Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Асабліва моцна ўражвае чытача рэчаіснасць, у якой жыве Міа, бо яна паказана праз успрыманне васьмігадовай дзяўчынкі. Міа на кожным кроку сутыкаецца з горам і пакутамі. Супастаўленне чыстай і светлай дзіцячай душы з рэчаіснасцю падкрэслівае цяжар тых умоў, у якіх даводзіцца жыць беднякам. Міа бачыць, як штодня выбіваюцца з сілы дзеля куска хлеба яе маці і іншыя жанчыны, дазнаецца, якая страшная штука беспрацоўе, знаёміцца з ліхвяром, якому беднякі нясуць свае апошнія рызманы. Яна дазнаецца, што «лёс парабка — усё жыццё быць рабом, ад калыскі да самай магілы». Міа добра разумее, што людзі дзеляцца на багатых і бедных. Праўда, у яе, дзіцяці, разуменне багацця даволі своеасаблівае: багатая тая дзяўчынка, якая надзявае ў будні добрую сукенку, прыкметаю багацця з’яўляюцца і, святочныя чаравікі, а кніжная паліца ў хаце азначае, што гаспадары — сапраўдныя
паны. Але гэтыя ўяўленні толькі лішні раз падкрэсліваюць глыбіню той галечы, у якой жыве дзяўчынка.
Муа Марцінсан стварыла ў рамане яркія вобразы простых людзей, якія надоўга запамінаюцца. Найперш — гэта Гедвіг, цэльная, моцная сваёй чысцінёй натура. Яна, маці «няшлюбнага» дзіцяці, адкінутая паводле нормаў буржуазнай маралі, мужна праходзіць праз усе суровыя выпрабаванні і нягоды, якія чакаюць яе на кожным кроку. Ёй уласцівая выключная маральная стойкасць, непахіснае пачуццё свае годнасці, імкненне зберагчы сваю свабоду і незалежнасць. Як бы цяжка Гедвіг ні даводзілася, яна не сумуе, не жаліцца, не падае духам і знаходзіць у сабе сілу падбадзёрыць другіх, умее паспагадаць добрым словам і нават памагчы матэрыяльна. Ёй вельмі цяжка, але яна заўсёды трымаецца з гонарам і незалежна. Hi ад кога яна не церпіць знявагі — ні ад гаспадароў, ні ад мужа. Гедвіг адмаўляецца шукаць суцяшэння ў рэлігіі, спадзеючыся толькі на сваю сілу.
Надзвычай прывабны вобраз самой Міа, ад імя якой вядзецца апавяданне. Перад чытачом раскрываецца ўнутраны свет дзяўчынкі, якая ўсёю душою імкнецца да праўды, святла, ведаў. Сама болей яна пакутуе не ад голаду, галечы і болю, а ад прыніжэння: «Ад фізічнага болю я пакутавала намнога меней, чым ад несправядлівасці, якой не магла цярпець». Міа сэрцам чуе, што жыццё павінна стаць лепшае, прыгажэйшае, чысцейшае і праўдзівейшае. Дзіцячую душу, асаблівасці дзіцячай псіхалогіі пісьменніца раскрыла вельмі тонка.
Кампазіцыя і стыль рамана вельмі своеасаблівыя. У кнізе няма выразных сюжэтных ліній, цяжка гаварыць і пра пэўную фабулу. Раман нібыта складаецца з паасобных эпізодаў і карцін. Але гэта зусім не прыводзіць да рыхласці ў пабудове кнігі, яе стройнасць і адзінства не парушаюцца. Апавяданне ад імя маленькае дзяўчынкі вымагала ад пісьменніцы простага стылю і дакладнага слова. Таму ў кнізе няма адступленняў, складаных апісанняў.
Кожная сцэна, кожная дэталь намаляваны проста і адначасна вельмі выразна, а гэта сведчыць пра вялікае мастацкае майстэрства пісьменніцы.
Як і ў іпшых творах Марцінсан, у рамане чуюцца водгукі барацьбы пралетарыяту за сваё вызваленне: жыхары Норчэпінга дазнаюцца пра арганізацыю рабочых-сацыялістаў, пра жанчыну-агітатара, пасаджаную ў турму. Міа знаёміцца з новым словам «стачка», якое нядаўна ўвайшло ва ўжытак. Гэтыя бакі жыцця ў рамане дэталёва не апісаны — задача ў пісьменніцы была іншая,— але Муа Марцінсан дае зразумець, што гэта толькі пачатак, толькі першыя крокі барацьбы класа, якому належыць будучыня.
Тэма актыўнай барацьбы працоўных за сваё палітычнае і эканамічнае разняволенне будзе развіта ў наступных раманах аўтабіяграфічнага цыкла. Да прыкладу, у рамане «Каралеўскія ружы» адлюстравана забастоўка рабочых у Норчэпінзе, якая выбухнула пад уплывам рускай рэвалюцыі 1905 года.
Раман «Мама выходзіць замуж» з’явіўся вялікім дасягненнем Муа Марцінсан — таленавітай прагрэсіўнай шведскай пісьменніцы, якая прысвяціла сваю творчасць паказу жыцця гарадскога і сельскага пралетарыяту і раскрыла духоўнае багацце людзей працы, іх маральнае хараство і стойкасць.
А. Пагодзін
MAMA
ВЫХОДЗІЦЬ ЗАМУЖ
НАШЫ МАМЫ
«Палае касцёр, сплятае вянкі полымя залатое.
Смела ўвайду я ў вогненны круг, і мілы станцуе са мною».
Мы гэтак спявалі ў завулках, дзе вечар хаваў нашу бледнасць.
У нас былі ціхія танцы — мы стомленых мамаў чакалі.
У нас былі бляклыя вочы і твары зусім без крывінкі — на выгляд з нас кожны — як пастар, якога з'ядаюць сухоты.
Былі мы няшлюбныя дзеці, жылі мы без бацькі на свеце.
* * *
Ішлі скрозь агонь нашы мамы, ішлі, каму сілы. ставала, да цёмнай высокай сцяны нямецкае фабрыкі шэрсці.
Ішлі скрозь агонь нашы мамы, даходзілі аж да бальніцы, да папраўчых дамоў і да смерці.
Часта ў цёмных завулках начамі
туляліся, плачучы, мамы;
гаспадар каб не выгнаў, як быдла, ішлі з хаты яны вечарамі.
а вярталіся позняю ноччу, калі мы даўно спалі.
Мы — іх дочкі, і іх мы чакалі, і, як некалі, песню спявалі: «Палае касцёр, сплятае вянкі полымя залаюе».
Я добра помню той дзень, калі мама выйшла замуж. Мы жылі тады ў яе сястры ў Норчэпінзе. Была пятніца. Мама не пайшла на фабрыку. Яна надзела чорную сукенку, якую пазычыла ў сяброўкі, Грошай на новую не было, усе яны пайшлі на тое, каб вылечыць мяне ад рахіту. «Высакароднае» паходжанне майго сапраўднага бацькі, відаць, было прычынаю, што ён не ажаніўся з мамаю. Бо гэта зусім розныя рэчы, калі чалавек жэніцца ці проста становіцца бацькам. А тыя грошы, якімі ён «раз і назаўсёды» адкупіўся ад мамы, яна аддала дзеду, каб я жыла ў яго. Але дзед у той год захварэў на запаленне лёгкіх і памёр.
3 бабуляй пражыла я толькі год, потым яна аслепла і мусіла пайсці ў багадзельню. Мама пачала цягаць мяне з сабою па свеце, пакуль нарэшце не ўладкавалася на фабрыку Брукса ў Норчэпінзе. «Дапамога на дзіця» даўно ўжо не выплачвалася, бо дзядуля яшчэ пры жыцці пазычыў пад яе грошай у суседа.
* * *
I вось цяпер мама выходзіла замуж. На ёй была чорная сукенка і доўгая нітка пацеркаў з прадаўгаватых гранёных шкельцаў. Потым яны дасталіся мне. Яны цэлыя ў мяне і цяпер. Мама сядзела ў цёткі
ў яе адзіным пакоі і чакала жаніха. «I чаго гэта яна выстраілася ў будні дзень?» — не магла зразумець я.
Нарэшце прыйшоў мой будучы айчым, потым яны некуды пайшлі і вярнуліся праз гадзіну — ужо мужам і жонкаю.
— Цяпер ты павінна зваць яго татам,— сказала мама.
Пераступаючы з нагі на нагу, побач стаяў айчым і падкручваў вусы.
— Во гэтак,— дадаў ён.— Заві мяне татам.
Але я доўга яшчэ звала яго «дзядзькам». Мы, як і дагэтуль, жылі ў цёткі. Я бачыла, як мама распаўнела і пабрыдчэла, але не разумела чаму. Аднойчы яна не пайшла на фабрыку.
— Будзем перабірацца дадому,— весела сказала яна і пасадзіла мяне сабе на калені.
На другі дзень мы пацягнуліся праз увесь горад, а потым па старой дарозе на хутар — да яго было ўсяго хвілін пятнаццаць хады ад Норчэпінга. Мы ледзь пляліся, цягнучы на сабе ўсялякае барахло. Я несла прыгожую штору, якую падарылі маме яе сяброўкі з фабрыкі. Колькі напісана і ў вершах і ў прозе пра малюнкі на старых шторах! Ці не гэтыя малюнкі разбудзілі маю дзіцячую фантазію?
На той шторы я ўбачыла дзяўчынку, якая ішла па ваду цераз выгнуты масток. А мне здавалася, што гэта жывая дзяўчынка ідзе па ваду. I доўга яшчэ пасля гэтага, лежачы вечарамі ў пасцелі, я спрабавала ўявіць сабе мясціну, дзе жыла дзяўчынка. Мабыць, яна мыла падлогу, бо спадніца ў яе падаткнутая. I як бы мне раздабыць такія самыя прыгожыя драўляныя чаравікі? Я ніколі не бачыла такіх чаравікаў, нават тады, калі вырасла і пабывала на самых вялікіх кірмашах свету.
Мы з мамаю пляліся па старой шырокай дарозе, адной з самых даўніх у краіне. Стаяў сонечны, цёплы красавік.
Айчым ужо быў на хутары. Мы ўвесь дзень будзем з мамаю зусім адны! Удзвюх з мамаю! Першы раз пасля таго, як я нарадзілася, а мне ж вось-вось споўніцца сем гадоў!
Амаль усю мэблю — камоду, ложак, стол, некалькі крэслаў — падарыла нам айчымава прыёмная мама. Усё з бярозы. Толькі канапу купілі новую — карычневую, з цацкамі-жалудамі на спінцы, усяго шэсцьдзесят чатыры жалуды — яе купілі спецыяльна мне.
I вось мы ў дарозе да нашага першага жылля. На ўзгорку стаіць беленькі домік з вельмі высокім ганкам. У адным акне паказаўся нечы твар, прыціснуты да шыбы,— нас з цікавасцю разглядалі.
Мама дастала ключ і адамкнула ў сенцах дзверы налева.
— Ух ты! — толькі і сказала я.
Мама, мусіць, ужо паспела пабываць тут і навесці парадак. У пакоі былі два акны. На іх віселі доўгія белыя фіранкі, Фіранкі былі старэнькія, і іх таксама падарыла бабуля, а мама зацыравала і падкрухмаліла. Белае пакрывала на ложку, белы абрус на стале, а на падлозе — новыя палавікі з абрэзкаў. Мама сама шыла палавікі вечарамі пасля работы на фабрыцы. Я раней часта плакала, калі мама цягала мяне да бабулі ў Вільберген,— мне цяжка было хадзіць так далёка,— але затое цяпер у нас былі новыя палавікі, а каля печы — ахапак ядлоўцу.
3 другога боку ад сенцаў была агульная кухня. Мама сказала, што там гатуюць яду і пякуць хлеб тыя, у каго толькі адзін пакой.
— Але ж гэта і добра,— дадала яна,— не будзе куродыму.
Але жыхары-старажылы цалкам завалодалі кухняй. Мама была чужая дый з фабрыкі — «фабрычная костачка», як называлі работніц сялянкі,— так што гатаваць нам прыйшлося ў пакоі.
На бярозавай камодзе стаяла некалькі знаёмых мне карцінак, я не раз бачыла іх у бабулі. Так лёгка мне было зваць айчымаву маму «бабуляй» і так цяжка яго — «татам»! На камодзе стаялі дзве прыгожыя вазы, а ў іх альховыя галінкі з маленькімі чорнымі шышачкамі.
(I цяпер, амаль праз сорак гадоў, гэтыя вазы з альховымі галінкамі і чорнымі шышачкамі стаяць у мяне на палічцы. Мама заўсёды вельмі берагла рэчы, хоць ёй так часта даводзілася распакоўваць і зноў пакаваць іх. Вазам, відаць, болей за сто гадоў: бабулі іх падарыла свякроў на вяселлі, але і тады яны не былі новыя. Амаль пяць пакаленняў беднякоў перажылі гэтыя вазы.)
А вось стаіць мая новая канапа з жалудамі.
Увесь дзень я моўчкі праседзела ў пакоі. Так тут усё непадобнае на тое, да чаго я прывыкла ў цёткі,— маленькі пакойчык, вазакі, што тут сталаваліся, дураслівыя дзеці, вечныя шум на лесвіцах і страшэнны грукат калёсаў па бруку!
Мама таксама маўчала. Мы не выходзілі з пакоя. Я сядзела на канапе, якая будзе толькі мая, a paHeft я так часта спала на падлозе ці з кім-небудзь удваіх.