Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
— Сцеражыся майго брата! Ты залішне добрая для яго, глядзі, не пускай яго, калі мяне дома няма! Многія лічьілі яго высакародным і паплаціліся за гэта. Павядзешся з п’яным камінарам -— сама перапэцкаешся ў сажу,— перасцерагала бабуля.
Але жанчыны ў той час працавалі ў начную змену, і, відаць, калі бабуля пакідала хату, з’яўляўся камінар.
— Ужо праз некалькі месяцаў я нічога не чула, апрача скаргаў,— расказвае бабуля.
— Твой брат некуды знік, ты не бачыла яго? Чаму ён больш не прыходзіць да мяне?
Бабуля замаўкае і тройчы сплёўвае цераз левае плячо.
— Ты толькі падумай, Гедвіг, ён меў некалькі дзяцей. Другія жанчыны былі праворныя, яны выкручваліся з гэтага становішча і выходзілі замуж за другіх мужчын. Але болынай дурніцы, чым гэтая падла, я ніколі не бачыла. Я тады аўдавела пасля смерці другога мужа і збіралася яшчэ раз выйсці замуж. А яна якраз нарадзіла дзіця. Я ўзяла і забрала яго да сябе. Потым напісала капітану (старэйшы бабулін брат быў капітанам) праз консульства, растлумачыла яму пра ўсё, і ён прыслаў мне грошай на выхаванне дзіцяці. А было б куды лепей, каб я тады кінула хлопчыка ў Муталу, хоць пажыла б па-людску! — Гэтым яна звычайна канчала сваё апавяданне і хмурнела.
Бабуля ніколі не саромелася сказанага слова. «А інакш хто ж будзе слухаць?» — гаварыла яна.
— Яны не прыдумалі нічога лепшага, як пасадзіць дзяўчынку з дачкою венічніцы Міны! — сказала яна вечарам.
Мама збянтэжылася і пачырванела. Тады я зразумела, што тут нешта не так.
— Заўтра пайду ў школу і ўсё ўладжу,— сказала бабуля.
Я зусім выйшла з сябе, закрычала, стала грукаць кулакамі па стале, затупацела нагамі.
— Ты што, здурнела, Міа? — тут мама добра страсянула мяне. Але я не супакоілася і дакрычалася да нервовага шоку ці да нечага падобнага на гэта, пачалася ікаўка, а потым мяне вырвала. Мама з бабуляй спалохаліся і пачалі ўгаворваць мяне: бабуля не пойдзе ў школу, у мяне не забяруць мае Ханы.
Прыступ рвоты прайшоў, і я, зусім супакоіўшыся, абняла бабулю за шыю і сказала:
— Я так моцна, так моцна люблю Хану!
Тады бабуля заплакала, а мама, як і раней, была халодная і спакойная.
Ужо пазней з хатніх размоў і сварак я зразумела, што да чаго. Аднойчы айчым хадзіў сватацца да венічніцы Міны, і ўсе лічылі, што Хана — вынік яго сватання.
Здарылася гэта за многа гадоў да таго, як мама сустрэлася з ім, але бабуля вельмі саромелася гэтай гісторыі, пра якую ведалі ўсе ў Вільбергене.
Калі нарадзілася Хана, бабуля адразу прымусіла айчыма завербавацца, думала, што ў арміі з яго «зробяць чалавека».
— I ўмее ж добра працаваць, калі захоча. Ён стаў дзеншчыком у капітана і адбыў у яго ўсю службу,— не без гонару гаварыла бабуля. Быццам у арміі можна, калі захочаш, кінуць адну пасаду і перайсці на другую.
— Мабыць, няблага яму было ў палку,— уставіла мама,— там заўсёды поўна гультаёў.
— Што праўда, то праўда. Вярнуўся дадому ён ляны і растаўсцелы, як свіння, але прывёз добрую характарыстыку. Ён спрабаваў нават служыць паліцэйскім,— у бабуліным голасе чуецца гонар.
— Во, во, боўтацца па горадзе, таптаць брук і падпіраць вуглы, на гэта ён здатны,— фыркнула мама.
— He, Гедвіг, ён працаваць умее, калі захоча.
— Умее, калі ёсць ахвота. Але як толькі з’яўляецца патрэба, ахвота ў яго прападае. Я дык прывыкла працаваць у любы час, хочацца мне ці не хочацца. I ўсе так павінны, у каго за душою нічога няма.
Бабуля згадзілася.
А я зразумела, што жыццё — гэта праца.
Паглынутыя сваімі думкамі, яны змоўклі, а я абуралася, што яны так многа ўвагі аддаюць айчыму, і адчувала сябе лішняй і нікому не патрэбнай. Часам у які-небудзь з вечароў, калі мама бывала асабліва маркотная і маўклівая, бабуля пачынала расказваць пра сваё жыццё. У гэтыя хвіліны яна здавалася такою вялікаю і незвычайнаю, што я разумела: бабуля старая, вельмі, вельмі старая.
Яна любіла пагаварыць пра сваіх братоў. I пачыналася казка — не, болей чым казка: перада мною разгортвалася незвычайнае жыццё. Падумаць толькі, у яе былі такія браты! У бабулінай хаце партрэты іх віселі на сцяне.
На грудзях аднаго брата, пажылога мужчыны ў форме капітана амерыканскай арміі, блішчалі чатыры медалі. У мяне і цяпер вісіць яго картачка. Яна вельмі старая і выцвілая, але на ўсіх чатырох медалях добра відзён амерыканскі арол. Капітан атрымаў іх за подзвігі на сушы і на моры, калі ваяваў за вызваленне неграў, і за тое, што многа гадоў вадзіў караблі Ост-Індскай кампаніі. Ён быў на дваццаць гадоў старэйшы за бабулю.
Другі брат, у адзежы камінара, быў маладзейшы
за бабулю і даводзіўся бацькам майму айчыму. I на яго не запэцканай сажай куртцы былі прычэплены два медалі.
— Павер мне, Гедвіг, ужо што-што, а жыццё-то я ведаю. Папраўдзе. Я ведаю, што такое жыццё. Табе таксама не лёгка, Гедвіг, але... Аднойчы ў горадзе пачалася халера, і мы за адзін год страцілі тату і маму. Мой старэйшы брат, капітан, ужо плаваў. Тады мы з малодшым братам пайшлі да гэтага нягодніка, нашага сваяка, які адабраў у нас усё, што асталося пасля таты і мамы, нават хутар. А ён жа даводзіўся родным братам нашаму бацьку... Ты, Гедвіг, не раз праходзіла каля хутара і ведаеш тых, хто там жыве, наследнікі ў трэцім калене. Але шчасця ім усё роўна няма, сама разумееш. (Я бачыла гэты хутар, ён зусім блізка ад Норчэпінга. За жоўтаіі агароджай віднеліся кусты каліны і грушы.) У нас была такая слаўная сястра, Гедвіг. Ёй толькі-толькі споўнілася семнаццаць гадоў; і не-.хК вечарам яна забавілася на дварэ з хлопцам, сынам гандляра. Адзін толькі раз забавілася яна на дварэ з хлопцам, і яе набілі за гэта...
(«Адзін толькі раз забавілася яна на дварэ з хлопцам»,— шаптала я сваёй ляльцы.)
...Моцна набілі. Мне было тады дванаццаць гадоў, а брату дзевяць. Наш дзядзька хвастаў яе розгаю па голай спіне. Яна была ўжо дарослая, але ёй давялося раздзецца дагала, бо гэты д’ябал быў набожны. Мы з братам пачулі, як яна плача і жаліцца, і сталі крычаць. Тады адлупцавалі і нас, але яе, нашу дарослую сястру, білі голую! «Ах ты, распусніца! Ах ты, блудлівая пачвара! Будзеш тры гадзіны стаяць на каленях і чытаць «Ойча наш», пакуль не ачысцішся... Бацькі твае памерлі ад халеры, бог разгневаўся на іх, і ты, грэшніца, толькі прыносіш гора нашаму дому! — Перадражніваючы набожнага дзядзьку, бабуля гаварыла хрыплым, грубым голасам.— Станавіся вось тут і сцякай крывёю,
распусніца!» На ўвесь квартал было чуваць, як ён роў і вар’яцеў, але навокал жылі беднякі, і ніхто не пасмеў прыйсці ёй на дапамогу, ніхто, ніхто...
Позна ўночы сястра ўстала.
«Пайду на рэчку, прамыю спіну, так пячэ і баліць, што я, мусіць, памру, калі не прамыю яе». Яна вылезла праз акенца. Нас з братам ужо налупілі, і мы не асмеліліся пайсці з ёю. У такіх выпадках у людзей заўсёды не хапае смеласці. Яна пайшла адна. Мы дык думалі, што яна ідзе шукаць свайго хлопца, але яна надумалася другое...
(«Мы дык думалі, што яна ідзе шукаць свайго хлопца...» — паўтарала я, калі пераказвала ўсё гэта Хане.)
He, яна надумалася другое. Яна дайшла да Обакі і кінулася ў ваду. Поўная адчаю і тугі, плялася яна цэлую мілю да рэчкі. Знайшлі яе ў той жа дзень. Паліцыя пільна сачыла за ракою ніжэй вадаспада, бо якраз там часта тапіліся людзі. Але, думаеш, Гедвіг, паліцэйскія сказалі што-небудзь пра яе ссечаную спіну? He, ні слова.
(«Думаеш, паліцэйскія сказалі што-небудзь пра яе ссечаную спіну? Не-е»,— казала я Хане. Хана плакала, а я прыдумляла, каб як найлепей адпомсціць паліцэйскім.)
Яны занеслі цела ў морг, і мы пайшлі туды, апазнаць яе і пацвердзіць, што яна наша сястра. Яе спіна, Гедвіг... Ніколі не забуду я гэтай спіны, а мне ж цяпер семдзесят чатыры, а тады было дванаццаць! Яна была як пральная дошка: крывавая баразна, другая, трэцяя... Але ніхто не бачыў гэтага. Ніхто не хацеў бачыць. Дзяцей тады білі ва ўсіх сем’ях. Падумаеш, ссечаная спіна!
А сястра налажыла рукі на сябе праз тое, што гэты нягоднік біў яе голую. Хлопец пабаяўся паказацца. Так і пахавалі сястру без яго, але дзе, я не ведаю і
цяпер, бо на другую ноч, пасля таго як яе выцягнулі з ракі, мы з братам уцяклі. За намі ніхто не гнаўся. Яны радаваліся, што ад нас збавіліся. Хутар перайшоў ім, ніхто ж не ведаў, дзе знаходзіўся капітан. Во як, Гедвіг... Чаго толькі не было пасля гэтага, праз што толькі не прыйшлося прайсці, іншы раз прабегчы, a часам прапаўзці, але часцей за ўсё я старалася цішком прашмыгнуць міма. Праўда, мне гэта ніколі не ўдавалася — чалавек павінен усё перажьіць. Мой малодшы брат выпадкова пайшоў у камінары, дый я зусім выпадкова стала ткачыхаю, а ледзь жа не стала яшчэ некім... 3 таго часу, як брату споўнілася чатырнаццаць гадоў, ён ні дня не быў цвярозы, а калі паехаў падмайстрам у Бельгію, мне давялося шукаць грошай і дабірацца туды на нейкай старой пасудзіне, каб прывезці яго назад. Гарэлка яго даканала. Ён не мог жыць без спіртнога, не мог працаваць без выпіўкі. Я таксама аднойчы спрабавала напіцца, мне тады споўнілася трынаццаць гадоў, і працавала я свінаркаю ў Стэгеборзе. Гарэлка ў той час была танная, і дастаць яе было вельмі лёгка. Шчасце, што яна не падабаецца нам, жанчынам.
(«Шчасце, што гарэлка не падабаецца нам, жанчынам»,— павучала я Хану.)
Апрача брата, у мяне нікога не было, толькі ён адзін і напамінаў мне пра бацькоў, і толькі ён ведаў, што пафарбаваны ў зялёны колер дом калісьці быў наш. Але ён толькі піў, гарлапаніў песні і зноў піў. Ну і харошы ён быў! Пасля яго асталіся дзеці. Ён нічога не меў, апрача адзежы камінара, але жанчыны, і добрыя і благія, аж млелі па ім. Ён не раз ратаваў людзей ад смерці і атрымаў за гэта два медалі. Аднойчы здарыўся пажар у Лінчэпінзе, брат у самую апошнюю мінуту вынес з агню пастара.
«Было б несправядліва, калі б ты, пастар, згарэў, як гараць грэшнікі ў пекле»,— прыгаворваў ён, несучы
пастара на спіне, а людзі ўхмыляліся. «Ласе з Бровіка» 1 напісаў пра яго ў газеце. У той час не было яшчэ пажарных камандаў, іх абавязкі выконвалі камінары. Але брат, па-мойму, нават не разумеў, што робіць, ён ніколі не быў цвярозы. А згарэў ён праз дварняка на пажары ў Мальмё, яму не было яшчэ трыццаці. Сабака выў і вішчаў у палаючым доме; рэчы амаль усе ўдалося вынесці. Гаспадыня стаяла побач, плакала і прасіла брата выратаваць дварняка. А брат быў як воск у руках жанчын, вось і згарэў разам з сабакам. Пра гэта таксама напісалі ў газеце. Альберту тады споўніўся год.