Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
чалавек, мы ўваходзім у асабовы Ісусаў батальён, ударны батальён. Наш баявы дэвіз: «Збавіцель ідзе». А цяпер (бабуля гаварыла старэчым голасам, якому яна старалася надаць цвёрдасць і выразнасць, але я бачыла, што яна вельмі стамілася: на яе маршчыністым лобе выступілі кроплі поту),— а цяпер я прашу вас, хто жыве адасоблена, удумацца і ўгледзецца ў знакі, якіх вы не заўважаеце, але якія, як прадказаў Хрыстос, павінны апавясціць пра яго прышэсце. Рыхтуйцеся да прышэсця Хрыста, ён блізка, ён ідзе, рыхтуйцеся. Я заклікаю вас: далучыце галасы вашы да мае малітвы, каб нам была даравана пакора перад будучым прышэсцем Хрыста.
Бабуля пачала маліцца ўголас.
Маленькая кругленькая гаспадыня, адзетая ў гарадскую сукенку, з глыбокай пашанай апусціла вочы, гаспадар таксама. Вольга з дзіцем на руках мерна пагойдвалася ўзад і ўперад. Па праўдзе кажучы, з усіх прысутных толькі ў мамы і Вольгі быў не вельмі набожны выгляд. Мама з жалем глядзела на бабулю, на кропелькі поту, якія блішчалі ў яе на валасах, на вузлаватыя рукі, якія дрыжалі ад стомы. Яна не паўтарала малітвы ўслед за бабуляю, я таксама маўчала. Я ніяк не магла ўцяміць: якім чынам усе гэтыя людзі апынуліся тут? Я нікога не запрашала — нікога.
Потым мама растлумачыла мне, што айчым павесіў у канюшні запіску: «Малітоўны сход у Стэнманаў. Калі ласка, прыходзьце ўсе».
I ўсе прыйшлі, нават гаспадар. Пасля ўсяе гэтай п’янкі і абжорства! Маладзенькая парабчанка з дзіцем на руках час ад часу вымаўляла з глыбокім уздыхам: «Ісус!»
Карлберг і яшчэ адзін малады парабак сядзелі по бач, набожна склаўшы рукі. Я таксама міжволі склала рукі.
«Людзі п’юць ад таго, што яны нешчаслівыя»,—
сказаў прыгажун гаспадар лясной хаткі. Можа, ён і быў тым самым хрысціянінам, які падарожнічаў і бачыў даліну адчаю? Вось каб яму апынуцца тут, асабліва цяпер, калі ў бабулі такі ўрачысты выгляд і калі ўсе сабраліся ў нас і моляцца пакорліва і набожна. Мусіць, мы не падобныя на другіх людзей. Сход пачынаў даваць мне задавальненне. Далібог, мы не горшыя за сям’ю з Кольмардэна, у якой была кніжная паліца.
Бабуля кончыла малітву словамі:
— Блаславі нас, Ісус, падай нам знак, каб мы ўжо сёння вечарам убачылі тваю боскую ласку.
I яна села каля стала, схіліўшы на яго старую галаву. Я заўважыла, што яна калоціцца, як ад холаду. Мама падала ёй шклянку вады. Гэта правільна, я сама бачыла, як пастар піў ваду ў час пропаведзі. Выняўшы тонкую насоўку, бабуля выцерла ёю лоб, бо ў пакоі было вельмі горача, хоць мама варыла каву ў Вольгі. Мы баяліся адчыніць дзверы, бо з сянец цягнула холадам, а ў пакоі было трое грудных дзяцей.
Між гасцей быў і тарпар Экстром з жонкаю. Раней я ніколі не бачыла гэтай пары. Яны былі вельмі хораша адзетыя: новыя чаравікі рыпелі, на цётцы красаваўся чорны шаўковы шаль. Раптам гэтая самая фру Экстром устала, адным духам прачытала малітву і зноў села.
Тады падняўся стары, маленькі, прыгорблены, сівабароды. Ён падышоў да стала, дзе сядзела бабуля, стаў перад ёю, зусім засланіўшы яе ад нас, скрыжаваў ногі і, абапёршыся рукою аб край стала, вымавіў:
— Дзякуй табе, сястра, што прыйшла да нас з вялікага горада, што ты дала нам зведаць кароткае імгненне дару божага.
Ён называў бабулю сястрою і гаварыў ёй «ты». I, апрача таго, ён засланіў яе ад нас, і нам яна не стала відаць.
Я дэманстрацыйна выйшла наперад і, не звяртаючы ўвагі на маміны пагрозлівыя пагляды, пралезла каля парабчанак з дзецьмі да бабулі і прыпынілася каля яе. Зрэшты, гэта была мая бабуля!
Мая выхадка раззлавала старога, ён збіўся і пачаў зноў:
— Сястра «гаварыла тут пра знак і пра цуд. I гэта — праўда. Сівіла і прарокі не хлусяць. Карэты бягуць без коней. Дзякуй табе, Ісусе міласэрны. Я не паддаўся антыхрысту, я ніколі не ездзіў у цягніку.
Я заўважыла, што бабуля зварухнулася і выпрасталася, хочучы нешта сказаць, але стары прадаўжаў:
— Ніколі я не пакланяўся антыхрысту. Сёстры і браты мае, сястра з вялікага горада ведае, што гаворыць, страшыдла бадзяецца па зямлі. (Мне стала цікава слухаць, вельмі ўжо складна ў яго выходзіла.) Але Ісус можа прыйсці да нас у любы дзень. Гасподзь спусціцца з воблакаў, калі мы меней за ўсё будзем гэтага чакаць. Рыхтуйцеся, ачысціцеся, пакіньце працу, не клапаціцеся пра мамону (ён гаварыў маману), беражыцеся страшыдла і вавілонскай блудніцы, будзем маліцца і чакаць Хрыста.
Мама выйшла, грукнуўшы дзвярыма.
Але стары не збянтэжыўся. Ён пачаў маліцца нейкімі дзіўнымі словамі, і здавалася, што ён гаворыць нешта зусім недазволенае.
— А цяпер ці не праспяваць нам псалом,— сказаў айчым, як толькі стары кончыў. Бабуля ўжо паспела разгарнуць кнігу. У мяне ў руках быў новы псалтыр — бабулін гасцінец.
Чакае таго толькі вечны спакой, Хто шчыра да веры імкнецца.
За веру заўжды непахісна ты стой, I к шчасцю душа прыхінецца.
Гэтая простая маршавая мелодыя гучала ў нас так, што здавалася, яшчэ трошкі — і абваліцца столь.
Нават кветкі, намаляваныя на печцы, пачалі гайдацца — напраўду, мне здавалася, што яны гайдаюцца.
На гэтым сход кончыўся. Болей ніхто не хацеў маліцца.
Гаспадар з жонкаю пайшлі, не выпіўшы кавы, выгляд у гаспадара быў пакутлівы і бледны — пэўна, балела галава пасля каляднае выпіўкі. Другія госці асталіся. Помню, што бабуля і стары Экстром пасварыліся, бо бабуля заявіла, што не лічыць за грэх ездзіць па чыгунцы.
Бабуля пражыла ў нас яшчэ тыдзень, але мама не пажадала болей цярпець такія сходы. Дый пакаянны настрой ва ўсіх пакрысе рассеяўся. Як толькі хмель выветрыўся з галавы ў гаспадара і ў парабкаў, яны перасталі думаць пра выратаванне душы. Мама так і гаварыла: пройдзе хмель, кончацца малітвы.
Яна не памылілася. He прайшло і некалькі дзён пасля сходу, як айчым учыніў проста спектакль, перакрыўляючы багамольцаў і паказваючы, як яны ўздыхалі і маліліся. Але мама перадражніла яго самога, заўважыўшы:
— I ты быў харошы, сядзеў, закаціўшы вочы да неба.
Бабуля зазлавалася, тройчы плюнула цераз левае плячо і аб’явіла, што яны абое асуджаны на вечную пагібель.
— Нічога не зробіш, бабуля, хай будзе што будзе, мы тут памагчы не можам. Але ж я-то ведаю суседзяў, таму злосць і разбірае, калі яны сядзяць, вылупіўшы вочы на неба. Лепей бы ўжо былі такія, як ёсць. Вы — другая справа, бабуля,— дадала мама.— Вы папраўдзе набожная. Вы стары змучаны чалавек, а пад старасць людзі мяняюцца, мая мама таксама стала на-
божная. Зрэшты, у багадзельні нічога другога не астаецца,— з горыччу дабавіла яна.
Жыццё зноў увайшло ў звычайную каляіну. Святочныя запасы былі з’едзены. На стале зноў паявіліся селядзец і малочны крупнік. У нядзелю мы ўжо не атрымалі масла, бо бабуля, як і я, раніцаю піла неразведзенае малако. Мама штодзень хмурнела. Зарабляла яна заўсёды аднолькава, падрабіць не было дзе, да самай блізкай крамы — каля трох кіламетраў, а карміць бабулю чым папала было сорамна.
Зноў пацягнуліся шэрыя будні. Зноў паявіўся мяшок з анучамі. Бабуля пахваліла нашу работу, але нават не падумала заплаціць за нарэзаныя і звітыя ў клубкі палоскі матэрыі, якую мама выпрошвала ў дамах, дзе прыслугоўвала, а потым наразала нажніцамі. Нават айчым іншы раз памагаў маме. Бабуля стала падобная на «заможных». А можа, яна вырашыла, што мы самі сталі «заможныя»? Гледзячы на наша каляднае частаванне, гэта можна было падумаць.
Калі натуральная кава кончылася і на стале паявілася жытняя, бабуля выказала незадавальненне.
— Нічога не зробіш,— сказала мама.— Калі б не сход, кавы хапіла б на два тыдні.
Бабуля прамаўчала.
— Чаму гэта, Гедвіг, усе дзеці, якіх ты прыжываеш з Альбертам, паміраюць? — папыталася яна раптам на другі дзень, калі мы сядзелі з мамаю і наразалі палоскі.
Мама кінула на яе перасцерагальны пагляд, паказаўшы вачыма ў мой бок, але старая не звярнула на гэта ніякай увагі.
— He магу дайсці розумам, чаму гэтак. У цябе ж ёсць дзяўчынка, проста зразумець не магу, чаму другія паміраюць, калі адно дзіця асталося жыць.
— Навошта гэта балбатня? Вы што, баіцеся, што ваш род патухне? Што я магу зрабіць, калі дзеці памі-
раюць? Вы самі, па-мойму, тры разы выходзілі замуж, а дзяцей у вас зусім не было, пра гэта вы забыліся. Ад голаду яшчэ і не тое бывае. Дый бацька добры з Альберта. Пра гэта можна было і не гаварыць пры дзяўчынцы, але Міа і не такое чула за час, як мы жывём з Альбертам. Вам, пэўна, здаецца, што пры дзецях можна пляскаць што хочаш.
Шпурнуўшы нажніцы на канапу, мама ўстала і пачала хадзіць сюд-туд па пакоі. Я спалохалася. Бабуля таксама. Мама ж так пакутавала ад бяздумнай патрэбы нараджаць дзяцей, асуджаных на смерць. Яна трываць не магла, калі хто-небудзь загаворваў пра гэта, а бабуля раптам проста ўзяла дый выпаліла.
— Зрэшты, я нават радая, што дзеці паміраюць. Нічога не скажаш, добрыя задаткі перайшлі б да іх па спадчыне ад Альберта. Ад бацькі, які блытаецца з другімі і не дае табе ні капейкі, калі ты носіш яго дзіця,— без жалю прадаўжала мама.
Бабуля малітоўна склала рукі. Тады мама пайшла да дзвярэй.
— У мяне няма ніякай ахвоты маліцца. Калі, павашаму, я такая грэшніца, можаце ехаць, я вас не трымаю. У вас ёсць венічніца Міна і Хана, Альбертава дачка, яны чакаюць вас у Вільбергене,— з горыччу дадала яна. Дзверы зачыніліся.
Я плакала, седзячы на канапе. Бабуля таксама. Мы сядзелі і плакалі ўдзвюх.
— I нашто толькі я гэта сказала? — галасіла бабуля.
— Праўда, бабуля, нашто? Мама столькі плакала,— галасіла я.— Мама зусім не грэшніца, яна такая добрая. Калі не верыш, папытайся ў Вольгі.
— Дзіва што добрая, усе гэта ведаюць, яна лепшая за ўсіх. I нашто толькі я сказала? Госпадзі Ісусе, даруй мой грэх!
Бабуля ўзялася маліцца. А я стала хадзіць сюды-
туды па пакоі, як рабіла толькі што мама, падбіваючы скруткі ануч, якія трапляліся мне пад ногі.
— Перастань маліцца, бабуля, гэта гадка, вельмі гадка, калі людзі моляцца ўголас, ты маліся ціхенька вечарам, як я, не маліся ўголас. Гэта так праціўна.
Мама назвала імя Ханы, і мне вельмі захацелася ўбачыць сяброўку, я проста не магла вытрываць бабулінай малітвы. Я ніколі не верыла, што Хана — майго айчыма дачка, на гэта яна была занадта харошая.
Бабуля змоўкла. Яна сядзела на канапе, і слёзы каціліся па яе старэчых шчоках. Але я была няўмольная, я цярпець не магла, калі людзі моляцца ўголас.