Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Малютка нарадзілася ў суботу, і бабуля асталася ў нас на нядзелю. Быў жнівень, днём, як заўсёды, прыцягнуліся «адукаваныя», і іх сустрэча з бабуляю — адзін з самых прыемных успамінаў у маім жыцці. Бабуля надзела акуляры на свой прыгожы нос (нягледзячы на свае семдзесят два гады, бабуля была яшчэ вельмі прыгожая, а ў свой час лічылася адной з самых прыгожых работніц на фабрыцы ў Нарчопінзе і даводзілася «адукаваным» нейкай вельмі далёкай сваячкай) і накінулася на іх.
— У вас розуму ў галаве не болей чым у збродлівае кошкі,— сказала яна,— раз вы ўсселі на карак людзям, якія робяць як чорныя валы, а зарабляюць мала. Гедвіг ляжыць у пасцелі, пасцель гэтую ёй дала я, бо вы нічым не памаглі ім, хоць і радаваліся, што ваш Альберт нарэшце ажаніўся. Яна худая, як птушка, а дзіця, што яна нарадзіла, не важыць і двух кіло,— і ўсё праз вас, бо яна працавала кожны дзень і была б спраўнейшая, каб вы не аб’ядалі яе. А сёння рабіць вам тут няма чаго.
«Адукаваныя» толькі паціснулі плячыма. Альбертава мачаха разбіралася ў людзях, хоць і не атрымала ні адукацыі, ні выхавання.
Захапіўшы кулёк з пячэннем за дваццаць пяць эрэ, яны падаліся назад у горад.
Так мы збавіліся ад іх у тое лета, і гэта была вялікая ўдача, бо пасля родаў мама доўга не папраўлялася. Доктар сказаў, што яна вельмі ператомленая і кепска кармілася.
— Гэтыя фабрычныя заўсёды так,— казаў ён.— Жывуць на хлебе і бурдзе ад кавы і паволі паміраюць з голаду.
Доктар ведаў, што мая мама працавала раней на фабрыцы, але хіба ён ведаў пра «адукаваных»? Можна змагацца супраць дрэннага харчавання, калі паставіць гэтае пытанне на адкрытае абмеркаванне,
але з дурнымі і фанабэрыстымі людзьмі нічога не зробіш, даводзіцца аддаваць апошняе «адукаванаму» госцю!
3 таго часу я і зненавідзела заможных нязваных гасцей.
Ёсць другія людзі, не такія адукаваныя, не такія заможныя, але з імі ахвотна падзелішся апошнім кавалкам.
На тым самым хутары, дзе мы прымалі нашых знакамітых гасцей, жыў высокі, зусім глухі стары з чорнымі як смоль барадою і бровамі. Ён пакутаваў ад запояў, і некалькі разоў на год у яго былі прыступы белай гарачкі. Жыў ён з жонкаю на гарышчы, якраз над намі. Прозвішча старога было Ёнсан, але ўсе звалі яго Ёнам, і калі стары запіваў, парабкі казалі, што Ён «спраўляе вяселле».
Мяне неадольна цягнула да гэтага высокага старога, які заўсёды маўчаў як сцяна, калі быў цвярозы. Доўгі час я хадзіла за ім, нібы цень, але зусім не таму, што любіла старога альбо цікавілася яго «вяселлямі»,— я досыць нагледзелася на такія самыя «вяселлі», калі жыла некалькі гадоў у чужых людзей у старых халупах на поўначы.
He, мне вельмі хацелася разгледзець зблізку вушы старога.
У маё жыццё ўвайшло нешта таямнічае. Побач са мною жыў глухі чалавек, які гаварыў вельмі ціха і ніколі не цікавіўся адказам, бо ўсё роўна не мог яго пачуць. Толькі жонка яго ўмела мыляць губамі так, што ён яе разумеў.
Я не адчувала да старога нічога падобнага на спачуванне. Хутчэй за ўсё я зайздросціла яго загадкаваму калецтву і цвёрда вырашыла: як бы там ні было, a разгледзець гэтыя дзіўныя вушныя ракавіны, якія тырчалі з-пад чорных валасоў. Я нават прыдумала цэлую гісторыю пра Ёнавы вушы.
Стары прывык, што я хадзіла за ім па пятах, часам частаваў мяне цукеркамі, а яго жонка, худая згорбленая старая, такая самая чорная, як і ён, стала трохі ласкавейшая да мяне, абы толькі дагадзіць старому. Ён так рэдка быў ласкавы з кім-небудзь, а тым болей са сваёю старою.
Аднойчы я трапіла старому на вочы, калі ў яго быў запой. Убачыўшы мяне, ён залапатаў:
— Дзяўчынка, дзяўчынка...
Старая толькі нацэлілася была схавацца ў сенцах, бо п’яны стары заўсёды гразіўся забіць яе, але застыла ад здзіўлення.
Тут стары яе заўважыў, пачаў крычаць нешта пра смерць і д’яблаў, і старая імгненна знікла.
Калі Ён, хістаючыся, палез наверх у свой пакой, я падалася за ім. Я разважала так: у вушах у старога проста няма дзірачак і цяпер-то я ўжо ўбачу гэта дзіва. У мяне, здаецца, нават мільганула тады цьмяная думка — прапанаваць старому прасвідраваць у вушах дзірачкі. Гэта ж зусім не цяжка зрабіць, затое ён будзе чуць...
Стары падышоў да стала і наліў некалькі шклянак. Чаго ён туды наліў, вады ці гарэлкі, я не ведала. Ён паставіў шклянкі на пліту, чокнуўся з нябачнымі хаўруснікамі, выпіў, закрычаў і замахаў рукамі, потым выйшаў на сярэдзіну пакоя і абярнуў крэсла. Калі апаражніў адну за адною ўсе шклянкі, ён спакойна ўсеўся каля печкі і заплюшчыў вочы.
Я вырашыла, што пара дзейнічаць, ціха падкралася да Ёна і зазірнула яму ў вуха, потым у другое. Там былі дзірачкі. Я ўбачыла звычайныя, як і ва ўсіх людзей, вушы, і ў мяне адразу знікла ўсякая цікавасць да старога, захацелася хутчэй уцячы. Каморка была цёмная і брудная. Мне раптам страшна захацелася апынуцца ў нашым чыстым, светлым пакоі, дзе на-
крухмаленыя шторы, канапа з жалудамі і вазы, у якіх стаіць лісце.
Але злезці з гарышча аказалася не так проста. Толькі я падышла да дзвярэй, як стары залапатаў:
— Дзяўчынка, дзяўчынка...
Ён быў такі страшны, што я не асмелілася ступіць далей. Толькі цяпер, калі зусім страпіла да яго цікавасць, я ўбачыла, які ён страшны, агідны і брудны, дый я не забылася, як ён пагражаў зарэзаць сваю старую і які ён увогуле брыдкі і злы, Я вельмі напалохалася і зашылася ў куток.
Ён зноў пачаў чокацца і буяніць.
Я чула, як унізе, у сенцах, мяне гукала мама: яна ж паслала мяне па дровы,— але адазвацца я не асмелілася. Хадзіць па дровы было мне самым вялікім пакараннем. Па мне лепей цэлы дзень цягаць траву з поплаву, чым прынесці ў пакой адно бярэмя дроў. Насіць дровы — гэта ж такая пакута! Але цяпер я паклялася нанасіць дроў поўную скрынку і рабіць усё, што мама скажа, толькі б выбрацца адсюль. Мама гукнула мяне яшчэ некалькі разоў, але я не абзывалася. Стары мог задушыць мяне, а калі б мама даведалася, што я была тут, яна б мяне абавязкова набіла.
Стары зноў усеўся каля печкі. Кожны раз, калі ён траціў раўнавагу і падаў з крэсла, ён моцна лаяўся і так грукаў кулакамі ў сцяну, што адвальваліся вялікія кавалкі тынку, а ў кутку нада мною слупам уздымаўся пыл. Так мінула некалькі гадзін. Сцямнела, і стары нарэшце зваліўся на падлогу і захроп. Тады я ціхенька вышмыгнула на двор, прабралася да хлява з дрывамі і прынесла бярэмя дроў у пакой якраз у той момант, калі мама сур’ёзна наважылася мяне шукаць. Яна моцна схапіла мяне за валасы.
— Я хадзіла ў поле да дзя... да таты,— адразу паправілася я, каб задобрыць яе.
— Навошта ён табе спатрэбіўся?
— Яго там не было, я не ведаю, дзе ён,— адказала я, каб збавіцца ад роспытаў.
— He смей болей адлучацца з дому без дазволу, a то я цябе адлупцую,— твар у мамы быў злосны і строгі.
Рэшту дня я нястомна насіла дровы і нават не заікалася пра полудзень — пра каву, хоць ад голаду ныла ў жываце.
— У, чортаў стары з дурнымі вушамі! — мармытала я.
Другім разам; калі стары зноў пачаў буяніць, прыбегла старая і папрасіла Гедвіг «пазычыць» на час дзяўчынку, якая добра ладзіць з яе п’яным мужам.
Але Гедвіг дзяўчынкі не «пазычыла», яна толькі папыталася, ці не з’ехала старая з глузду пасля ўсіх «вяселляў», якія справіў Ён.
Глухія старыя, у вушах у якіх усё ж такі былі дзіркі, мяне ўжо больш не цікавілі.
Але аднойчы са мной здарылася нешта папраўдзе дзіўнае.
Здарылася гэта на тым самым хутары, куды ва ўсёй красе кожную нядзелю з’яўляліся «адукаваныя». Мама была такая самая стомленая і пакорная.
Яда мяне не вельмі цікавіла, а сядзець за абедам было сапраўднаю пакутаю. I калі мне давалі вялікі кавалак хлеба, я магла цэлы дзень і не ўспамінаць пра яду, абы толькі мяне не чапалі. Акрамя мяне, другіх дзяцей на хутары не было, там жылі толькі старыя і парабкі-сезоннікі. Але прыходзілі дзеці з другіх хутароў, і жыццё зноў рабілася дзівоснае — мы мелі цэлы поплаў, а гэта нешта значыла таму, хто вырас на задворках гарадскіх трушчобаў.
Дзеля яды, як я ўжо сказала, я б не стала асабліва старацца, але быў адзін ласунак, які штурхануў мяне на злачынства: ледзянцы, самы спакуслівы ласунак 1902 года,— яны аднолькава спакушалі і бедных і багатых. 3 усіх ласункаў, раскладзеных у вітрынах ма-
газінаў, былі ледзянцы самыя любімыя, а .за імі ішлі ўжо арэхі ў пачачках. Ледзянцы вабілі нас сваім апетытным колерам і прыгожаю формаю.
He было другіх ласункаў, якія б мелі такую самую форму. Гранёныя цукерачкі таямніча паблісквалі, і здавалася, што іх можна смактаць цэлую вечнасць.
Была ў ледзянцах нейкая шчодрасць, якая і вабіла дзяцей, звыклых да абмежаванняў і скупасці.
Аднойчы мяне паслалі купіць дражджэй на пяць эрэ.
Да крамы, дзе хутарскія падзёншчыкі маглі купіць у доўг, было далекавата. Да горада было намнога бліжэй, але я не раз чула ад мамы, што дзецям небяспечна хадзіць туды. Нават гарадская застава таіла ў сабе небяспеку. Тут, каля заставы, быў цырк, а перад самым цыркам — вага, на якой сяляне па дарозе да мяснікоў важылі цялят. Тут яны і выпівалі.
Дарога да крамы, здалося мне, страшэнна доўгая, ды я і не прывыкла так далёка хадзіць. Магазін у горадзе на рагу. Быў гарачы летні дзень. Цёплае паветра струменілася над палямі. Ад самага хутара пачыналася простая і гладкая дарога без адзінага дрэўца. Яна здавалася бясконцаю. У мяне ў кішэні роўна пяць эрэ, ні аднаго эрэ лішку. На чатыры эрэ дражджэй не купіш — гандляр адразу здагадаецца, што я прыхавала манетку.
Знемагаючы ад спёкі і смагі, я дайшла нарэшце да крамы і напілася вады каля помпы, пад якою стаяў доўгі жолаб паіць коней.
На прылаўку красаваўся вялікі слоік з жоўтымі ледзянцамі. He ведаю, можа, па дарозе я перагрэлася на сонцы, але я зусім спакойна купіла на ўсе пяць эрэ цукерак і без дражджэй рушыла назад.
Я адчувала, што зрабіла страшны ўчынак, але папраўдзе гэтага не разумела. Я ведала, што не магу вярнуцца дадому без дражджэй, і не вярнулася. Як вы-
блыэ'ацца з усяе гэтае гісторыі, я не мела паняцця, але тым не менш прагна смактала ледзянцы, адсунуўшы ўсе роздумы на пасля. Я мінула некалькі хутароў, выіішла на Старую дарогу і, паколькі дарога вяла ў горад, пайшла ў той бок, хоць мне трэба было зусім у другі. Мусіць, я злавалася, бо мне давялося прайсці доўгі сумны шлях, замест таго каб пайсці ў бліжэйшую краму каля гарадской заставы.