Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Яна нават не зірнула на ёлку, хоць на ёй былі прыгожыя зоркі з фольгі, два зялёныя яблыкі, дзесяць ледзянцоў у паперках і гэтулькі ж маленькіх свечак.
— Ну, даволі, вечар вялікі, піце, мы паспеем памаліцца, калі вернецца Альберт,— сярдзіта сказала мама; і бабуля маўкліва пакарылася.
He, ніколі не бывае так, як табе хочацца.
Спачатку гэты брыдкі выпадак з Карлбергам, які буяніў, быццам у яго чорт усяліўся, а цяпер вось гісторыя з бабуляю. I гэта было яшчэ горай, бо Карлберг заўтра зноў стане добры, а малітвы і ўсялякая іншая лухта будуць прадаўжацца. Што гэта зрабілася з бабуляю?
— Яна дзяцінее,— шапнула мне мама.
— Дзеці не бываюць такія дурныя,— фыркнула я. Мы стаялі ў сенцах, прыслухоўваючыся, ці не ідзе айчым. Але ён не вяртаўся.
Ён не вярнуўся і да ночы. Бабуля чакала, чытаючы малітвы. Мама паслала пасцелі, мы спехам павячэралі, і бабуля ўлеглася на ложку. Мама з айчымам павінны былі спаць на маёй канапе, а я на падлозе.
У ложку бабуля доўга малілася, мы з мамаю моўчкі слухалі. У Карлбергаў было ціха. Вольга таксама не прыходзіла дахаты. Няўжо тутэйшыя людзі заўсёды трацяць розум у калядную ноч?
Нарэшце бабуля заснула.
Тады мама апранула мяне, ухуталася сама, і мы па снезе пусціліся да гаспадаровага дома. Было ўжо адзінаццаць гадзін.
Гаспадароў мы засталі дома. Гаспадыня была такая ласкавая.
— Ну але, Стэнман прыходзіў, выпіў каньяку, закусіў бутэрбродам, пачаставаў нас сваёю гарэлкаю; але гэта было ўжо даўно, ён, мусіць, зайшоў яшчэ некуды.
— А Вольгі вы не бачылі?
— А як жа! — гаспадыня паказала вачыма наверх.— Вольга заўсёды спіць тут, калі Карлберг нап’ецца. Вольга, ведаеце, у дзеўках дазволіла сабе лішняе, дык Карлберг, напіўшыся, заўсёды ёй пра гэта і напамінае. Ён проста дурэе, ён нават гаспадара вінаваціць у сямі смяротных грахах. Працвярэзіцца, дык адумаецца, але ж, папомніце маё слова, будзе бяда. Калі-небудзь ён вернецца п’яны, Вольга не паспее ўцячы, і ён заб’е яе, вось убачыце.— Гаспадыня ў гэта цвёрда верыла.
— Нічога не скажаш, вясёлае выйшла свята.
— Што зробіш, у нас заўсёды гэтак, трэба ж ім раз на год ад душы павесяліцца. Ці не хочаце шкляначку глінтвейну? — прапанавала гаспадыня.
— Дзякуй, нам трэба дахаты, да нас на каляды прыехала свякроў,— сказала мама.
Мы выправіліся да канюшняў. Ноч выдалася хмарная, але было светла ад снегу, і мы добра бачылі дарогу. Каля варотаў у кароўнік мама прыслухалася. Там стаяла цішыня, якая парушалася толькі лёгкім сапеннем і ўздыхамі кароў. Перад варотамі ў канюшню мама прыслухоўвалася доўга. Я нічога не чула, апрача стуку капытоў, але мама, ціхенька прачыніўшы вароты, сказала:
— Ён валяецца там. Мусіць, добра налізаўся, п’яны, як свіння! Хай валяецца, можа, спруцянее ад хо-
ладу. Нельга ж яго валачы ўночы да бабулі. Навошта ёй бачыць яго п’янага і шалёнага.— I мама прамармытала нешта яшчэ, чаго я не пачула.
— Што ты гаворыш? — папыталася я, грузнучы ў снезе і спяшаючыся дахаты, бо вельмі змерзла.
— Гавару, што ад малітваў Ісусу вялікая карысць.
Мы ішлі моўчкі, кожная думаючы пра сваё.
— He трэба бабулі ўводзіць у вушы,— сказала мама.— Калі яна папросіць, Міа, кажы з ёю малітвы і спявай псалмы, не варта працівіцца яе дзівацтвам. He ведаю толькі, што рабіць з Альбертам. Калі раніцаю прыйдзе ён п’яны, а бабуля пачне маліцца, будзе калатнеча.
Але ад усіх падзей каляднага вечара я так атупела, што чаканыя беды мяне ўжо не трывожылі. Мне хацелася хутчэй дахаты. Там было цёпла і хораша. Хто ведае, можа, я змагу легчы з мамаю на канапе.
Лямпа была ўкручаная. Мы ўбачылі яе слабое святло праз акно, прыслухаліся пад дзвярыма, але ў Карлбергаў таксама было ціха.
— Яму, напэўна, холадна на падлозе,— абазвалася мама.
Мы ціхенька прашмыгнулі да сябе. Бабуля спала на ложку і мерна храпла. Было ціха. У пакоі ўтульна і хораша. Чыстыя пасцелі, засланы стол, на ім бурачкі, марынаваныя селядцы, кавалак сыру, вяленая рыба, каша, смачная манная каша, чатыры зялёныя яблыкі. Мне стала раптам незвычайна добра. Нарэшце прыйшло свята. Мама села на крэсла і сказала:
— Садзіся, Міа, і еш уволю.
У мяне ўжо не было сілы, і ўсё-такі я не магла адмовіцца. Набліжалася поўнач, звычайна ў гэты час мне трэба было спаць. Мы з мамаю сядзелі за святочным сталом, бабуля спала на ложку; як там ні было, гэта мая бабуля, і, хоць яна стала дурнаватая, усётакі добра, што яна да нас прыехала.
Мама навалілася на вячэру — здавалася, з таго часу як яна адчула, што мы ў бяспецы, у яе паявіўся апетыт. Яна запаліла агонь пад кафейнікам, потым падышла да скрынкі, дзе хавала пялёнкі і кофтачкі, калі чакала чарговага дзіцяці, і выняла адтуль маленькі пакунак.
— Гэта ад мяне і Альберта,— шапнула яна.— Калядны гасцінец.
Я развярцела пакунак. У ім была вязаная кофтачка, зялёная ў карычневую палоску, новая, купленая ў магазіне. Калі не лічыць чаравікаў і шапкі, мне першы раз у жыцці купілі адзевак у магазіне.
— Мы хацелі купіць табе і вязаную шапачку, але ў нас не хапіла грошай,— шапнула мама.
Я была ашаломлена. Як гэта мама змагла ўхаваць такую тайну? А айчым?
— Хто яе купляў? — папыталася я.
— Альберт.
— Але ж гэта, мабыць, ты...
— Я заплаціла палавіну.
Але я не паверыла ёй. Мне думалася, што кофту купіла яна сама, але гэты гонар саступіла Альберту, каб у мяне да яго была большая павага. Я ў гэта проста верыла.
Я ціхенька падышла да камоды, дзе ляжаў псалтыр, бабулін гасцінец. У ім быў прыгожы новы пераплёт, і калі я паклала яго на складзеную кофтачку, кніжка здалася мне вельмі прыгожаю. Я была шчаслівая.
— Вольга з Карлбергам таксама купілі табе гасцінец,— сказала мама.
— Які, мамачка, любая, скажы!
— He, не, a то Вольга засмуціцца.
Там, ведама, паўторыцца тая самая гісторыя. Гасцінец мне купіла, безумоўна, Вольга. Але ўсе жанчыны
чамусьці абавязкова хочуць, каб людзі думалі, нібыта ў іх добрыя мужы,
— Кладзіся са мною на канапе,— сказала мама.
Яшчэ некалькі дзён, пакуль не кончылася гарэлка, людзі пілі і буянілі. Часамі бабуля забывалася, што яна «павернута», і лаяла айчыма, як некалі, а потым тройчы сплёўвала цераз левае плячо. Карлберг сядзеў дома, піў каву і гарэлку, але ўжо не напіваўся так, як на куццю. Здавалася, ён забыўся, што тады было. Усе святы Вольга хадзіла з заплаканымі вачыма; запэцканую фіранку яна зняла.
— Хай толькі кончыцца гэта п’янка, я пакажу яму, што ён нарабіў,— хрыплым шэптам гаварыла яна маме ў сенцах на другі дзень свята.— Хіба гэта людзі, гэта быдла нейкае, нават горай за быдла, яно хоць не будзе плявацца тытунём. Так і хочацца падсыпаць яму пацучынай атруты.
На трэці дзень Вольга дала мне невялікі скрутак. Я так чакала яго, што ледзь адказвала ёй, калі яна раніцаю віталася са мною. Я ж ведала, што ў яе схаваны гасцінец мне, і ўжо пачала пабойвацца, каб яна не пакінула яго сабе.
— Мы хацелі аддаць табе яго на куццю,— сказала яна.— Гэта ад нас з Карлбергам.
У скрутку быў прыгожы стракаты фартушок, куплены ў магазіне.
Ён быў такі стракаты, што ў мяне ў вачах замітусілася. Каштаваў ён семдзесят пяць эрэ. Памераўшы яго, я разгубілася — фартушок быў шыкоўны. А мама яшчэ надзела на мяне новую кофтачку.
— Пайдзі падзякуй Вользе і Карлбергу, сёння няцяжка ўлашчыць Карлберга.
Я зразумела, што гэта значыць. Запанаваў сямейны спакой, гарэлка кончылася. Карлберг сядзеў на крэсле бледны і спакутаваны. Вольга хадзіла па пакоі проста і цвёрда. Адно акно, на якім не было фіранкі, зеўрала чорнаю пусткаю, і мая радасць адразу азмрочылася: усё-такі быў ён такі агідны ў той вечар на куццю.
— Божа мой, ты такая красуня, ты адразу пахарашэла ў гэтай яркай сукеначцы! — дзівілася Вольга; я пачырванела, сэрцу раптам стала цесна ў грудзях.
Я падышла да іх, прысела і падзякавала ім абаім. Але Карлберг замахаў рукою.
— Мне дзякуй не кажы, я не заслужыў. Ты, напэўна, думаеш, што я сапраўдны...
Я не ведала, што яму адказаць, бо лічыла, што ён быў «сапраўдны...», але цяпер жа ён зноў стаў добры. Айчым ніколі не каяўся, ніколі не перапрошваў, як бы ён ні нагадзіў. Калі мама яго дакарала, ён толькі злаваўся і крычаў, што няма чаго ўспамінаць старое, нават калі гэта «старое» толькі што здарылася.
— Што вы, дзядзя, вялікі дзякуй, і вам, цёця, вялікі дзякуй. Я буду няньчыць хлопчыка, калі вы скажаце, цёця,— велікадушна прапанавала я, хоць у глыбіні душы з жахам думала, што, калі Вольга папросіць мяне паняньчыць хлопчыка ў свята, я не змагу пабыць з бабуляю.
У першую нядзелю пасля каляд у нас дома адбыўся малітоўны сход. Сабрала яго, ведама, бабуля. Як ні дзіўна, але да яе ў гэты дзень прыйшлі гаспадар з гаспадыняю, іх служанка і большасць парабкаў.
Сабралася чалавек пятнаццаць. Айчым раздабыў некалькі лавак, паклаў дошкі на крэслы і ў гэтай ролі ханжы, натхнёнага боскаю ласкаю, быў яшчэ агіднейшы. Ён практыкаваўся разам з бабуляю ў спевах псал-
моў, бо ім абаім выпадала запяваць. У мамы быў звонкі, прыгожы голас, але яна адмовілася спяваць.
— Я каву буду варыць і падаваць яе гасцям таксама буду — павінна ж я пачаставаць іх чым-небудзь у свята. Пра астатняе паклапаціцеся ўжо самі. He ведаю толькі, хто ў вас за прапаведніка будзе: Альберт, памойму, на гэта не падыходзіць,— сказала яна з лёгкаю насмешкаю ў голасе.
Але Альберт адкашліваўся, чмыхаў і падкручваў вусікі з такім выглядам, нібыта ані не сумняваўся, што здолее сказаць самую найлепшую пропаведзь.
Бабуля выклікала ў мяне цяпер бязмежную павагу.
Яна стаяла каля акна. Стол быў адсунуты амаль да самага акна, і яна апіралася вузлаватымі рукамі аб яго край. Гэтая жанчына ў чорнай сукенцы з карункавым каўнерыкам была зусім не падобная на бабулю, якую ведала я здаўна. Паўгадзіны прастаяла яна ў такой позе, і калі ў пакой заходзілі жонкі парабкаў з груднымі дзецьмі, бабуля прапаноўвала ім сесці і паказвала куды. Гаспадару і гаспадыні былі падрыхтаваны крэслы. Мне стала не па сабе. Мама таксама трымалася так, нібыта прыйшла ў чужую хату. Калі ўсе расселіся, бабуля пачала сваю прамову.
— Я простая старая жанчына,— сказала яна.— Я прыехала госцяю да сына, нявесткі і іх дачкі. (Бабуля так і сказала: «госцяю». Ніколі раней яна не гаварыла так далікатна. А «іх дачка» — гэта сказана было пра мяне.)
Я простая старая жанчына, я ў гасцях у сваіх родных, я не ўмею прыгожа гаварыць, убор гэтага пакоя таксама просты ў параўнанні з тою раскошаю, якую мы прывыклі бачыць у царкве (яна так і сказала: «раскошаю»), але я не магу паехаць адсюль, не расказаўшы вам пра тое, як мы, простыя людзі з Норчэпінга, знайшлі гОспада Ісуса нашага. Нас амаль сто