Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Я прыехала ў Хольмстад пасярод навучальнага ro­fla без ніякіх надзей і ані не клапацілася пра тое, як складуцца мае адносіны са злою настаўніцай. Дзеці разглядалі мяне, абменьваючыся ўражаннямі,— ім было цяжка адразу вырашыць, хто я такая. Я была храбрая і праўдзівая, няблага ведала іх жаргон, але большасць вырашыла, што я вельмі ўжо «расфуфыраная».
Мама заўсёды старалася адзяваць мяне чыста, і не хапала толькі даларнскай сумкі, каб пераступіць лінію, што аддзяляла мяне ад «высакародных». Але сумкі мама так і не купіла. Яна цярпець не магла выхваляння. Акрамя таго, у мяне былі такія доўгія і густыя на мае гады валасы, што толькі з-за аднаго гэтага я лічылася «расфуфыранаю». На дзяўчынку з доўгімі косамі заўсёды глядзяць з адабрэннем у гарадскіх прадмесцях.
Новая настаўніца была высокая хударлявая жанчына гадоў сарака. Кучаравыя каштанавыя валасы, астрыжаныя коратка, па-мужчынску. Пасярод беласнежны прабор. Ці была яна прыгожая? Па-мойму, вельмі. Мне яна здалася прыгажэйшай за ўсіх жанчын на свеце. Клас быў даволі прасторны, але з такімі абадранымі і закуранымі сценамі, што, здаецца мне, колішняя школа ў параўнанні з гэтай была сапраўдным палацам. Тынк амаль зусім абваліўся. Калі я стаяла каля карты Іерусаліма і Назарэта — першай геаграфічнай карты, з якой пачыналі ўсе навічкі,— здавалася, яна прадаўжаецца па сцяне і сярод трэшчынаў у вапне ляжаць гарады, па якіх праходзіў спакутаваны Хрыстос.
Лаўкі былі зроблены на дваіх, а я сядзела адна, хоць тут гэта зусім не лічылася за прывілею. Я зразумела гэта, калі ўбачыла, што кожны мае нязменнага суседа і магчымасць перасесці да новага вучня нікога не вабіць.
Я чула, што ў гэты дзень у школу павінен прыйсці яшчэ адзін навічок, але не ведала, хлопчык ці дзяўчынка.
Урэшце, ці не ўсё роўна, як сядзець, з хлопчыкам ці адной? Тая настаўніца перасаджвала дзяўчынку, якая правінілася (зразумела, калі правіннасць не вельмі вялікая), на лаўку да хлопчыкаў. Гэта быў адзін з яе метадаў пакарання.
Але хлопчыкаў яна ніколі не перасаджвала да дзяўчатак. Чаму сядзець з хлопчыкам пакаранне? Гэтага я так і не зразумела за той кароткі час, што хадзіла ў колішнюю школу. Мяне перасаджвалі двойчы, і кожны раз я ўспрымала гэта як прыемную змену, садзілася каля акна і глядзела на двор. Апошнім часам яна за мае грахі ставіла мяне каля «кафедры».
Але хутка я даведалася, чаму ў новай школе сядзець адной лічылася за ганьбу. Асобна настаўніца садзіла тых вучняў, на якіх знаходзіла вошай. I так яны сядзелі датуль, пакуль ёй не ўдавалася вывесці ўсіх паразітаў.
Мусіць, гэта быў жорсткі, але адзіны правільны сродак. Што яшчэ ёй аставалася рабіць? У школу хадзіла столькі вашывых дзяцей! Вошы былі ўсюды — і ў адзежы, і ў галаве. Варта было настаўніцы заўважыць на кім-небудзь паразітаў, як яна адразу пачынала з імі барацьбу. Яна змазвала вучням валасы сабадылавай маззю і давала ім чыстую змену бялізны, якую раздабывала нейкім спосабам. А колькі маленькіх вашывых дзетак яна вадзіла да сябе дадому, садзіла ў ванну, адзявала ва ўсё чыстае, а брудную бялізну кіпяціла. Вось таму яна і пісала запіскі бацькам, начальніцы багадзельні і сялянам: «Будзьце ласкавыя, не пасылайце ў школу дзяцей з насякомымі». Вось і пайшлі чуткі, што яна вельмі строгая.
Я сядзела і глядзела на новую настаўніцу, а яна моўчкі чакала, пакуль клас супакоіцца. Першы раз у жыцці я звярнула ўвагу на жанчыну. Чужую жанчыну. Пачуццё тугі і збянтэжанасці ахапіла мяне.
Мабыць, я ўлюбілася ў цёмнавалосую сур’ёзную фрэкен і палічыла гэта здрадай маме. У памяці адразу ж усплыў рабаваты мамін твар, акаймаваны густымі сгетлымі валасамі. Цяпер побач з гэтым новым прывідам мама здавалася такой звычайнай і шэрай! Я яшчэ мацней сціснула ў кулаку брудную, спісаную няроў-
ным почыркам запіску, якую мама паслала настаўніцы. Раней усё, што б ні зрабіла мама, я лічыла непагрэшным, але цяпер я раптам зразумела, што не магу аддаць запіскі. «Яна вельмі брудная»,— падумала я і засунула яе ў парту. I адразу на вочы нагарнуліся слёзы: я ўспомніла, як аднойчы плакала мама,
Я бачыла, як яна плакала многа разоў, але цяпер мне ўспомніўся іменна гэты выпадак. Яна сядзела за сталом, апусціўшы галаву на рукі, маленькія валаскі на шыі бездапаможна павіслі, косы з’ехалі набок, і калі, пачуўшы мае крокі, яна падняла галаву, яе твар быў так перакрыўлены адчаем, што я ўскрыкнула. I цяпер я так выразна ўбачыла поўны тугі твар, што мне здалося, быццам нават я чую яе ўсхліпванне. Я нясмела глядзела на новую настаўніцу і ледзь стрымлівалася, каб самой не расплакацца. Скрыўлены, няшчасны мамін твар, такі, які я бачыла яго некалькі гадоў назад, прымусіў мяне забыць пра новую любоў. Я зноў дастала паперку і пайшла з ёю да настаўніцы. У запісцы было сказана толькі, што мама не можа прыйсці са мною, таму што мые бялізну і ёй няма калі. Потым я аддала пасведчанне з першай школы, у якім холадна гаварылася, што пяць месяцаў хадзіла на заняткі. Настаўніца прачытала абедзве брудныя паперкі, а я, як зачараваная, глядзела на яе белы прабор і кароткія кучаравыя валасы. I ў гэты момант цвёрда вырашыла, што не адстану ад мамы, пакуль яна не абрэжа мае косы.
Настаўніца ўважліва паглядзела на мяне сваімі сур’ёзнымі вачыма, узяла мяне за руку і сказала некалькі ласкавых слоў, каб мяне падбадзёрыць. Я дрыжала ад шчасця і гатовая была адразу зрабіць усё, што яна ні папросіць, але папрасіла яна толькі сесці на месца. Увесь урок я не зводзіла з яе вачэй. Падумаць толькі, заўтра раніцай я зноў яе ўбачу і гэтак будзе кожны дзень!
Адразу забылася і гісторыя з прутком і ўсякія другія дробязі, а мама ператварылася ў маю парабчанку, клопат якой — працаваць, здабываць яду, крухмаліць і гладзіць мае фартухі. Іх было ў мяне тры, і, як на злосць, самага прыгожага ў той дзень я надзець не змагла: ён аказаўся брудны. Мама, як ішла з дому, заўсёды брала фартухі з сабою і мыла разам з чужою бялізнаю. Але сёння яна, напэўна, забылася пра іх. Я ўпарта думала пра гэта і пачынала ўсё больш злавацца на маму. Чаму яна не падрыхтавала маіх рэчаў, каб я прыйшла ў новую школу ўбраная і прыгожая?
— У нас ёсць яшчэ адна новенькая,— сказала настаўніца дзіўным, незвычайным голасам. Бо той, каго любіш, ва ўсім здаецца незвычайным.
— Дзе ж ты, Хана?! — крыкнула яна ў калідор праз адчыненыя дзверы.
У дзвярах паказалася тоненькая дзяўчынка.
Маленькая Хана! Ніколі я не забуду цябе. Ты паявілася якраз у той чае, калі ў душы маёй упершыню расцвіло пачуццё самаадданай, бескарыслівай любові. (Бо эгаістычная толькі любоў да мацеры. Маці звычайная, да яе прывыкаеш, а мая маці да таго ж усяго толькі прачка з чырвонымі, вечна заплаканымі вачыма і космамі валасоў, якія вечна звісаюць на шыю, Затое мая новая любоў... Такі ў яе беласнежны прабор, такія цудоўныя кучаравыя валасы! Вечарам я прасіла бога паслаць мне кучаравыя валасы.) Хана! Маленькая дзяўчынка пераступіла цераз парог і, апусціўшы вочы, спынілася каля дзвярэй. Я не бачыла яе раней, мабыць, яна недзе хавалася ўвесь час, пакуль у клас не ўвайшла настаўніца.
Валасы ў яе, амаль зусім белыя, былі так туга заплеценыя, што маленечкі хвосцік стаяў тырчма на патыліцы. Бледны тварык, здавалася, вось-вось паружавее, быццам кветка пад промнямі сонца. Маленькі, худы, ён свяціўся нейкім унутраным святлом. На Хане
была дзіўная кофта, якая зашпільвалася не менш чым на трыццаць аплікоў: пятнаццаць аплікоў з сярэдзіны і пятнаццаць зверху. Спадніца была амаль да пят, seafly намнога даўжэйшая, чым спераду.
3-пад спадніцы відаць былі босыя ногі, маленькія і белыя. Стаяў канец мая, днём было па-летняму горача, але пасля захаду сонца трошкі падмарожвала. Астатнія дзеці ўсе былі абутыя, а ў гэты ж дзень Хана першы раз прыйшла ў школу. Сціснутыя рукі яна склала на жываце, калі толькі можна было назваць жыватом тое, што хавалася ў яе пад вузкаю спадніцаю. Я помню, што суставы пальцаў у яе пабялелі — так моцна яна сціскала рукі. Ростам яна была не болей за метр.
— Ідзі сюды, Хана, цяпер у цябе будзе новая сяброўка, садзіся побач з ёю.
Але Хана не асмельвалася крануцца з месца. Дзеці пачалі шаптацца. Яны ведалі Хану. Яна жыла ў вільбергенскай багадзельні. Маці яе, венічніца Міна, гандлявала на кірмашы, а потым бегала па хатах, разносячы прададзеныя венікі тым гаспадыням, якія лічылі за ганьбу несці іх з кірмашу дадому.
Пакуль дзеці шапталіся, а настаўніца моўчкі чакала, я не зводзіла вачэй з Ханы. Потым я ўстала і, забыўшыся пра ўсё на свеце, пайшла да яе. Ці не маленькая прыгожая чараўніца перада мною?! (У той час я чытала ўсё, што трапіцца пад руку, і часам трапляліся вельмі дзіўныя кнігі.) Я падышла да яе, узяла за руку, якую падала яна не вельмі ахвотна, і павяла да сваёй парты. Я смяялася і балбатала, быццам зусім не існавала класа з незнаёмай настаўніцай і чужымі дзецьмі, быццам мы адны з Ханаю. Убачыўшы, што настаўніца глядзіць на нас з усмешкай, я сказала:
— Трэба паказаць пасведчанне. У цябе ёсць запіска ад мамы?
— He,— прашаптала Хана.
— Але ж твая мама павінна была абавязкова напісаць запіску,— сказала я з дакорам.
— Яна не ўмее пісаць,— апраўдвалася Хана, і губы ў яе задрыжалі; выгляд у мяне, мабыць, быў вельмі строгі.
— Ну, пайшлі,— сказала я рашуча; і маленькая басаногая істота ў парванай шарсцяной кофце з трыццаццю аплікамі, моцна ўхапіўшыся за маю руку, рушыла да настаўніцы.
Дзеці зусім збянтэжыліся. Затрымка была незвычайная, ім ужо па крайняй меры чвэрнь гадзіны трэба было чытаць біблію. Ніколі раней не бачылі яны вучня, які б размаўляў з настаўніцай без дазволу. Гэта, напэўна, скончыцца кепска.
Падышоўшы да настаўніцы, я пралепятала:
— Ханіна мама не ўмее пісаць, і ў яе няма пасведчання. Добрая фрэкен, дазвольце ёй усё ж астацца.
— Добра,— адказала настаўніца,— супакойся, яна астанецца,— і пагладзіла Хану па туга сабраных валасах.
Здаецца, дзеля настаўніцы я з радасцю дала б адсячы сабе руку ці нагу!
Мы зноў вярнуліся за сваю парту, і пачалося чытанне бібліі. He магу зразумець, якім чынам Хана змагла падрыхтавацца, але яна ведала ўрок. Моцна сціснуўшы рукі, маленькая, ростам не болей як метр, у доўгай спадніцы і ў цёплай кофце з буфамі на рукавах — яна адным духам выпаліла: «I пасяліўся Аўраам каля дубровы Машрэ, што ў Хеўроне...»