Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Выправіўшыся па маму, я знайшла яе ў Вольгі. У абедзвюх былі сур’ёзныя твары. Вольга адмыла фіранку і зноў павесіла яе на акно. Яна выскрабла і вымыла падлогу ў пакоі і ўвесь час, пакуль жыла ў нас бабуля, пакорліва насіла сукенку, якую ёй падарыла мама. Праўда, стараннем малога сукенка стала вельмі паношаная на выгляд.
— Падумаць толькі, яна стала набожная на старасці. Вось і разбяры гэтых старых. Калі Міа паглядзіць малога, я збегаю ў краму. Можа, мне дадуць напавер трохі цукру і кавы, я скажу, што гэта вам, мне яны напавер не даюць, а вам дадуць, яны думаюць, што ў вас ёсць грошы. Яны бачаць, што Стэнман такі чысты і дагледжаны.
Мама не магла стрымацца ад усмешкі.
— Ну іпто ж, хай думаюць, калі хочуць. У мяне напраўду ёсць дзве кроны, толькі я баюся іх траціць. Баюся астацца зусім без грошай, ці мала што можа здарыцца,— сказала яна.
Да гэтага часу не магу зразумець, навошта яна берагла гэтыя дзве кроны. Можа, каб заплаціць доктару, калі спатрэбіцца. Але доктар бярэ пяць кронаў.
— Як толькі Карлберг прыйдзе, я схаджу ў краму.
Ты ўбачыш, у нас мігам запахне кавай, і твая свякроў перастане бурчаць.
— Хадзем, мама. Бабуля так расстроілася, яна сядзіць і плача.
— Даруй мне дзеля Хрыста, Гедвіг, я не павінна была так гаварыць.
— Я дарую вам без ніякага Хрыста, калі тут ёсць за што дараваць. Вы самі павінны разумець, не мая віна, што дзеці паміраюць. Пакуль я здаровая, ніхто ў мяне не галадае і не жыве ў брудзе. Я клапачуся пра сваю хату,— з прыціскам сказала мама.
Я вырашыла, што мама грубіяніць бабулі.
Мама памаўчала трохі, а бабуля сядзела з няшчасным выглядам.
— А цяпер скажыце, ці збіраецеся вы купляць у мяне стужкі? Мы працавалі цэлую зіму, мне трэба падрабіць, вы самі ведаеце, як жыць у вёсцы, а Альберт і не думае эканоміць, траціць усё, што трапляе яму ў рукі. Калі вам стужкі не патрэбны, тут ёсць старая цётка, якая іх купіць. Самой мне шыць няма дзе, хоць гэта было б вельмі дарэчы,— заявіла мама, не звяртаючы ўвагі на тое, што бабуля яшчэ не супакоілася.
— Старая цётка? — паўтарыла бабуля. Падбародак у яе калаціўся.— Ты хочаш прадаць іх цётцы? Мілая Геда...
Калі бабуля хвалявалася, яна заўсёды называла маму «Гедаю». Айчым гаварыў «Геда», калі заводзіў чарговую палюбоўніцу. Тады «Гедвіг» знікала, а паяўлялася будзённая «Геда». Так маглі называць якуюнебудзь вясковую бабу: нейкая там Геда, якая абмывае, абшывае, прыбірае і час ад часу нараджае дзяцей. Бабуля, праўда, лічыла, што «Геда» на слых гучыць харашэй, чым Гедвіг, але ўсё-такі гаварыла «Геда» толькі ад рассеянасці, бо мама не любіла, калі яе так называлі.
— Мілая Геда, якая цётка? Я ж сказала, што сама забяру анучы.
— Значыць, вы іх купіце,— упарта паўтарыла мама.
Старая патэпала па сваю сумку, накшталт невялічкага чамадана, і выняла адтуль дзесяцікронавую паперку.
— Вазьмі, Геда.— Яе вузлаватыя рукі калаціліся, быццам ёй было агідна дакранацца да грошай.— Вазьмі, Геда. Ды прыйдзе няхай хутчэй царства Ісусава, ды збавіць нас ад грэшных грошай, ды настане дзень, калі мы будзем памагаць адна адной, як сёстры... Вазьмі ж іх.
— Тут занадта многа, бабуля, але я адраблю,— сказала мама і, узяўшы бабулю за руку, падзякавала ёй.— Толькі не варта праз гэта называць мяне Гедаю. Без грошай не абыдзешся, бабуля, нават калі на зямлі стане трошкі лягчэй жыць. У чаканні лепшага часу без іх не пражывеш. Крамніку мала імя божага, яму трэба яшчэ сёе-тое.
Відаць, мама вельмі зазлавалася: ніколі раней яна не гаварыла з бабуляю так сурова.
Вольга выправілася ў краму, прыхапіўшы дзесяцікронавую паперку. Дзякуючы гэтай аўтарытэтнай паперцы ёй удалося ўзяць прадуктаў напавер і сваёй сям’і. Як яна і абяцала, па хаце імгненна разышоўся пах кавы. Але мама не павесялела. Я разумела, што ёй не па душы той спосаб, якім яна атрымала грошы ў бабулі.
Бабуля сядзела на канапе і моўчкі наразала стужкі авечымі ножнамі, пазычанымі ў гаспадара. Вузлаватыя бабуліны пальцы не ўлазілі ў вушкі звычайных нажніц.
Мама падпражыла на пліце кававых зярнят, і мы
выпілі па кубачку смачнай натуральнай кавы, а потым я занесла вялікую бутлю кавы айчыму і Карлбергу, якія веялі ў гумне збажыну.
Бабуля пражыла ў нас цэлы тыдзень пасля Новага года. Кожны вечар яна спявала псалом і казала малітву.
Што б там ні стала яна хацела маліцца на каленях, але ёй было не пад сілу апускацца на падлогу і потым падымацца самой — айчыму даводзілася ёй памагаць. Таму станавілася яна на калені толькі тады, калі айчым быў дома, а ён не мог ёй не памагчы.
— Станем на калені перад богам, Альберт,— часта гаварыла бабуля.
Мне і маме яна не адважвалася гэта прапаноўваць з таго дня, як я папрасіла яе не маліцца ўголас, а мама заявіла, што бабуля не павінна называць яе Гедаю.
Айчым таксама ніколі не станавіўся на калені. Я адчувала, што бабуля злуецца на нас з мамаю. Ёй, мабыць, хацелася, каб мы выходзілі з пакоя, бо, лічыла яна, калі б нас не было, Альберт бы яе паслухаўся. Мама таксама гэтак думала.
— He трэба замінаць ім,— сказала аднаго разу мама, калі мы былі з ёю ў падпавеці.
Але аднаго разу, калі мама даіла кароў у кароўніку, а айчым пайшоў у канюшню, я расказала бабулі пра жыхароў кольмардэнаўскай хаціны і пра вандраванні Хрысціяніна.
— Ах, бабуля, калі б ты ведала, які прыгожы ў іх бацька. Ён падобны... Ён падобны на Аладзіна.
— Хто такі Аладзін?
— Гэта такі чалавек, у яго была лямпа, ён яе пацёр, тады паявіўся дух і выканаў усе яго жаданні.
— Значыць, Аладзін быў вядзьмар, а той, хто чытае пра Хрыста, не можа быць ведзьмаром.
— Ён чытаў не пра Хрыста, а пра Хрысціяніна. Чалавек, які вандраваў, называўся Хрысціянінам, і ён паехаў у даліну адчаю. Пра гэта павінна быць напісана ў бібліі, толькі я ніяк не магу знайсці.
Бабуля доўга задумаўшыся маўчала.
— Ты прачытала ўсю біблію?
— He, не ўсю. Дзя... не, тата з мамаю злуюцца, калі я чытаю біблію.
— Злуюцца? Беднае дзіця! Чаму ж ты раней мне не сказала? Беднае, беднае дзіця! А не казаў табе гэты чалавек, дзе сказана ў бібліі пра вандраванні Хрысціяніна? Можа, гэта апостал Павел?
— He, гэта не Павел, пра яго я чытала, ён такі маркотны.
— Хай даруе табе бог, дзіця, ён жа любімы вучань госпада нашага.
— А адкуль ты гэта ведаеш, бабуля? Дзе напісана, што ён яго любімы вучань?
— Дык жа... дык жа ён быў язычнікам, а потым перавярнуўся.
— А я адзін раз дала на язычнікаў пяць эрэ.
— Павел быў не такі язычнік. Яму вельмі цяжка было выратавацца, бо ён пакланяўся другім багам.
— У гэтых язычнікаў таксама былі другія багі. Настаўніца расказвала, што ў іх драўляныя ідалы і жывуць яны ў Кітаі, у Афрыцы і ў іншых мясцінах.
— Дзе іх толькі няма,— уздыхнула бабуля і зноў задумалася.
— Ты чытала Адкрыццё Святога Іаана?
— He, а хіба пра гэта ёсць у бібліі?
— А як жа, дай мне біблію, я табе пакажу. Мусіць, там якраз і напісана пра вандраванні Хрысціяніна, бо гэтую кнігу вельмі цяжка зразумець.
Я дастала біблію. I з таго дня, пакуль бабуля
аставалася ў нас, васьмілінейная лямпа заўсёды гарэла ў той час, калі мама ішла даіць кароў. Бабуля падсаджвалася бліжэй да лямпы і разгортвала біблію.
Я паказвала раздзелы, якія ўжо прачытала, і прызналася, што не магла адолець кнігі Дзён.
— Значыць, ты не ведаеш Ісусавага радаслоўя,— сказала бабуля.
Я прамаўчала. Ісусава радаслоўе мяне зусім не цікавіла. Я хацела болей дазнацца пра вандраванні Хрысціяніна.
— А кнігу Іова ты чытала?
— Чытала, але гэта сумна, і прарокі ўсе такія злосныя, а Навухаданосар еў траву, а Данііл гародніну і стаў тоўсты і тлусты, а гэты, які сядзеў у печы, мама думае, што ён намазаўся нечым і таму агонь яго не зачапіў.
— Дзіця маё! У бібліі трэба шукаць бога! Мабыць, твая мама правільна робіць, табе няма чаго чытаць біблію!
— Бабулька, любая, я буду думаць пра бога. Прачытай мне пра Іаана. Бабулька, дарагая, не кажы маме, што мне няможна чытаць гэта: яна хоча выкінуць біблію. Бабуля, я буду маліцца кожны вечар.— I для большай пераканальнасці я ўрачыста прадэкламавала вячэрнюю малітву.
— А ты абяцаеш станавіцца на калені і ўголас чытаць малітву?
— Мама зазлуецца, яна кажа, што хто моліцца ўголас пры людзях, той прыкідваецца. Яна кажа, што, калі ты нешчаслівы і не ўмееш маліцца цішком, ты павінен пайсці куды-небудзь і там моцна заклікаць бога.
Выгляд у бабулі быў засмучаны. У сенцах пачуўся тупат, і яна з не меншай паспешлівасцю, чым я, паклала біблію на месца. Увайшлі мама з айчымам.
Калі мы паелі кашы з жытняе мукі і запілі яе малаком — любімым бабуліным прысмакам,— айчым памог бабулі стаць на калені з такім выглядам, быццам апускаў на зямлю нешта вельмі цяжкае. Мама, здавалася, таксама хмурная. Я падумала, што ў іх залішне сярдзіты выгляд, і ўва мне прачнуўся дух пярэчання. Мне раптам стала шкада бабулю. Я падышла да крэсла, на якое яна паклала скрыжаваныя рукі, і, укленчыўшы каля яе, моцна і выразна праказала вячэрнюю малітву, не думаючы, вядома, ні пра тое, ці будзе мая малітва пачута, ні пра самога бога, а проста жадаючы паказаць, што я на бабуліным баку. Бабуля спалохана паглядзела на мяне і перастала маліцца.
Hi мама, ні айчым не вымавілі ні слова. Яны сядзелі, нібы два драўляныя ідалы, не звяртаючы ўвагі ні на мяне, ні на бабулю. Выгляд у іх быў вельмі дзіўны.
Толькі кладучыся ў пасцель, бабуля сказала дрыготкім голасам:
— Я не прасіла дзяўчынку, яна сама.
Айчым хацеў нешта адказаць, але мама кінула на яго перасцерагальны пагляд. Я падумала, што трымаюцца яны па-дурному, але спалохалася. Ну што я страшнае зрабіла? Я ж ведала, што мама іншы раз моліцца, я чула, як яна шэпча нешта сама сабе, але пасля малітвы твар у яе заўсёды хмурнеў, быццам яна раскайвалася ў тым, што малілася, быццам яна адчувала сябе прыніжанаю ці шкадавала страчанага часу. Але мне яна часта гаварыла, што я павінна казаць вячэрнюю малітву.
— Па крайняй меры гэта прымушае цябе думаць пра другое,— дабаўляла яна.
He ведаю, што яна пры гэтым мела на ўвазе, бо ўвогуле яна ніколі не растлумачвала, чым, паводле яе меркавання, заняты мае думкі.
Я часта малілася прыдумляючы свае словы.
— Ты не молішся, а папрашайнічаеш,— гаварыла мама.— Глядзі, не стань папрашайкаю. Гэта, відаць, у нас у родзе — твая прабабуля, а мая бабуля, хадзіла па хатах з торбаю, хоць і была замужам за селянінам. 3 ёю нічога нельга было зрабіць. Такая была ў яе звычка, бо ў жылах у яе цякла цыганская кроў. Ніколі не папрашайнічай, у цябе няма ў гэтым ніякой патрэбы. I асабліва асцерагайся папрашайнічаць у бога.