Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
I за што людзі любяць адно аднаго? Мама любіць айчыма, але ў яе не знайшлося яму ніводнага ласкавага слова, калі ён плакаў уночы. Мабыць, дарослыя не могуць любіць адно аднаго ў адзін час. Калі адно любіць, другое ненавідзіць, а калі ў другога нянавісць прайшла, у сэрцы першага ўзнікаюць нядобрыя пачуцці.
Мама падышла да мяне і пацягнула да сябе адну з пярынак, на якіх я ляжала.
— Прыпадыміся трошкі, Міа.
Вунь яно што! Яна сцеле яму пасцель! Я прыпаднялася, паказваючы маме спіну. Потым легла, так і не павярнуўшыся. Але яна не звяртала на мяне ніякай увагі.
Я пачула плюскат вады. Ён умываўся.
— Божа, ты збрыў вусы! — усклікнула мама. У яе голасе гучала насмешка.
Я міжволі павярнулася. Напраўду, ён збрыў вусы, і мне здалося, што без вусоў яго твар стаў яшчэ агіднейшы. А калі ён змыў з сябе сажу, стала відаць, што ён моцна пахудзеў і пажаўцеў.
— Дай мне горшую бялізну. Я яшчэ добра не адмыўся. У гэтых вугальных бараках не абярэшся вошай.
Мяне нешта кальнула. Гэта ж я прынесла насякомых у хату. Я таксама вадзілася з брыдкаю кампаніяй. I мне падабалася гэтая кампанія, хоць бабуля мяне перасцерагала. Нават айчым быў асцярожны і баяўся насякомых, а я — не. Такі сорам. Значыць, я стала падобная на яго, нават горшая, чым ён.
Прымірэнчы настрой пакінуў мяне. Той, хто награшыў, ніколі не супакоіцца, пакуль праведнік не зробіць якой-небудзь памылкі. I той, хто награшыць болей, заўсёды асудзіць другога. А тым болей распусны святы! Ужо скаціўшыся ў бездань, ён усё будзе вінаваціць таго, хто награшыў раней. I я ані не лепшая за гэтага святога.
Я заўважыла пяць дзесяцікронавых паперак, якія ляжалі на стале. Мне было лёгка іх палічыць, бо яны ляжалі веерам.
Такім чынам, усё ўладжана. Ён паплакаў, даў маме многа грошай ды яшчэ сказаў, што баіцца перанесці насякомых, і ўлёгся на падлозе, не раздзяваючыся і паклаўшы пад галаву маленькую пярыну.
Нічога не зробіш. Ён папраўдзе быў лепшы за мяне!
Мама патушыла святло і легла каля мяне.
Мне надакучыла разважаць, і я заснула. I ляжала я спінаю да мамы.
Прачнуўшыся раніцаю, я не застала дома ні мамы, ні айчыма. Мама пайшла на фабрыку. Вечарам яна вярнулася дахаты, як заўсёды хворая і нямоглая. Айчыма пасля гэтага я доўга не бачыла.
Бабуля з мамаю вялі несканчоныя размовы.
— Лепей сказаць, што ён у турме. Проста гэтак і гаварыце, бабуля, калі ў вас папытаюцца. Я ўжо растлумачыла на фабрыцы,— сказала мама аднаго разу вечарам, забыўшыся паглядзець, ці я заснула.
— I то праўда, скажу, людзі павераць, гаспадар жа падаў на яго ў суд.
— Во, во. Яму дык і праўда давядзецца за гэта адседзець восем дзён, але ён адседзіць іх зімою, што каму да гэтага,— сказала мама.
Пасля гэтай размовы я вырашьіла, што айчым у бальніцы і што гэта трэба таіць. Тут я зразумела, што да чаго. Мне ўжо даводзілася чуць падобныя размовы. Але мама з бабуляю так сур’ёзна гаварылі, што айчым сядзіць у турме і пайшоў туды за тое, што самаўпраўна пайшоў ад гаспадара, што я не выцерпела. I аднаго разу я заявіла бабулі, што ўсё ведаю: пакаранне сваё айчым вырашыў адбываць зімою, а пакуль што ён у бальніцы.
Дзеці нярэдка ходзяць па краі бездані, самі таго не заўважаючы. У адукаваных сем’ях такіх дзяцей называюць enfant terrible *. Пры чужых людзях гэтыя дзеці могуць нечакана сказаць, што тата пацалаваў пакаёўку або што мама дазволіла «чужому дзядзьку» сябе пацалаваць. Гэтым разам я выканала ролю такога enfant terrible у неадукаванай сям’і, і ўпершыню за ўвесь час, што я ведала бабулю, яна на мяне папраўдзе зазлавалася.
— Ах, вось як! Значыць, ты падслухоўваеш нашы размовы? — сказала яна, і рукі ў яе задрыжалі.— He чакала я гэтага ад цябе, Міа. Я думала, што ты разумная дзяўчынка і будзеш маўчаць, нават калі разумееш, што да чаго. Ты ж ведала, што мы з Гедвіг не хацелі,
1 Страшнае дзіця (франц.).
каб пра гэта пайшлі плёткі. Дык што, Міа, ты стала пляткаркаю? He чакала я гэтага. Калі хочаш жыць з людзьмі, трэба ўмець маўчаць. Я была намнога маладзейшая за цябе, калі гэтаму навучылася.
Я траха не згарэла ад сораму. Я разумела, што бабуля гаворыць святую праўду. 3 таго дня я навучылася маўчаць, запомніўшы на ўсё жыццё ўрок бабулі, якая вылаяла мяне за дзёрзкія словы.
— Хвароба — гэта хвароба, але людзі любяць мянціць языкамі. Яны і самі нябось хварэлі, але пра гэта маўчаць. Альберт у бальніцы, яму трэба пабыць там, каб вылечыцца. I няма чаго чужым сунуць нос не ў сваё. Цяпер табе ўсё ясна, вось і трымай язык за зубамі.
Я чула пра тое, што бываюць «брыдкія» хваробы. У старым падручніку гісторыі, які збярогся ў айчыма яшчэ ад школы, было напісана, што нейкі кароль памёр ад «брыдкае хваробы».
Я не вельмі добра разумела, што гэта за таямнічая хвароба. Я думала, што гэта таксама брыдка, як брыдка быць бедным, або вашывым, або мурзатым. «Ён памёр ад вашывае хваробы»,— гаварыла рыжая старая.
А цяпер у айчыма каралеўская хвароба — я гэта зразумела і дала сабе слова маўчаць; бабуля магла не трывожыцца.
Але яшчэ доўга пасля гэтага бабуля была маўклівая і стрыманая са мною.
Бабуля, якая лепей за маму ведала гарадскія звычаі, дала аб’яву ў «Норчэпінгс тыднінгар»: «Найму вялікі пакой». Некалькі разоў перачытаўшы аб’яву, я яе выразала. Падумаць толькі, мы сталі пісаць у газетах!
Мы збіраліся наняць пакой, калі айчым выпішацца з бальніцы. Яму абяцалі ў верасні працу на Вулканаўскім складзе ўтылю.
— Божа, такое шчасце,— сказала бабуля.— Я проста паверыць не магу, што яму так шанцуе.
У гэты час у нашым ужытку паявілася новае слова. Слова, якое выклікала такое самае адчуванне няўпэўненасці і страху, як слова «беспрацоўны». Гэта новае слова — стачка.
Раней яго ўжывалі рэдка. А тут летам пачалася стачка на папяровай фабрыцы.
Бабуля прачытала ў «Норчэпінгс тыднінгар», якую мама купіла на вуліцы, пра ганебныя паводзіны рабочых. Пра тое, што яны наймаюць хуліганаў і плацяць ім грошы, каб тыя ўчынялі смуту. Будынак аднае папяровае фабрыкі за межамі горада стаў непрыгодны, і рабочыя пракатнага цэха адмовіліся працаваць, пакуль яго не адрамантуюць. Яны спынілі станкі, заваліўшы іх бэлькамі і бёрнамі. «Рабочыя, мабыць, вырашылі, што разбіраюцца болей за інжынераў,— дадавала газета.— Але рабочая сіла заўсёды знойдзецца. Кожны можа навучыцца варыць смалу і выціскаць драўняную масу». Гэта пісаў акруговы суддзя. Бабуля яго ведала, яна ткала яго жонцы.
— Ён, бач, і кашулі сам надзець не ўмее. Паглядзела б я на яго, як ён стане смалу варыць,— смяялася бабуля.
— Калі каму баставаць, дык гэта нам, на Бруксе. Я зарабіла ўсяго шэсць кронаў за гэты тыдзень. Пража няўдалая, ніткі сюд-туд і абрываюцца,— сур’ёзна сказала мама.
— Мілая Гедвіг, выкінь гэта з галавы,— перасцерагла яе бабуля.
У адну суботу, у канцы ліпеня, мы з мамаю і айчымам ішлі па вуліцы Бродгатан да цэнтра Норчэпінга. Мы выкупілі ў Кале многа ўсякіх рэчаў і ішлі цяпер у наш новы пакой, які нанялі па бабулінай аб’яве. Са-
ма бабуля надумалася яшчэ раз паспрабаваць цудадзейную сілу пад Сёдэрчэпінгам. Яна збіралася пабыць там два месяцы.
— Старая раз’язджае на мае грошыкі, на тыя, што атрымала ад капітана,— заявіў айчым.
— He мялі лухты. Гэтыя грошы яна даўно патраціла на цябе,— абсекла яго мама.
У газетах было поўна паведаленняў пра стачку на папяровай фабрыцы.
— У мяне цяпер ёсць кніжка,— сказаў айчым і, прыпыніўшыся пасярод вуліцы, паказаў маме маленькую тоненькую чырвоную кніжачку.
Я зразумела, што гэта нейкая важная кніжка.
— У мяне ёсць кніжка, мне цяпер хоць бы што.
Кніжка, магутная кніжка, якая можа абараніць чалавека! «Так змяніўся айчым»,— падумала я. Ён зусім не такі, які быў раней, калі я яго так ненавідзела. Вакол яго нібыта раптам стала болей паветра і святла, чым вакол мамы. Ды яшчэ і была ў яго гэта дзіўная кніжка.
— He надумайся толькі ісці туды, дзе бастуюць! Пачакай, пакуль цябе возьмуць на Вулкан,— пагрозліва сказала мама.
— Здурнеў я, ці што? У мяне ж ёсць кніжка.
Гэта была членская кніжка прафсаюза грузчыкаў. Першая, якую я ўбачыла, прафсаюзная кніжка.
На вуліцы стоўпіліся людзі: сварыліся немаладыя мужык з жонкаю.
Мы, па праўдзе кажучы, спяшаліся, бо нам трэба было забраць рэчы ў дзядзькі. Мама пакінула фабрыку, айчым яшчэ не прыступіў да працы. Ён вярнуўся з бальніцы напярэдадні вечарам.
Дзень быў цёплы. Мама зноў стала паўнець. Hep-
шы раз у жыцці айчым хадзіў з мамаю па вуліцах горада, нягледзячы на яе становішча.
У нас быў выгляд сапраўдных франтаў. Мы з мамаю фарсілі ў новых баваўняных сукенках і ў блакітных парусінавых туфлях. У той час гэта быў самы танны абутак. Айчым красаваўся ў новых малескінавых штанах і ў паласатай кашулі. Ён купіў сабе вялікі капялюш, які перамяніў яго да непазнавальнасці. Сярод партовых рабочых была мода цяпер на такія шыракаполыя капелюшы.
Мы падышлі да натоўпу. Паблізу можна было разабрацца, што тут адбываецца. Нейкі мужчына, адлучыўшыся ад натоўпу, наступаў на жанчыну.
— Ты купіла толькі на пяць эрэ мыла на мае кашулі, халерная баба! — крычаў ён.
Ён быў п'яны, капялюш ледзь трымаўся ў яго на патыліцы; хістаючыся і пырскаючы слінаю, ён хадзіў вакол жанчыны.
— Гэта Свен-Гарманіст,— сказаў айчым.
Мама таксама пазнала крыкуна. У суботу і ў нядзелю ён іграў на гармоніку ў кавярні.
— Я даў ёй на мыла дзесяць эрэ, а яна купіла толькі на пяць,— скардзіўся ён разявакам, якія паразвешвалі вушы.— А на астатнія купіла газету. Хіба гэта баба? Ведзьма, ашуканка праклятая! Хіба можна вымыць кашулі кавалкам мыла за пяць эрэ? Ёй на ўсё напляваць!
Ён гаварыў, звяртаючыся то да натоўпу, то да жонкі, якая стаяла побач, зняважаная і злосная, і трымала ў руцэ сумку, дзе зверху на розньіх пакунках ляжала газета.
— Такая ашукае цябе з першым стрэчным! Просіць дзесяць эрэ на мыла, а купляе на пяць! — Тон у яго быў такі, быццам ён вось-вось расплачацца.
Жонка ціхенька знікла, і п’яны нават не заўважыў гэтага.
Адыходзячы, мы ўсё яшчэ чулі, як ён зноў і зноў скардзіўся на жонку разявакам, а тыя выскалялі зубы,
Усю дарогу да новага пакоя, якога я яшчэ не бачыла, мама з айчымам спрачаліся пра тое, дазволена ці не дазволена жонцы ўтаіць пяць эрэ, каб купіць газету. Айчым лічыў, што гэта ашуканства — купляць меней мыла, чым трэба, і ўтойваць рэшту на газету.