Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
— Перш чым ісці да бабулі, вып’ем па кубачку кавы,— сказала яна, павярнуўшы ў завулак.
— Кавы?
— Ведама, а чаму і не выпіць? Нам не шкодзіць падмацавацца.
Мама выбрала маленькую сціплую кавярню, на вокнах у якой віселі цёмныя фіранкі, абшытыя махрамі. Я падумала, што гэта вельмі дарагая кавярня, але мама сказала мне, што яна разлічана на рабочых.
— Кавярня таварыства цвярозасці,— дадала яна.
Гаспадыня акінула нас бесцырымонным паглядам, але мама, трымаючы мяне за руку, прайшла ў пакой усярэдзіну і заказала два кубкі кавы з бутэрбродамі.
Вось гэта было баляванне!
«Бутэрбродамі» ў нас у прастамоўі называліся не толькі скібачкі хлеба з маслам,— і на гэта былі свае прычыны: румяны акрайчык добра выпечанага хлеба вельмі ўжо падобны на азадачак укормленага трохмесячнага немаўляці.
Сытным бутэрбродам было лёгка спатоліць голад. — Гэта ж вельмі дорага,— сказала я маме.
— Нічога, нябось Альберт не эканоміць. Трэба ж нам перакусіць. Еш на здароўе.
He, мама зусім не была падобная на чалавека, які збіраецца на пахаванне. Ніхто б не падумаў, што яна ледзь перастаўляе ногі ў сваіх збітых чаравіках.
Мабыць, мама была шчаслівая, што вырвалася хоць
ненадоўга з занядбанага хутара. Яна ж болей прывыкла жыць у горадзе. Яна махнула на ўсё рукою, дый зноў была яна стройная. Я так даўно не гуляла ўдзвюх з мамаю, не бачыла яе здаровую і жывую, без памінутных прыступаў рвоты.
Я таксама ажывілася. Кава была вельмі смачная. Бутэрброд я мігам з’ела. I раптам мяне быццам укалола ў сэрца: я падумала пра наш пусты пакой, пра Карлберга, які, напэўна, вярнуўся дадому і сварыцца. Ён заўсёды сварыцца, калі нас няма дома.
— Вось калі б Вольга была з намі! — сказала я спахмурнеўшы.
— Вольга? Ага-а,— задумліва адазвалася мама.— Яна зрабіла вялікае глупства, не бачыць ёй цяпер горада, бедалажцы.
— Якое глупства, мама? Што яна зрабіла?
— Выйшла замуж за такога прыдурка.
Мама падазвала гаспадыню, заплаціла ёй па рахунку і дала на чай дзесяць эрэ. Гаспадыня вельмі дзякавала.
— Мы прыехалі здалёку,— сказала мама,— і не хацелі купляць чаравікаў у вёсцы. Мы вырашылі купіць іх у горадзе.
Мама прачыніла кашалёк, каб жанчына ўбачыла дзесяцікронавую паперку. Тая пажадала нам шчаслівай дарогі і запрасіла заходзіць яшчэ. Яна паспагадала нам, што мы не купілі чаравікаў у вёсцы.
— У вёсцы прыстойнаму чалавеку цяжка знайсці што-небудзь вартае.
Мама павяла мяне проста на заходнюю ўскраіну, дзе была крама ліхвяра Кале.
— А! Куды іголка, туды і нітка!.. Дзень добры, дзень добры! I падумаць толькі, фру Стэнман прыехала ў горад! А ўчора тут быў сам Стэнман.
Кругленькі дзядок з барвова-чырвоным, напраўду
норчэпінгскім носам паціскае маме руку і ляпае мне па шчацэ.
— Божа, ну і каса! Прадайце мне, фру Стэнман, даччыну касу, я за яе дзесяткі не пашкадую.
Мяне ажно закалаціла, я кінулася ў дзверы — хутчэй прэч адсюль! — але мама толькі засмяялася.
— Ён жартуе, не бойся.
Кругленькі дзядок таксама засмяяўся, але ўсё роўна не зводзіў вачэй з мае касы.
Я ведала, што некаторыя жанчыны купляюць косы. Але я зусім не хацела, каб яны купілі маю касу. I асабліва цяпер.
— Ага, значыць, Альберт ужо тут пабываў,— усміхнулася мама, але я заўважыла ў яе на твары звыклы выраз гаркоты.
— Пабываў, пабываў. Вы да мяне, ведама, з нейкім клопатам? — папытаўся дзядок, стараючыся перамяніць тэму размовы.
— Мне патрэбна пара чаравікоў. На новыя ў мяне грошай няма. У нас свёкар памёр, вы, мабыць, чулі пра гэта ад Стэнмана, пане Карлсан?
— He, Стэнман не сказаў мне пра гэта ні слова.
— Ён быў цвярозы?
— He зусім.— Таўстун гаварыў з аглядкаю.
— Калі вы падбераце пару паношаных чаравікаў дзяўчынцы, я іх таксама куплю.
Дзед прынёс цэлы ахапак паношанага абутку. Пачалася бясконцая прымерка. Нарэшце нам трапілася пара чаравікаў з зашпількамі. Яны толькі адзін раз былі ў рамонце і прыйшліся мне па назе. Праўда, яны трошкі ціснулі ў пальцах, але я прамаўчала. Мне вельмі надакучыла прымерка. Дзед сціскаў насок у кожным чаравіку, які я надзявала, і ў мяне пад канец разбалеліся ногі.
— Яны каштуюць тры кроны,— сказаў дзед.
Згаварыліся на дзвюх.
— Вы і сабе хацелі купіць чаравікі, фру Стэнман. Праўду кажучы, Стэнман заклаў учора ў мяне за тры кроны пару добрых жаночых чаравікаў. Я нават падумаў, што гэта вы паслалі яго да мяне.
— Пакажыце мне іх.
Дзед выцягнуў пару грубых, саматужных чаравікаў. Гэта былі бабуліны чаравікі, якія сталі цесныя на яе ногі, пакалечаныя раматусам. Бабуля насіла цяпер лямцавыя туфлі, у скураных яна не магла хадзіць.
— Я іх купляю.
— Я не магу іх прадаць. Вы ж ведаеце, фру Стэнман, пакуль не пройдуць тры месяцы, я не маю права прадаваць закладзенае.
— Стэнман не будзе іх выкупляць.
— А раптам ён прадасць закладны квіток? Што я тады буду рабіць?
— Заплаціце за яго грошы. Я дам вам за чаравікі пяць кронаў.
У мамы быў такі выгляд, быццам яна надумалася выкінуць нейкі жарт.
— Я думаў узяць за іх даражэй.
— Ну-ну, не скупіцеся. Лепей падбярыце мне якуюнебудзь старую чорную спадніцу, каб я магла пашыць з яе сукенку дзяўчынцы, не ісці ж ёй у чырвонай сукенцы на пахаванне дзеда.
Ніколі раней мама не гаварыла такім тонам. Нейкі бесшабашны тон, быццам усё на свеце ёй трын-трава.
Тут на лаўцы ў Кале мы зашнуравалі чаравікі. Мама трымала ў руках уверчаную спадніцу. У спадніцы былі такія шырокія складкі, што мама спадзявалася выкраіць з яе дзве сукенкі.
I мама і Кале лічылі спадніцу чорнаю, але мне яна здалася хутчэй зялёнаю. Пашыта была яна з гладкай шчытнай тканіны, якую называлі яны муарам. Гэта прыкрая тканіна потым да крыві нацерла мне шыю. Мама заплаціла за спадніцу паўтары кроны.
Ліхвяр ветліва адчыніў перад намі дзверы.
На вуліцы мама адразу перамянілася. Яна ішла моўчкі, унурыўшы галаву. Сустрэчныя давалі ёй дарогу. Яе твар пастарэў і паблякнуў. Пэўна ж, яна расстроілася праз тое, што айчым занёс ліхвяру чаравікі, якія ёй паслала бабуля.
У мяне галава ішла кругам. Мама заплаціла пяць кронаў за чаравікі, хоць іх бабуля ёй падарыла, айчым заклаў гэтыя чаравікі за тры кроны, апрача таго, астаўся яшчэ закладны квіток, які айчым можа прадаць і за які давядзецца плаціць ліхвяру. Падумаць толькі, да чаго можа прывесці адзін падарунак!
— Куды мы ідзём? — папыталася я праз нейкі час, бачачы, што яна заварочвае з завулка ў завулак.
— Да сястры. Папрашу ў яе машынкі, каб пашыць табе сукенку. У бабулі машынкі ж няма.
Я так засмуцілася! Крыклівая цётка, яе злосныя хлапчукі, брудны пакой, скандаліст-дзядзька з доўгімі рэдкімі вусамі, якія вечна трапляюць у булён і каву і ва ўсё, што ён есць. А потым бярэ ён канцы вусоў у рот і, моцна цмокаючы, іх абсмоктвае. Я заўсёды здрыгалася ад агіды, калі ён высмоктваў соус ці булён з гэтых доўгіх абвіслых вусоў.
Дзядзька заўсёды перасыпаў сваю гаворку лаянкаю, а калі цётка раніцаю позна ўставала, біў яе падцяжкамі па спіне. Яму часта даводзілася ўставаць пасярод ночы і ехаць на рынак ці ў лес, бо гаспадар, у якога ён служыў, браў падрады на любую працу. У гаспадара працавала адзінаццаць вазакоў, чатыры з іх жылі і сталаваліся ў цёткі ў яе адзіным пакоі. Дзяцей у цёткі было шасцёра, і ўсе хлопчыкі. Цвердалобыя хлапчукі, якія часцяком пералічвалі прыступкі на лесвіцы,— і хоць бы што, нават гузак не ўскочыць. Да мамінага замужжа мне не раз даводзілася жыць у цёткі. Помню, як дзецьмі гулялі мы на падлозе і вазакі часта чапляліся за нас цяжкімі ботамі. Калі мы
пачыналі раўці, які-небудзь барадаты вазак іншы раз падкідаў нас угору (нам здавалася, што да самага неба ці па крайняй меры да столі), прыгаворваючы: «Не плач, пакуль жаніцца, загаіцца. Я цябе не заўважыў. Ну як, прайшло?» Але часцей у адказ чулася лаянка: «Чортаў вырадак!»
Мне вельмі не хацелася ісці да цёткі. Я лічыла, што яна злосная. Праўда, дзівіцца, што ў яе шалёны характар, не даводзілася. Вінаваты дзядзька, які не даваў ёй добра выспацца. Але злосны чалавек у вачах дзіцяці заўсёды астаецца злосны, бо дзіцяці цяжка адрозніць прычыну ад выніку.
Цяпер, праз шмат гадоў, я разумею, што па натуры цётка была зусім не злосная. Ды хіба магла яна зберагчы дабрыню, калі ёй выпала такая доля. Болей даводзіцца дзівіцца, як яна не звар’яцела. Яна не садзілася ні на хвілінку. А калі ўжо ёй надаралася прысесці, яна адразу засынала. Галава схілялася на грудзі, і часта цётка падала на падлогу. Апошні раз я пражыла ў цёткі тры месяцы, якраз тады, калі мама збіралася замуж. Мне даводзілася штодня, седзячы ў кутку, калыхаць яе маленькага сына.
Цётка — маміна родная сястра. Абедзве яны выраслі ў казачным дамку на балоце каля ўсходняй ускраіны Кольмардэна. Ночы навылёт яны ўспаміналі сваё дзяцінства.
Я ніяк не магла зразумець, дзеля чаго яны ўспамінаюць такое глупства, але ўсё-такі старалася не заснуць, каб чуць размову. Цётка звычайна так стамлялася, што ледзь падымалася раніцаю. А між іншым ужо ў чатыры гадзіны грукаталі па бруку калёсы, якія вьіязджалі з двара. Маме таксама трэба было на фабрыку. Ёй даводзілася ўставаць не пазней як у шэсць, а не дык яна пазнілася. I, нягледзячы на гэта, яны ўсю ноч навылёт ляжалі і балбаталі, успамінаючы дзяцінства. Іншы раз яны гаварылі пра дзядзьку, і я чула,
як мама называла яго грубіянам. Аднаго разу яны пасварыліся, і цётка сказала, што не маме пра гэта гаварыць, бо сама яна жыла з грубіянам. Грубіянам цётка называла майго сапраўднага бацьку.
Аднаго разу раніцаю цётка прыбірала з падлогі пасцелі. На падлозе іх было тры. Дзядзька не сціхаючы лаяў жонку за тое, што яна вельмі позна прачнулася. Раптам ён схапіў падцяжкі, стаў біць жонку па спіне. На ёй была толькі кашуля і ніжняя спадніца. Валасы, яшчэ не заплеценыя ў касу, растрапаліся, дый цётка была на часах. Медныя спражкі садралі ёй скуру, а праз кашулю выступіла кроў. Цётка самлела. Дзеці паднялі крык, а я, раздзетая, у адной кароценькай кашульцы, выскачыла наперад і крыкнула проста ў твар доўгаму вусатаму дзядзьку:
— Ты грубіян, ты грубіян, дзядзька! Гэта сказала мая мама.
Ен збялеў як палатно. Відаць, таксама спалохаўся.
— Цішэй, цішэй,— толькі ўсяго і сказаў ён, seeray вады і стаў пырскаць цётцы ў твар.
Але дзеці так галасілі, што на іх лямант прыбегла суседка і кінулася будзіць гаспадыню. Гаспадыня явілася ў кофце з камвольнай пражы. Такі ўбор насілі толькі фарсухі, і гаспадарова жонка цэлымі днямі красавалася ў мяккай і яркай шарсцяной кофце. Яна пацерла цётцы скроні воцатам і сказала, што цяжарныя жанчыны часта млеюць.