Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Біблія стаміла мяне, у ёй было занадта многа звадаў і праклёнаў. Зусім як у парабкоўскіх сем’ях. Я сумавала па прыгожым, спакойным свеце, дзе пахнуць кветкі і жывуць прыветлівыя людзі. А царства нябеснае ў апісанні прарока было такое самае дурное, як яго праклёны і ўяўленні.
Усё ў хаце перамяшалася. Мама толькі хадзіла туды-сюды, удзень і ўночы. Прайшло ўжо тры дні, але айчым не вяртаўся. Камякі снегу падалі ўсё гусцей і гусцей. Дарогу, як скінуць вокам, занесла снегам. Ніхто не ехаў па ёй у наш бок.
На трэці дзень завітаў гаспадар.
У роце ў яго тырчала люлька, усё адзенне прапахла тытунём. Мне вельмі падабаўся гэты пах. Сам гаспадар быў маленькі, гладка выбрыты чалавечак з маленькаю галоўкаю, якою круціў ён ва ўсе бакі, нібыта сарока. Ён зусім не быў падобны на селяніна. Гаварыў ён хутка, адрывістымі фразамі і ўсё круціў і круціў галавою.
— Як ты думаеш, Гедвіг, вернецца ён сёння вечарам ці... А! Чытаеш беблію? (Ён так і сказаў «беблію».) Што ж, можа, змалку яно і лепей... Калі Стэнман не прыедзе, дык я не ведаю... Ты хіба не збіраешся на пахаванне, Гедвіг? Дарога кепская... Нялёгка дабрацца да станцыі.
Ён сеў і, трохі памаўчаўшы, зноў загаварыў пра тое, дзеля чаго прыйшоў да нас.
— Значыць, па-твойму, ён вернецца да вечара? А, Гедвіг?
— He, па-мойму, не вернецца,— цвёрда адказала мама.
— Як? Па-твойму — не?
— Па-мойму, не. У яго, відаць, пачаўся запой, іначай ён пазваніў бы. 3 ім гэта бывае, няма чаго грэх таіць.
— Так я і думаў. Але ж ён парабак, як жа ён дазваляе сабе такое? У нас жа ёсць закон. I парадак...
— Што ж я магу зрабіць? Я вам кажу, што думаю. Мне самой патрэбны дровы — без яго мне іх не назапасіць. He ведаю, што рабіць і што чыніць. Мне трзба было б памагчы свекрыві ў горадзе, яна зусім старэнькая. Альберт павінен быў вярнуцца ўчора і прывезці
мне чаравікі, сваіх у мяне няма. Але цяпер усё пайшло шыварат-навыварат. Варта яму трапіць у горад і сустрэць сабутэльнікаў, як адразу траціць розум. Калі ён ад’язджаў, я адчувала, што так яно і будзе.
Гаспадар памаўчаў. Насуперак майму чаканню ён не зазлаваўся. Ён задуменна паглядзеў на маму, падняў бялявыя бровы амаль да самых валасоў, падышоў да мамы і шэптам, быццам баючыся нечага, сказаў:
— Ведаеш, Гедвіг, у мяне розныя людзі жылі, але такіх акуратных, як вы, на хутары ніколі не было. (У мяне сэрца заскакала ад радасці.) Я хачу вярнуць Стэнмана, і цябе мне не хочацца адпускаць. У цябе ў хаце — як у панскіх пакоях. Да станцыі ты дабярэшся і ў старых чаравіках, а там купі сабе пару новых. Я дам табе наперад дзесяць кронаў, я ведаю, што ты вернешся і прывязеш Стэнмана. Па-мойму, будзе лепей, калі сама ты па яго паедзеш. Заадно паможаш свекрыві. Яна таксама, відаць, паважаная кабета. Можа, і спадчына якая вам астанецца,— дадаў ён; ён гаварыў з мамаю зусім як з роўнаю.— Гэтак мы дабром і зробім. Шкада, што здарылася гэта адразу пасля каляд. Работнікі яшчэ не працверазіліся пасля свята, іх... як гэта сказаць... цягне пахмяліцца. А калі хочаш, заўтра Карлберг завязе цябе на станцыю, а ты потым пазвоніш і раскажаш, як справы. Я на першым разе не хачу скардзіцца ленсману, але ты настраш Стэнмана. Скажы, што, калі не будзе выконваць сваіх абавязкаў, яго могуць аддаць пад суд.
Папраўдзе, мне падабаўся гаспадар. Ён моўчкі чакаў адказу.
— Вялікі дзякуй,— сказала мама.— Я вам вельмі ўдзячная, пастараюся так і зрабіць. Толькі чуе маё сэрца — Альберт загуляў, цяпер з ім не так проста зладзіць.
— Нічога, яны ўсе баяцца ленсмана. Настраш яго добра. Значыць, дамовіліся, заўтра ты едзеш.
Гаспадара я ўпадабала, асабліва за гэтыя словы наконт ленсмана: што трэба настрашыць айчыма. Але ў мяне было такое прадчуванне, што мама не настрашыць яго так, як трэба было б.
— Пасадзіць бы вас абаіх за краты! — крычала яна не раз, калі айчыма аб’яўлялі бацькам дзіцяці якой-небудзь фабрычнай работніцы, але не прыводзіла свае пагрозы да выканання. Таму цяпер ёй цяжка было чым-небудзь настрашыць айчыма.
Развітваючыся, селянін падаў нам абедзвюм руку. Мы чулі, што ад нас пайшоў ён да Вольгі і вельмі доўга быў у яе.
Перад прыходам Карлберга да нас зазірнула Вольга і сказала, што ёй трэба пагаварыць з мамаю.
Мама выйшла ў сенцы. Яна вярнулася злосная.
— Калі Карлберг папытаецца, ці заходзіў гаспадар да Вольгі, скажы, што не чула,— заявіла яна. (На твары ў мяне, мабыць, адбілася здзіўленне.)— Нічога тут страшнага няма. Ты ведаеш, які Карлберг шалёны. Вольга прасіла, каб мы яму не гаварылі.
Я ўспомніла калядны вечар, успомніла, як Карлберг выплюнуў тытунь на фіранку, якая першы раз паявілася ў іх у пакоі, і вырашыла маўчаць. Але ўсётакі дарослыя несправядлівыя. Калі хлусіш, каб самой выблытацца, яны сварацца, а калі трэба выручаць іх, цябе іншы раз за тваю хлусню яшчэ і цукеркаю пачастуюць. Але ў гэтым выпадку я павінна была схлусіць, я ж чула, як гаспадыня казала, што Карлберг некалі абавязкова заб’е Вольгу.
Амаль усю ноч мама збірала і складвала рэчы, разагравала прас і гладзіла. Чорнай сукенкі ў яе не было. Калі мама вянчалася, яна пазычала су-
кенку ў сяброўкі. Таму цяпер яна падрыхтавала цёмную блузку і чорную спадніцу. «На пахаванне добра ў гэтым»,— сказала яна. Мая сукенка з шатландкі ў чырвоную клетку не гадзілася на такую нагоду, але мне давялося надзець яе ў дарогу, хоць, меркавала мама, і ў дарогу не след выбірацца ў такіх строях, калі ў цябе гора. (Шчыра кажучы, я меней за ўсё думала пра тое, што дзед памёр. У мяне было вельмі цьмянае ўяўленне пра смерць.)
— Прыедзем у горад, зазірнём да ліхвяра: можа, удасца дастаць табе чорную сукенку і чаравікі.
Я вельмі радавалася нашай паездцы. Усё будзе так урачыста. Пахаванне. Адзетыя ў чорнае, убраныя людзі. Смачная яда. У горадзе, калі хто-небудзь памірае, перад дзвярыма раскідаюць яловыя лапкі. Але мама чамусьці ані не радавалася, а толькі ўздыхала, збіраючы рэчы. Раптам яна выцягнула са скрынкі псалтыр.
— Табе давядзецца чытаць гэты псалом,— сказала яна.— Вывучы яго.
Было ўжо позна, я стамілася, але ўсё-такі давялося вучыць. Гэта быў псалом з нагоды смерці старога чалавека.
Мама заўсёды ведала, што трэба рабіць пры любых абставінах.
Цягнік адыходзіў толькі ў палавіне восьмай раніцы, але мы выехалі з дому ў палавіне пятай. Снег укрыў зямлю шчытным дываном, і конь ледзь перастаўляў ногі. Карлберг паганяў яго, асыпаючы праклёнамі. У санях у яго ляжала лапата, якою разграбаў ён гурбы снегу, калі ехаць было зусім немагчыма.
У кашальку ў мамы схавана было шаснаццаць кронаў: шэсць кронаў асталося ад прададзеных стужак, а астатнія дзесяць гаспадар перадаў цераз Карлберга, каб мама купіла на станцыі чаравікі. Дзве кроны, якія мама яшчэ да свята зберагла на «ўсякі выпа-
дак», аддалі парабчанцы, якая ўзялася даіць кароў за маму, пакуль мы будзем у ад’ездзе.
Мы ледзь сунуліся наперад. Снег валіў без перастанку.
— Цяжка табе будзе назад у дарозе,— паспагадала мама Карлбергу, які не раз ужо злазіў з саней, каб расчысціць каню дарогу.
— Што зробіш! Галоўнае — паспець да цягніка, a не дык увесь дзень праседзіце вы ў пачакальні. Туды ідуць толькі два цягнікі.
Карлберг зноў і зноў расчышчаў дарогу, пот градам каціўся ў яго па лобе, а конь выцягваў сані са снегу. Некалькі мінут мы ехалі па роўнай дарозе, а потым зноў перад намі вырастала гурба.
Мама гаварыла з Карлбергам, але звон шамкоў не даваў мне разабраць словы. Толькі як конь спыніўся, я пачула, як Карлберг, нахіліўшыся да мамы (ён кіраваў, седзячы ў санях ззаду), папытаўся:
— Гедвіг, ты можаш пабажыцца, што гаспадар не быў учора ў Вольгі? Я даю галаву наадрэз, што ён быў. Я яго па паху чую, я ж ведаю яго тытунь.
Я замерла ў напружаным чаканні: няўжо мама паклянецца? Хлуслівая клятва —• гэта ж так страшна. Але, з другога боку, яна ж абяцала Вользе...
— Бажыцца я не буду, я гаспадара не пільную, але мы не чулі, каб ён заходзіў да вас, праўда, Міа? Хіба гаспадар учора пайшоў ад нас да Вольгі?
Карлберг недаверліва глядзеў на маму, калі яна павярнулася да мяне. Сані ўперліся ў гурбу, а конь нецярпліва азіраўся, чакаючы фурманавай дапамогі.
— Не-е, не чула. Ён адразу пайшоў дадому.
Карлберг болей нічога не сказаў. Мама глядзела некуды ўдалечыню, пакуль ён раскідаў снег і вёў каня цераз гурбу. Пачынала світаць, мяцеліца адразу сунялася. Карлберг зноў залез у сані.
— А ён не заходзіў да яе перад тым, як прыйшоў
да вас? Ты не чула, Міа? — папытаўся ён, сцябаючы каня.
— He, не заходзіў. Ён прыйшоў да нас увесь у снезе, мама яшчэ памагала яму атрэпацца,— дасціпна адказала я.
Карлберг, мабыць, супакоіўся. Дзеці ж не хлусяць. А мама глядзела ўсё ўдалечыню, пазбягаючы майго пагляду.
Калі мы нарэшце прыехалі на станцыю, да адыходу цягпіка аставалася яшчэ паўгадзіны.
— Гаспадар хацеў, каб я купіла чаравікі на станцыі, але я пачакаю да горада. Я куплю іх танней у ліхвяра Кале. Ты гэтак і скажы гаспадару, калі папытаецца,— растлумачыла Карлбергу мама. Яна дала яму крону.— Купі што-небудзь сваім.
— Табе самой патрэбны грошы, Гедвіг, я не магу ўзяць іх у цябе.
— Бяры, бяры, купі што-небудзь, я заўсёды змагу раздабыць сабе крону. I не думай благога пра Вольгу. У мяне ніколі не было такой слаўнай суседкі.
Карлберг завярнуўся і паехаў дадому, а мы пайшлі ў пачакальню. Мама ледзь ішла ў стаптацых чаравіках. У мяне на туфлі былі нацягнуты шкарпэткі. Гледзячы на мае ногі, можна было падумаць, што ў мяне слановая хвароба.
На вакзале ў Норчэпінзе мама зняла з мяне шкарпэткі. Помню, якімі жаласлівымі паглядамі праводзілі мяне прахожыя, калі я ішла па снезе ў туфлях. Мы з мамаю вырашылі, што іх жаласць дурная і нікому не патрэбная.
— Прыдуркі,— сказала мама.— Палюбаваліся б на саміх сябе.
Я фарсіла ў новай зялёнай кофце і лічыла сябе даволі прыбранаю як на іх стары горад.
Падарожжа падбадзёрыла маму. Вочы ў яе блішчалі, яна выпрасталася і, нягледзячы на збітыя аб-
цасы, ішла бадзёра. Ногі ў нас абедзвюх прамоклі, бо сцежка, па якой мы ішлі, была засыпана брудным снегам. Але ж мы не прывыклі трымаць ногі ў цяпле. У той час парваныя чаравікі былі не навіною простаму люду. He мы адны мясілі прамоклымі нагамі снег.
Калі маму апаноўваў такі настрой, я заўсёды ведала, што мяне чакае што-небудзь радаснае.