Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Мне вельмі падабалася, калі мама гэтак гаварыла. Я магла слухаць яе гадзінамі, але яна не любіла многа гаварыць.
— Чуеш, што я кажу? Зарубі сабе на носе.— Гэтыя цікавыя словы яна гаварыла толькі тады, калі была стройная і спрытная.
А цяпер яны з айчымам сядзелі і маўчалі.
Але ж я не папрашайнічала, я проста праказала звычайную вячэрнюю малітву.
Бабуля легла, айчым таксама раздзеўся, моўчкі вынес у сенцы свае шкарпэткі, бо яны заўсёды смярдзелі, і ўлёгся на канапу. Але мама хадзіла па пакоі, нібыта злы дух. Я адчувала, што гэта не так сабе: нешта здарылася. Я не адважвалася раздзецца, мяне калаціла, і ўсё плыло перад вачыма. Нешта здарылася — справа не ў тым, што я стала на калені каля бабулі, зусім не ў гэтым.
Нарэшце мама села каля бабулінага ложка.
— Як вы пачуваецеся, бабуля? Мабыць, уночы баліць мацней? — ласкава папыталася яна.
— Боль ніколі не перастае, але бог паможа мне вытрываць.
Мама памаўчала. Я сядзела ў напружаным чаканні на матрацы, разасланым на падлозе. Зараз яно здарыцца. Але што? Як пярун з неба, стукне нешта страшнае, я гэта адчувала.
— Бабуля, а хто глядзіць дзеда, пакуль вы ў нас?
— Венічніца Міна абяцала мне заходзіць раз на дзень, я... я ёй за гэта заплаціла. Я хачу жыць па-суседску з усімі, Гедвіг, я болей на яе не злуюся.
— За што ж вам злавацца на яе? Гора яна паспытала болей за нас.
Я пачула, што голас у мамы зноў стаў суровы, але мне так хацелася паслухаць пра Ханіну маму, што я не звярнула на гэта ўвагі.
— Хана таксама з ёю, бабуля? Якая яна цяпер? Выцягнулася, мабыць? А ці адраслі ў яе валасы? А сукенкі новае ёй не пашылі?
— He, Хана з ёю не жыве. Маці аддала яе ў адну сялянскую сям’ю недзе тут, у Вікбуландзе.
Голас бабулін гучаў стомлена, у мамы быў растрывожаны твар. Седзячы на ложку, яна глядзела на старую і пра нешта думала. А ў мяне цяпер з галавы не выходзіла Хана: яна ў селяніна. Я ўспомніла Альвара.
— Сёння гаспадару званілі па тэлефоне,— сказала мама.
Бабуля маўчала. Мама чакала, што яна пра штонебудзь папытаецца, але яна маўчала.
— Па тэлефоне сказалі, што дзед вельмі хворы. Яны хочуць, каб вы вярнуліся дадому.
Бабуля некалькі разоў глыбока ўздыхнула, яе ўздыхі дзіўна прагучалі ў цішыні пакоя. Айчым таксама ляжаў ціха, нібыта зусім перастаў дыхаць.
— Гэта, мабыць, ныркі. Ён заўсёды пакутаваў ад нырак,— ціха сказала бабуля.
— Яны нічога не сказалі, толькі прасілі, каб вы як найхутчэй прыехалі.
— А хто званіў?
— Аканом маёнтка, ён званіў з Норчэпінга.
Болей бабуля нічога не папыталася. Яна не малі-
лася, не ўздыхала, не ўспамінала імя божага, яна маўчала.
— Мы ўсё ўладзілі так, каб вы змаглі заўтра паехаць дадому, бабуля. Альберт адпрасіўся ў гаспадара. Ён паедзе з вамі. Калі б у мяне былі чаравікі, я таксама паехала б, дома вам спатрэбяцца памочнікі.
Бабуля не адказала.
— He бядуйце, бабуля. Мы зробім, што можна, але ж дзед ужо вельмі стары.
— Я ведаю, Гедвіг. А цяпер кладзіся, у цябе і так многа клопату.— I бабуля павярнулася тварам да сцяны.
Мама з айчымам шматзначна пераглянуліся і памахалі галовамі — атрымалася цэлая пантаміма. Мама раздзелася. Я таксама пачала паволі раздзявацца.
Хоць наступіла зіма, у мяне не было другога абутку, апрача туфляў, і каб я магла часцей бываць на дварэ, мама нацягвала мне на туфлі старыя зацыраваныя айчымавы шкарпэткі. Да вечара яны прамакалі, і мне ледзь удавалася сцягнуць іх з ног. Я сапла і пялася, сцягваючы шкарпэткі, а мама стаяла ў кашулі пасярод пакоя і нецярпліва чакала, каб патушыць лямпу.
Яна падышла да мяне, памагла разуцца, падаткнула коўдру, пагладзіла мяне па галаве і, пажадаўшы добрай ночы, задзьмула лямпу; потым легла побач з айчымам на канапу. Абое яны маўчалі, але я адчувала, што яны не спяць. Я таксама не магла заснуць. Я разумела, што ў наша жыццё прыйшла нейкая перамена. Я бачыла гэта па маміным твары, які стаў раптам адчужаны. Такі выраз паяўляўся ў мамы заўсёды, калі ў яе з-пад ног знікаў грунт.
— Скажы праўду, Гедвіг, мой муж памёр? — пачуўся ў цемры бабулін голас.
Мама адказала не адразу.
— Можаш не гаварыць, я і сама ведаю, што памёр.
— Праўда, бабуля, ён памёр, але я думала, што лепей сказаць пра гэта раніцаю, каб вы спакойна паспалі ўночы.
Я чула, як мама села на канапе.
— Ляжы, Гедвіг, не трэба запальваць святла,— сказала бабуля.
Мама зноў улеглася. Зноў запанавала маўчанне.
Здавалася, паветра ў пакоі было насычана думамі, страхам, трывогаю. Цемра была непраглядная. На вокнах віселі шторы; у студзеньскай цемені я не магла разгледзець малюнка, але ведала, што дзяўчынка ў прыгожых драўляных чаравіках з поўнымі вёдрамі на плячы не спынялася ў сваёй бясконцай дарозе цераз масток.
— Міа адубянее на падлозе, хай лепеіі ляжа са мною,— пачуўся зноў бабулін голас.
Мама ўстала, запаліла лямпу, нацягнула спадніцу.
Бабуля села на ложку. Цяпер, калі на ёй не было сукенкі, яна здавалася маленькаю зморшчанаю бабулькаю. Тоненькая чорная коска звісала на маршчыністую шыю, але вочы былі сухія, толькі нос неяк адмыслова завастрыўся і ў твары не асталося ні крывінкі.
Мама трохі рассунула ложак і перанесла туды маю пасцель. Я чакала і мерзла. Раптам я ўбачыла, што мама абняла бабулю. He кажучы ні слова, яна прытуліла бабулю да грудзей, і тая ўткнулася тварам ёй у плячо. Абедзве маўчалі. Айчым, які ляжаў на нізкай канапе, нічога не бачыў, бо яго засланяў стол. Я ўся калацілася ад холаду, але старалася не стукаць зубамі. Я не хацела перашкаджаць, я ведала, што не павінна перашкаджаць. Мама заўсёды была вельмі стрыманая ў сваіх пачуццях. Вузлаватая бабуліна рука ляжала ў мамы на плячы. Яна здавалася страшэнна старою на белай, маладой мамінай руцэ. Мне стала вельмі шкада гэтую старую руку. Убачыўшы гэту
змардаваную, хворую руку на белым маміным плячы і рэдзенькія чорныя валасы побач са светлаю тоўстаю мамінаю касою, якая ўпала ёй на грудзі, я раптам зразумела, што бывае такое гора, калі нічым нельга памагчы, нічога нельга зрабіць,
Мама нешта шапнула бабулі, і яна апусцілася на ложак. Я легла на ложак і абвіла яе рукою, як гэта толькі што рабіла мама. Мама патушыла лямпу.
— Пастарайцеся заснуць, бабуля.
— Праўда, мама, пастарайся задрамаць хоць трохі,— сказаў айчым сваім грукатлівым басам так ласкава, як толькі мог. Я прытулілася да бабулі, і абняла яе моцна-моцна.
— Дзякуй,— ціха сказала яна,— дзякуй. Цяпер старыя бабы з Вільбергена пачнуць мянціць языкамі.
— Хай толькі паспрабуюць,— дадаў айчым.
Цяпер да нас зноў вярнулася колішняя бабуля. He, яна зусім не была папрашайка. Яна не папрашайнічала, калі прыйшла бяда. Яна баялася плётак, але ведала, што малітвы проці плётак не памогуць. Яна не стала маліцца ўголас, але ўсю ноч не заплюшчыла вачэй. Я часта прачыналася, бо мне перадалася яе трывога.
Раніцаю бабуля з айчымам сабраліся ў дарогу. Перад ад’ездам бабуля спарола стужку са свае шапкі.
— Я не магу хадзіць з чырвонаю стужкаю, страціўшы найлепшага ў свеце мужа. Самага лепшага з трох маіх мужоў,— дадала яна колішнім незалежным тонам.
Карлберг сядзеў на козлах. Вушы ў яго мерзлі, бо шапку гэтым разам павінен быў надзець сам айчым.
— Я прышлю з Альбертам новыя чаравікі, каб ты магла прыехаць на пахаванне, бо гаспадар не пусціць вас абаіх адразу,— сказала бабуля маме. Болей яна не сказала нічога, і коні панесліся ад беленькага дамка па раўніне.
Два дні засаб чытала я Адкрыццё Іаана, але мама не звяртала на гэта ўвагі. Яна болей не забараняла мне чытаць. Як неспакойны дух, хадзіла яна сюды-туды ад нас і да Вольгі. На дварэ ішоў снег, было холадна. Рэдкія камякі снегу пры дваццаціградусным марозе. Айчым павінен быў прабыць у горадзе два дні. На другі дзень пад вечар ён абяцаў вярнуцца.
— Вось убачыш, я ведаю, што гавару,— паўтарала мама Вользе.
— Нашто ты сябе дарэмна мучыш. Ён абавязкова прыедзе, ён жа павінен даглядаць коней. Ніхто за яго працаваць не будзе, ён жа парабак,— адказвала Вольга.
Але мама недаверліва круціла галавою.
— Хіба ён пра што-небудзь думае, калі яго апаноўвае такі настрой? He, я чую ўсёю душою, што спакойнаму жыццю на гэты раз прыйшоў канец, трэба зноў збіраць манаткі.
— Пачакай, можа, яшчэ абыдзецца,— адказвала Вольга, але выгляд у яе быў ужо даволі няўпэўнены.
— Што гэта ты чытаеш? — папыталася Вольга.
— Пра тое, як прыйдзе звер з дзесяццю галовамі, а авечкі і львы падымуцца пад воблакі,— растлумачыла я.
— Ану, дай паглядзець,— сказала мама. Некалькі хвілін яна сама сабе чытала.
— Праклятыя байкі! Потым будзеш баяцца сядзець цёмначы. Пакінь ты ўрэшце гэтую кнігу, Міа!
— Што там напісана? Дай і я зірну,— папрасіла Вольга і ўзяла біблію.
Яна таксама некалькі хвілін сама сабе чытала.
— Вось дык не думала, што ў бібліі такое напісана. Такое страхоцце!..— У Вольгі такі быў твар, нібыта ўбачыла яна здань.
— Гэта прароцтва. Усё будзе так, як тут напісана,— растлумачыла я.
— Нічога гэтага не будзе. Ніколі ні авечкі, ні львы не навучацца лятаць. Няўжо табе падабаецца гэта кніга?
He, яна мне ніколечкі не падабалася. Кніга аказалася вельмі сумная. He паспее прарок кончыць адно адкрыцце, як адразу пачынаецца другое, амаль такое самае. У мяне галава ішла кругам ад гармідару на нябёсах, ад усіх гэтых страшыдлаў і блудніц з рознымі галовамі, якія плылі на воблаках. Страшыдлы бачыліся мне ў выглядзе грукатлівай паравой малатарні: гэта надавала нейкі сэнс нябеснай неразбярысе. I ўсё ж у гэтыя дні я са страхам глядзела на воблакі: раптам са снегавое хмары паявяцца авечкі, арлы і леў. Зусім не падобная гэта кніга на «Вандраванні Хрысціяніна». Я не ведала дакладна, што такое блудніцы. Відаць, жанчыны, якія ўчыняюць нешта нядобрае, як бабуліна сястра, якая ўтапілася каля вадаспада ў Абаку праз тое, што яе набілі. Злы дзядзька назваў яе блуднаю дзеўкаю. Калі мама не была яшчэ замужам, мы з ёю хадзілі да гэтага вадаспада па ландышы. Па вадзе зусім не было відаць, што тут топяцца блудніцы... Павятовы суддзя таксама сказаў прыгажуну тарпару з Кольмардэна, каб ён «забраў сваю блудную дзеўку», каб ён «забраў яе, у чым маці нарадзіла», гэта чулі конюхі. Але я ніяк не магла ўявіць дачку суддзі з рознымі галовамі ды яшчэ каб сядзела на воблаках. Гэта вялая заплаканая жанчына не наводзіла на мяне страху.