі іншы сусьвет вакол нас. У іх мы бачылі тое, што рэдка паказвалі па тэлебачаньні — амэрыканскія прэрыі з каўбоямі ды індзейцамі, Фантамаса, які ляціць над Парыжам, старажытныя замкі з Чалавекам-у-масцы альбо Анжэлікай-маркізай-анёлаў. 3 тэлевізара мы хутчэй дазнаваліся пра тое, што трэба было ведаць пра Краіну Шчасьця.
    Кінатэатар на Праспэкце называўся «Вясёлка» і ўяўляў сабою аздобленую мудрагелістымі ўзорамі драўняную пабудову зь невялічкай заляй, што пахла затхлай вільгацьцю старога дому. Заля поўнілася шэрагамі драўняных фатэляў зь сядзеньнямі, якія самі адкідаліся назад, калі глядач падымаўся. Калі хто-небудзь
    падчас сэансу пакідаў залю, то перш чым у яе цемру трапляла сьвятло з бакавых дзьвярэй, што адчыняліся адразу ў парк, раздаваўся характэрны грукат, як быццам хтосьці біў цяжкім малатком па дашчанай падлозе.
    «Вясёлка» месьцілася ў самым пачатку парку, які цягнуўся на многія кілямэтры ў бок да прадмесьцяў. Адразу за ёй у глыбіню сыходзілі гушчары высокіх хвояў, вершаліны якіх злучаліся ўверсе ў адно вялікае зялёнае воблака. Зьнізу іх старыя камлі больш нагадвалі бясконцыя адлюстраваньні ў круглым люстраным пакоі. Яны незьлічоную колькасьць разоў паўтаралі сябе, паступова драбнелі й зьнікалі ў глыбіні цёмна-вохрыстага абшару, які сыходзіў удалеч.
    Паблізу кінатэатру праходзіла алея, што вяла да Чортавага кола. Гэта быў вялізарны вэртыкальны круг з мэталічнымі промнямі ды кабінкамі для гледачоў, які нагадваў вялікае ўзыходнае сонца з гербаў Краіны Шчасьця. Да зьяўленьня Амэрыканскіх горак Чортава кола, як яго звычайна называлі, было галоўным атракцыёнам у любым вялікім парку. Іх прамяні зь люлькамі на канцах велічна ўздымаліся над зялёнымі аблокамі райскіх садоў Гораду й марудна рухаліся на месцы, падобныя да цыфэрбляту гіганцкага гадзіньніка з дванаццацьцю запаволенымі сэкунднымі стрэлкамі.
    Што праўда, Парк Чалюскінцаў карыстаўся благой славай, таму заходзіць углыб далей за кінатэатар мы пабойваліся. Казалі, што ў ім арудуе банда, якая гвалціць дзяўчатаў, a потым забівае і робіць зь іх піражкі зь мясам. Таму, калі мы куплялі ў Горадзе пончыкі зь мясным фаршам, перад тым як зьесьці, разломвалі іх, каб зірнуць — ці няма там даўгога чалавечага пазногця з манікюрам.
    Вядома, гэта была лухта, як і гісторыя пра чорную руку, што лётае па Горадзе й душыць у цёмных падваротнях выпадковых мінакоў, альбо пра Нэгра-сыфілітыка, які мачае свой чэлес у шклянкі ва аўтаматах з газіраванай вадой, каб заразіць увесь Горад пранцамі. Але ў дзяцінстве мы верылі ў гэтыя гісторыі. Зрэшты, Парк Чалюскінцаў сапраўды быў благім месцам. Там увесь час кагосьці забівалі ды гвалцілі.
    13
    У нашым пад’езьдзе жылі пераважна габрэйскія сем’і. Калісьці яны складалі палову насельніцтва дарэвалюцыйнага Менску, а сынагогаў у Горадзе было ня менш, чым цэркваў ці касьцёлаў. Потым прыйшла Вайна. Габрэяў стала нашмат меней, але ўсё роўна ў Горадзе заставаліся кварталы, на вуліцах якіх да мяне даносілася з усіх бакоў вельмі спэцыфічная ня-
    мецкападобная гаворка. Гэта быў ідыш. У маім дзяцінстве многія яшчэ ведалі і размаўлялі на ім. Натуральна, мае сябры дзяцінства і першая дзетсадаўская нявеста таксама былі габрэі.
    Жылі ў нашым доме і сем’і іншых нацыянальнасьцяў: беларусы, украінцы, расейцы, палякі і нават татары. Збольшага гэта была інтэлігенцыя Гораду Сонца — інжынэры, лекары, настаўнікі. Пралетарыяў, людзей, што працавалі ў заводзкіх прадмесьцях, у нас амаль не сустракалася.
    Я добра ведаў насельнікаў нашага ды суседняга пад’ездаў. 3 тымі, хто жыў на другім канцы дому, я быў горш знаёмы. Зь іх я памятаю дворнічыху, якая падмятала наш двор. Яна мела сына-даўна, дзецюка высачэзнага росту. Ен заўсёды хадзіў у падворку ў нейкіх дзіўных нагавіцах з расшпіленым прарэхам, ды неяк па-ідыёцку паглядаў на ўсіх, хто праходзіў міма. Жылі там яшчэ дзьве пабожныя старыя ў чорных хустках, якія падбіралі бяздомных катоў. Звычайна ў іх мелі прытулак ня менш за дзесяць вусатых-паласатых, хвастатых і бясхвостых, пушыстых і аблезлых васькаў, мурзікаў, гошаў ды інакенціяў.
    Я жыў з маці й бабуляй. Маці была інжынэрам-праграмістам і працавала з вылічальнай тэхнікай, якая тады толькі зьяўлялася ў Краіне Шчасьця. Тэхніка гэтая хутка зьмянялася, таму маці бясконца пасьля працы хадзіла
    на нейкія курсы падвышэньня кваліфікацыі. Акрамя таго, яна была камуністам і як перадавы сябар Партыі, лектар таварыства Веды ды актывіст партыйнай арганізацыі часта вечарамі чытала пралетарыям лекцыі пра Камунізм, Марксізм-Ленінізм ды цяперашні момант у сьвятле пастановаў апошняга Зьезду. Бабуля таксама дапазна працавала, таму я досыць рана навучыўся заставацца ў хаце сам ды прыдумляць розныя цікавыя для сябе заняткі.
    Такіх заняткаў было вялізарнае мноства. Я любіў глядзець тэлевізар. Маці заўсёды казала мне: «Ты вельмі шмат глядзіш тэлевізар, і ўвогуле, не сядзі да яго бліжэй за тры мэтры, a то зрок сапсуеш». Але зрок я ўсё-ткі сапсаваў і ўжо ў першых клясах школы мусіў надзець акуляры. Па тэлевізары я праглядаў амаль усё, што паказвалі: мастацкія і дакумэнтальныя фільмы, перадачы навінаў, партыйныя зьезды, выступы Мэтафізыка, «Кабачок “Двенадцать стульев”», «Спокойной ночн, малышн», перадачы пра сельскую гаспадарку, мультфільмы, прагноз надвор’я, тэлевэрсіі клясычных опэраў, «В мнре жнвотных», фігурнае коўзаньне, «Клуб кннопутешествнй». He глядзеў я толькі хакею. Чамусьці гэтае відовішча заўсёды дзейнічала на мяне прыгнятальна.