Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Побач мама, якая цяпер заўсёды будзе дома, і я змагу гаварыць з ёю, калі захачу нешта сказаць,— а такое здаралася часта.
Гэта быў самы прыемны дзень майго дзяцінства. Упершыню я папраўдзе зразумела, што значаць словы «родны дом», «мама», і ўспаміны пра гэта зберагліся на ўсё жыццё. Маўклівыя і ўрачыстыя, пілі мы каву. Ніякага посуду ў нас тады не было. Я прыпамінаю толькі бляшаны кафейнік за пяцьдзесят эрэ.
Пад вечар вярнуўся айчым.
Усяго паўдня ў нас з мамаю быў свой дом.
Я так і не палюбіла айчыма — мусіць, таму, што ён адабраў у мяне маму і быў з ёю вельмі грубы, нават біў... А потым у мамы пачалі паяўляцца другія дзеці — яго дзеці. Таму іх я таксама не любіла.
Калі яны паміралі — а ні адно з іх не пражыло і года,— я горка плакала, каялася ў тым, што не любіла іх.
У той дзень, калі мне споўнілася дзевяць гадоў, я папыталася ў мамы:
— Я помню, нехта ў фартуху з шырокімі чырвонымі палосамі трымаў мяне на каленях і карміў малінамі з малаком. Дзе гэта было?
Мама страшна збялела.
— Што ты гаворыш, хіба ты можаш гэта помніць?
— Помню, а як жа, там быў вялікі стол і вазон з жоўтымі кветкамі. Цэлае дрэва з жоўтымі кветкамі. I пліта, а ў ёй лісце на распалку, а каля пліты слуп, ён падпіраў столь.
— А ты помніш, хто трымаў цябе на каленях?
He, гэтага я не помніла.
— Эх ты, гэта ж была я! У той дзень я прывяла цябе да бабулі, табе было тады паўтара года, а на стале папраўдзе стаяла кветка — вялізны алеандр, яго ведаў увесь прыход. Але не можа быць, каб ты ўсё гэта помніла.
— А як жа,— упіралася я,— я ўсё помню, ты яшчэ паклала нагу на другое крэсла, калі гэта папраўдзе была ты, трымала мяне на каленях і карміла малінамі з малаком.
Мама чамусьці спужалася.
А каб на іх, гэтых маленькіх агідных сведак, пра якіх ніколі не думаеш! Праўда, гаворка ішла толькі пра прыемнае — пра маліны і малако; але ж у жыцці многа і другіх старонак...
Я заўважыла, што мама задумалася, і, сама не ведаю чаму, сказала, што больш нічога не помню, вось
хіба што толькі, як аднойчы сядзела на падлозе, а нада мною хадзілі нейкія чорныя мужчыны. I хоць я бачыла толькі іх ногі, я ўсё роўна ведала, што яны чорныя. Але мама яшчэ больш спужалася.
— Гэта і была тая хата, куды я завезла цябе пасля таго, як карміла малінамі,— сказала яна.— Я ўладкавала цябе ў адну сям'ю на рудніку Берэбу, а ў гаспадыні сталаваліся шахцёры. Ну, што ты яшчэ помніш? — ужо раздражнёна папыталася мама.
Яна пачырванела, яна не верыла сваім вушам. Мабыць, я здавалася ёй брыдкім чарцянём, якое помніла тое, чаго б увогуле не павінна было ведаць.
— Хутка я забрала цябе адтуль,— усхвалявана сказала яна.— Яны пакідалі цябе на халоднай падлозе, і ад гэтага ты захварэла на рахіт.
— Больш нічога не помню,— схітравала я, убачыўшы, як растрывожылася мама.
Мне споўнілася тры гады, а я ўсё яшчэ не ўмела хадзіць, у мяне, казала мама, з-за кепскага догляду быў рахіт.
Калі мама пачала працаваць на фабрыцы ў Норчэпінзе, яна пайшла да дзіцячага ўрача, доктара Л., які і мяне вылечыў. Мая цётка казала, што мама два гады недаядала — усё ішло на лячэнне.
— Колькі было марокі з гэтым дзяўчом,— бурчала цётка,— а трэба было проста замовіць яе ў шаптуна, як другіх дзяцей.
Якраз такі шаптун жыў каля Кварсету.
Доктар JL, відаць, так зацікавіўся маёй хваробай, што нават узяў мяне да сябе дадому і пратрымаў тры тыдні.
Але ж не часта ўрач з вялікай практыкай так уважліва ставіцца да незаконнага дзіцяці фабрычнай работніцы. Мала таго, калі ў гэты час у мамы пачалася нервовая ліхаманка, доктар уладкаваў мяне ў Мамрскі прытулак, недалёка ад Норчэпінга.
Мне было тады каля чатырох гадоў. Я зусім не помню ні доктара, ні салёных ваннаў, якімі мяне лячылі, ні смачнай яды, ні рыбінага тлушчу. Помню толькі, што ў прытулку мяне білі кожны дзень за тое, што я лаялася. I чым болей яны мяне білі, тым больш я крычала і лаялася самымі брыдкімі словамі, якія толькі чула ад рамізнікаў і хуліганаў.
У прытулку добра кармілі, і парадак там быў узорны. Але аднойчы на полудзень мне не далі кашы з варэннем за тое, што за сталом я душыла пазногцем хлебныя крошкі якраз так, як лускала блох жанчына, у якой я раней жыла.
За гэта мяне паставілі ў куток каля кафлянай печы, і я стаяла з рэменем на шыі і глядзела, як другія дзеці ўплятаюць смачную кашу з варэннем. Увесь гэты час я так лаялася, што ім прыйшлося вынесці мяне з пакоя. А доктару на другі дзень сказалі, што больш не хочуць трымаць мяне ў прытулку, і ён зноў узяў мяне ў горад.
Я ніколі не казала маме, што помню пра гэта, я баялася, каб яна не падумала, быццам я помню намнога болей. На маіх вачах дарослыя рабілі нямала розных учынкаў, і я ўжо смутна здагадвалася, што мама не хоча, каб я помніла надта многа, нават калі гэта не мела да яе ніякага дачынення.
Але я веру, што не ператварылася б у «пабітую марозам кветку», даведаўшыся пра некаторыя яе выпадковыя грахі.
Мама, калі выйшла замуж за айчыма, папала ў дзіўную сям’ю.
Новыя сваякі называлі сябе «заможнымі» і строілі з сябе высакародных, ці, як яны казалі, «адукаваных». Быць «адукаванымі» — значыла сядзець на зялёнай траве, есці бутэрброды і катлеты, запіваць усё гэта півам і гарэлкаю і спяваць «Тут гэтак хораша і добра».
Сваякі без маёмасці лічыліся прапашчымі, «паршы-
вымі авечкамі». Мой айчым і быў якраз «паршываю авечкаю», і ўся радня ўздыхнула з палёгкаю, калі ён ажаніўся з мамаю.
Нарэшце яны збавяцца ад яго і ад усіх выдумак, якімі ён з дурным выглядам «карміў» іх у чысценькай кухні толькі дзеля таго, каб выманіць крону і дзесяць эрэ на гарэлку.
Але гэтаму цяпер канец — цяпер Альберт жанаты мужчына, і калі ён узяў хоць што-небудзь за «гэтаю жанчынаю» ў пасаг, дык напэўна ж стане такі самы «заможны» і «адукаваны», як і яны.
Пра адукацыю яны паклапаціліся самі. Мы жылі так блізка ад горада, што прыходзіць да нас кожную нядзелю і вяртацца назад, есці бутэрброды, піць піва і спяваць «Тут гэтак хораша і добра» было даволі неблагім адпачынкам гэтым высакародным гараджанам. Пра наш дабрабыт яны іаксама клапаціліся: цягнулі да нас зношанае адзенне, абрэзкі сыру і скарынкі хлеба — адным словам, што толькі маглі: «У вёсцы ж усё згадзіцца». Старая дзеўка — уся радня звала яе «цётачкаю» — была швачка і абшывала амаль усе арыстакратычныя сямействы ў горадзе. Самай блізкай яе сяброўкай была свяшчэннікава жонка, «інтэлігентная» дама, якую ўсе паважалі, і цётачка лічылася вельмі высакароднаю і адукаванаю. Помню, яна многа гаварыла пра тое, што часта млее, што ў яе бывае гарачка і кружыцца галава.
Цётачка і тыя сваякі, што мелі гонар быць у яе кампаніі, першьім летам пасля мамінага замужжа прыходзілі кожную нядзелю і з’ядалі ў нас усё да апошняй крошкі. Гэтай яды нам магло б хапіць на цэлы тыдзень. Айчым наняўся падзёншчыкам на хутар і атрымліваў толькі восем крон за тыдзень.
Мама амаль кожны дзень хадзіла ў поле і зарабляла семдзесят пяць эрэ ў дзень. А я, колькі было сілы, пыніла гаспадарку. Але прыходзіла нядзеля, зноў па-
яўлялася «высакародная» радня, а бутэрбродаў і катлет на восем крон можна было купіць не так ужо і многа.
Звычайна яны прыносілі з сабою на дваццаць пяць эрэ пячэння да кавы. Мужчыны — ра.звозчыкі піва і фабрычныя майстры — іншы раз прыхоплівалі літр гарэлкі. Але тады ўжо пячэння яны не прыносілі, і маме даводзілася купляць яго самой. Мне асабліва запомніўся той дзень, калі цётачка прыйшла да нас першы раз. Гэта было тыдні праз два пасля таго, як мы з мамаю паўдня прабылі ўдзвюх. Цётачка падаравала мне абрэзкаў «ляльцы» і пяць эрэ.
— Бедны Альберт, яму даводзіцца гадаваць чужое дзіця, сказала старая карга, кіўнуўшы на мяне знаёмым, якіх прывяла з сабою.
Зразумела, ні Альберт — мой айчым, ні мама не чулі гэтага.
Ніводзін сваяк не казаў людзям таго, што думаў, проста ў вочы — не, у вочы ўсе яны былі анёламі.
Потым цётачка, быццам старая злосная свякроў, пачала корпацца ў камодзе, панюхала нешта ў буфеце і правяла пальцам па паліцах, правяраючы, ці ёсць пыл.
— Гедвіг вельмі гаспадарлівая,— сказала яна, прагледзеўшы нашу невялічкую сціртачку ручнікоў, тры добра выкачаныя прасціны, некалькі жаночых сарочак і акуратна папрасаваныя мужчынскія кашулі.
Мне тады не было яшчэ сямі гадоў, але і я кіпела ад абурэння. Нікога не турбавала, чула я ці не іхнюю размову, бачыла гэты ганебны агляд ці не.
Мусіць, яны лічылі, што сямігадовая дзяўчынка, a тым болей няшлюбная, разумее не болей за трохтыднёвае парася. Дзяцей ні ў кога ў іх не было — «адукаваная» радня вымірала.
Тым часам мама выбівалася з сілы, каб падрыхтавацца да нядзельнага «Тут гэтак хораша і добра». Ёй
зрабілі вялікую ласку — дазволілі карыстацца кухняй, бо сама старая суседка ведала некаторых нашых «высакародных» гасцей і ёй спадабалася, ніто «фабрычная костачка» мае такіх знакамітых знаёмых. I мама гатавала яду і слугавала, а айчым памагаў; удваіх яны хутка збіралі на стол на поплаве за хатаю і выстаўлялі ўсё, што можна было купіць за восем крон. Сваякі рвалі кветкі, спявалі «Тут гэтак хораша і добра» і, як расказвала потым мама, забаўляліся як маглі.
— Прагані гэты зброд, Гедвіг,— казала бабуля кожны раз, калі сустракала маму.— Прагані іх, яны зжаруць вашу хату. А вам цяпер кожны грош дарагі.
Мама чакала дзіця, але, нягледзячы на гэта, кожны дзень працавала ў полі, а ў нядзелю слугавала «адукаваным» і гатавала яду ім, а яе з радасцю мы з’елі б самі.
— Ды гані ты іх у карак, Гедвіг! Яшчэ калі Альберт быў маленькі, усе гэтыя надзьмутыя дурні прыходзілі да мяне кожную нядзелю паглядзець, як ён расце. Праўда, глядзець надта не было чаго, ды яны і не збіраліся глядзець, ім толькі б нажэрціся дармавога.
Увесь Вільберген кішэў гэтымі дурнямі з букецікамі, быццам гэта быў немаведама які вялікі горад. Яны рабіліся зусім як дзеці, варта было ім убачыць карлікавыя сосны на гары, а людзі ж усе ў гадах! Раю табе выгнаць іх, Гедвіг, праз іх Альберт зноў пачне піць.
Але Гедвіг не была такая рашучая, як бабуля. У Гедвіг было няшлюбнае дзіця, яна многа і цяжка папрацавала ў сваім жыцці і прывыкла схіляцца і маўчаць перад багатымі і «адукаванымі». Хутка ў яе будзе яшчэ адно дзіця, яна вельмі стамілася, і ў яе не было сілы, каб запярэчыць. Дый, наогул, хіба можна пярэчыць гасцям. I мама важдалася з імі да самых родаў. Частка рэчаў перайшла да гарадскіх ліхвяроў, і айчыму ўсё болей падабаліся гэтыя «Тут божая харашыня».