Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
На другі ж дзень пасля нашага пераезду мама сказала, што суседка проста неахайная. На першым часе яна зусім не заходзіла да суседкі і амаль не слухала яе, калі тая неяк прыйшла і пачала расказваць пра ўсе свае беды.
Але гэта толькі спачатку. Ужо праз некалькі месяцаў мама, як толькі ў яе не было падзённай работы, гадзінамі балбатала з «неахайнаю». Гаварылі яны толькі пра роды. Суседка нарадзіла дзевяцярых і падоўгу ляжала ў радзільнях. Народжаных дзяцей кожны раз клалі ў «паравую шафу», як яна казала. Але выратаваць удалося толькі чацвярых.
— Паглядзім, можа, хоць малодшыя будуць нармальныя,— казала яна. Абодва вырадкі былі старэйшыя.
Мне ўсё гэта здавалася вялікім дзівам. Я цвёрда верыла, што яна ўсё гэта прыдумляе маме знарок. А мама, дурненькая, развесіла вушы і слухае. У мяне была настаўніца, Хана, любімыя вершы. I як толькі прыходзіла суседка, я старалася ўцячы з дому.
Суседка была мажная, тоўстая, як півавар, з лупатымі вачыма. Ад яе заўсёды смярдзела. Як магла мама сядзець побач з ёю? Але мама заўсёды вельмі сур’ёзна і ўважліва яе слухала і ўздыхала — значыць, суседцы і праўда было вельмі кепска.
Але калі ў нас гасцявала бабуля, суседка не асмельвалася прыходзіць, мабыць, баялася яе. Бабуля так і не ведала, што суседка прыходзіць да нас.
— Другі раз абавязкова пайду раджаць у радзільню,— сказала неяк мама суседцы.
— Ды ты толькі падумай, Гедвіг, як там добра. А дома астанешся — тут табе і мыць, і варыць, і ўсё астатняе. Хоць, ведама, нехта павінен глядзець хату.
Ну хіба ж гэта не дурнота? Я старалася не звяртаць увагі на іх размовы. Суседчынага мужа я ніколі не бачыла. «Ён пайшоў у порт»,— адказвала мама кожны раз, калі я пра яго пыталася.
Аднойчы вечарам, ужо пасля знаёмства з суседкаю, мама не вярнулася з горада. Есці зусім не было чаго, мама абяцала чаго-небудзь купіць. Я чакала, чакала яе, потым пайшла на двор, трохі пагуляла, але дзеці адно за адным паразыходзіліся, і я зноў асталася адна. Час набліжаўся да дзесяці, і я паплялася дадому. Ключа ў замку не было, ён ляжаў пад палавіком — там, дзе я і пакінула яго. Мама не прыйшла. Я была вельмі растрывожаная і галодная. Ад вялікага перапынку ў школе ў мяне крошкі ў роце не было, дый на перапынку я з’ела зусім мала.
Я пастукала да суседкі: у мяне яшчэ аставалася слабая надзея, што мама, можа, зайшла да яе. Звычайна мама купляла прадукты і суседцы, бо тая не магла пакінуць маленькіх дзяцей на ідыётаў — самаму меншаму споўнілася толькі паўгода.
— Божа мой, да мяне яна і не заходзіла.
Тады я зноў пайшла дадому і ўселася на сваю жалудовую канапу. Я чула, як наверсе моцна гаманілі,
пасля там нешта загрукатала — мабыць, раскладалі ложкі. У пакой даносіліся галасы з суседніх дамоў, там таксама былі адчыненыя вокны. Ва ўсіх былі сем’і, сябры, усе гаварылі адзін з адным, вячэралі, збіраліся класціся спаць. Толькі я сядзела адна.
Я шырэй адчыніла акно і выглянула на двор.
На зялёнаіі гушкалцы каля дарогі сядзелі мужчына і жанчына. Мужчына абдымаў жанчыну. Яны цалаваліся. Мабыць, акно рыпнула, бо мужчына аглянуўся. Але жанчына яшчэ мацней абняла яго, цалуючы.
— Джэні, дзіця глядзіць,— сказаў ён і адхіліў ад сябе жанчыну.
— Падумаеш! — фыркнула падкая да пацалункаў Джэні, азірнулася на мяне і крыкнула:
— Ідзі лепей спаць, няма чаго падглядаць!
— Замаўчы, карга! Я зусім і не гляджу на цябе,— агрызнулася я і з грукатам зачыніла акно. Было чуваць, як зарагатаў мужчына.
— Нейкія цыганяняты жывуць тут,— сказала жанчына; потым стала ціха.
Калі я яшчэ раз адчыніла акно, яны ўжо зніклі. Зялёная гушкалка была пустая. Гаспадыня, што жыла каля нас, берагла яе, нібы скарб. Многа разоў мы спрабавалі перахітрыць яе, прыдумлялі сотні спосабаў, падпільноўвалі, калі яна пойдзе ў краму ці прыляжа пасля абеду, і залазілі на гушкалку, але яна наказвала каму-небудзь сачыць за намі, і нас праганялі. Любімым заняткам у хлопцаў было пацвяліць гаспадыню: яны раскалыхвалі гушкалку, каб яна падумала, быццам нехта толькі што саскочыў з яе.
Можа, мама трапіла пад фургон ці пад брычку? А што, калі яна ўпала ў раку ці яе забіў які-небудзь бандзюга? Кругом усе леглі спаць, і стала зусім ціха.
Я ўпарта глядзела на дарогу, усё яшчэ спадзявалася, што вось-вось паявіцца мама.
Недалёка ад гарадской заставы расло некалькі старых вербаў. Мне здавалася, што мама будзе ісці іменна адтуль. Але нічога, апрача дрэў, якія калыхаліся на ветры, не было відаць.
Гусцеў змрок. Вербы здаваліся мне высокімі коннікамі, якія скакалі пад цёмным небам. Вось яны ўсё бліжэй, бліжэй...
Я задрамала на падаконніку, і раптам у дзверы пастукалі.
Увайшла суседка. На плячах у яе быў шаль, на галаве — маленькая вастраверхая, падобная на паляўнічую, шапка. Выгляд у яе быў вельмі недарэчны. Круглы твар пад шапкаю блішчаў, як фарфоравы сподак.
— Я ведаю, дзе працуе Гедвіг. Калі хочаш, пойдзем паглядзім, ці не здарылася чаго. Яна чысціць складскі падвал на піўным заводзе Бергмана і заўсёды працуе адна.
Ведама, я згадзілася.
— Ты ела што-небудзь?
Імгненне я змагалася з сабою.
— He.
Тады яна выйшла і вярнулася з кавалкам хлеба і агрызкам кілбасы.
— Гэта мала, але ж трэба хоць чарвяка замарыць.
Удзвюх мы выправіліся ў дарогу да высокіх вербаў, і я са смакам жавала хлеб з кілбасою.
Вербы панура шапацелі, пад імі было цёмна, і, калі мы праходзілі міма, я прыхілілася бліжэй да тоўстай, вялікай жанчыны. Вечарам выгляд у яе быў даволі дзіўны — вялізная ў сваім шалі і паляўнічай шапцы. Мы ішлі да мамы... У гэтую хвіліну суседка не здавалася мне агіднаю. Хоць мама не магла параўнацца з настаўніцай, усё ж такі яна мне вельмі патрэбна, дый павінна ж яна прыносіць хоць трохі яды. А калі
яе задушыла і яна больш ніколі не вернецца дадому? Што са мною будзе?
— Твой бацька ніколі не бывае дома,— сказала суседка і ўзяла мяне за руку, калі я ціхенька прытулілася да яе: мы якраз праходзілі міма вербаў.
— Ён увесь час тырчыць у карчме «Іон-пі-дадна»,— абыякава адказала я.
— Няблага было б і нам зайсці туды пасядзець,— сказала суседка.— Жанчыны таксама могуць хадзіць у карчму.
Ну вось, як заўсёды, вярзе абы-што!
Мала хто з дарослых мог бы параўнацца з маёю новай настаўніцай. А тут яшчэ я не магу перасіліць непрыязні да гэтай тоўстай жанчыны, якую цярпець не маглі ўсе жыхары нашага пасёлка.
Выгляд у яе папраўдзе быў дзіўны, а манеры міжвольна наводзілі на думку, што ў яе не ўсе дома. «Не дзіва, што яна нараджае ідыётаў»,— гаварылі людзі.
I хоць суседка ўночы пайшла са мною шукаць маму і дала паесці, калі жывот зводзіла ад голаду, мае адносіны да яе не змяніліся. Усё гэта я прыняла толькі як выпадковую дапамогу ў бядзе. Каб хоць яна не надзявала гэтай шапкі! I зусім ужо ніяк не магла я дараваць ёй гэтых ідыётаў, якіх ніхто не забіраў.
Доктар сказаў, што іх возьмуць адразу, як толькі вызваліцца месца.
— Мне нельга выходзіць замуж,— сказала аднойчы суседка маме.— Я занадта рослая і тоўстая і таму ніколі не даношваю дзіцяці.
Яна заўсёды гаварыла так, што ніхто яе не разумеў. Адна мама прыкідвалася, быццам разумее. Яна згаджалася з суседкаю, што ёй і праўда нельга выходзіць замуж. Нават мама прыкметна падурнела. Я ішла і думала толькі пра тое, каб яна не зазлавалася на мяне за тое, што я пайшла яе шукаць.
Вароты вялікага піўзавода Бергмана былі адчыненыя. Начны вартаўнік не спыніў нас, і мы ўвайшлі.
— Гедвіг яшчэ працуе, яна чысціць падвал здзельна, мабыць, хоча надарвацца,— сказаў ён.
Згорблены, з даўжэзнаю барадою і ліхтаром у руцэ, стары быў падобны на казачнага карліка. Я нават не паверыла, што ён сапраўдны, і толькі хацела памацаць яго, як падышла мама.
Мама была ружовая, жвавая, яна нават трохі прыбралася. Румянец заўсёды яе рабіў прыгожаю, а цяпер яна ўсміхалася, а гэта бывала з ёю не часта. Блішчалі белыя зубы, гарэлі вочы,— я даўно ўжо не бачыла яе такую.
— Вельмі добра, што ты прывяла сюды дзяўчынку. Я так перажывала за яе. Дома зусім няма чаго есці. Але мне вельмі хацелася сёння вечарам усё кончыць, дый аставалася зусім нямнога.
Вось дзіва! А я ўсю дарогу баялася, што мама зазлуецца за тое, што я прыйшла да яе. Раней яна заўсёды злавалася. А цяпер раптам сама пры ўсіх сказала, што ў нас няма чаго есці. Ну нашто, напрыклад, ведаць пра гэта начному вартаўніку? I ўсё-такі яна сказала. He, гэта проста не мая мама, што жыла некалі ў пакоі каля Старой дарогі. Тады можна было не баяцца, што варта ёй разявіць рот, як размова пойдзе пра ўсялякія няшчасці. Цяпер яна не цураецца людзей і нічога не хоча хаваць ад іх. Усё гэта вельмі непрыемна.
— Ты такая паглядная, Гедвіг, не тое, што я. А не такая ўжо вялікая розніца ў гадах,— сказала суседка.
Начны вартаўнік падняў свой ліхтар, хоць над варотамі ярка гарэла электрычная лямпа, і, каб лепей разгледзець маму, паспрабаваў нават выпрастаць згорбленую спіну. Я падышла і ўзяла маму за руку.
— Яна якраз такая, якая і павінна быць жанчы-
на,— сказаў вартаўнік.— Ну, вам пара ісці, я зачыняю вароты.
Дадому мы вярталіся утрох. Я моцна трымалася за маміну руку.
— Усё ўжо зачынена, няма дзе нават выпіць кавы. А то б я вас пачаставала, бо няблага зарабіла на заводзе. Здзельная работа самая выгадная,— узрушана гаворыць мама.
— Падумай толькі, я такая мажная і дужая і павінна сядзець дома з гэтымі нягоднікамі. А іх усё не забіраюць,— уздыхае суседка.
— Чаму дзед такі згорблены? Ён сапраўдны? — папыталася я раптам у мамы. Вартаўнік не выходзіў у мяне з галавы.
— Сапраўдны? А як жа! Гэта добры дзед. У яго, напэўна, прыхавана сёе-тое на дне ў куфры. Трыццаць гадоў прастаяў ён каля доменных печаў у Лотарпе і атрымаў за гэта медаль. Усе доменшчыкі такія скурчаныя ад доўгай працы каля печаў,— расказвае мама болей суседцы, чым мне.
— Ведама,— пагаджаецца суседка.
Нейкі час мы ідзём моўчкі.
— Няўжо ўсё зачынена? Я так хачу есці,— прызнаецца мама.
— Толькі піўныя адчыненыя,— кажа суседка.
— Праўда? А можа, там купіць бутэрбродаў? 3 намі ж дзяўчынка, так што ніхто благога не скажа... Калі б мы былі лепей адзетыя, можна было б пайсці ў Стрэшхольмен,— кажа далей яна. (Так называўся багаты рэстаран на астраўку сярод ракі Муталы; там заўсёды іграў вялікі аркестр, а людзі сядзелі і пілі пунш.)