Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
— Яе дзядзька збіў, глядзіце, вось у яе кроў,— умяшалася я і паказала на цётчыну спіну.
Але дзядзька толькі пакручваў вусы і ўсміхаўся, з вялікай цікаўнасцю паглядаючы на камвольную кофту, а камвольная кофта ўсміхалася, з вялікай цікаўнасцю паглядаючы на вусы.
— Што ты балбочаш, дзіця? — сказала кофта.—
Гэта дачка Гедвіг вечна меле лухту! Я ніколі не паверу, Янсан, каб вы маглі гэта зрабіць.
Цётка ачулася і села на падлозе.
— Што вы тут робіце, фру? — рэзка папыталася яна ў камвольнай кофты.
— Мяне сюды пазвалі. Мне сказалі, што вы хворыя, фру Янсан, што вы самлелі. А цяпер я пайду сабе.
— Дзіва што самлееш ад такога грубіяна.— Ага, адхапіла! Цётка цярпець не магла гаспадыню.
— Я ёй сказала, што дзядзька цябе набіў, а яна кажа, што я хлушу,— умяшалася я, сілячыся зашпіліць на спіне ліфік.
Mae цвердалобыя дваюрадныя браты стаялі, нічога не разумеючы, і толькі ікалі ад страху, хоць адзін з іх на два гады быў старэйшы за мяне. Яны, як і бацька, з захапленнем вытрашчылі вочы на камвольную кофту.
— Ідзіце адсюль, васпані. Зрэшты, Яне яшчэ не піў кавы, можаце падаць яму кубачак,— з’едліва сказала цётка гаспадыні.
Гаспадыня і дзядзька змаўчалі, бо побач стаяла суседка, у якой ад цікаўнасці нават паторгваліся бровы.
Гаспадыня пайшла дамоў, а дзядзька, нацягнуўшы рубашку, выправіўся на канюшню.
Увесь гэты дзень цётка была асабліва ласкавая са мною.
— Няшлюбныя дзеці заўсёды разумнейшыя і дабрэйшыя, не тое, што мае ёлупні,— заўважыла яна вечарам, расказваючы маме пра тое, што здарылася. Мама не жыла ў цёткі, яна толькі прыходзіла да мяне. Дзядзька паехаў у Сёдэрчэпінг на рынак і павінен быў вярнуцца не раней чым праз тры дні, так што ніхто не замінаў сёстрам нагаварыцца, колькі душа жадае.
— Прыставала б да халасцякоў, a то лезе да жанатых,сказала мама цётцы.
Яна, ведама, мела на ўвазе камвольную кофту. Я гэта добра зразумела, нездарма мне споўнілася шэсць гадоў.
Мама прамыла сінякі амікозам, які, як сцвярджалі тадышнія газеты, быў універсальным сродкам ад усіх хвароб, а потым зрабіла перавязку.
— Быццам дзікія звяры якія,— сказала яна.— Далібог, яшчэ падумаць трэба, ці варта выходзіць замуж.— Айчым быў па тым часе яе жаніхом.
I вось цяпер мы ішлі да цёткі. Мама несла пару чаравікаў, купленых у ліхвяра Кале, да якога цётка таксама не раз хадзіла з патрэбаю. У суботу яна выкупляла за дваццаць пяць эрэ святочны адзевак сваім нахлебнікам, а ў панядзелак зноў закладвала за тую самую суму.
На вуліцы, дзе жыла цётка, усё асталося як і некалі. Як і некалі, скрозь размыты снег прасвечваліся няроўныя камяні. Дошка, якая падпірала вароты, стаяла на тым самым месцы, а на дварэ, як звычайна, ляжалі кучы смецця. Прывязаная да воза худая карова рыкала ад холаду. Дый быў тут яшчэ платны заезны двор, дзе сяляне пакідалі свае пажыткі, ідучы ў горад. На вазах часта сядзелі іх жонкі, чакаючы сваіх уладароў, якія тым часам забаўляліся ў карчме «Іон-пі-дадна». Жонкі лічыліся часткаю сялянскага скарбу. Ва ўсякім разе, мужам не даводзілася плаціць асобна за тое, што яны сядзелі на вазах. Так сказаў аднаго разу дзядзька:
— 3 гэтага мужычча трэба было б браць асобна плату за тое, што іх бабы тырчаць на дварэ. Моташна на іх дарэмна глядзець.
Мне не раз даводзілася бачыць, як сялянкі плакалі, седзячы на вазах. Але ў гэты дзень на дварэ не
было ні душы, адны толькі падводы, смецце ды адзінокая чорная карова з мокраю ад снегу спіною.
Мама аставалася на дварэ, гледячы на вокны другога паверха атынкаванага дома.
— Нешта я не бачу старых фіранак. Мабыць, яна купіла сабе новыя,— сказала мама, кіруючыся да ўваходньіх дзвярэй.
У прахадной не было чуваць дзіцячага крыку. He відно было старога цётчынага раскладнога стала. На падлозе ляжаў новы дыван. Нясмела азіраючыся, мама пастукала.
Дзверы адчыніла чужая жанчына. Янсаны пераехалі.
— Божа мой, ды няўжо родная сястра фру Янсан нічога не ведае! Падумайце толькі! He, вы толькі падумайце! — і пайшла, і пайшла...
Высветлілася, што Янсан арандуе маёнтак Хагбю. Ён называе сябе цяпер — «маянтковец Янсан».
— Маянтковец? Што гэта яшчэ за выдумкі, халера на яго? — вылаялася мама, забыўшыся пра тое, што ў нас няшчасце і што мы купілі траурныя сукенкі.
— Ды ўжо не ведаю, так ён сябе называе. Да Хагбю адсюль недалёка.
— Я ведаю гэта сабачае логава. Розуму не дабяру, што ён там робіць. Там жа нельга жыць.
— Ён адладзіў пакой, купіў новую мэблю. У яго нават два кані, ён цяпер сам бярэ падрады.
Вось гэта навіна! Мы абедзве стаміліся, а да бабулінага дома ў Вільбергене так далёка.
— Ну, бывайце здаровыя, і дзякуй вам.
— Няма за што. Пайдзіце здаровыя!
Мы зноў выйшлі на двор, трошкі разгубленыя. Праўда, ногі ў нас сагрэліся, але хацелася есці. Мы доўга сядзелі ў ліхвяра, потым амаль гадзіну дабіраліся сюды. Да бабулі таксама было кіламетраў пяць... дый мы не ведалі, ці расчышчана дарога.
— Што ж, усё-такі давядзецца ісці — дазнаемся хоць, што ў іх там. Можа, яны ўжо пахавалі дзеда і справілі памінкі; хоць наўрад ці яны паспелі.
I зноў у маміным голасе прагучалі ноткі адчужэння, нібыта ёй было ўсё роўна, што дзед памёр, і ўвогуле ўсё роўна, што б ні здарылася. А ў тую ж ноч, седзячы ў адной кашулі, яна абдымала бабулю. Я добра помню вузлаватую бабуліну руку, якая, быццам сухі кавалак дрэва, ляжала на белым маміным плячы. Гэта было так хораша і мама тады мне была такая дарагая. Чаму яна раптам зноў стала такая? Хіба нябожчык дзядуля вінаваты ў тым, што айчым заклаў яе чаравікі ці што дзядзька пераехаў? Дый бабуля тут таксама ні пры чым. Мне ўвесь час шкада бабулю.
Тады яшчэ я не ведала, што значыць пачуццё агіды.
Мама сунулася па брудным снезе, і ўсё на свеце выклікала ў яе найвялікшую агіду.
— Хочаш есці? — папыталася яна.
— He, не хачу, пацярплю да бабулі.
Мы выйшлі за гарадскую заставу. Усё было засыпана снегам, але мы добра ведалі дарогу.
Двух гадоў не прайшло з таго часу, як мама амаль кожны вечар хадзіла гэтаю дарогаю да бабулі, каб ткаць у яе палавікі. Гэтыя палавікі ляжаць цяпер у дамку на хутары. Вольга цяпер такая адзінокая. Мама дала ёй ключ ад нашага пакоя, каб яна кожны дзень трохі прапальвала ў печцы. За гэта Вольга будзе браць сабе наша малако.
Дарогу, відаць, толькі што расчысцілі: снег быў утрамбаваны, стала лягчэй ісці.
— Праз гадзіну дабяромся,— сказала мама, паскараючы хаду.
Я не адставала ад яе. Хадзіла я добра.
— Мне трэба было б надзець яшчэ адны панчохі,
бо чаравікі звальваюцца, яны вялікія і натруць мне мазалі,— прыпыняючыся, сказала мама.
У мяне было якраз наадварот. Чаравікі былі мне малыя і ціснулі. Я ахвотна зняла б адзіныя свае панчохі.
Раптам недзе ззаду забомкалі званочкі, і, адвярнуўшыся, мы ўбачылі пару коней, запрэжаных у воз. Яны несліся на ўсю моц. Мы збочылі, даючы дарогу. Але, параўняўшыся з намі, падвода спынілася.
— Што за ліха, ды гэта Гедвіг! — пачуўся п’яны голас.
Гэта быў адзін з вазакоў, што жылі ў цёткі.
— Вы не ў Вільберген часам? Я ўчора бачыў Альберта, вы якраз паспееце на памінкі. Сядайце, падвязу.
На возе ляжалі мяшкі з вотруб’ем, якія трэба было завезці ў краму далёка за Вікбўланд.
Вазак паслужліва памог нам залезці на мяккія мяшкі. Ён быў пад чаркаю і спрабаваў абняць маму. Яна адбівалася, але так, каб не ўцвяліць яго: ён жа выручыў нас — нам не трэба ісці пяшком.
— Ну, ну, Франц, сядзі спакойна.
— Спакойна! Уга! Чым я горшы за Альберта? Ты, мабыць, не ведаеш, што ён ужо завёў сабе новую? Плюнь на яго, Гедвіг! Альберт сапраўдны паганец.
Ну вось, зноў пачынаецца!
— Добра, добра, усе чэрці з аднае шэрсці. Хопіць балбатаць, паехалі. Вязі нас у Вільберген, у краму ты ўсё роўна паспееш, а нам давялося доўга пяшком валачыся.
— А што я за гэта мець буду?
— У свекрыві ёсць каньяк,— сказала мама.
Коні рвануліся, пазвоньваючы шамкамі, нібыта пажарная карэта. Мы і азірнуцца не паспелі, як пад’ехалі да бабулінай хаты. Хата стаяла, як стаяла спрадвеку: на абодва бакі ад яе цягнуліся ўзгоркі, у садзе
рос куст бэзу, толькі цяпер сад быў засыпаны снегам, а трошкі воддалек стаяў вялікі хлеў.
Апошнія дваццаць гадоў свайго жыцця дзед даглядаў жьівёлу ў «гарадскога пана», як ён называў свайго гаспадара.
Многія лічылі, што апошні бабулін муж быў трохі тупаваты. Ён ледзь разбіраў літары, зусім не ўмеў пісаць, быў негаваркі. Людзі казалі, што бабуля карысталася яго дабрадушнасцю, што ён быў у яе «пад пятою» і яна яго кепска карміла.
Але я ніколі не чула, каб дзед з бабуляю сказалі адно на аднаго благое слова. Праўда, апошнія гады, калі дзед збіраўся на працу, бабуля не ўставала раніцаю, каб згатаваць яму яду. Але гэта раматус зрабіў з яе калеку, і ёй было вялікаю пакутаю вылезці досвета з пасцелі. У старых не было бляшанае печкі, такое печкі бабуля не хацела, бо ўсе чыгункі, якія асталіся ў яе з часу першага шлюбу, былі прыладжаны да пліты. Зімою, раніцаю, накарміўшы скаціну, дзед сам распальваў у пліце. Раней бабуля таксама ішла разам з ім даіць кароў, але, калі ёй стукнула семдзесят, яна кінула гэтую працу. Ёй было цяжка згінаць калені, садзячыся на нізкі заслончык, а калі і садзілася, у яе не было сілы ўстаць. Замест гэтага яна ўзялася ткаць, бо лаўка ў кроснах была высокая і зручная. Суседкі часта гаварылі пра бабулю ўсялякую гадасць, зайздросцячы, што ў яе такі памяркоўны муж. Тры гады запар бабуля па два месяцы лячылася водамі ў Сёдэрчэпінзе ад свае хваробы.
— Адзін стары пыніць гаспадарку,— пляткарылі суседкі.
— Ніякай хваробы ў яе няма. Адпачынак патрэбен болей старому, чым ёй.
Бабуля сама лічыла, што ў цёплую летнюю пагоду можна ляжаць і аблівацца вадою і дома. Вось зімою
напраўду добра было б паехаць куды-небудзь, дзе цёпла.
— I ўсё ж табе стала лягчэй, Софі. Табе на карысць трошкі праветрыцца,— казаў лагодны стары.
I вось ён памёр. Хто ж будзе цяпер паліць у печы? Хто будзе памагаць старой зашпільваць спадніцу і зашнуроўваць чаравікі? Скурчаныя пальцы не хочуць яе слухацца. Як яна будзе цяпер жыць? Мама ўсё гаварыла пра гэта, пакуль мы несліся па снезе. Вазак сюд-туд адварочваўся да нас і жартаваў з мамаю.
Мы спыніліся проста перад кустом бэзу. На дварэ стаялі ночвы з бялізнаю, а побач — вялізны чыгун, над якім клубілася пара.