Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца  Артур Клінаў

Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца

Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 202с.
Мінск 2008
42.74 МБ
Яшчэ ў тым горадзе стаялі заводы. Памятаю гэтыя набрынялыя вясновай зольлю цёмна-бурыя сьцены бясконцых цэхаў Валгаграду. У горадзе над Волгай не сустракалася in-
шаземцаў. Ен быў зачынены для падарожных з замежжа, таму што ў гэтых бяскрайніх спарудах з чырвонай цэглы рабілі танкі.
У Краіне Шчасьця ўсе чакалі вайны й рыхтаваліся да яе.
25
Народы, што жылі за межамі Краіны Шчасьця, былі для нас, дзяцей Гораду Сонца, абстрактнымі працоўнымі масамі, якія прыгняталі мясцовыя буржуі-капіталісты — тлустыя дзядзькі ў чорных фраках ды чорных цыліндрах, як малявалі іх на плякатах. Адзіны народ, які не здаваўся нам абстракцыяй, былі немцы. У Горадзе ўсе добра ведалі і памяталі апошнюю Вайну. Гэта было натуральна, бо ў ёй загінуў кожны чацьверты. Мы бачылі немцаў амаль кожны дзень у тэлевізары. Па ім увесь час паказвалі мастацкія фільмы пра Вайну, якія мы проста багомілі. Для нас яны былі сапраўднымі трылерамі, прытым заўсёды са шчасьлівым канцом, дзе нашыя перамагалі чужынцаў, а дабро брала верх над злом.
Мы ня мелі нянавісьці да немцаў, як не было яе да ніводнага народу па-за межамі Краіны Шчасьця. Хутчэй мы спачувалі тым, хто жыў у іншым — страшным ды жорсткім сьвеце. Мы ведалі, што наш сьвет лепшы. У ім
есьць надзеннасьць і сьветлае камуністычнае заўтра, да якога мы рана ці позна прыйдзем, як прыйдуць і тыя народы, што яшчэ не абудзіліся ад сну, у які іх пагрузілі тлустыя дзядзькі ў цыліндрах.
Сярод мноства кінастужак пра вайну, мабыць, самым улюбёным быў фільм Сямнаццаць імгненьняў вясны. Памятаю, як я ляцеў дахаты са школы, каб у дзённым этэры ўбачыць паўтор чарговай сэрыі, якую паказалі напярэдадні ўвечары. Мы любілі герояў гэтага фільму. Усе хлапчукі нашага гораду хацелі быць падобнымі да разумнага, цудоўнага Штырліца, які так віртуозна прабраўся ў самае логава апарату Трэцяга Райху ды вядзе там вытанчаную і элегантную падрыўную гульню.
Як ні дзіўна, але нам падабаліся і героі зь іншага боку. Мабыць, у гэтым фільме немцаў упершыню паказалі не як тупых садыстаў-вычварэнцаў, але як жывых людзей са сваімі вобразамі й характарамі. Нам быў сымпатычны дабрадушны хітрун стары Мюлер, абаяльны прыгажун Шэленбэрг, генэрал Вольф, таўстун Борман і многія іншыя героі з цэнтральнага апарату СД і СС. Інакш і быць не магло, бо іх гралі такія ўлюбёныя савецкім народам артысты, як Бранявой, Табакоў, Ланавой. I, вядома ж, нам падабалася гэтая прыгожая чорная форма, гэтыя строгія і стылёвыя эсэсаўскія строі ад Х’юга-Бос.
Зь фільмаў мы бралі розныя выразы панямецку, якія патрабаваліся нам для гульні ў вайну. Гэта была ўлюбёная забава ўсіх хлопчыкаў Гораду. Звычайна ўдзельнікі падзяляліся на атрады. Адзін быў немцы, другі партызаны. Ролі ўвесь час зьмяняліся, таму любы з нас рабіўся то немцам, то партызанам. I, вядома ж, кожны ведаў, што азначаюць нямецкія выразы Hande hoch; Ausweis; Nicht schiessen; russische Schwein; spielen, Jude, spielen.
За межамі Гораду Сонца дзеці гралі ў больш сур’ёзныя гульні — жорсткія войны між падлеткамі розных раёнаў. Прынцып гульні быў нескладаны. Некалькі дзясяткаў альбо сотняў хлопцаў зьбіраліся ў банду і адпраўляліся біць усіх без разбору аднагодкаў у суседнім раёне. Часам раёны ўмаўляліся пра сустрэчу загадзя на якой-небудзь пустцы. Тады ў пэўны час у прызначаным месцы зьбіралася некалькі сотняў чалавек, узброеных дрынамі ды ланцугамі, і пачыналі сапраўднае пабоіска, пакуль іх не расьцягвала выкліканая кімнебудзь міліцыя.
Аднак гэтая гульня чамусьці не прыжылася ў Горадзе Сонца. Мы маглі ня надта любіць дзяцей з суседняга двара ці кварталу, але нашая варожасьць да іх звычайна абмяжоўвалася перапалкамі з рагатак альбо самапалаў, якія мы ладавалі алюмініевымі прабоямі. Магчыма, на нас уплываў Горад, у якім мы жылі.
Адна справа, калі ты расьцеш у дурманлівай зеляніне паркаў, сярод грэцкіх вазаў і скульптураў у бясчасьсі антычнага неба, і зусім іншая, калі зь дзяцінства цябе атачаюць лініі высакавольтных дратоў, цеплаэлектрацэнтралі, бурыя цахі заводаў, пусткі ды аднолькавыя каробкі будынкаў, што стаяць паміж імі.
У Горадзе Сонца, вядома ж, сялілі найлепшых людзей Краіны Шчасьця — чальцоў Партыі, працаўнікоў апаратаў Мэтафізыка і Дзяржбясьпекі, галоўных спэцыялістаў, вядомых пісьменьнікаў, музыкаў, артыстаў. На ўскраінах, але яшчэ ў яго межах — шараговых сяброў Партыі, інтэлігенцыю, спартоўцаў, дактароў, пэдагогаў. За межамі ж Гораду Сонца стаялі гіганцкія заводы. Там жылі тыя, хто працаваў на гэтых заводах, — пралетарыі. Я ня думаю, што дзеці пралетарыяў чымсьці дужа адрозьніваліся ад нас. Усе дзеці ў Краіне Шчасьця ў прынцыпе былі аднолькавыя. Але Горад у прадмесьцях рабіўся іншым. Мусіць, ён па-іншаму ўплываў на тых, хто вырастаў там.
26
У пралетарскія прадмесьці Гораду Сонца я выбіраўся рэдка. Звычайна мы бывалі там, калі адпраўляліся з маці на цьвінтар да бабулі,
якую пахавалі на вялізарных Чыжоўскіх могілках. Гэта быў гіганцкі Нэкропаліс, які пачынаўся адразу там, дзе сканчаліся прадмесьці, і на кілямэтры сыходзіў у залатыя жытнія палі, што падступалі да самай мяжы Гораду. Шлях да яго быў няблізкі і займаў, як мне здавалася, палову дня. Я не любіў гэтае падарожжа, пагатоў яно праходзіла праз раёны, у выглядзе якіх я знаходзіў нешта панурае, асабліва калі зьзяла сонца і яны напаўняліся жорсткімі злоснымі ценямі. Пахмурны дзень накрываў іх шэрай флянэльлю, пад якой яны трохі дабрэлі, ставаліся проста маркотнымі ўскрайкамі, у безнадзейнасьці якіх нават зьяўлялася нейкае дзіўнае зачараваньне.
Мы выяжджалі са Старажоўкі раніцай і сядалі ў трамвай на другім баку Птушынага рынку. Праз пару перагонаў наперад ён рабіў кола, таму, калі падыходзіў да прыпынку, вагон бываў практычна пусты. Я ўсаджваўся ля акна з правага краю, каб лепш бачыць людзей, якія на пэронах уваходзяць у вагон. Дзьверы з бразгатам зачыняліся, і мы адпраўляліся ў наш няблізкі шлях да Нэкропалісу.
Спачатку трамвай праяжджаў праз маленькую, трохкутную ў пляне плошчу, якая была забудаваная дзіўнымі драўлянымі дамкамі, што троху нагадвалі мне пабудовы зь фільмаў пра каўбояў ды індзейцаў. Іх фасады шчыльна стаялі адзін да другога ды га-
нарліва зьвярталіся да пляцу адозвамі сваіх шыльдаў. Тут меўся свой салун — маленькая піўная, булачная, Гастраном. Падалей на ўзвышшы стаяў кінатэатар. За плошчай пачыналіся старыя, яшчэ пакуль не раскапаныя намі могілкі з высокімі дубамі і шэрым домам бяз вокнаў зь зіхоткімі цыліндрамі на высокіх драўляных паліцах.
Праехаўшы некалькі прыпынкаў, трамвай выяжджаў на вуліцу, што вяла да Праспэкту. Вагон быў стары, таму ехаў вельмі нясьпешна. На вуліцы ўжо стаяла сьпякота, але падчас руху праз маленькія рассунутыя з двух бакоў форткі ў яго прасьлізгвала ручаіна гарачага, але ўсё роўна асьвяжальнага паветра. Калі трамвай падыходзіў да прыпынку, дзе забіраў новых пасажыраў, гэтая плынь спынялася і ў вагоне завісала потнае вільготнае чаканьне.
Празь нейкі час у акне пачыналі зьяўляцца капітэлі й выразаныя карнізы. Мы ўяжджалі ў Горад Палацаў. 3 набліжэньнем трамвая да Праспэкту капітэлі з карнізамі рабіліся большымі. Яны набіралі аб’ём і вось ужо вагон ехаў сярод вялізарных бісквітных тартоў, якія падсмажваліся ў ранішнім, але ўжо пякучым сонцы. Тарты стаялі так шчыльна адзін да аднаго, што, здавалася, апоўдні, калі сьпёка дацягнецца да максымуму паводле Цэльсія ды іх распаленыя крэмавыя разэткі, мадульёны ды
кансолі пад бальконамі пацякуць па фасадах, яны ператворацца ў адну суцэльную пазбаўленую формы бісквітную масу.
Над бісквітамі ў блакіце неба праплывалі вялікія кавалкі цукровай ваты, таксама гатовыя да вечару растаць і салодкім дажджом апусьціцца на Горад.
Недалёка ад Пляцу Вікторыі вуліца пэрпэндыкулярна перасякала Праспэкт. Трамвай праяжджаў Палац Мастацтваў, кінатэатар з загадкавай назвай «Мнр» і на скрыжаваньні дзьвюх вуліцаў побач з Акадэміяй Дзяржбясьпекі сыходзіў па левай, што вяла да заводзкіх прадмесьцяў. Вагон абмінаў яшчэ адны старыя вайсковыя могілкі, жоўты з грубымі калёнамі Палац Культуры Будтрэсту і рухаўся ў кірунку Трактарнага Заводу. Бісквіты тут пачыналі рабіцца сьціплейшымі. Капітэлі з карнізамі ўсё меней аб’ёмнымі.
Да гэтага часу трамвай ужо паўнютка запаўняўся людзьмі, якія зь цяжкасьцю ўціскаліся на прыпынках, грунтоўна трамбуючы тых, хто стаяў бліжэй да дзьвярэй. Вагон ужо больш нагадваў невялікую лазьню, што рухалася на рэйках па Горадзе Сонца. Палацы за вокнамі лазьні пачыналі зьнікаць, але сталі зьяўляцца фабрычныя пабудовы. Мы ехалі па доўгім бязьлюдным мосьце праз чыгунку, адразу за якой траплялі ў раён Трактарнага Заводу.
Гэта быў цэлы горад, маленькая копія Гораду Сонца. Тут працавалі дзясяткі тысячаў людзей, якія разам зь сем’ямі жылі ў кварталах, празь якія мы праяжджалі. Наўкол зноў прыгажэлі Палацы для Народу, але яны былі ніжэйшыя, чым у вялікім Горадзе Сонца. Тут таксама былі свой Палац Культуры, Стадыён, гастраномы, піўныя, вялікі парк з чортавым колам. Уваход на Завод аздаблялі дзьве сымэтрычныя вежы, што нагадвалі вялікія вежы з Плошчы Брамаў.
За паркам трамвай пэрпэндыкулярна перасякаў шырокую вуліцу з назваю Партызанскі Праспэкт. Тутака мы пакідалі нашую лазьню на рэйках і перасаджваліся ў іншую, на колах. Далей мы ехалі на аўтобусе па доўгім праспэкце, які праходзіў праз кварталы гіганцкага аўтазаводу, дзе таксама працавалі дзясяткі тысячаў рабочых. Тут зноў быў свой Палац Культуры і свае паркі, але адсюль пачыналіся якраз тыя безнадзейна панурыя раёны. Тутэйшы Праспэкт нагадваў шырокі, выцягнуты на шмат кілямэтраў пляц. Уздоўж яго стаялі такія ж, як у Горадзе Сонца, зялёныя дрэвы. Над ім узвышалася гэткае ж кобальтавае неба зь белымі цукровымі конскімі галовамі. Але замест Палацаў па бакох гіганцкага пляца стаялі казармы, дакладней — будынкі, што нагадвалі казармы, і цені, якія падалі ад гэтых казармаў, былі неяк па-асабліваму злавеснымі.
Нас атачалі падобныя адзін да другога пяціі дзевяціпавярховыя дамы, фасады якіх складаліся з аднолькавых квадратаў з прабітымі вачніцамі вокнаў. Квадраты прарэзвалі вэртыкалі зашклёных жыхарамі лёджыяў-бальконаў. Кожны гаўбец быў зроблены зь нейкіх няхітрых матэрыялаў і чымсьці адрозьніваўся ад іншага. Але ўсе разам яны нагадвалі зграйкі маленькіх шкляных хлеўчыкаў, якія па дахах, адзін па другім караскаліся да апошніх паверхаў будынку. Між групкамі дамоў цягнуліся даўгія заводзкія пабудовы з высокімі цаглянымі комінамі ды пірамідкамі шкляных ліхтароў на дахах. Час ад часу іх падзялялі пусткі, празь якія адзін за адным у бок Гораду Сонца ішлі двухі шасьціпалыя мэталічныя волаты высакавольтных вежаў, што цягнулі ў Горад на выцягнутых руках ланцугі дратоў пад высокай напругай.