Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
А за год перад гэтым нас з братам знайшоў праз паліцыю капітан. На хпчасце, паліцыя нас добра ведала дзякуючы адвазе камінара, інакш капітан не знайшоў бы нас, бо ў выбарчыя спісы мы не былі ўпісаны. Пра гэта паклапаціўся дзядзька, які абакраў нас. Сам ён да таго часу памёр і не мог быць пакараны, а апякунская папера сведчыла, што ўсё пайшло на выхаванне дзяцей.
Каб ты толькі бачыла майго брата-капітана, Гедвіг! Які мужчына! Ён быў тады ўжо сівы, насіў форму і медалі, а плакаў, як дзіця, калі я расказвала яму пра гібель сястры.
«Маю сястру катавалі, як чорнага раба! — крычаў ён.— Я ваяваў за вызваленне неграў, ды аказваецца, у нас на радзіме таксама ёсць нягоднікі! I хто ж — наш родны дзядзька, якому ў дзяцінстве мы далі мянушку «святоша» за тое, што ён, калі прыходзіў да нас, заўсёды казаў малітвы! Значыць, ён і маліўся толькі для таго, каб завалодаць зямлёю нашага бацькі?! Маліўся ён добра і атрымаў, што хацеў! Па яго разліках,
1 «Ласе з Бровіка» — так падпісваўся папулярны журналіст, які друкаваўся ў газеце «Эстгётэн» (заўвага аўтара).
вы павінны былі памерці, ён усё абмазгаваў, скнара. Калі б ён і яго баязлівая жонка былі жывыя, я б павесіў іх на мачце той баркі, што стаіць тут каля Аркё, каб усяму гораду была навука! Нам жа радня бургамістр, няўжо ён нічога не мог зрабіць, няўжо ніхто не мог хоць чым-небудзь вам памагчы?»
«Ніхто і не ведаў пра нас толкам. Мы з братам не смелі выйсці з хаты, а ва ўсім горадзе не знайшлося ні аднаго чалавека, якога хваляваў бы лёс дваіх дзяцей. Бо паважаюць толькі таго, хто можа рабаваць другіх. Ты павінен гэта добра ведаць, ты сам жыў у нашым горадзе»,— адказала я капітану.
— Каб ты толькі бачыла майго брата-капітана, Гедвіг, каб ты хоць раз у жыцці паглядзела на сапраўднага мужчыну. Мусіць, ён даўно ўжо памёр, з таго часу я ніколі больш яго не бачыла. I пажыў ён з намі зусім мала. Ён вадзіў караблі па ўсіх марах, і ў Амерыцы хацелі, каб ён астаўся служыць у іх арміі. Перад ад’ездам ён пакінуў мне на ашчаднай кніжцы тысячу крон на выхаванне Альберта, сына нашага брата. Я гадавала яго як магла. Ён быў здатны ад прыроды, але прыходзілі сваякі яго шалапутнай мацеры і ўсюды ўтыкалі свой нос. Яны ніколі не прынеслі гасцінцаў хлопчыку,— наадварот, прадзільны майстар спрабаваў забраць у мяне ашчадную кніжку, якую пакінуў брат. Праўда, Гедвіг, розныя бываюць людзі... Альберт адзіны сваяк, які ў мяне застаўся, і які б ён ні быў... ёсць у ім усё ж такі нешта добрае; яго бацька, камінар, хоць і піў запоем, заўсёды быў надзіва сардэчны чалавек. Гарэлка і пустыя жанчыны загубілі яго. I Альберт пайшоў бы тою самаю дарогаю, але ён вельмі прывязаўся да цябе, Гедвіг. Я думаю, усё ў вас будзе добра. Ты такая непадобная на тых жанчын, да якіх ён прывык, што ўрэшце ён возьмецца за розум. Чалавек павінен прайсці праз усё, хоча ён таго ці не, ці кончыць гэтак, як кончыла мая сястра. Я часта хадзіла да Оба-
кі, Гедвіг, стаяла на беразе і доўга глядзела ў ваду...
(«Яна так і не знайшла свайго хлопца»,— шаптала я засынаючы.)
— Маліся грамчэй,— сказала бабуля.
Але я прыкінулася, што сплю.
Я не помню, каб любіла каго-небудзь з сваіх сябровак больш, чым Хану. Але ўсё ж такі гуляць яна не ўмела.
Я доўга прыставала да мамы, і калі яна нарэшце дазволіла прывесці Хану ў нашу хату, дзяўчынка села ў куточак і, слухаючы маю балбатню, асцярожна кратала ўбогія цацкі. У мяне была цэлая камода, маці аддала яе на лялькі.
У камодзе ляжалі ўсе мае скарбы: нейкае падабенства да лялькі, якая не вельмі мяне цікавіла, і многамнога паштовак і ракавінак, пра якія расказвала я TaKia незвычайныя гісторыі, што яна сядзела, як зачараваная. Амаль заўсёды гэта былі апавяданні пра марака-капітана і пра камінара. Мама трохі ажывілася, прыбрала пакой і была вельмі ласкавая з Ханаю. Мы выбралі дзень, калі бабуля не прыйшла да нас. Хіба ўгадаеш, як паставіцца яна да Ханы?
Мама падарыла Хане адну маю старую сукенку, даўно прызначаную на анучы. Яна была залатаная і моцна паношаная, з простага мультану, але па крайняй меры ёй хоць не трыццаць гадоў, як Ханінай кофце, якую, мусіць, адкапалі сярод усялякага рыззя ў багадзельні. Мама зусім нядаўна пашыла мне белы фартух, але ён выйшаў малы, а на большы не хапіла матэрыі; яго таксама аддалі Хане. Потым мама адзела яе, прычасала і завязала бант, а астатнія валасы распусціла.
Хана стала вельмі міленькая. Праўда, яна была босая, але якое гэта мела значэнне? 3 надыходам гарачых дзён усе дзеці хадзілі босыя, не толькі ў будзень, але і ў нядзелю.
Мы падвялі яе да люстэрка. 3 мінуту яна моўчкі глядзела ў яго.
— Міа лепшая за ўсіх у школе. Фрэкен больш за ўсіх любіць яе,— сказала яна нарэшце маме. Я бачыла, што ў яе ад сарамлівасці трасуцца губы.
Гэтак падзякавала Хана, і мама зразумела і ацаніла яе. Аддаўшыся свайму першаму каханню, я была няўважлівая да мамы, ніколі не расказвала ёй школьных навін і толькі цяпер паступова пачала зноў адтаваць. Маміна дабрата да Ханы зрабіла мяне шчасліваю.
Мама пачаставала нас хлебам з маслам і смачнаю какаваю, зваранаю з лушпін какававых зярнят. Мы куплялі лушпіны цэлымі мяхамі каля Норчэпінгскага порта.
На другі дзень Хана зноў прыйшла ў школу з гладка зачасанымі валасамі і з маленькаю тугою коскаю, перавязаную шарсцяной ніткаю, у старой кофце на трыццаці апліках і ў доўгай спадніцы да пят.
На перапынку я папыталася ў яе, чаму яна не надзела мае сукенкі і фартуха замест гэтага страхоцця.
Аказалася, начальніца багадзельні прымусіла схаваць новае адзенне да экзаменаў, а хадзіць з распушчанымі валасамі, яна сказала, грэх.
Тут з Ханаю былі мы бяссільныя.
Аднойчы Хана не прыйшла ў школу, на другі дзень •— таксама. Я асталася зусім адна. Надышлі цёплыя дні, дровы настаўніцы сталі не патрэбныя — гатавала яна на прымусе,-— і я сноўдалася па школьным двары без ніякага занятку, злавалася на дзяцей і не хацела гуляць з імі. Дзеці пакрыўдзіліся, а адна з «лепшых» дзяўчынак абазвала мяне «подлаю» за тое, што я хачу гуляць толькі з Ханаю.
— Я подлая?
— Ага! Бо венічніца Міна подлая і Хана таксама подлая!
I мы пабіліся. Я і мае сяброўкі ў той час яшчэ не ведалі, што біцца падыходзіць толькі хлопцам.
А назаўтра з пачырванелымі ад слёз вачыма прыйшла Хана. На ёй была мая старэнькая сукенка і белы фартух, а ў тугой косцы — чорная стужка, вузкая, як шнурок з чаравіка. У Ханы памёр брат, яны з мамаю хавалі яго.
Брат Ханін быў Альвар.
Увесь дзень я маўчала. Я ніколі не расказвала, што сябравала з Альварам і аднойчы падманула яго, быццам аслінае дзіцяня завецца бараном. Але я падвоіла сваю пяшчоту да Ханы. Я плакала разам з ёю, як быццам памёр мой брат, і дзеці, якія не часта бачылі мае слёзы, таксама сталі сур’ёзныя. Альвар жыў у тарпара з папяровай фабрыкі, куды ўладкавала яго таварыства дапамогі бедным. «Я дастану другі пруток,— гучаў у мяне ў вушах яго голас.— He біце яе!»
I вось ён памёр.
У той вечар я шчыра малілася і прасіла ў бога не кучаравых валасоў ці яшчэ якой-небудзь выгоды. Я прасіла дараваць мне крыўду, прычыненую Альвару. Здаецца, я бедавала па ім болей, чым Хана, але ж Хана не крыўдзіла і не ашуквала яго, як я. Ад гэтых думак рабілася яшчэ горай.
Коннік на белым кані ў канюшыне.
Збруя, шпоры, кап’ё ў руцэ.
Мінне мака, сінне вака, Яблык, пэмпел, пілам, паф.
— Эстэр выйшла! Давай цяпер другую лічылку, Міа!
— He, гэтак несправядліва, лічы тую самую!
— Анніку-ванніку! — Гэта крыкнула Хана.
Анніка-ванніка, Сёдэрваль₽, Грэбень-брэдзень, лес густы. Карла-кароль і генерал Хутка заходзяць у тронны зал. Восем дзён нявесце чакаць, Анніка-ванніка танцаваць.
— Міа выйшла! Хана, лічы!
Хана ведала толькі «Эне, бене, кніп, кнап...».
— Ну яго, лепей зусім не будзем гуляць у хованкі! Што гэта за гульня, калі некаторыя не ведаюць нават лічылак. Хана ж не ўмее лічыць. Лічы, Міа, хоць ты ўжо выйшла!
Шчокі ў Ханы запалалі, маленькі заплецены хвосцік сумна апусціўся на патыліцу. Вось так з ёю заўсёды.
Перш чым я паспею прыдумаць, як выручыць яе, абавязкова хто-небудзь паверне ўсё так, што Хане робіцца сорамна.
— Хопіць гуляць у гэтыя дурныя хованкі! Давайце лепей вадзіць карагод! — закрычала я.
Калі мы вадзілі карагод і я трапляла ў цэнтр круга, тут жа апыналася і Хана, бо, як толькі падыходзіла мая чарга, я выбірала яе. Але гуляць у хованкі ёй было цяжка: яна ніколі не магла знайсці схаваных, a сама заўсёды пападалася, хоць перабірала сваімі босымі ножкамі з усяе сілы, ажно было відаць, як б’ецца пад кофтай яе сэрца. Але ў яе ўсё роўна нічога не выходзіла. Я вельмі перажывала, калі бачыла, як Хану заўсёды абганяюць.
— У карагод, у карагод, а то я зусім гуляць не буду!
— Вельмі ты ўжо зазнаешся!
— Перапынак хутка скончыцца, мы ўсё роўна не паспеем пагуляць у хованкі, а фрэкен злуецца, калі мы хаваемся і не чуем званка...
Вось ужо некаторыя бяруцца за рукі, пакрысе падыходзяць тыя, што вагаліся, толькі тая, што абазва-
ла мяне зазнайкаю, з «высакародных», надзьмулася і трымаецца ўбаку.
— Пачынай, Эстэр! «Слаўнаму малайцу...»
Тут Эстэр не вытрымлівае, ідзе ў круг і выбірае дачку гандляра, ціхую слаўную дзяўчынку, якую яна лічыць «сваёю», таму што бацька Эстэр — старэйшы работнік на тым хутары, куды мой айчым уладкаваўся землякопам. А да якога рангу залічыць землякопа — гэтага ніхто толкам не ведаў; апрача таго, землякопыдрэнажнікі лічыліся амаль кваліфікаванымі рабочымі,— так што маё становішча ў школе было не вельмі выразнае. Усе, зразумела, бачылі, што мы вельмі бедныя, але затое ў мяне не было ні братоў, ні сёстраў, і ў школу я заўсёды прыносіла снеданне. Дзеці не маглі добра разабрацца, у якую ж катэгорыю мяне залічыць.
3 Ханаю другая справа. 3 ёю было ўсё ясна. Hi дачка дробнага гандляра, ні дачка старэйшага работніка ніколі не выбіралі дзяўчынкі з пацучыным хвосцікам на патыліцы, у доўгай спадніцы і брыдкай кофце.
Калі падышла чарга дачкі старэйшага работніка, яна выбрала мяне.
Хлопцу-малойцу патрэбен друг — ружы чырвоныя і півоні,— бо толькі ружы, толькі лілеі сэрца маё растрывожаць пяшчотай,— ружы чырвоныя і півоні.
Варта было Хане трапіць у круг, як яна адразу бянтэжылася, рабілася непаваротлівая і няспрытная. Вершык паспявалі праспяваць амаль да самага канца, перш чым яна, бывала, апамятаецца. А дзеці тады крычаць што ёсць моцы: