Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца
Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 202с.
Мінск 2008
He магу сказаць, каб за ўсім гэтым я сачыў уважліва і зь цікаўнасьцю, проста тэлевізар
у мяне быў уключаны заўжды. Я знаходзіў нешта няўтульнае ў цішы пустога пакоя, а ён прыадчыняў акно ў іншы, паралельны сьвет, які заспакойваў і цешыў сваёю прысутнасьцю. Пагатоў пад тэлевізар я мог займацца ўсякімі іншымі цікавымі справамі.
У мяне была цэлая калекцыя розных канструктараў, зь якіх я зьбіраў усё, што толькі ні спараджала мая фантазія, але больш за ўсё любіў зь іх будаваць гарады. Калі бракавала канструктараў, я ствараў іх з таго, што траплялася пад руку: з кніжак, скрынак, бутэлечак, вазачак, кубікаў, плястыліну, паперы, шахматных дошак.
Калі горад быў пабудаваны, я засяляў яго плюшавымі мішкамі, плястмасавымі зайцамі, шахматнымі фігурамі, алавянымі жаўнерамі — і пачыналася вайна. Часам гарадоў узносілася два, тады яны ваявалі міжсобку. Калі горад быў адзін, то на яго нападалі гумовыя сабакі і пустыя фляконы з-пад парфумы, а плюшавыя мішкі й зайцы абаранялі яго. Рана ці позна горад гінуў. Калі ён атрымліваўся вельмі прыгожы, то мог прастаяць некалькі дзён, але ўсё роўна, нават калі фляконы не перамагалі, яму заставалася толькі загінуць. Створаны горад рабіўся для мяне нецікавы. Мне хацелася зьнесьці яго і збудаваць новы.
14
У дзяцінстве я не хацеў стаць касманаўтам. Лётчыкам я таксама быць не жадаў. Хаця большасьць хлапчукоў у нашым Горадзе марылі пра гэта. Бо лётчыкі абаранялі Краіну ад ворагаў. А касманаўты ў той час увогуле лічыліся багамі. Кожны раз, калі хтосьці зь іх выпраўляўся ў космас, у Краіне было сьвята. Я памятаю, як у тэлевізары перапыняліся перадачы і на ўвесь экран зьяўлялася галава Дыктара.
Голасам, які чаканна адбіваў кожнае слова, яна ўрачыста прамаўляла: УВАГА! УВАГА! ГАВОРАЦЬ I ПАКАЗВАЮЦЬ УСЕ РАДЫЁ-1 ТЭЛЕСТАНЦЫІ САВЕЦКАГА САЮЗУ! ЭКСТРАНАЕ ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ ТАСС! СЁНЬНЯ Ў МІЖПЛЯНЭТНУЮ КАСЬМІЧНУЮ ПРАСТОРУ ЗАПУШЧАНЫ ШТУЧНЫ СПАДАРОЖНІК ЗЯМЛІ 3 ЧАЛАВЕКАМ НА БОРЦЕ!
Уся Краіна замірала ды тулілася да тэлевізараў. Дыктар апавядаў падрабязнасьці пра назву карабля і касманаўтаў, якія кіруюць ім. Пазьней, а дзявятай вечару, у праграме навінаў Краіны — Час — паказвалі відэазапіс з арбітальнай станцыі.
У экране зьяўлялася мутнаватая прастора касьмічнага карабля. У ёй плавалі касманаўты, троху падобныя да вялікіх рыбінаў, даклад-
ней, да.людзей-амфібіяў зь фільма «Чалавекамфібія». Яны падплывалі да аб’ектыва відэакамэры і, радасныя, нешта казалі зямлянам. Сувязь з арбітай была кепская, таму каб зразумець, што яны прамаўляюць, трэба было напружыць увесь слых і ўвагу. Амфібіі гаварылі, што палёт ідзе нармальна. Сёньня яны рабілі экспэрымэнты зь нейкімі расьлінамі ды мушкамі-дразафіламі. Часам для нагляднасьці ў руках таго, хто казаў, зьяўляўся які-небудзь фікус у вазоне, які таксама, мусіць, для нагляднасьці, рука час ад часу адпускала. Тады вазон зь фікусам павольна і плаўна адлятаў куды-небудзь у верхні кут тэлевізара.
Мы сачылі за палётам усе дні, пакуль касманаўты заставаліся на арбіце. Калі яны вярталіся, у тэлевізары зноў зьяўлялася галава Дыктара і абвяшчала, што палёт прайшоў нармальна. Касманаўты ўжо на Зямлі. Празь дзень—два на адмысловым самалёце яны прыляталі з Байкануру ў Маскву. Спаткаць іх каля трапу самалёта выходзіла Моц, альбо Любоў, альбо Мудрасьць. Часам усе адразу. Раней, пасьля першых палётаў, іх сустракаў Сам Мэтафізык.
Я памятаю самую першую сустрэчу — Гагарына. Мяне тады яшчэ не было, але паўтор яе часта паказвалі потым па тэлевізары. Ен ехаў у адкрытым лімузыне па Горадзе, вуліцы якога запаўнялі мільёны людзей. Яны трыюмфа-
валі. А Гагарын усьміхаўся і махаў ім рукой. Па ўсім экране зьверху ўніз ляцелі белыя маленькія прастакутнікі, што ўрачыстым папяровым сьнегам усыпалі вуліцы, якімі ён ехаў. Я любіў Гагарына. Але ўсё роўна чамусьці не жадаў рабіцца касманаўтам. Мне хацелася стаць мастаком.
15
У дзяцінстве Горад Сонца палохаў сваёй незразумелай мне прыгажосьцю. Толькі пазьней, калі я стаў дэкадэнтам, палюбіў Грынаўэя, Кірыко і Далі, мне прачыніўся патаемны сэнс яго хараства. А ў дзяцінстве я любіў Нямігу. Яна была цэнтрам старога Менску, яго душой і целам, рэчышчам, у якое з поўначы, захаду і ўсходу ўліваліся вытокі старых прадмесьцяў. 3 паўднёвага краю Няміга межавала з Горадам, які навісаў над ёю той часткай Праспэкту, што ішла ад Плошчы Леніна паўз Палац Дзяржбясьпекі ў бок паркаў.
Калісьці тут працякала рака Няміга, што ў перакладзе зь літоўскай азначае бяссоньне альбо тая, якая ня сьпіу,ь. Горад узьнік на Бяссоньні, рацэ, якая, калі сюды прыйшла Імпэрыя, схавалася пад зямлёй, зрабілася падземнай вадой. Да таго часу яна перасохла ад гора, ад праклёну крывавых берагоў, што ляжаў на ёй ужо восем стагодзьдзяў. Таму яе за-
кавалі ў трубы ды пусьцілі пад Горадам. На берагох Бяссоньня вырас раён Няміга.
У дзяцінстве я часта бываў на Нямізе. Да таго, як я навучыўся заставацца ў хаце адзін, засвоіў канструктары ды зносіны з тэлевізарам, маці нярэдка брала мяне з сабой на працу. Яна кіравала машыналічыльнай станцыяй вялікай абутковай фабрыкі, якая месьцілася тут жа, на Нямізе. Я багоміў паходы з маці на працу, дзе, акрамя розных салодкіх падарункаў ад яе супрацоўнікаў, знаходзілася гэтулькі ўсяго цікавага.
Машыналічыльная станцыя была падобная да маленькага цэху, запоўненага вялікімі мэталічнымі шафамі, дзе круглыя содні круціліся бабіны з магнітнымі стужкамі. Шафы вялі ўлік гатовай прадукцыі, разыход матэрыялаў, налічвалі заробкі працаўнікам фабрыкі. Гэта быў вялікі і вельмі стары кампутар, які займаў цэлы паверх старадаўняга дому.
Блукаючы сярод гэтых таямнічых, вялізарных шафаў, якія мне ціха нешта нашэптвалі, я спрабаваў уявіць, што адбываецца ў іх загадкавых вантробах. Калі я зазіраў туды, то знаходзіў там незьлічоную колькасьць маленькіх драткоў, па якіх, як мне ўяўлялася, цячэ нейкая вадкасьць, што трапляе ў тыя часткі шафаў, у якія я заглянуць ня мог. Ад іх «вадкасьць» па дратох перадавалася ў іншыя зачыненыя скрыні, ад .тых наступным. Праў-
да, калі прыходзіу манстра ды адчыняу якуюнебудзь таямнічую скрьшю, то зь яе нічога не вылівалася. Зазірнуўшы ў яе, я зноў знаходзіў там драткі, што мацаваліся да нейкіх дзіўных чорных канструкцыяў.
Акрамя шафаў прысутнічалі на станцыі і іншыя цікавыя прылады. 3 адных выходзіў даўгі, задрукаваны лічбамі й літарамі скрутак паперы. Ен складаўся гармонікам і зваўся загадкавым словам табуляграма. Іншыя праціскалі дзіркі ў прастакутніках са шчыльнай паперы. Сэнс прастакутнікаў мне было ўявіць найскладаней. На кожным зь іх месьціліся правільныя шэрагі аднолькавых лікаў. Пачыналіся яны нулямі, якія гарызантальна ішлі адзін за другім роўна сорак пяць разоў. За імі, шэрагам ніжэй, ішлі сорак пяць адзінак, затым сорак пяць двоек, троек, чацьверак, пяцёрак і гэтак далей. Завяршалі парад сорак пяць дзявятак, якія зьмяшчаліся ў самым нізе прастакутніка. Прастакутнікі загружалі ў машыну шчыльна зьбітымі паралелепіпэдамі.
Калі яны выходзілі зь яе, правільныя шэрагі лікаў радзелі. У кожным адсутнічала некалькі лічбаў. Замест іх у зграбных парадках прасьвечваліся пустэчы маленькіх вэртыкальных прастакутнічкаў, у якія зьнікалі лікі. Сэнс іх зьнікненьня быў мне зусім незразумелы. Можа, таму яго пошук не выклікаў той цікавасьці, як бадзяньне сярод лябірынтаў жалез-
ных скрыняў, поўных драткамі, дзе я спрабаваў адшукаць таямнічую вадкасьць, у якой утрымліваюцца веды.
Хоць у гэтым раёне было месца, якое я ненавідзеў самай ненавіснай нянавісьцю, якую можна сабе ўявіць — начныя ясьлі, куды маці часам мяне адпраўляла, калі працавала ў другую зьмену, — але ўсё адно я любіў Нямігу. У ёй адчувалася ўтульнасьць яе нешырокіх блытаных вуліцаў. Невысокіх цагляных дамкоў, аброслых незразумелымі прыбудовамі. Пашорганых сьценаў, пакрытых мудрагелістай пастэльлю векавых напластаваньняў.
Няміга поўнілася катамі, сабакамі з разумнымі вачыма і ўвогуле ўсякімі цікавымі для мяне пэрсанажамі. У яе падворках яшчэ сустракаліся, мабыць, апошнія ў Менску вандроўныя шкляры альбо ваструльнікі нажоў, якія хадзілі з двара ў двор са сваімі няхітрымі прыладамі ды сьпеўна заклікалі жыхароў скарыстацца іхнымі паслугамі.
Няміга пахла дзівосным водарам пячнога дыму, які ліўся з каміноў яе старых кварталаў. He любіць гэты пах было немагчыма. Ужо тысячы гадоў ён прысутнічае ў нашай крыві ўспамінам цеплыні і спакою першабытнага вогнішча. Няміга была прасякнутая гэтым салодкім напамінам спрадвечнага ачагу. Ен зьяўляўся ўжо на падыходах да яе і працінаў мяне ўсяго, калі я бег яе крывымі вуліца-
мі, спрабуючы ўгнацца за маці, якая сьпяшалася на працу, да сваіх разумных шафаў, што стаялі на другім паверсе старога, напоўненага гісторыяй дому.
Гэта была Няміга ўжо губэрнскага Менску. Шмат гадоў пазьней мне трапіліся малюнкі старых гравюраў гораду. Мяне ўразіла, наколькі тое, што я ўбачыў, адрозьніваліся ад Менску майго дзяцінства. На іх красаваўся вельмі эўрапейскі горад, па стылі шмат у чым падобны да Вільні: стромкая дахоўка, вежы касьцёлаў, ратуша, езуіцкі калегіюм, дзівосныя архітэктурныя ансамблі.
Потым я даведаўся, што Менск і Вільню сапраўды будавалі тыя ж самыя архітэктары. Горад быў каталіцкай сталіцай гэтага краю. Перад прыходам Імпэрыі на яго тэрыторыі месьцілася дваццаць восем каталіцкіх ды ўніяцкіх бажніцаў і ўсяго адна праваслаўная. Толькі на плошчы Верхняга рынку стаяла аж пяць барокавых касьцёлаў. Усё гэта зьнікла не пасьля войнаў, а было зьнесена ці перабудавана ў дзевятнаццатым стагодзьдзі ў праваслаўна-папоўскім стылі як пакараньне за антырасейскія паўстаньні.
16
Дзевятнаццатае стагодзьдзе пачалося новай вялікай Вайной, што пракацілася па ўсёй тэрыторыі Краіны — цяпер ужо расейскай правінцыі. Ішла барацьба Імпэрыяў з Напалеонам, у якой большасьць літоўскай шляхты змагалася на ягоным баку. Для Рэчы Паспалітай гэта быў шанец вярнуць страчаную незалежнасьць дзяржавы. У гэтай Вайне Краіна згубіла яшчэ кожнага чацьвертага свайго жыхара. Параза абрынулася рэпрэсіямі супраць тых, хто ваяваў на баку Францыі. Рабаваліся й вывозіліся ў Імпэрыю калекцыі твораў мастацтва зь вядомых магнацкіх маёнткаў. Канфіскоўваліся землі і сядзібы рэспубліканскай шляхты. Многія былі змушаныя пакінуць Краіну, у якую, як ворагі Імпэрыі, яны ўжо не вярнуліся.