Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
памог прыйсці з могілак. А я ж гадавала яго з таго часу, як споўніўся яму месяц.
Бабуля расплакалася. Пасля смерці мужа яна першы раз плакала папраўдзе!
— Зразумей, Гедвіг,— усхліпвала бабуля, і яе старыя рукі дрыжалі,— калі б я не ўступіла ў гэты батальён, ён не памёр бы так рана. Мне даводзілася часта адлучацца, і ён павінен быў сам клапаціцца пра сябе. Ніколі не дарую сабе, што мяне не было дома, калі ён памёр. Падумаць толькі, я выправілася павяртаць вас на шлях правільны, нібыта богу патрэбны такія, як Альберт. Ах, калі б на небе быў бог, ён зрабіў бы так, каб бедныя старыя, такія, як мы, паміралі ў адзін час.
Мама суцяшала яе як магла, а я гладзіла вузлаватыя бабуліны рукі, сціскаючы іх у сваіх руках, каб яны гэтак моцна не дрыжалі.
Гэта быў ціхі незабыўны вечар. Бабуля была такая пакорлівая, нечакана памаладзелая і трошкі адчужаная. Мама таксама была добрая і ласкавая і нават сказала, што, калі б Альберт вярнуўся дадому, яна ўсё б яму даравала. Відаць, яе змякчыў суровы бабулін прысуд, якая сказала, што айчым нават богу быў непатрэбен.
Вечар быў халодны, зорны, снег блішчаў, на дварэ панавала цішыня. Здавалася, бура, якая пранеслася над хаткаю, замянілася вечным спакоем. Недзе каля паўночы мама гаварыла з бабуляю пра майго сапраўднага бацьку. Я слухала затаіўшы дыханне. Потым бабуля расказала пра аднаго добрага чалавека, якога яна сустрэла ў маладосці, але за якога не магла выйсці замуж.
— А цяпер я асталася адна-адненькая на старасці гадоў.
— Дзядуля цяпер у бога, і ты, бабуля, таксама пойдзеш да бога, калі памрэш,— рашуча сказала я.
— Блаславі цябе бог, дзіця,— ласкава прашаптала бабуля. Калі побач не было сёстраў з батальёна, яна не была бязбожніцай і не хацела блюзнерыць.
Зразумеўшы яе настрой, мама дастала псалтыр, падала яго мне і паказала, што чытаць. Я прачытала псалом «У вечнасць старац адышоў».
— Вось толькі цяпер і адбыліся сапраўдныя памінкі,— сказала бабуля, калі я кончыла чытаць.
Доўгая зімовая ноч ціха ішла за акном, агеньчыкі ў печы патухлі. Айчым так і не прыйшоў, і ўрэшце мы ўлегліся і заснулі.
Усё-такі ў нашай хаце праліліся горкія слёзы па нябожчыку.
Лютаўскае сонца асвятляла пабляклыя кветкі, намаляваныя сінькаю на сцяне печы. Мама траха не сцерла іх пыльнаю анучаю. Выязджаючы, яна хацела зрабіць у пакоі хоць сякі-такі парадак. Падлогу Вольга абяцала вымыць пасля. Усе нашы рэчы былі звалены ў кучу пасярод пакоя. Побач з намі, моршчачы мангольскі твар, пакручваючы канцы доўгіх вусоў і старанна прыладжваючы да верхняй дзясны шчопаць жавальнага тытуню, стаяў мой дзядзька — маянтковец Янсан. Летні загар яшчэ трымаўся на яго вострых сківіцах, злосныя вочы сюд-туд успыхвалі — дзядзька прыслухоўваўся да размовы. Гаспадар хутара гаварыў з мамаю.
На дварэ, запрэжаныя ў сані, стаялі дзядзькавы коні, худыя, злосныя, з вытырклымі рэбрамі. Нават жуючы сечку, падвешаную ў торбах да іх мордаў, яны не падымалі вушэй. Убачыўшы гэтых здыхляў, Элін з Кольмардэна не стала б плакаць ад зайздрасці. Затое дзядзька быў цяпер самастойным гаспадаром.
Уга, нялёгка выбіцца ў людзі. Дзядзьку абрьідала працаваць на другіх, атрымліваць капейкі і іншы раз цэлымі суткамі не злазіць з козлаў. Далёкія паездкі з таварам, бяссонныя ночы, кепская яда, няўдалыя коні, якія трымаліся на нагах толькі дзякуючы аглоблям. Дзядзькаў гаспадар быў чалавек адукаваны, з дыпломам. Калі ўжо яму не брыдка трымаць кепскіх коней, дык што казаць пра рабочага чалавека, які досыць набачыўся багатых, каб ведаць, якім шляхам яны здабываюць грошы,— а чаму б і яму не купіць у цыганоў jiapy старых здыхляў і добрую пугу і не працаваць на іамога сябе? Знайшлася вольная сядзіба. Яе ніхто не хацеў купляць. Пра яе хадзіла благая пагалоска: казалі, што там здараліся забойствы і самазабойствы і што там быў зладзейскі прытон. Ніхто не хацеў там жыць. Хата развалілася. Калі пачыналася сяўба, уладальнік сядзібы іншы раз прыязджаў з работнікамі. А калі ён сюды не зазіраў, усё зарастала пустазеллем. Гэту сядзібу дзядзька і ўзяў у арэнду. Плата за арэнду была невялікая: пяцьдзесят працоўных дзён.
— Чорт вазьмі, у мяне скора дзеці падрастуць,— гаварыў дзядзька.
Старэйшаму майму дваюраднаму брату споўнілася дзесяць гадоў. У сем гадоў ён ужо вазіў тавар разам з бацькам. Калясуючы па Вікбуландзе і Кольмардэне, ён засынаў проста на скрынках, а змучаныя, збітыя, худыя коні неслі яго ў Лінчэпінг, у Сёдэрчэпінг, у Фінспонг або Рэймірэ на вялікія штогоднія кірмашы. Дзядзька і жонка норчэпінгскага гандляра сукном, седзячы на козлах, вялі не зразумелыя хлопчыку размовы. Кірмашы звычайна наладжваліся ўвосень, калі наёмныя работнікі атрымлівалі разлік.
Іншы раз побач з дзядзькам садзіўся сам гандляр ці яго памочнік, з заўсёднаю пляшкаю ў руцэ. Амаль усе гандляры Норчэпінга пасылалі тавары на далёкія кірмашы.
Дзядзька гарэлкі не піў. За гэта і цанілі яго гандляры, якія пасылалі тавары на кірмаш. Зрэшты, дзядзьку і не патрэбна была гарэлка. Нешта другое сядзела ў ім і падганяла яго мацней, чым гэта магла б зрабіць гарэлка. Нейкая ліхаманкавая сіла гнала яго наперад. Ен біў людзей і коней, калі яны заміналі яму на дарозе.
Аднаго разу ён даў ногца п’янаму фурману, крыкнуў яму: «Не будзеш тырчаць на дарозе, боўдзіла!» Другім разам, па дарозе паміж Норчэпінгам і Сёдэрчэпінгам, ён скінуў з козлаў жонку багатага гандляра адзеннем: яна дужа многа выпіла. «Прайдзіся лепей рэшту дарогі, па крайняй меры працвярэзішся да хаты, асліца»,— сказаў дзядзька, хоць незадоўга да гэтага пасміхаўся з ёю і падпускаў лёстачкі. Ей давялося ісці пеша дваццаць кіламетраў. Ведама, яна працверазілася, пакуль дабралася дадому. Яе сустрэлі дзеці і служг.нка. Муж у гэты час ездзіў з другім вазаком на другі кірмаш.
У дзядзькі была благая слава, бо ён без дай прычыны лез біцца і здзекаваўся з жывёлы.
— Зрэшты, справа не ў гэтым, галоўнае — паспець у пару,— гаварылі гандляры і навыперадкі стараліся перахапіць яго ў вазакі.
— Натура ў яго паганая, нападае без папярэджання, не адгадаеш, калі яму ляйчына пад хвост пападае,— гэтак гаварылі пра дзядзьку.
Але, нягледзячы на такі нораў, нягледзячы на тое, што нельга было загадзя ведаць, якое слова яго зачэпіць, у працы на яго можна было паспадзявацца.
I вось ён стаіць у нашым дамку на раўніне і, тузаючы кончыкі вусоў, прыслухоўваецца да размовы. Мяне маміна гаворка з гаспадаром не цікавіць. Усю маю ўвагу забраў дзядзькаў твар. На гэтым твары ўсё адлюстроўваецца так выразна, так прывабна, што я не
магу адарваць ад яго ўвагі і спускаю з вока ўсё астатняе.
— А дзесяць кронаў? Падараваў я іх вам, ці што? — пытаецца гаспадар.
— Бярыце што хочаце з нашага барахла,— стомлена адказвае мама.
У дзядзькі ў вачах успыхвае агеньчык.
— А прадукты, якія даў я пад жалаванне, мука, гародніна?
— Мяшок з прадуктамі ў сенцах, я не збіраюся іх украсці.
— Там асталося меней за палавіну.
— Дык што я мушу рабіць? У мяне няма грошай. А надрывацца на мужчынскай працы я таксама не Mary. Ды вы і самі мяне не возьмеце. Рабіце што хочаце, я нічым не магу памагчы.
— Калі б ты пастаралася добра, Стэнман вярнуўся б дахаты,— не адступаўся гаспадар.
— Едзьце самі і ўгаварыце яго, калі можаце. Я вам дам адрас.
— Чорт вазьмі! Гедвіг, ці што, да цябе наймалася? Чуў, няма ў яе грошай.— Дзядзька ступіў некалькі крокаў наперад.
— Сціхні, Яне, не лезь не ў сваё. У нас быў добры куток, і гаспадар з намі жыў па-людску.
«Гаспадар» пасвятлеў і збіраўся сказаць нешта прымірэнчае — я гэта адразу адчула,— але дзядзька ўсё сапсаваў.
— Ты проста дурная, Гедвіг. Якой халеры ты траціш час на балбатню? Збіраешся ты ехаць ці не? Каціся ты, хлопец, адсюль ці памажы нам пагрузіць манаткі.
— Цябе дык я добра ведаю! — зазлаваўся селянін.
— Вунь як? А ты не брэшаш? Калі б ты мяне ведаў, дык даўно б вымеўся адсюль па-добраму, пакуль цэлы.
— У тваіх коней хрыбціны перабітыя. Цябе за адно гэта засудзіць могуць. Я вось пайду да ленсмана наконт Стэнмана, заадно скажу яму і пра цябе. Праклятыя валацугі, вось вы хто! Я вам пакажу, як ашукваць людзей! — Гаспадар бясстрашна стаяў на месцы, лаючы валацугаў і шэльмаў.
Дзядзька стаяў, тузаючы вусы.
— Яне,— з пагрозаю сказала мама,— Яне! He надумайся распускаць рукі. Гаспадар праўду кажа, увесь час ён са мною абыходзіўся па-людску. А цяпер ідзіце, прашу вас, пакуль ён не ўчыніў скандалу,— сказала яна, упрошваючы гаспадара.
Я папраўдзе заўважыла, як на доўгім худым дзядзькавым твары нешта задрыжала. Сухія доўгія пальцы яшчэ мацней затузалі канцы вусоў, а сам ён бліжэй падступіўся да гаспадара.
— Яне, падумай пра тое, што ты робіш! Я стукну табе па мазгаўні, калі пачнеш рабіць гадасць,— гразілася мама.— Ідзіце, богам прашу,— упрошвала яна селяніна.— Ідзіце. Хіба вы не разумееце, што гэта неразумна. Ідзіце да ленсмана, рабіце што хочаце, толькі ідзіце адсюль!
I тут дзядзька, нарэшце пакінуўшы тузаць свае вусы, пайшоў да дзвярэй, адчыніў іх, і мы ўздыхнулі былі з палёгкаю. Гаспадар не без гонару зірнуў на маму, напэўна, збіраючыся сесці і прадаўжаць размову. Ён стаяў каля мае канапы.
Але дзядзька вярнуўся, згроб гаспадара ў ахапак, вынес яго на двор і паставіў яго на снег побач з канём.
— Паспрабуй сказаць, што я цябе біў. Можаш цяпер сварыцца колькі ўлезе, у цябе час ёсць, табе спяшацца няма куды.
Мама зусім разгубілася, і я таксама. Дзядзька пачаў выносіць рэчы. Вольга не паказвалася.
Пастаяўшы некалькі хвілін на дварэ, гаспадар стаў зноў падымацца па лесвіцы. Пачуўшы яго хаду ў сен-
цах, мама адчыніла дзверы, але ён прыпыніўся каля Вольжыных дзвярэй, збіраючыся зайсці да яе.
— Адклалі б на другі раз. Скора абед, Карлберг вернецца і праз вас наб’е Вольгу,— злосна сказала мама.
— Га, га, га, такая птушка! Чорт вазьмі, ці не думаеш ты, Гедвіг, што яго самога нельга аддубасіць толькі таму, што ён даў табе дзесяць кронаў? — Дзядзька крычаў на ўсё горла, і Вольга напэўна чула кожнае слова.
— Я не ведаю, якая ён птушка, але ведаю, што Вольжын муж — раўнівы дурань, а гаспадар гэта ведае, і ён павінен быць асцеражнейшы,— сказала мама.
Гаспадар выйшаў, не адказаўшы ні слова.
Вярнуўшыся на абед, Карлберг памог грузіць самыя цяжкія рэчы. Дзядзька на кожным кроку сыпаў праклёны, ды такія з’едлівыя, што Карлберг рагатаў на ўсё горла. Мама і Вольга таксама не маглі стрымацца ад смеху. Я не разумела ўсіх мудрагелістых дзядзькавых выразаў, але таксама смяялася. У нас у хаце даўно ўжо ніхто не смяяўся. Але смех гэты, здавалася, абернецца слязамі.