Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Муа
Марцінсан
MAMA ВЫХОДЗІЦЬ ЗАМУЖ
РАМАН
3 шведскай
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1988
ББК 84.4Шв М 30
Серыя заснавана ў 1983 г.
Рэдкалегія:
С. Андраюк, Я. Брыль, I. Навуменка,
I. Пташнікаў, Б, Сачанка
Прадмова А. Пагодзіна
Пераклад на беларускую мову
ВАЛЯНЦІНА РАБКЕВІЧА
Пераклад зроблены з выдання: Мартннсон М. Мать выходнт замуж.— М.: Гос. пзд-во худож. лнт., 1957.-— 334 с.
Муа Мартннсон (1890—1964) в романе «Мать выходпт замуж», во многом автобнографнчном, рассказывает о горестном детстве девочкн, внебрачной дочерн фабрпчноіі работнпцы, страдаюіцей от голода н ншцеты, а еіце больше от унпженпй н несправедлпвостн, в которых ей прнходнтся жнть. Картнны жпзнн бедноты, показанные через воспрнятне восьмплетней девочкн, впечатляют чнтателя своей жестокой правднвостью.
4703000000—045 16g 87
М 302(03)—88
ISBN 5-340-00391-4 (бел.)
(р. Пераклад. Мастацкае афармленне. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1988.
М
МУА МАРЦІНСАН I ЯЕ РАМАН «МАМА ВЫХОДЗІЦЬ ЗАМУЖ»
«Праўда пра мяне — гэта праўда пра вас, паважаныя чытачы!» — пісала Муа Марцінсан у прадмове да свае серыі аўтабіяграфічных раманаў. I праўда, у кнігах пра яе маленства і юнацтва, пра яе гаротнае жыццё тысячы простых людзей Швецыі знаходзяць адлюстраванне свайго лёсу.
Шлях Муа Марцінсан у літаратуру быў вельмі нялёгкі. Хільга Свартс, якая ўзяла пазней імя Муа Марцінсан, нарадзілася ў 1890 годзе ў Эстэргётландзе. Ёй, «няшлюбнай» дачцэ фабрычнай работніцы, ужо ў маленстве давялося вынесці шмат пакут. Вучыцца ў школе было нялёгка, бо вечнае гора не давала маці заседзецца на адным месцы. Цяжка пачалося і яе самастойнае дзявочае жыццё.
У 1920 годзе яна выйшла замуж і пасялілася ў маленькай сялянскай хатцы. Мужавага заробку не хапала, і маладая жанчына мусіла хадзіць у наймы да багатых сялян, каб пракарміць пяцярых дзяцей. Але ні цяжкая праца, ні вечная трывога пра заўтрашні дзень, ні клопат пра дзяцей не зламалі яе. Горка складваецца яе асабістае жыццё. Налажыў на сябе рукі алкаголік-муж, трагічна гінуць двое дзяцей. Аднак Муа знаходзіць у сабе сілу не здавацца і, болей таго, змагацца супраць суровай рэчаіснасці. Увесь вольны час яна аддае самаадукацыі. У яе чытацкай зацікаўленасці Горкі і Нексё, Заля і Дастаеўскі. 3 сярэдзіны 20-х гадоў Муа прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, супрацоўнічае ў газетах, дзе друкуе нарысы і фельетоны. Яе палітычныя погляды ў тыя гады вельмі хісткія, але паступова яна збліжаецца з камуністычнай партыяй. «Калі б я была палітычным дзеячам,— кажа Муа Марцін-
сан,— то ўсю сваю сілу я аддала б камуністычнай партыі, чыя палітыка найболей адпавядае той лініі, якой я заўсёды трымалася».
У канцы 20-х гадоў Муа Марцінсан уступае ў літаратуру. Сваім натхняльнікам яна называе Марціна Андэрсена-Нексё. Яго кнігі, і асабліва раман «Пеле-заваёўнік», зрабілі на яе вялікае ўражанне, і яна ў пісьме падзялілася з Нексё сваімі пачуццямі. Нексё прыслаў ёй раман «Дзітэ, дзіця чалавечае» і цёплае сяброўскае пісьмо, якое, заўважае пазней Муа, дадало ёй «мужнасці пісаць». Успамінаючы свае першыя практыкаванні, Марцінсан заўважала, што ўжо ў ранніх творах яна імкнулася сарваць з жыцця беднякоў тое покрыва ідыліі, пад якім буржуазныя аўтары спрабавалі схаваць суровую праўду. Яна адчувала, што абавязана напісаць кнігу пра народ, кнігу, якая будзе выклікаць не шкадаванне і спагаду, а нянавісць і абурэнне. Калі некаторыя буржуазныя пісьменнікі літасціва згаджаліся з тым, што задушаныя горам працоўныя — рабочыя і сяляне — «таксама людзі», дык Муа Марцінсан імкнулася даказаць, што іменна працоўныя болей чым хто маюць права называцца Чалавекам. Яна імкнулася паказаць, што «тонкасць пачуццяў не з’яўляецца прывілеяй багатых і адукаваных», што «фантазія і пачуццё таксама моцныя, нават мацнейшыя, у работніцы, чым у багатай жанчыны».
30-я гады былі часам росквіту прагрэсіўнай шведскай літаратуры. Пясняр пралетарскай салідарнасці Ёсеф Чэлгрэн выступіў як аўтар раманаў і апавяданняў з жыцця рабочых і маракоў. Заклік да барацьбы за вызваленне рабочага класса складаў галоўны пафас вершаў Арнольда Юнгдаля. Пра жыццё парабкаў расказваў у сваіх раманах і навелах Івар Лу-Ёхансан. Пра трагічны лёс сельскіх беднякоў пісаў і вялікі раманіст Ян Фрыдэгар. Гэтыя пісьменнікі, а таксама Артур Лундквіст, Эрык Асклунд і іншыя, смела падымалі найважнейшыя праблемы сучаснай рэчаіснасці і прысвяцілі сваю творчасць служэнню народу.
Ужо першымі сваімі кнігамі Муа Марцінсан заваявала
сабе паважанае месца сярод перадавых літаратараў Швецыі. Творчасць яе шматгранная. Вялікую цікавасць маюць яе раманы, прысвечаныя лёсу жанчыны-працаўніцы ў сучаснай Швецыі: «Жанчына і яблыкі» (1933), «Сыны Салі» (1934) — пазней гэтыя раманы былі аб’яднаны ў «Кнігу пра Салі» — і «Нябачны каханы» (1943). Марцінсан стварыла серыю гістарычных раманаў з жыцця шведскіх сялян XVII—XIX стагоддзяў: «Шлях пад зорамі» (1940), «Вогненныя лілеі» (1941), «Свята жыцця» (1943). Муа Марцінсан з’яўляецца майстрам кароткага апавядання, бытавога нарыса. Яе апавяданні і нарысы сабраны ў кнігах «За шведскай сцяною» (1944), «Каханне паміж войнамі» (1947). Але, мабыць, найбольшую каштоўнасць у творчасці Муа Марцінсан мае яе аўтабіяграфічная тэтралогія: «Мама выходзіць замуж» (1936), «Вяселле ў царкве» (1938), «Каралеўскія ружы» (1939) і «Сустрэча з пісьменнікам» (1950). У гэтых яе кнігах вельмі моцны асабісты элемент, і расказ пра лёс героя — гэта па сутнасці расказ пра лёс самога аўтара.
У творах Муа Марцінсан, розных па тэматыцы і часе напісання, многа агульнага. У іх заўсёдная ўвага да жыцця народа. Муа Марцінсан кажа: «Вялікія людзі трапяць на старонкі гісторыі. Але ёсць многа маленькіх, нікому не вядомых людзей з сваімі разнастайнымі лёсамі. I я лічу патрэбаю лінуць дзённае святло на іх жыццё».
Але персанажы Муа Марцінсан могуць быць названы «маленькімі людзьмі» толькі з агаворкаю — толькі па тым становішчы, на якое іх асуджае грамадская сістэма. Апавяданне пра лёс «маленькага чалавека» ў Муа Марцінсан — гэта апавяданне пра яго вялікую трагедыю. Падкрэслена будзённыя гісторыі з жыцця простага народа пісьменніца раскрывае як выяўленне агульных сацыяльных заканамернасцяў, якія асуджаюць і гарадскіх і сельскіх працаўнікоў на вечную галечу.
Іменна ў гэтым плане і паказвае Муа Марцінсан цяжкук> долю фабрычных работніц, парабчанак, жонак бедня-
коў. Буржуазная крытыка часта гаворыць пра Муа Марцінсан толькі як пра пісьменніцу, якая прадаўжае вельмі пашыраную ў Швецыі «літаратуру жаночай эмансіпацыі». Але калі прадстаўнікі гэтай літаратуры абмяжоўваліся спачуваннем да цяжкай жаночай долі і настойвалі толькі на некаторых прававых рэформах, дык у Муа Марцінсан «жаночае пытанне» з’яўлялася часткаю пытання пра страшэнную сацыяльную несправядлівасць. Трагедыю мацеры, якая выбіваецца з сілы, але не можа пракарміць сваіх дзяцей («Кніга пра Салі»), трагедыю жонкі алкаголіка, жанчыны, змушанай гандляваць сабою («Свята жыцця») Муа Марцінсан разглядае як непазбежны вынік тагачаснай сацыяльнай сістэмы.
Але, малюючы страшную карціну жыцця гарадскога і сельскага пралетарыяту, Марцінсан не ўпадае ў адчай, у яе творах няма матываў безвыходнасці і песімізму. Яна гаворыць: «Навошта патрэбны ў літаратуры такія модныя цяпер адчай і песімізм? Гэта ж тое самае, што сядзець склаўшы рукі і калаціцца, чакаючы смерці». Муа Марцінсан моцна верыць у тое, што сацыяльная несправядлівасць, голад і галеча будуць знішчаны, хоць і не мае яснага ўяўлення характару будучага грамадства без прыгнятальнікаў і прыгнечаных.
Асновай перакананасці Муа Марцінсан у перамозе праўды і справядлівасці з’яўляецца вера ў простага чалавека, у яго незвычайныя духоўныя магчымасці. Таму яна і імкнецца глыбей раскрыць унутраны свет персанажаў. 3 поўным правам яна гаворыць: «Я паказваю людзей у іх штодзённай цяжкай працы, а таксама ў іх імкненнях, марах, у іх здольнасці змагацца, у іх нястачах, у іх каханні». 3 вялікім майстэрствам пісьменніца раскрывае перажыванні сваіх герояў, дамагаючыся вялікай псіхалагічнай пераканаўчасці. Героі яе твораў — гэта жывыя людзі, якія любяць, ненавідзяць, перажываюць, мараць.
У Муа Марцінсан чытач рэдка сустрэне герояў, якія пачынаюць актыўную, арганізаваную барацьбу супраць
прыгнёту. Але пісьменніца ведае, хто з’яўляецца сапраўдным героем эпохі. У нарысе «Вялікія людзі» яна з захапленнем гаворыць пра смелых барацьбітоў супраць фашызму, якія ідуць на катаванні, на смерць дзеля вызвалення чалавецтва ад страшнай карычневай чумы: «Мы павінны імкнуцца быць падобнымі на вас — на тых, хто прыняў пакутлівую смерць у пекле канцлагераў, але не здаўся, на тых, хто перанёс страшныя катаванні і зноў прадаўжае барацьбу... Іменна таму, што вы ёсць, я адчуваю гонар за тое, што я чалавек».
Паасобныя старонкі класавай барацьбы пралетарыяту таксама адлюстраваны ў раманах Муа Марцінсан, хоць і не займаюць у іх галоўнага месца. Але, выбраўшы пэўнае кола персанажаў — простых людзей-працаўнікоў, якія шмат у чым знаходзяцца ў палоне забабонаў і даўніх уяўленняў,— яна і ў гэтым асяроддзі знаходзіць сапраўдных герояў. Іх здольнасць ва ўмовах страшнай галечы, прыгнёту, заўсёднай няўпэўненасці ў заўтрашнім дні зберагчы веру ў будучыню, у дабро папраўдзе раўназначныя доблесці. «Чалавечая воля і любоў заўсёды перамагаюць усё рзакцыйнае і варожае,— гаворыць Марцінсан.— Людзі, якіх я люблю і ў жыцці і ў кнігах,— гэта людзі, якія цалкам аддалі сябе нашаму дзівоснаму толькі адзін раз нам дадзенаму жыццю».
He ўсё аднае вартасці ў творчасці Марцінсан. У некаторых яе творах мы сустракаемся з абсалютызацыяй сацыяльных заган як нейкай пазачасавай, пазагістарычнай сілы, у некаторых кнігах залішне еентыментальнасці. Але, цалкам ацэньваючы творчасць Марцінсан, мы непазбежна прыходзім да вываду, што асноўны яе пафас у гуманізме, у крытыцы сістэмы, якая асуджае народ на галечу і бяспраўе.
Гэта выявілася і ў цыкле аўтабіяграфічных раманаў Марцінсан, у прыватнасці ў рамане «Мама выходзіць замуж». Раман не з’яўляецца толькі аўтабіяграфіяй аўтара. Пісьменніца выйшла за межы мемуарнага жанру і ствары-
ла шырокую карціну жыцця працоўных Швецыі канца XIX стагоддзя.
Гэтая кніга — аповесць пра цяжкае жыццё дзяўчынкі, дачкі фабрычнай работніцы. Заўсёднае галаданне, галеча, прыніжэнні сталі ёй прывычныя. Васьмігадовая дзяўчынка разумее, што жыццё — «гэта толькі цяжкая праца». Яна зусім не мае тых маленькіх радасцяў, без якіх дзяцінства здаецца немагчымым. Маленькая Міа спакойна, як пра нешта зусім звычайнае — іменна ў гэтым, напэўна, і тоіцца самае страшнае,— гаворыць, што ёсць рэчы, не прызначаныя такім, як яна: гэта лялька, якая ўмее заплюшчыць вочы, размаляваны мячык, добрыя чаравікі, прыгожыя сукенкі, гушкалка ў садзе, кніжкі і многае іншае. Такія рэчы не для бедных. Дзеці заможнага селяніна не хочуць гуляць з Міа, дачкой работніцы. Лёс Міа нічым не лепшы за лёс многіх іншых дзяцей. Як жабрачка, жыве яе сяброўка Хана, якая перанесла, мабыць, нават болей гора, чым Міа; памірае ад сухотаў хлопчык Альберт; гіне дзяўчынка — аднакласніца Міа. У кнізе многа дзіцячых вобразаў, але няма ніводнага напраўду шчаслівага дзіцяці.