Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца  Артур Клінаў

Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца

Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 202с.
Мінск 2008
42.74 МБ
Хучэй гэта былі кветкі Бадлера — ломкія дэкадэнцкія архідэі на танюткіх сьцяблінках. Пазьней гэта парода зрабілася папулярнаю ў мадэльераў і пачала прэзэнтаваць дамы Вэр-
сачэ, Дольчэ й Габана, Валенціна, Армані на defile ў Міляне й Парыжы. Але ў Горадзе Сонца яны ў багацьці вырасталі паўсюдна, квітнелі ў ім сваім натуральным жыцьцём, без адмысловай урачыстасьці хадзілі па подыюмах яго вуліцаў, напаўняючы Горад тонкім водарам спакусы.
Як і любыя кветкі, архідэі Гораду Сонца любілі лета. Узімку яны прысутнічалі ў ім, але хаваліся ў свае паліто й футэркі. Затое калі прыходзіла лета, яны распускаліся, запаўнялі яго падворкі, вуліцы, паркі ды квітнелі ў іх сярод вазаў, алеяў ды фантанаў. Яны дапаўнялі дэкадэнцкую эстэтыку яго вуліцаў тонкай эстэтыкай распусты. Бязь іх Горад стаўся б іншым. У ім не адчувалася б настолькі поўна ўпадніцкага стылю з уласьцівым яму паганскім эрасам, неабцяжараным пурытанскімі нормамі стрыманасьці ў шлюбе. У Краіне Шчасьця не было распусты. Але ўсе займаліся ёю, толькі рабілі гэта незаўважна.
Каханьне з архідэямі было справай нескладанай. Яны аддаваліся яму з эстэтычнага пачуцьця. Гэта потым, калі ў Горад прыйшоў капіталізм, яны зрабіліся ня кветкамі, а нявестамі Гораду Сонца, пачалі ацэньваць вас з гледзішча зьмесьціва вашай кішэні, ды ў вялікіх колькасьцях зьяжджаць у тыя краіны, дзе кішэні важылі болей. Але ў той час яны былі наіўныя, як кветкі: дастаткова было спа-
кусіцца імі на вуліцы, зачараваць іх — і яны рабіліся вашыя.
Знаёмства з архідэяй магло адбыцца ў любым месцы Гораду — у сквэры, бары, краме, тэатры. Але існавалі месцы, дзе імавернасьць сустрэчы была значна вышэйшая. Да такіх месцаў належалі вуліцы, паркі ды сквэры, што межавалі з Праспэктам. I, вядома ж, сам Праспэкт, на які, апранутыя ў самыя спакусьлівыя, самыя аблягаючыя строі, яны зьбіраліся з усяго Гораду і без усякай справы цягаліся па ім, употай задаволена зьбіраючы юрлівыя погляды кавалераў розных узростаў — ад старых да падлеткаў.
Калісьці канкурэнцыю ім складалі гіпсавыя архідэі. Звычайна гэта былі паўаголеныя вэнэры, якія, чамусьці зь вяслом у руках, стаялі ў парках ды сквэрах. Мабыць, гэты вобраз падабаўся Мэтафізыку, таму яны прысутнічалі паўсюдна, ня толькі ў Горадзе Сонца, але і ў іншых месцах Краіны Шчасьця. Разьбяр, які стварыў гэты вобраз, зрабіў яго вельмі натуралістычным. Вэнэра зь вяслом поўнілася плоцьцю, якая прабівалася скрозь фігавае лісьце сымбалічных покрываў. На жаль, як і любая плоць, плоць гіпсавых Вэнэраў не была даўгавечнаю. Памятаю, апошняя зь іх напрыканцы сямідзясятых яшчэ стаяла ў парку Чалюскінцаў. Але потым зьнікла і яна.
42
Архідэі Гораду Сонца таксама былі схільныя чэзнуць, але, у адрозьненьне ад гіпсавых, на месцы змарнелых заўсёды вырасталі новыя. Архідэйных куткоў у Горадзе было вялікае мноства. Адным зь іх быў бульвар у Фэлікса, які пэрпэндыкулярна Праспэкту ішоў ад Палаца Дзяржбясьпекі да амфітэатру Палаца Фізычнай Культуры. Афіцыйна гэтая вуліца называлася Камсамольскай, але на бульвары стаяла бронзавая Кветка Зла — помнік Фэліксу Дзяржынскаму, чалавеку, які нарадзіўся ў далёкіх прадмесьцях Гораду Сонца, зрабіўся адным з бацькоў Рэвалюцыі ды заснаваў апарат Дзяржбясьпекі, за што ўвайшоў у Пантэон найбольш шанаваных алімпійцаў Краіны Шчасьця.
Бронзавы бутон жалезнага Фэлікса, рукі якога, як казалі, былі па локці ў крыві, чамусьці заўсёды прыцягваў да сабе ня толькі архідэяў Гораду Сонца, але і ўсякую іншую незразумелую публіку, зь якой знакаміты зямляк, будзь ён жывы, расправіўся б зь вялікім рэвалюцыйным задавальненьнем.
На шчасьце, помнік Камандору Рэвалюцыі прадбачліва зрабілі бяз рук. 3 мармуровага пастамэнту тырчэлі толькі грудзі й галава, ды й тая заўсёды шчодра абасраная мясцовымі бульварнымі галубамі. Затое вакол помніка месьцілася шмат пітных установаў. Пазьней да
іх яшчэ дадаліся кругласуткавыя крамы, таму ўлетку жыцьцё на бульвары ў Фэлікса практычна не сьціхала ўсю ноч, ненадоўга заміраючы толькі перад надыходам раніцы. Але ўжо на золку на яго лаўках ізноў сядзелі нейкія пэрсанажы і з крыху падвялымі заблуканымі ў сьвітанку архідэямі пілі піва, набытае ў найбліжэйшых Гастраномах.
Калі ісьці ад Палаца Дзяржбясьпекі на ўсход, вы траплялі ў іншае архідэйнае месца Гораду — на бульвар Леніна. Афіцыйна ён называўся вуліца Леніна, але ад вуліцы Карла Маркса яна разрасталася шырокім цяністым бульварам з утульнымі лавамі пад высокімі старымі таполямі, які перасякаў Праспэкт, ды цягнулася да вуліцы Інтэрнацыянальнай. Тут стаяў яшчэ адзін бронзавы бязрукі бутон, але ня Леніну. У Ільліча заўсёды мусіла быць хаця б адная рука, каб вызначаць шлях да камунізму. Гэта быў помнік лётчыку, які гераічна загінуў у паветры, здаецца, урэзаўшыся ў самалёт японскага самурая.
Цэнтральную частку бульвару з двух бакоў атачалі два сымэтрычныя, аздобленыя ўрачыстым вохрыстым каменем вялізарныя Палацы для Народу. Паміж імі віравала жыцьцё, якое тут не сьціхала нават узімку.
Пачыналася яно ў павільёне папулярнай піўной, пабудаванай бальшавікамі на месцы зруйнаванага імі касьцёла Сьвятога Духу. Затым
весела шпацыравала ў рэстаран Патсдам — багемную ўстанову, якую ў народзе звалі Паддам!, перакочвалася праз вуліцу ў кавярню Пінгвін, месца, дзе зьбіраліся гіпі Гораду Сонца, а таксама заежджыя піплы зь іншых гарадоў Саюзу. Далей яно кіравалася ў папулярную архідэйную ўстанову, якую ў народзе чамусьці менавалі Помойка, пераскоквала праз Праспэкт у рэстарацыю Нёман — прыстанак для камандзіровачных дзядзькоў у недарагіх шэрых гарнітурах з кароткімі нагавіцамі ды дэрмантынавымі дыпляматамі ў руках. Побач была Піцэрыя, месца, дзе зьбіраліся ўсе: камадзіровачныя, архідэі, гіпі, багема, крымінальнікі ды проста людзі з аўтобуснага прыпынку. Сканчалася ўсё ў маленькай кавярні, званай Утюжка, дзе архідэі, што сустракаліся тут заўсёды, выглядалі асабліва сьвежа й прыгожа.
Але галоўнай пітною ўстановай бульвару Леніна быў сам бульвар, ягоныя лаўкі пад таполямі, якія, супольна з лавамі суседніх прыпалацавых паркаў, дзе завіхаліся Яшка-Кароль бутэлек і Унучка Леніна, ды некалькімі віна-гарэлкавымі крамамі, што месьціліся тутака на вуліцы, утваралі гіганцкі піцейна-забаўляльны сындыкат, які вабіў да сабе людзей з усяго Гораду.
Сярод архідэяў бульвару Леніна я вылучаў іх адмысловы гатунак, які зваўся герлы. Да яго належалі архідэі-гіпі ды тусовачныя па-
ненкі, што далучаліся да іх. Герлы былі найбольш прасунутымі архідэямі Гораду. Яны захапляліся дзэн-будызмам, чыталі Сэлінджэра, Борхеса, Вонэгута, Гамсуна, Коба Абэ і перад алькаголем аддавалі перавагу наркотыкам, якія тады толькі пачыналі сваё пераможнае шэсьце па Горадзе Сонца.
У склад піцейна-забаўляльнага комплексу ўваходзіла яшчэ адно месца, крыху аддаленае ад бульвару Леніна. Гэта быў Дом Масонаў, што стаяў у руінах старога гораду, якія пачыналіся адразу за бульварам. У гэтых кварталах нібыта адбывалася рэстаўрацыя. Але прасоўвалася яна вельмі марудна, таму пустыя скрыні дамоў гадамі стаялі недагледжанымі руінамі, у якія наведнікі бульвару адпраўляліся, каб курнуць альбо заняцца каханьнем з рамантычнымі архідэямі.
Дом Масонаў самотна ўзвышаўся на ўскрайку кварталу, аточаны старымі дрэвамі. Адразу за ім пачынаўся парк ды стромкі спуск да Сьвіслачы, гэтак жа багата парослы беспрытульнай расьліннасьцю. У васямнаццатым стагодзьдзі тут зьбіралася масонская лёжа Гораду, якую пазьней забаранілі загадам нейкага расейскага імпэратара. Калі нам хацелася выпіць у зацішку ды ўдыхнуць паветра старога Менску, мы адпраўляліся да Дому Масонаў. Казалі, што ў гэтым закінутым фальварку вадзіліся здані. Праўда, прывідаў я ў
ім ніколі ня бачыў. Але гэтае месца сапраўды поўнілася нейкай магутнай незразумелай энэргіяй, што працінала цябе й паненку-герлу-архідэю, зь якой у абдымках ты цалаваўся, стоячы над стромай у зарасьцях бэзу.
43
Месцам, дзе заўжды, круглы год, уначы ды ўдзень, вы маглі знайсьці, набыць, абняць і абаняць любыя кветкі, была Плошча Брамаў. На ёй квітнела такое мноства іх гатункаў, якое толькі можна ўявіць сабе ў Горадзе Сонца. Былі тут архідэі, п’яныя архідэі, нявесты, недарагія нявесты, п’яныя недарагія нявесты, пышныя ды зьвялыя ружы, хрызантэмы, рамонкі, туліпаны, экзатычныя кветкі, гартэнзіі, дзьмухаўцы, незабудкі.
Багата вадзілася тут і кветак у вазонах — гераняў, фікусаў, шчупачыных вусаў, прымулаў, азаліяў, магноліяў, агеньчыкаў, альясаў ды разнастайных кактусаў. Яны прапаноўвалі прыежджым ды жыхарам Гораду пончыкі зь мясам і капустай, кефір, піва, ліманад, смажаных куранятаў, гатаваную бульбачку, салёныя агуркі на закуску. Раней герані з магноліямі прадавалі яшчэ гарэлку й цыгарэты.
У часы сухога закону на Плошчы Брамаў месьціўся найбуйнейшы ў Горадзе нелегаль-
ны бутлегерскі рынак. Ноччу Бабулькі Гораду Сонца з-пад падолу гандлявалі тут вогненнай вадой ды асьвяжальным пшанічным напоем. Прадавалі іх і ў іншых месцах Гораду — у ягоным чэраве на Камароўцы, ля станцыяў мэтро, але менавіта тут абарочваўся самы жвавы ды вялікі гандаль. Фікусы, гартэнзіі, азаліі з гарэлкай заўсёды можна было пазнаць па іхным спрытным змоўніцкім выглядзе ды палатняных торбах, што яны трымалі ў руках. Міліцыянты час ад часу ганялі іх, але рабілі гэта хутчэй дзеля статыстыкі. Бабулькі падкупалі ахоўнікаў закону ўсё той жа гарэлкай ды часткай заробленага прыбытку.
Садоў, дзе расьлі архідэі, было ў Горадзе незьлічонае мноства. Самы вядомы, мабыць, — Паркавая магістраль — Лас-Вэгас Гораду, вуліца, дзе пазьней паўсталі гатэлі, казыно, рэстарацыі й буцікі. Архідэі на Паркавай прапаноўвалі каханьне за грошы, таму былі ўжо ня кветкамі, а нявестамі Гораду Сонца. Збольшага яны зьбіраліся ў Юбілейцы, гатэлі, пабудаваным менавіта на тым месцы, дзе калісьці ўзвышаўся адзіны ў Горадзе мячэт. Пазьней нявесты выйшлі на вуліцу й пачалі прапаноўваць свае паслугі ня толькі ў гатэлях: яны проста стаялі ўздоўж магістралі й прываблівалі джэнтэльмэнаў з машынаў, што праяжджалі міма.
У сквэры ля Хлопчыка зь лебедзем, паміж вуліцай Энгельса й Палацам Афіцэраў,
вадзіліся экзатычныя архідэі-мужчыны альбо нарцысы. У цёплую пару году яны гнездаваліся ў глыбіні сквэру, бліжэй да павільёну грамадзкай прыбіральні, а ўзімку перасоўваліся ў Палац Пошты, дзе ў пампэзнай акруглай залі з калёнамі тусаваліся сярод столікаў і грамадзянаў, што адпраўлялі ды атрымоўвалі тэлеграмы з бандэролямі.