Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Калі нам з мамаю давялося перабірацца ў патачны дамок, я яшчэ не разумела, што ў нашым жыцці наступае паласа прыніжэння, але цяпер мне ўсё было ясна. Будучыня малявалася мне ў пялёнцы бруду, голаду, сварак, насякомых, хвароб, і скрозь гэтую пялёнку я выразна бачыла п’янага айчыма, які зневажае маму.
Мы збіраліся перасяліцца ў «маёнтак» Хагбю, пра які хадзіла благая слава. Замест платы мама будзе памагаць дзядзькавай сям’і пыніць гаспадарку.
Цяпер мы ніколі не зможам пасядзець удзвюх. Mae дваюрадныя браты і цётка будуць вечна таўчыся ў нас, а я буду прывязана да калыскі.
— У нас у пральні жыве некалькі басякоў, я іх там і пакінуў. Пральня, можа, і не горшая за нашу халупу,— сказаў дзядзька.
— Ты здурнеў! — схамянулася мама.— Няўжо ты хочаш, каб дзеці жылі побач з гэтым збродам?
— Басякі ўжо прывыклі тут, дый яны часта памагаюць на полі, а грошай за гэта не просяць. А калі я стану выжываць іх з паліцыяй, яны падпаляць хату, Гедвіг. Увогуле яны неблагія хлопцы, баяцца іх няма чаго.
Гэтыя басякі, як іх называў дзядзька, маляваліся маёй фантазіяй плячыстымі мужчынамі з маленькімі падстрыжанымі вусікамі, жорсткімі валасамі і вялікімі бліскучымі вачыма — кропелька ў кропельку як мой айчым.
Будучыня бачылася мне ва ўсёй сваёй непрыхаванай жорсткасці. Думаю, што нават мама не прадбачыла яе так ясна, як я.
Быў канец месяца, у Вольгі канчаліся кава і цукар, але мама дала ёй крыху кафейнага зерня, каб яна напаіла нас на дарогу.
Пагрузіўшы рэчы, мы селі піць каву ў Вольгі. Фіранкі ў яе ў пакоі даўно ўжо закуралі і запэцкаліся, і гэта асабліва відаць было светлым снежным днём. У яе дома зноў стала будзённа, тужліва і брудна. Выгляд у самой Вольгі быў горшы, чым звычайна. Яна разгульвала з распушчанаю касою ў бруднай сарочцы, сяк-так зашпіліўшы шпількаю сваю замызганую спадніцу.
Апошнімі днямі, рыхтуючыся да ад’езду, мы позна клаліся і кожны вечар чулі, як Карлберг лаяўся і сварыўся з ёю. У такія дні на твары ў яе была абыякавасць, губы яе крывава чырванелі, і хадзіла яна, ледзь перастаўляючы ногі.
Малы ляжаў у калысцы. За гэты час ён патаўсцеў
і вырас. Яго толькі што спавілі ў сухія пялёнкі, ён быў беленькі і чысты. Мама ўзяла яго на рукі.
— Ах ты, парсючок! Ці ўбачу я цябе яшчэ калінебудзь?
Вольга расплакалася. Дзядзька, які, насуперак айчыму, любіў грудных дзяцей, але пачынаў іх мучыць, як толькі яны падрасталі і маглі працаваць, узяў хлопчыка ў мамы з рук.
— Слаўны хлопчык у вас, фру,— сказаў ён, падкінуўшы малога ўгору. Хлопчык схапіў доўгі канец растапыраных дзядзькавых вусоў, і дзядзька паслухмяна нахіліў галаву, каб малы мог цягнуць, колькі ў яго хопіць сілы. Вольга прасвятлела і нават засмяялася.
— Ну і страхоцце гэта маладзіца,— сказаў дзядзька, не паспеўшы выйсці за дзверы.
— У яе муж ёлупень, не хоча, каб яна насіла сукенку,— адказала мама.
Дзядзька прамаўчаў, ён зірнуў на маму падазрона.
Нарэшце мы сабраліся ў дарогу. Дзядзька забраў у коней торбы з кормам, і, ухутаўшыся як маглі, мы залезлі на сані.
На лесвіцы плакала Вольга, траха не голая, хоць была зімовая сцюжа. На фоне белага снегу яе сарочка здавалася цёмна-шэраю, спадніца спаўзла з клубоў. Поўныя чырвоныя губы дрыжалі, слёзы сцякалі па кончыку носа і па шчоках. У яе быў такі жаласны выгляд, што я не магла стрымацца ад слёз, расплакалася і мама. Але дзядзька нецярпліва пакручваў вусы, трымаючы пугу напагатове.
— Прышлі мне вестачку, Гедвіг! He забывай мяне, Міа! Дзякуй вам за ўсё, за ўсё! — Слёзы беглі ў Вольгі па шчоках, і ёй не было чым іх выцерці. Мама абяцала час ад часу пісаць і як-небудзь прыехаць праведаць Вольгу.
Ды толькі падняў дзядзька пугу над спінамі сваіх здохляў, як на сцежцы, што вяла да хаты, паявілася двое мужчын. Гэта быў гаспадар з прадстаўніком мясцовае паліцыі.
— Чорт вазьмі! — закрычаў дзядзька.— Што вам тут трэба? — Ён прытрымаў коней.
— Хачу паглядзець, ці не прыхапілі вы з сабою муку.
— Мяшок стаіць у сенцах, я не хацела пакідаць яго ў пакоі, там Вольга будзе мыць падлогу,— ветліва адказала мама.
— Гэта незаконнае перасяленне,— заявіў паліцэйскі.
— Ідзі да д’ябла! — крыкнуў дзядзька і сцебануў коней. Яны пусціліся рыссю і памчалі за сабою даверху нагружаныя сані.
Дарога была гладкая, і лёгка беглі сані. Бомкалі званочкі, а мама ўвесь час неспакойна азіралася — хоць бы што не ўпала.
— He гані ты як шалёны,— сярдзіта гаварыла яна.
— Буду гнаць, як мне ўздумаецца, тут я гаспадар.— I разгарэлася між імі зацятая сварка, якая не патухала амаль да самай гарадской заставы.
А хлопчьік з жабаю астаўся ў Вольгі. Мама не захацела браць яго з сабою. «Няхай другім дарункі цягае»,— сказала яна і хацела была разбіць гіпсавую фігурку, але потым аддала яе Вользе. Карлберг абяцаў выпілаваць пад яе палічку. У іх жа не было ні камоды, ні шафы.
— Дзіва што, ён нап’ецца і разаб’е яе, ён не любіць нічога прыгожага,— з горыччу сказала Вольга, калі ўлеглася першая радасць ад падарунка, і сумна паглядзела на гіпсавую фігурку. Але Карлберг некалькі разоў падзякаваў маме і кляўся, што зробіць палічку. Прыгожую палічку.
Пакуль мы жылі ў Хагбю, не было дня, каб мама не сварылася з дзядзькам. Іншы раз ён вяртаўся позна ўночы, і мы чулі, як ён лаяў і біў жонку і дзяцей. Гэта значыла, што яны не выканалі якоганебудзь яго распараджэння. Тады мама ўскоквала з ложка, накідала любую, што трапіцца пад руку, адзежыну, выбягала да гаспадароў і лаяла дзядзьку, праз кожныя два словы называла яго панам домаўласнікам. Найчасцей мама абуралася, што дзядзька морыць голадам коней.
Цётка клялася, што гэта былі найлепшыя часіны ў яе замужнім жыцці, бо ў Яне ўпершыню паявіўся праціўнік, якога ён не асмельваўся набіць.
Мама з дзядзькам сюд-туд выказваліся, што яны думаюць адно пра адно. Яны папракалі адно аднаго ў сямі смяротных грахах. Варта ім апынуцца разам — усё роўна дзе, ці ў канюшні, ці ў хляве, дзе панура стаяла адна худая карова,— як яны пачыналі крычаць і лаяцца. Урэшце дзядзька звычайна заяўляў, што ад ідыёткі, якая выйшла замуж за Альберта Стэнмана, можна чакаць чаго хочаш.
— Мы з сястрою адна аднае вартыя; мабыць, трэба быць яшчэ большаю дурніцаю, каб выйсці замуж за домаўласніка,— адказвала мама.
У яе нібы д’ябал усяліўся
Іншы раз цётка пярэчыла маме, казала, што нават майму айчыму далёка да такога нягодніка, як яе муж.
— Табе б з ім пажыць,— адказвала мама.— Паглядзела б я, як табе было б соладка.
— Мая баба падышла б твайму Альберту, абое гультаі,— грымеў дзядзька.
— Сілы няма больш трываць,— жалілася мама.— Трэба шукаць другі куток. Да горада далёка, падра-
біць няма дзе, гэтак мы зусім з торбамі пойдзем. Нам з дзяўчынкаю скора не будзе на двор у чым выйсці.
Тады дзядзька мякчэў і супакойваў маму:
— Усё ўладзіцца, Гедвіг, на днях я атрымаю грошы, пачакай трохі.
Мама выбівалася з сілы, пынячы з цёткаю гаспадарку. Яна латала дзецям адзенне, даглядала жывёлу і птаства. У цёткі ўсё валілася з рук. Яна ўвесь час была ў нейкім сонным атупенні дый адвыкла ад вясковага жыцця. За дзесяць гадоў яна прывыкла да гарадскога ладу. Яна адвыкла адкладваць на чорны дзень, рабіць запасы. Яшчэ і цяпер яна нярэдка выпраўляецца за пяць кіламетраў у горад да ліхвяра Кале, каб закласці ў яго некалькі прасцін і на выручаныя грошы купіць прадуктаў у магазіне.
— У горадзе еш селядзец хоць кожны дзень, і нічога,— казала яна,— а на тутэйшых селядцоў нават глядзець агідна.
Я да гэтага часу не разумею, як мы ўсё-такі ўмудраліся перабівацца гэтыя два месяцы з сям’ёю ў адзінаццаць душ. Помню, што нам, дзецям, часта не было чаго есці, апрача аўсяных праснакоў, якімі кармілі коней. Іх замешвалі на мякіне і адходах. Мама напякала цэлую карзіну такіх праснакоў: возчыку нязручна было браць з сабою ў дарогу вялікі запас сена, бо яно займала вельмі многа месца, а карміць коней чыстым аўсом не хапала сродкаў.
Мама ўставала з самага ранку і ўвесь дзень шчыравала.
— He хачу быць у даўгу перад раднёю,— растлумачыла яна мне, калі я дзівілася, навошта яна гэтак завіхаецца, калі ёй усё роўна не заплацяць.
Мабыць, на ўсім белым свеце не знайсці другой такой трушчобы, як Хагбю. Гаварылі, што нейкі фабрыкант збудаваў тут дом сваёй палюбоўніцы. Калі палюбоўніца памерла ад сухотаў, ён занядбаў сядзібу. Але
дом не мог ператварыцца ў такую халупу толькі ад таго. што яго занядбалі. Відаць, палюбоўніца фабрыканта таму і захварэла на сухоты, што ёй давялося жыць у новым «палацы».
Мы жылі на другім паверсе. Дзядзькава сям’я — у трох убогіх, сяк-так адрамантаваных катушках, мы з мамаю — у асобным пакоі, без пліты, з адною толькі кафлянаю печчу, юшку ў якой мы ніколі не адважваліся адчыніць.
Зімою на паліва расцягвалі развалены хлеў.
На першым паверсе былі дзве вялізныя залы, якія засялілі пацукі і кажаны. У вялікім пакоі, дзе была колісь кухня, цётка мыла бялізну. Тут былі ў яе і кладоўкі.
Іншы раз у суботу да трох басякоў, якія жылі ў колішняй пральні, прыходзілі госці. Тады пад вечар у наш дом увальвалася дзіўная кампанія: п’яныя мужчыны і жанчыны, старыя жанчыны ў касынках, маладыя — у капялюшыках; яны шчоўкалі пальцамі, пасвіствалі, спявалі і ні мінуты не маглі пастаяць на месцы. Звычайна яны прасілі дазволу наладзіць у ніжніх «залах» танцы. Яны раней прасілі дазволу ў арандатара. За гэта яны плацілі пяць кронаў.
I тады ўсю ноч навылёт не сціхалі крыкі і валтузня, і ніхто з нас не мог заплюшчыць вачэй. Часта мы чулі вэрхал бойкі. Іншы раз грубы голас крычаў: «Я распару табе чэрава, д’ябал!» Тады, не паспяваючы нават зашпіліць пінжак, дзядзька кідаўся ўніз разбараняць басякоў.
He было выпадку, каб хто-небудзь з басякоў кінуўся на дзядзьку. Яны не частавалі яго гарэлкаю, ведаючы, што ён не п’е, і без пярэчання аддавалі фінкі і складаныя нажы.
— Шчасце, што Яне не п’е,— казала мама.
— Хай бы лепей піў. Тады б па крайняй меры ве-
дала, чаго ён здзекуецца з мяне і з дзяцей,— адказвала цётка.
I сёстры пачыналі доўгую спрэчку пра тое, які муж лепшы — злосны і пітучы ці злосны, але непітучы.
— Быў бы ён п’яніца, мне ўсё было б зразумела,— сцвярджала цётка, якая любіла яснасць і парадак ва ўсім, што не мела дачынення да дзяцей і гаспадаркі.
— А яшчэ лепей, калі муж і добры і непітучы,— гаварыла мама.