Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Кажучы гэта, мама хоча здавацца абыякаваю, але я бачу, якая яна растрывожаная.
Ніякага адказу. Дзверы з грукатам зачыняюцца.
А мне не ўсё роўна.
У Хольмстадзе я пачала пісаць вершы, ні мама, ні бабуля, ні суседзі не верылі, што я складаю іх сама. I не дзіва, што яны не верылі. Вершы былі рэлігійныя, і гаварылася ў іх пра тое, як мне будзе добра жыць, калі я стану паслухмяная, праўдзівая і буду кожны вечар гаварыць малітву, а яшчэ пра тое, што птушкі спускаюцца і спяваюць маленькім паслухмяным дзецям. Скрозь перапевы бабулінага псалтыра.
Са скрынкі з-пад цыгараў я змайстравала гітару (мару аб гітары я пранесла праз усё дзяцінства) і, падбіраючы да вершаў мелодыю, спявала ўсім, хто згаджаўся слухаць.
Вядома, струны з суравой ніткі не звінелі, дый я занадта моцна тузала іх, каб яны маглі хоць як-небудзь гучаць.
Аднойчьі я вельмі расхвалявалася, калі пачула, што мая скрынка выдае нейкія дзіўныя гукі: паміж нітак з гудзеннем поўзалі мухі. Я спрабавала потым аднавіць гукі, якія мяне ўразілі, паволі патузваючы ніткі ў «гітары», але дарэмна.
У гэты перыяд майго жыцця я моцна верыла, што ўсе кветкі распускаюцца дзеля мяне. Усе птушкі спяваюць дзеля мяне. Усё самае прыгожае і дзівоснае з
таго, што ёсць на свеце: месяц і зоркі, кветкі і дрэвы,— існуе толькі дзеля мяне. Нават усё, што выстаўлена ў вітрынах у цацачным магазіне і ў булачнай,— таксама маё, хоць мне так рэдка выпадала купіць што-небудзь з усёй гэтай раскошы. Але ж месяца і сонца таксама нельга купіць! He, не магло быць сумнення ў тым, што ўсё створана дзеля мяне. Дый зоркі свецяць толькі для таго, каб я бачыла сцежку, па якой іду.
Мне рэдка даводзілася сустракаць сяброў, якія думалі б гэтаксама. Кветкі яны спяшаліся сабраць у букеты і занесці дадому; у птушак шпурлялі камянямі; усё хоць трохі цікавае і прыгожае, што траплялася на дварэ, яны псавалі, хавалі альбо цягнулі дамоў — да дарослых. Калі я гуляла ў птушку і махала рукамі, як крыламі, мяне падымалі на смех. Ніхто не хацеў гуляць у птушак. Дзеці, калі прыходзілі са школы, адразу пачыналі гуляць у дочкі-мамы. Гэтая гульня ім ніколі не надакучала. I куды б я ні пераязджала, на поўнач ці на поўдзень, у вёску ці ў горад, усюды гулялі ў дочкі-мамы. А мне гэтая гульня не прыносіла ніякай радасці: яна была без фантазіі, аднастайная, бязглуздая і нудная. Я была гатова аддаць усё, што толькі можна, абы не стаяць і не глядзець, як у яе гуляюць.
Яны заўсёды хацелі, каб я была за дзіця, а гэта было так нецікава! Бог ведае якіх бацькоў мелі ўдзельнікі гульні, але, выконваючы ролю дзіцяці, я атрымлівала адны кухталі. Часам здабываліся якія-небудзь ласункі і наладжваўся «абед». У такіх выпадках я павінна была сядзець убаку і чакаць, пакуль «паядуць дарослыя».
— Дзіця павінна навучыцца чакаць,— часта казала мне мая выбраная ў гульні мама,— а калі ясі, трэба стаяць,— хутчэй вырасцеш.
I мне даводзілася стаяць і прыкідвацца, што я ем
каменьчыкі і аладкі з пяску, а бацька і маці валяліся на зямлі, паказваючы адпачынак пасля абеду.
Часта мне даводзілася запаўзаць пад спадніцу якой-небудзь вялікай дзяўчынцы і потым па камандзе выбірацца адтуль: так нараджалася дзіця. «Бацька» нярэдка з поўным веданнем справы выконваў ролю п’янага, выдатна пераймаючы тых п’яніц, якіх мне не раз даводзілася бачыць, і так па-майстэрску і дакладна ўзнаўляў самую дасканалую лаянку, што цяпер, аднаўляючы ў памяці тыя часіны, я разумею, колькі таленавітых артыстаў было ў народным асяроддзі.
Мы гулялі ва ўсё, што бачылі вакол сябе. У п’яных мужчын і п’яных жанчын, у сямейныя сваркі, у пастара, які адзяваўся ў рызу і гаварыў пра канец свету, у гітарыстаў з Арміі Выратавання. Паказваючы багатых, мы нацягвалі на сябе доўгія спадніцы, якія цягнуліся па зямлі, і стараліся як мага вышэй задзіраць нос. Хлопцы пхалі ў штаны ахапкі травы — атрымліваўся вялізны жывот.
I ўсё-такі, на мой погляд, самым бязглуздым з усяго гэтага было залазіць пад спадніцу і паказваць народжанага. Я ўжо даволі добра ведала тады, што ні адно дзіця не паяўляецца на свет такім чынам. Я не магла б сказаць дакладна, як гэта бывае, але, ведама, не так смешна. Mae таварышы ведалі пра гэта намнога болей, і, прызнаючы іх перавагу, я вымушана была зноў і зноў «нараджацца» такім недарэчным спосабам, абы мяне не паднялі на смех.
Вершы, якія пісала я ў восем гадоў, не заслугоўвалі, як было ўжо сказана, ніякай увагі. Вельмі яны ўжо нагадвалі бабуліны малітвы і пропаведзі ў нядзелю ў школе. Малітвы былі вельмі доўгія. Бывала, на іх чытанне ішло да трох гадзін. Чыталіся ў нядзелю малітвы толькі ў тым выпадку, калі ў нас гасцявала бабуля, і тады іменна мне даставалася самая доўгая і незразумелая малітва.
Як ні кепска я ставілася да айчыма, я шчыра была яму ўдзячная, калі ён нецярпліва спыняў мяне ў самых нудных мясцінах і казаў, што з яго хопіць. Спачатку, праўда, ён трымаўся прыстойна, сядзеў на KaHane каля бабулі і, склаўшы рукі, слухаў некалькі старонак. А мама, вечна змучаная і стомленая, амаль заўсёды адразу ж засынала.
Яна была не вельмі набожная, але, як і бабуля, з вялікай павагай ставілася да «слова божага».
Вельмі ўжо многа старонак напісана ў бібліі спецыяльна для суцяшэння пралетарскай жанчыны. Там можна знайсці падтрымку амаль ва ўсім. Бог не любіць п’янства і выхваляння, грубых мужчын і багацеяў, якія высмоктваюць з чалавека апошнія сокі. Праўда, не раз я чула, як мама з бабуляй казалі: «Ну што ж гэта такое? Калі і праўда ёсць нехта, хто можа што-небудзь зрабіць, няхай пакажа сваю сілу, а не толькі балбоча дарэмна. Каму патрэбны размовы пра золата, зялёныя лясы і прароцтвы аб пакараннях, якія ўсё роўна ніколі не збываюцца?» Тым не менш бабуля лічыла, што ў нядзелю абавязкова трэба праслухаць пропаведзь, да гэтага яе прывучылі яшчэ змалку. Мама таксама была цвёрда ўпэўненая, што дзяўчынцы вельмі карысна «пасядзець спакойна, уважліва паслухаць слова божае замест таго, каб бегаць па сяле з усялякімі свавольнікамі». Але, мабыць, урокі, атрыманыя ў дзяцінстве, дзейнічаюць не заўсёды аднолькава,— ва ўсякім разе, у сваім далейшым жыцці я ні разу не праслухала добраахвотна ні адной пропаведзі.
Часта айчым стамляўся ўжо пасля першых старонак, а часам, калі напярэдадні, у суботні вечар, ён пабываў у карчме «Іон-пі-да-дна», то прасіў і зусім збавіць яго ад «гэтага праклятага гультайства». «Пакіньце вы мяне нарэшце ў спакоі?» — крычаў ён, укладваючыся на канапу. Бабулі даводзілася перасаджвацца на цвёрдае драўлянае крэсла. Іхняя нядзеля была са-
псаваная. Бабуля бурчала, айчым не вытрымліваў больш як гадзіну — ён усё ж такі пабойваўся бабулі, хоць яна была зусім старая,— і ўрэшце кіраваўся да якога-небудзь сабутэльніка. Але мая нядзеля была выратавана, і я адразу ўцякала гуляць на сяло.
Прыхапіўшы з сабою кавалак хлеба, я выпраўлялася як найдалей, каб яны не маглі дагукацца мяне на абед.
Дружба мая з любімаю настаўніцай і маленькай Ханаю цягнулася нядоўга. Сонца паліла вельмі моцна, айчым страціў цярпенне, і мы з мамаю павінны былі зноў рыхтавацца да пераезду.
Ніколі я так не плакала, пераязджаючы на новае месца, як гэты раз.
Частыя пераезды былі пакутлівыя. Толькі-толькі пасябруеш з дзецьмі, пабудуеш дзе-небудзь у кутку ў дварэ сваю цацачную хатку, якая, вядома, не мела і далёкага падабенства з мініяцюрнымі віламі з мэбляю і ўсялякаю аздобаю, якія спецыяльна будуюць у парку ў панскім маёнтку ці каля летніх дачаў на радасць багатым дзецям. Пакладзеная на два камяні дошка, нярэдка ўкрадзеная дзе-небудзь з вялікай цяжкасцю, некалькі бляшанак з-пад кансерваў і шкельцаў — вось і ўся цацачная хатка. У ёй няма нічога незвычайнага, але нам яна вельмі дарагая. Хіба мініяцюрныя вілы — мяжа мараў у свеце, які называецца дзіцячай фангазіяй? Зіхатлівы цацачны палац фантазіі не пабудуеш чалавечымі рукамі.
Ды толькі паспееш украсці сваю дошку і сабраць «посуд», як трэба зноў збірацца ў дарогу.
Гэтым разам мне было асабліва сумна. Паехаць з хутара каля Старой дарогі было ані не шкода — там вечна тырчалі «заможныя», дый на папяровай фабрыцы я ніколі не адчувала сябе ў сваёй талерцы з-за гіс-
торыі з прутком і іншых непрыемнасцей. Але ж тут у мяне былі і Хана, і настаўніца, і многа другіх дзяцей, якія мне вельмі падабаліся. Дый я паспела заваяваць сярод іх папулярнасць, расказвала верш «Вясна настала...». Мяне хвалілі, у мяне паявіліся свае слухачы...
Бедная Хана, яна не магла чытаць нават па кніжцы! Бабуля з багадзельні, якая памагала ёй рыхтаваць урокі, так да яе прыставала, што Хана завучвала іх на памяць, не ведаючы добра літар. Часам ёй даводзілася аставацца пасля ўрокаў і зубрыць: а, б, в, г, пісаць літару за літарай. Так я ніколі і не даведалася, ці навучылася яна чытаць як мае быць.
Апошнім часам мама занядужала, схуднела. Калі заставалася дома, яна гадзінамі гаварыла з суседкай, у якой было чацвёра дзяцей. Двое з іх былі вырадкі. Іх збіраліся некуды забраць. «Вось тады ўжо я змагу нарэшце пажыць па-людску»,— уздыхала суседка. Але ніхто не прыходзіў і не забіраў іх, па крайняй меры ўвесь той час, што мы жылі ў Хольмстадзе. Аднаму з іх было пяць гадоў, а другому — восем. Няшчасныя дзеці не ўмелі гаварыць, не маглі добра хадзіць — ногі ў іх раз’язджаліся, як у цялят, якія толькі нарадзіліся. А калі яны бегалі, іх галовы гайдаліся ў бакі. Спачатку, як толькі мы прыехалі ў Хольмстад, вырадкі мяне вельмі цікавілі, але потым мяне цалкам паглынула школа і мне стала не да іх.
Бывала, толькі мы пачнём гуляць, а яны ўжо тут як тут. Хоць на двор іх не пускалі, яны ўхітраліся непрыкметна ўцякаць з дому. Я ні разу не бачыла, каб маці іх гуляла з імі, затое часта бачыла, як яна цягне іх дадому і б’е. А дзеці неяк дзіўна крычалі, утаропіўшыся тупымі вачыма ў неба, быццам адтуль чакалі да-
памогі. Здавалася, яны крычаць не ад болю, а ад нечага другога. Потым раптоўна яны замаўкалі. Маці лаялася і валакла іх дадому, а дзеці ўсяляк спрабавалі вырвацца — яны ж нічога не разумелі. Усе дзеці думалі, што яна сама дурнаватая, і абзывалі яе ўсялякімі словамі. Але не было выпадку, каб яна забрала сваіх дзяцей у пару, яны ўсё роўна паспявалі разбурыць наш цацачны дом, паламаць усе рэчы, што мы сабралі. Я старалася трымацца далей ад ідыётаў. Цяпер яны выклікалі ў мяне не цікавасць, а хутчэй агіду. Варта было мне ўбачыць гэтых дзяцей, як я адразу гнала іх дадому, а іхняя маці хваліла мяне за гэта. Ад яе пахвалы мне кожны раз рабілася няёмка, і я старалася хутчэй уцячы, каб не выслухоўваць яе падзякі. Я веру, што, калі б яна абыходзілася са сваімі прыдуркаватымі дзецьмі трохі лепей, мы, напэўна, узялі б з яе прыклад.