Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца  Артур Клінаў

Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца

Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 202с.
Мінск 2008
42.74 МБ
грошам, якія ён абарочваў, ды той колькасьці жанчынаў, што былі ў яго, мог пазайздросьціць любы нармальны чалавек гэтай краіны.
Пазьней, калі адчыніліся межы, ён, натуральна, нікуды не паехаў. Затое зьехаў мой малодшы брат зь іншай сям’і бацькі, якому, мусіць, гісторыі пра Парыж даводзілася чуць часьцей, чым мне. Праўда, адправіўся ён не ў Парыж, а ў Марсэль, дзе нейкі нядоўгі час — да таго як перабраўся ў Нямеччыну — служыў у францускім Замежным Легіёне.
22
У дзевятнаццатым стагодзьдзі Краіна згубіла сваё гістарычнае імя. Раней гэтыя землі не называліся Беларусьсю. 3 чатырнаццатага веку назва гэтая існавала, але была імемЗданьню, якое блукала ад адной мясцовасьці да другой, на ўсходзе Краіны. Ніводзін летапіс насамрэч ня можа вызначыць пэўна, за якой тэрыторыяй гэта імя было замацаванае стала.
У канцы дзевятнаццатага — на пачатку дваццатага стагодзьдзя імя-Здань распаўсюдзілася на ўсю яе тэрыторыю. Але перад гэтым, у 1840 годзе, загадам Імпэратара Краіну ўвогуле пазбавілі якога-небудзь уласнага імя. Замест забароненых Літва і Беларусь
увялі назву Паўночна-заходні край. Да гэтага моманту Беларусь — усяго толькі ўсходнія землі Краіны. У адозвах да паўстанцаў 1863 году правадыр інсургентаў Кастусь Каліноўскі зьвяртаўся яшчэ да літоўскага народу. У 1918 годзе, калі дзяржаўнасьць Краіны ненадоўга вяртаецца, яна ўжо зьявілася пад назваю Беларусь.
Да другой паловы дзевятнаццатага стагодзьдзя захавальніца Імя і традыцыяў Вялікага Княства літоўская арыстакратыя ўжо зьнішчана Імпэрыяй. У гэты час на сцэну выйшла новая сіла, якая ўзьняла сьцяг вызваленьня разам са штандарам клясавай рэвалюцыі. Яна прыйшла з народных нізоў — дробнай шляхты, сялянства, інтэлігенцыі малых мястэчак. Новая сіла пачала змаганьне за волю пад сьцягам Беларусі, які быў альтэрнатывай як імпэрскаму Паўночна-заходняму краю, так і ўласнай, далёкай для яе арыстакратычнай традыцыі. Два Прывіды злучыліся ў адным штандары. Здань вандроўнай зямлі ды Здань камунізму, які ў гэты час ужо блукаў па Эўропе.
Узьняць сьцяг Літвы на яе гістарычных землях на той момант проста не было каму.
23
У Горадзе Сонца не было нацыяў. Дакладней, яны існавалі, але заўсёды ўспрымаліся як нешта неістотнае. Хутчэй як дэкарацыі да сьвяточнага канцэрту альбо параду. Я памятаю, як зьяўляліся ў тэлевізары шчасьлівыя, вясёлыя прадстаўнікі розных народаў, у сваіх вышываных нацыянальных строях, і нешта казалі пра тое, як добра ім жывецца ў Краіне Шчасьця, дзе пасьля многіх гадоў прыгнёту яны нарэшце атрымалі Волю ды магчымасьць разьвіваць сваю нацыянальную культуру.
Трэба аддаць належнае, у Краіне Шчасьця ўсе нацыі сапраўды былі братамі. Усе мелі прыкладна аднолькавыя падручнікі па гісторыі, дзе апавядалася, як жудасна жылося іх народнасьці да 1917 году і як потым усё зьмянілася. Аказвалася, сапраўдны росквіт народаў пачынаўся толькі пасьля Рэвалюцыі.
Памятаю свой першы падручнік па беларускай гісторыі. Цяпер я разумею, што гэта была адмысловая кніга — кніга ганьбы, па прачытаньні якой чалавеку павінна стаць сорамна за сваё мінулае. У яго мусіла зьявіцца адно жаданьне — хутчэй забыцца на ўсё ды памкнуцца да новае нацыі — народу-будаўніка Новага Сьвету.
У Горадзе Сонца не існавала нацыянальнай варожасьці. Адзіны народ, які выклікаў ня тое
каб непрыхільнасьць, але падазрэньне — былі габрэі. Усе здагадваліся, што яны чамусьці жадаюць зьехаць з Гораду Сонца. А людзі, якія зьбіраюцца пакінуць Краіну Шчасьця, не маглі не выклікаць падазрэньня.
Ніхто ня мог набыць квіток на выезд з Краіны Шчасьця. Правам выяжджаць зь яе ды вяртацца карысталася толькі невялікая група спэцыяльна давераных асобаў. Затое мы мелі магчымасьць вандраваць па гэтым бясконцым кантынэнце, які ганарліва называў сябе адной шостай часткай Сьвету. Усе грамадзяне краіны павінны былі падарожнічаць, каб фізычна, усім целам адчуць усю веліч Новага Сьвету, у якім сотні народаў пераплаўляліся ў новую расу людзей. Тых, хто рана ці позна мусіў адмовіцца ад нацыянальнага дзеля ганарлівага: «Я — грамадзянін Савецкага Саюзу».
Нават калі ў чалавека не было магчымасьці падарожнічаць у дзяцінстве, ён мог быць пэўны, што, калі яму споўніцца васямнаццаць, яго ў любым выпадку адправяць на два гады куды-небудзь далей ад дому зьведваць Краіну Шчасьця. Усе, акрамя жанчынаў, мусілі служыць у войску. Звычайна чалавека закідалі за тысячы кілямэтраў, на іншы канец г^тага бяздоннага мацерыка, дзе ў вялізарным катле пад назваю Армія стваралася новае Братэрства людзей, будаўнікоў сьветлае будучыні.
Я ганарыўся нашаю самай вялікай, дужай, лепшай Краінай ва ўсім сьвеце. Нас атачалі дзяржавы, многія зь якіх рыхтаваліся да вайны супраць яе. Мы ж вайны не хацелі і змагаліся за мір ва ўсім сьвеце. Памятаю вялізарныя транспаранты, якія віселі ў Горадзе Сонца на дахах дамоў. Іх літары вышынёй у некалькі чалавек крычэлі нябёсам: МІ-РУ — МІІіііірррррр..., МЫ ЗА МІІІіРрр ВА ЎСІМ Сьвееееецееее... Рэхам ім адказвалі транспаранты з дахаў іншых дамоў ПОДЗЬВІГУ НАРООДУ ЖЫЦЬ У Вякоххххх..., ПОДЗЬВІГ НАРООДА Бясьсьсьмярооооттттнннныыыы... Я ведаў, што калі на нас нападуць, мы дадзім годны адпор. Перамога будзе за намі. Я меў шчасьце жыць у мірнай, але самай магутнай Краіне ва ўсім Сьвеце.
24
Упершыню ў палёт над Краінай Шчасьця я адправіўся, калі мне споўнілася трынаццаць. Мы паляцелі за дзьве тысячы кілямэтраў з Гораду-героя Сонца на экскурсію ў Горад-герой Валгаград. У Краіне Шчасьця было такое рэдкае ганаровае званьне, якое давалася абраным гарадам за адмысловыя заслугі падчас Другой сусьветнай вайны. Мне вельмі хацелася ўбачыць тое месца, дзе адбылася пера-
ломная дзея змаганьня, вядомая як бітва пад Сталінградам.
Быў шэры пахмурны дзень, звычайны ў нас для прыпозьненага сакавіка. Нашае падарожжа пачыналася са старога аэрапорту, што месьціўся на ўскрайку Гораду Сонца, з вытанчанага, прыгожага Палацу Авіяцыі, які заўсёды чымсьці нагадваў мне крымскі санаторый. Магчыма, самалёты, што прыляталі з Сымфэропалю, прывозілі сюды паўднёвае паветра з пахам гор і мора.
Як толькі шасі адарваліся ад зямлі, Горад, які я бачыў заўсёды толькі зьнізу, стаў імкліва зьмяншацца. Гэта было дзіўнае і нязвыклае для мяне відовішча. Вялікасныя Палацы пачыналі рабіцца падобнымі на дамкі, сабраныя зь дзіцячага канструктара. Вуліцы і кварталы ператвараліся ў аксанамэтрыі, вялізныя паркі ў няправільныя шэра-зялёныя кашлатыя шматкутнікі. Самалёт павольна разварочваўся над здрабнелым Горадам і браў кірунак на паўднёвы ўсход.
Раптам усё зьнікла. Мы ўвайшлі ў мяккае цела шэрых драконаў — хмараў, якія накрывалі Горад. Нейкі час самалёт праразаў іх, а калі выскачыў, мне адкрылася цудоўнае відовішча. Над Горадам Сонца зьзяла Сонца. Яно вісела проста над ім, але не трапляла ў яго. Аказваецца, яно было над Горадам заўсёды. Нават калі мы не маглі бачыць яго, Яно ўзвышалася
над закулісьсем шэрых аблокаў ды грала сваю адвечную дзею на пустой замкнёнай сцэне, само для сябе, самадастатковае ў сваім боскім харастве. 3 таго боку белай тканіны заставаўся Горад — паўнюткая народам халодная глядзельная заля, што патанала ў прыцемках чаканьня часу, калі кулісы расчыняцца і праменьне яго хараства сыдзе на змрочныя аксанамэтрыі ды абудзіць Горад для чарговага акту бясконцае п’есы, што завецца Вясна.
Але ў той момант наш самалёцік ляцеў па бязьмежнай пустой сцэне, дзе залатыя боскія промні зьзялі толькі для нас — падарожных, што выпадкова трапілі па той бок замкнёных кулісаў. За круглым акенцам бясконца ў далеч цягнуліся ўрачыстыя белыя палі, якія ласкавымі пуховымі дыванамі клубіліся пад пранізьліва чыстым блакітным небам. Здавалася, дастаткова выскачыць з самалёта — і ты пабяжыш па ім насустрач Сонцу, а ступакі тваіх ног адчуюць радасьць дотыку да іх мяккай ватнай цеплыні.
Доўга, вельмі доўга мы плылі сярод маўклівых палёў, што зіхацелі бясконцымі адценьнямі белага пад застылым, як здавалася, нерухомым Сонцам. Часам празь лёгкую імглу праступаў кашлаты шматковы дыван, сшыты з кавалачкаў бурага, зялёнага, шэрага колераў. Дзесьці яго прарэзалі правільныя рысы шляхоў і зьвілістыя рэкі. Гэта была Зямля. Вялі-
зарная, невядомая мне, таямнічая Зямля. Паверхня гэтага гіганцкага бурага шару марудна, вельмі марудна рухалася, паварочвалася пад намі. А над ёй усё гэтак жа сама зьзяла вялікае нерухомае Сонца.
Нарэшце самалёт пачаў зьніжацца. Гэта была прамежкавая пасадка на дазапраўку ў Растове. Раптоўна наш стары «Тупалеў» пачало трэсьці так, быццам мы трапілі ў зону баявых дзеяньняў. Здавалася, па нас страляе зэнітная артылерыя, але чамусьці ніяк ня можа трапіць. Снарады ірвуцца вакол і хваля ад выбухаў штурхае наш самалёцік з боку ў бок. Сонца ўжо не было. Мы апусьціліся ў аблокі, у вільготныя прыцемкі раньняга сутоньня. Пад намі зноў паказалася Зямля, якая ўжо не была таямнічай, але з кожнай хвілінай рабілася ўсё больш і больш пагрозьлівай. Яе бурае цела імкліва набліжалася да нас, расло, праясьнялася.
Унізе зноў зьявіліся канструктары. Цяпер яны не здаваліся дзіцячымі цацачнымі дамкамі, дакладней, яны заставаліся імі, але мне ўяўлялася, як мы зруйнуем гэты лялечны горад, калі прамахнемся міма пасадкавай паласы. Аксанамэтрыі няўмольна набліжаліся. Яны рабіліся вуліцамі, дамамі, дрэвамі, агароджамі, тэлеграфнымі слупамі, што зь несамавітай хуткасьцю праляталі пад намі. Аднак яшчэ некалькі імгненьняў — і колы самалёта дакрануліся да зямлі. Лёгкі штуршок, і мы
ўжо ўпэўнена каціліся па пасадачнай паласе растоўскага аэрапорту.
Наступная пасадка ў Валгаградзе была ўжо не такая страшная. Нас разьмясьцілі ў нейкім інтэрнаце для працоўных на ўскрайку гораду. Позьнім вечарам мы сабраліся ў невялічкім пакоі, які асьвятляла цьмяная лямпачка-саракаватка, што самотна зьвісала зь невысокай столі. Уладкаваўшыся на рыпучых мэталічных ложках часоў ваеннага камунізму, старэйшыя хлопцы з нашай групы пілі віно ды падлашчваліся да незнаёмых мне дзяўчатаў. Я ж моўчкі ўсьміхаўся і адчуваў сябе шчасьлівым ад таго, што мы даляцелі і ўсе жывыя. A яшчэ ад таго дзіўнага Сонца, якое я ўбачыў у гэты дзень над Горадам Сонца.
У Валгаградзе мяне зьдзівіла, як гэты горад падобны да нашага. Ен выглядаў ня гэтак шыкоўна, але ў ім было нешта вельмі блізкае ў стылі і настроі. Такія ж прасторныя вуліцы ў цэнтры, дамы, падобныя да палацаў, ляпніна, вазы, калёны, скульптуры. Пазьней фрагмэнты Гораду Сонца сустракаліся мне і ў многіх іншых месцах Краіны Шчасьця. Яны былі часткамі адной грандыёзнай дэкарацыі, раскіданымі па ўсім вялікім кантынэнце краіны Утопія.