Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца  Артур Клінаў

Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца

Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 202с.
Мінск 2008
42.74 МБ
Галоўнай вуліцай новага Гораду стаў Праспэкт, які назвалі ў гонар вярхоўнага Бога імем Сталіна, але потым зьмянілі ў імя іншага Бога — Леніна. Калі багоў зрынулі, яна сталася Праспэктам Скарыны, затым Незалежнасьці. Аднак найбольш адпаведнай была б для яе назва Праспэкт Сонца, паколькі пракладзена яна з захаду на ўсход і арыентавана на ўсход Сонца, на тое месца, дзе, паводле задумы, і павінен быў месьціцца Горад Сонца, галоўны алтар Краіны Шчасьця — Масква. Даўжыня Праспэкту сёньня дасягае васямнаццаці кілямэтраў. Ідэальнаму Гораду належыць меншая частка яго працягласьці, адлегласьць якой з захаду на ўсход усяго восем кілямэтраў. Асаблівасьць галоўнай вуліцы Гораду ў тым, што ў папярочніку яна ўяўляе сабой залатое сячэньне.
На Праспэкце каскадам зьмясьціліся гіганцкія плошчы — Леніна (Мудрасьці), Сталіна (Мэтафізыка), Перамогі (Вікторыі), Ko-
ласа (Калёса) і Калініна (Любові). Плошча Брамаў Гораду Сонца — трохі ўбаку ад галоўнай восі. Яна вянчае дзьве вуліцы, што ідуць паралельна Праспэкту — Маркса і Кірава. У Кампанэльлі Горад Сонца меў сем акружнасьцяў. У Сонечным Горадзе Мрояў іх усяго Шэсьць — шэсьць акружнасьцяў-пляцаў. Гэта неадпаведнасьць, мабыць, лягічная, бо не сямёрка лічба Гораду Сноў.
Калі рухацца ад плошчы Леніна, самай вялікай з шасьці, на ўсход, то Праспэкт пачнецца па правую руку ад вас Палацам Пошты. Абмінуўшы некалькі Народных Палацаў, па левую руку вы ўбачыце Палац Дзяржбясьпекі, які займае ў глыбіню Гораду цэлы квартал. На Праспэкт выходзіць яго цэнтральны партал, колькі непрапарцыйна грувасткіх калёнаў ды ратонда на даху, якую, як кажуць, сам Цанава дадаў да праекту. Паводле чутак, Палац Дзяржбясьпекі мае столькі ж паверхаў пад зямлю, колькі наверсе, і ад яго ідзе доўгі тунэль у Пішчалаўскі Замак. Пішчалаўскі Замак — гэта Таўэр Гораду Сонца, старадаўняя гарадзкая вязьніца, што збудавана як замак у пазамінулым стагодзьдзі. Побач зь ёю тырчыць Шэры Зуб — высозны архіў Міністэрства Унутраных Справаў. Разам зь вязьніцай ён вянчае кампазыцыю кафкіянскага Замку, што самотна стаіць на гары, непадалёк ад Праспэкту.
Калі вы абміняце яшчэ некалькі Народных Палацаў, Палац Гандлю і Палац Цэнтральнага Банку, перад вамі расступіцца галоўная Плошча Гораду Сонца. Усё, што ёсьць на ёй, належыць Мэтафізыку. Раней тут стаяла і гіганцкая статуя галоўнага Мэтафізыка Краіны Шчасьця. Цяпер на Плошчы месьціцца Палац Прэзыдэнта — былы Палац Партыі, Палац Рэспублікі, Музэй Вайны, Палац Прафсаюзаў, Тэатар ды Палац Афіцэраў. У час апошняй Вайны тут было месца публічных пакараньняў. У старадаўнім Аляксандраўскім сквэры, ля фантана «Хлопчык з Лебедзем», стаялі шыбеніцы, на якіх вешалі партызанаў. Поруч месьцяцца Трыбуны з граніту. На іх ўзыходзілі лідэры Партыі падчас парадаў. Што праўда, вялікія сьвяточныя шэсьці адбываліся й на суседняй плошчы Мудрасьці. Тады там усталёўвалі часовыя трыбуны, якія абцягвалі кармазынам (кумачом), побач са статуяй Леніна.
34
У дзяцінстве я багоміў сьвяты. Гэта потым, калі я пасталеў, яны зьніклі з майго жыцьця, ператварыліся ў простыя абавязкі рытуальнага сядзеньня за сталом, набыцьця падарункаў ды агульнапрынятых віншаваньняў. Але ў дзяцінстве яны былі менавіта сьвятамі, калі ўжо
задоўга ты пачынаў адчуваць іхнае набліжэньне, лічыць дні, якія да іх засталіся, і з кожным аднятым днём тваё хваляваньне рабілася ўсё большым і большым, пакуль, нарэшце, не пераходзіла ў бясконцую нястрымную радасьць надыходу ўрачыстасьці. У Краіне Шчасцьця было шэсьць сьвяточных дзён — Дзень Рэвалюцыі, Новы Год, Дзень Працаўнікоў Першага Траўня, Дзень Перамогі, Дзень Мужчыны і Дзень Жанчыны.
Самым улюбёным сьвятам усіх малых Гораду Сонца быў, вядома ж, Новы Год. Захапленьне ад Новага Году ўзмацнялася двухтыднёвымі вакацыямі, на якія нас адпускалі са школы. На іх прыпадалі яшчэ тры дні народзінаў. Першага студзеня быў дзень нараджэньня ў сябра дзяцінства і суседа па пірамідзе Ігара Брандзіна, другога — у маёй першай нявесты Жанны, а пятага — у мяне. Натуральна, усе гэтыя дні мы хадзілі адно да аднаго ў госьці і аб’ядаліся вялікімі акруглымі тартамі з утыркнутымі ў іх сьвечкамі. Пагатоў ісьці далёка было ня трэба: мы жылі на суседніх пляцоўках аднаго пад’езду. Больш за ўсё я любіў хадзіць на дзень народзінаў Жанны, дзе быў адзіным хлопцам на правох жаніха сярод мноства дзяўчатак. Зь дзіцячага садка мы былі неразлучныя, таму ўвесь двор называў нас: жаніх і нявеста. Магчыма, мы сталі б імі калі-небудзь насамрэч, але бацькі Жан-
ны пакінулі Горад Сонца нашмат раней за іншыя габрэйскія сем’і, а з Амэрыкі яна мне ўжо не пісала.
Зь іншых сьвятаў я найбольш любіў Дзень Рэвалюцыі й Першага Траўня. На Дзень Рэвалюцыі таксама прыпадалі вакацыі, якія рабілі большым адчуваньне сьвята. У гэты дзень па тэлевізары паказвалі парад ды ўрачыстую маніфэстацыю працоўных. Звычайна маці з самага ранку сыходзіла на дэманстрацыю, а я, яшчэ толкам не прачнуўшыся, уключаў тэлевізар ды, лежачы ў ложку, скрозь радасны сон назіраў трансьляцыю з Чырвонай Плошчы. Калі гэта быў Дзень Рэвалюцыі, то спачатку паказвалі вайсковы парад.
На экране зьяўлялася Чырвоная Плошча. Яна была ў сьвяточным прадчуваньні. Войскі роўнымі прастакутнікамі стаялі па пэрымэтры й чакалі, калі на Зыкурат Маўзалею ўзыдуць Мэтафізык і ягоныя паплечнікі. Але іх не было. На экране час ад часу зьяўляўся галоўны гадзіньнік Краіны Шчасьця — куранты на Спаскай вежы. Трансьляцыю заўсёды пачыналі крыху раней, каб вытрымаць гэтую ўрачыстую паўзу. Гадзіньнік буйным плянам ізноў паказваўся на экране. Хвілінная стрэлка набліжалася да дзесяці. Усе зь нецярплівасьцю чакалі.
Дакладна а дзясятай выходзіў Мэтафізык. У маім дзяцінстве яго звалі Брэжнеў.
За ім зьяўляліся Любоў ды Мудрасьць, за імі сьледам ішлі Мужнасьць, Правасудзьдзе, Цнота, Руплівасьць, Праўдалюбства, Касмограф, Геамэтар, Гістарыёграф, Паэт, Лёгік, Рытар, Граматык, Мэдык, Фізык, Палітык, Мараліст і гэтак далей. Моц у гэты момант ужо прысутнічала на Плошчы. Яна прыяжджала на двух лімузынах з адчыненым верхам і пасьля зьяўленьня Мэтафізыка пачынала аб’яжджаць прастакутнікі. Пад’ехаўшы да кожнага, Яна вітала іх. Тыя выкрыквалі ў адказ «гаў-гаў-гаў», і Моц рухалася далей. Калі яна аб’яжджала ўвесь пэрымэтар прастакутнікаў, то ўзыходзіла на Зыкурат ды аддавала даклад Мэтафізыку.
Затым пачынаўся парад. Прастакутнікі прыходзілі ў рух. Аксанамэтрыі, так упадабаныя мною, перасоўваліся на экране. Паралелепіпэды ішлі адзін за адным ды зьнікалі ў чорнай бакавой вэртыкалі тэлевізійнай скрыні.
Мэтафізык буйным плянам час ад часу зьяўляўся на экране. У паставе Рымляніна ён пасылаў прывітаньні фалянгам, што праходзілі паўзь яго. Затым выяжджалі машынкі. На іх стаялі ракеты. За імі ехалі танкі. Потым зьяўляліся вялікія машыны ды вялікія ракеты. За вялікімі ракетамі заўсёды ішлі дэманстранты. Яны псавалі зграбную геамэтрыю аксанамэтрыяў ды ўвальваліся на плошчу прышчаватаю масаю, зь якой тырчэлі плоскія галовы
правадыроў, паветраныя балёнчыкі ды чырвоныя транспаранты.
Часам і я бываў у гэтай масе. Раз-пораз маці брала мяне з сабою на дэманстрацыю. У такія дні маё захапленьне ня ведала межаў. Прачынацца даводзілася рана — гадзіне a шостай ці сёмай. Калёны зьбіраліся задоўга да афіцыйнага пачатку, а трэба было яшчэ дабрацца да месца збору. Цэнтар Гораду для грамадзкага транспарту ўжо перакрывалі, таму частку дарогі даводзілася ісьці пехатой. Звычайна Мы рухаліся ў калёне абутковай фабрыкі. Людзі, што сустракалі нас у прызначаным месцы, калі мы з маці дабіраліся туды, выпраменьвалі шчырую радасьць. Адчувалася, што гэты дзень для іх сапраўды быў сьвятам.
У азначаны час калёны з усіх ускрайкаў Гораду пачыналі рух у бок Гораду Сонца. Яны ішлі да яго з фабрычных прадмесьцяў, з гэтых гіганцкіх трактарных, аўтамабільных, маторных, станкабудаўнічых заводаў, дзе працавалі сотні тысячаў чалавек. Мэтай іхнага руху быў Праспэкт, па якім адной бясконцаю людзкою плыньню яны зьбіраліся прайсьці праз Плошчы Гораду.
Гадзіну альбо дзьве бакавымі вуліцамі Гораду Сонца нашая калёна прабіралася да Праспэкту. Чым бліжэй ён насоўваўся на нас, тым большай рабілася ўзрушанасьць людзкіх шэрагаў. Нарэшце ля Палацу Дзяржбясьпекі
калёна нашай фабрыкі ўлівалася ў гіганцкую плынь народу, якая ўжо цякла па Праспэкце. Мы паварочвалі на ўсход і рухаліся ў бок галоўнай Плошчы, туды, дзе стаялі Трыбуны. Чым бліжэй мы падыходзілі да іх, тым большае хваляваньне апаноўвала калёну. Адтуль даносілася нязмоўчнае шматгалосае захопленае «ўра-а!».
Трыбуны ўсё набліжаліся і набліжаліся. «Урра-ааа!» усё гучнела і мацнела. I, нарэшце, калі мы зусім усутыч прысоўваліся да іх, Ура! ахапляла ўсё наўкол і цябе самога. «УУРРААааааааа!» — крычэлі калёны захопленае прывітаньне Трыбунам, на якіх стаялі з усьмешкамі на тварах жрацы Гораду Сонца.
Гэта была кульмінацыя дня. Поўнае захапленьне і адчуваньне шчасьця. Далей калёны даходзілі да Плошчы Вікторыі, за якой дэманстрацыя рассыпалася. Людзі адпраўляліся па дамох, дзе іх ужо чакалі накрытыя сьвяточныя сталы, якія ламіліся ад усякага дэфіцытнага хараства. Да вечара ўвесь Горад звычайна рабіўся п’яны. Наступнага дня застольлі працягваліся, але эўфарыя пачынала паціху праходзіць. Сьвята сканчалася.
Да Дня Жанчыны і Дня Мужчыны я ставіўся абыякава. Я не адчуваў у іх сьвятаў, магчыма таму, што на гэтыя дні не выпадалі школьныя вакацыі. Дзень Перамогі я не любіў. Я бачыў у ім нешта панурае. У гэтым сьвяце
задужа ўсяго нагадвала пра сьмерць. За два тыдні да Дня Перамогі па тэлевізары пачыналі паказваць фільмы пра Вайну. На экране ўвесь час кагосьці расстрэльвалі, спальвалі, забівалі. Над Горадам ужо стаяла летняе Сонца, але зеляніна паркаў пасьля доўгай зімы яшчэ толькі пачынала распускацца. У Горадзе было пыльна ды неяк пустынна.
У Дзень Перамогі ладзілі марш вэтэранаў. Па Праспэкце да Плошчы Вікторыі бясконцай плыньню ішлі дзяды і старыя, грудзі якіх усыпалі круглячкі ды зорачкі ордэнаў і мэдалёў. Але мне заўсёды чамусьці здавалася, што ад гэтай калёны патыхала нейкім трупным пахам.
35
Калі рухацца па Праспэкце далей, ад Плошчы Мэтафізыка на ўсход, то, прамінуўшы яшчэ некалькі Народных Палацаў ды нейкі пануры, бяз шыльды, невядомы Палац, з антэнамі на даху, вы трапіце ў зону райскіх садоў Гораду Сонца. Гэта яго зялёная Вось, што ідзе пэрпэндыкулярна Праспэкту. На ёй чарадой, адзін за другім зьмясьціліся вялізарныя паркі. Праспэкт перакрочвае іх дзьвюма балюстрадамі даўжынёю амаль кілямэтар. На кожнай зь іх рытмічна стаяць антычныя белыя вазы. На пачатку правай з балюстрадаў разьмеш-