Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
За мною сядзеў хлопчык Альвар I праўда, такое імя вельмі яму падыходзіла. Я ні разу не бачыла, каб ён усміхнуўся. Ростам ён быў вышэйшы за кожнага з нас, твар у яго быў бледны, як у мерцвяца, пад вачамі — глыбокія чорныя кругі.
На фабрыцы лютавалі сухоты.
У сям’і, што жыла ў школьным доме, двое дзяцей хварэлі на сухоты: у дзяўчынкі быў туберкулёз лёгкіх, у хлопчыка — сцегнавой косці. Дзяўчынка вучылася разам з намі, бо навучанне было агульнае. Твар у
1	Альвар — па-шведску «сур’ёзнасць».
яе быў хутчэй не бледны, а жоўты, скулы абцягвала сухая скура.
Дзяўчынка ніколі не асмельвалася гуляць з намі. А калі на ўроку ў яе пачынаўся прыступ сухога кашлю, настаўніца замаўкала і ўпарта, з раздражненнем глядзела на яе, пакуль у самой на шыі не выступалі дзве барвовыя плямы.
Услед за настаўніцай паварочваліся і мьі і таксама сярдзіта глядзелі на бедную дзяўчынку, якая задыхалася ад кашлю. Трэба сказаць, ніхто з нас не быў такі велікадушны, каб падумаць пра тое, як цяжка пакутуе «жоўтая кляча» з-за таго, што замінае нам, што праз яе на шыі ў нервовай фрэкен выступаюць барвовыя плямы. Мы бралі прыклад з фрэкен: варта было дзяўчынцы закашляцца, як мы адразу паварочваліся і не зводзілі з яе вачэй, пакуль не праходзіў прыступ. Я ніколі не азіралася, але адчувала, што толькі адзін Альвар не паварочвае галавы ўслед за фрэкен. Ён, мусіць, меней за нас турбаваўся пра тое, што кашаль замінае ўроку... Вось так і атрымліваецца, што адна нервовая фрэкен выхоўвае сотні другіх нервовых фрэкен. Бо яна — адзіны аўтарытэт чалавеку, якому толькі споўнілася сем гадоў.
Пасля такіх «разглядаў» хворая дзяўчынка часта не прыходзіла ў школу некалькі дзён. Вясною яна памерла. Мы хавалі яе, спявалі над магілаю, а магілку ўбралі вянкамі.
Фрэкен прынесла дзве чырвоныя ружы і паклала іх на магілку маленькага знясіленага стварэння. Ружы дзіўна нагадвалі чырвоныя плямы, што паяўляліся на шыі ў фрэкен кожны раз, калі дзяўчынка пачынала кашляць.
Але вернемся да Альвара. Ён вечна нічога не ведаў. Нават чытаць добра не навучыўся. Адзенне на ім было непрыгляднае, з яго ён даўно вырас; гузікі павырываныя, каўнер расшпілены.
Ён быў над.зіва добры і такі прастадушны, што абдурыць яго было вельмі проста.
Я падманула яго толькі адзін раз, але і гэтага даволі. Нават і цяпер мяне кідае ў жар пры адным успаміне пра той выпадак. Праўду кажучы, злога намеру ў мяне не было, але ўсё ж такі я добра ведала, што мая штучка прынясе яму непрыемнасць. Чаму чалавек так рана пачынае цешыцца з чужое няўдачы, асабліва калі яго самога жыццё не песціла? Ва ўсім была вінаватая фрэкен, і мая любоў да яе з таго часу не павялічылася. Аднойчы яна задала нам зусім ідыёцкае пытанне: «Як завецца аслова дзіцяня?» Мы былі яшчэ зусім малыя, ніхто з нас ніколі не бачыў асла, нават на малюнку,— адкуль нам было ведаць, як завецца яго дзіцяня?
— Мусіць, авечка ці баран,— шапнула я Альвару.
Ён адразу падняў руку.
— Няўжо ты ведаеш? Вось дзіва,— вымавіла фрэкен, кісла ўсміхнуўшыся.
3 расчырванелым тварам я павярнулася і паглядзела на Альвара. Ён пабялеў больш чым звычайна. Вельмі позна ён зразумеў, што я падказала яму нейкае глупства, і невыразна нешта прамармытаў.
— Мацней кажы, як яно завецца?
— Авечка ці баран,— сказаў Альвар.
— Ідзі сюды!
Альвар сядзеў пасярэдзіне, астатнім таксама давялося ўстаць.
Я бачыла, як настаўніца дастала лінейку і як Альвар, баронячыся, нахіліў галаву ўніз і падняў руку. Божа мой! Калі б на яго месцы быў добра адзеты хлопчык, тады лягчэй было б прызнацца, а гэты абарванец... Імгненне я вагалася, але як толькі настаўніца падняла лінейку, каб рубам ударыць Альвара,— яна вельмі высакародная, каб біць яго рукою, а можа, не хацела дакранацца да яго,— я закрычала:
— Пачакайце, пачакайце! Гэта я падказала яму!
На шыі ў фрэкен выступілі барвовыя плямы, але твар, як і дагэтуль, быў бледны і спакойны. Здаецца, болей за ўсё мяне раззлаваў іменна гэты спакой. Я і цяпер бачыць не магу такіх твараў.
— Ідзі сюды таксама!
Я ўскочыла, прыціскаючы да сябе сумку, шмыгнула ў дзверы і кінулася дахаты.
— Яна хацела мяне набіць,— выпаліла я маме, якая мыла бялізну ў майстравай жонкі.
— Я ёй пакажу! Набіць! — раззлавалася мама. Яна зразумела адразу, хто хацеў гэта зрабіць.
Увайшла гаспадыня.
— Скажыце, калі ласка! Хіба заняткі ўжо кончыліся? А я не паспела яшчэ разагрэць абед Анне.
— He, не, яшчэ не кончыліся. Дзяўчынка прыбегла, бо настаўніца хацела набіць яе,— пахмурна сказала мама, так намыльваючы бялізну, што гаспадыня, мусіць, падумала, што яна дарэмна траціць мыла.
— Падумаць толькі — набіць! 3 нашай Аннай ніколі такога не здаралася. Дый фрэкен Андэрсен такая мілая. Яна часта заходзіць да нас на кубак кавы... Лепшай настаўніцы і быць не можа.
— Ад кавы яна не робіцца ні лепшая, ні горшая,— прабурчала мама.
Я бачыла, як раззлавалася мама. Каб не наша нястача, гаспадыні давялося б самой паваждацца са сваёю бялізнаю. Але айчым узяў за моду аставацца ў суботу вечарам у горадзе, у шынку «Іон-пі-да-дна», і дадому не прыносіў ні капейкі. Вось чаму мама моўчкі мыла, хоць гаспадыня не адыходзіла і не пераставала абараняць настаўніцу. За гэты час я праглынула пару кавалачкаў хлеба з маслам, што былі ў мяне ў сумцы, а потым стала памагаць маме (ва ўсякім разе, мне гэтак здалося тады).
Назаўтра ўвесь дзень я праседзела на ганебнай лаве, але ні слова дома не сказала, выдумаўшы замест гэтага цэлую гісторыю, быццам так добра адказвала ўрок, што настаўніца пагладзіла мяне па галаве.
Мама не распытвала, за што перад гэтым фрэкен збіралася мяне набіць, таму і падмануць яе было лёгка. Альвара ў гэты дзень не было ў школе, не прыходзіў ён некалькі дзён запар — у яго з горла пайшла кроў. Дарэчы, гэта здаралася з ім даволі часта.
Хутка нам зноў давядзецца пераязджаць. Хіба мог айчым добра працаваць, калі ён цэлымі днямі тырчаў у шынку «Іон-пі-да-дна»?
А за два тыдні да пераезду я пасварылася з настаўніцай канчаткова. Два разы на тыдзень мы разам са старэйшымі дзяўчаткамі з так званай народнай школы вязалі. Мы, малодшыя, павінны былі вязаць рукавіцы, а старэйшыя — панчохі. Ніткі і пруткі закупляла фабрычная адміністрацыя. На другі ўрок мае рукавіцы былі гатовыя, бо нам можна было вязаць і дома, і я папрасіла настаўніцу дазволіць мне ўзяцца за панчохі. Усе чатыры месяцы вучобы ў гэтай школе я ні разу не рыхтавала ўрокаў. Але я заўсёды вучылася добра, таму што была кемлівая і вельмі славалюбівая. Кожны раз я лепш за ўсіх адказвала на пытанні з месца, але настаўніца часта рабіла выгляд, што не заўважае маёй паднятай рукі. Я бегла чытала, у той час як другія дзеці ледзь разбіралі тое самае па складах. Вельмі ж смешна гэта ў іх выходзіла, і я ніяк не магла прымусіць сябе чытаць гэтаксама. Аднойчы настаўніца праваждалася не менш як чвэрць гадзіны, каб прымусіць мяне чытаць па складах, потым раззлавалася і стукнула мне па твары так моцна, што з носа пайшла кроў. He сказаўшы ні слова, я падняла руку і замахнулася на яе.
Тады яна апамяталася, хутка выйшла, прынесла ў сподачку вады і загадала мне прамыць нос.
— Мама спужаецца, калі я такая прыйду дахаты,— прагаварыла я і расплакалася.
Яна добра вымыла мне твар, асцярожна выцерла яго і павярнулася да класа:
— Я не думала, што гэтым скончыцца, але ж вы бачыце, дзеці, якая Міа непаслухмяная. У мяне проста цярпенне лопаецца.
I таксама заплакала. Тут ужо мае слёзы адразу высахлі. Я села на сваё месца, задраўшы ўгору свой распухлы нос, і не выпусціла болей ні слязінкі. Фрэкен усё плакала, а дзяўчаткі з дакорам глядзелі на мяне.
Тады я ўстала:
— Я нічога не раскажу маме, я скажу, што ўпала і разбіла нос.
Я думала, што яна спалохалася. Але я памылілася: ёй не было клопату да мае мамы — яна баялася грамадскай думкі. Падняўшыся з крэсла, яна сказала, што я магу гаварыць маме ўсё, што мне ўздумаецца, але, калі я не змяню сваіх паводзін, мне давядзецца развітацца са школаю. Пасля гэтага выпадку яна ўжо не хавала сваёй нянавісці да мяне.
На адным уроку рукадзелля, якраз напярэдадні пераезду, я падышла да фрэкен і папрасіла яе памагчы мне вывязаць пятку. У школе гэта рабілі зусім не так, як вучыла мяне мама. Фрэкен узяла панчоху і пачала спускаць вочкі. Я нагнулася, каб лепей бачыць, як яна гэта робіць, і незнарок дакранулася да маленькага пучка валасоў у яе на патыліцы.
— Як табе не сорамна! — закрычала яна.— Адыдзі ад мяне!
Пакінуўшы ў яе панчоху, я вярнулася на сваю лаўку.
— Падыдзі сюды і паглядзі, як трэба рабіць!
Я паднялася і зноў падышла да фрэкен. Астатнія дзяўчаткі старанна займаліся сваёй справай.
— Што ты зрабіла з прутком? — пытаецца раптам фрэкен і выцягвае з вочак адзін пруток.
— Нічога.
— Ён увесь у зазубінах. Глядзі, як раскасмацілася нітка, хіба можна з такой вязаць панчоху?
Яна паказвае мне пруток, на ім сапраўды глыбокая драпіна. Я ўспамінаю, што яшчэ на папярэднім уроку вочкі чапляліся за гэты пруток, але мне і ў галаву не прыйшло тады глянуць, у чым справа.
— Кажы! Што ты зрабіла з прутком?
Я маўчу, бо нічога з ім не рабіла.
— Я адказваю перад фабрычнай канторай за рэчы, выдадзеныя нам на рукадзелле. Ці навучышся ты калінебудзь гаварыць праўду? Я з самага пачатку зразумела, якая ты пачвара,— захліпаючыся, гаворыць настаўніца, барвовыя плямы распаўзаюцца па шыі, пераходзяць на падбародак.
Мяне пакінулі пасля ўрокаў. Настаўніцы не ўдалося выцягнуць з мяне ніводнага слова, нават маны. Я не ведала, што сказаць, я не знала, што здарылася з прутком. Пруток каштаваў ад сілы два эрэ, але я была ў адчаі. Настаўніца забараніла мне вязаць панчоху датуль, пакуль я не прызнаюся, пасля мне дадуць новы пруток. Я зусім разгубілася, усё здарылася так знянацку. Каб хоць я магла навыдумляць чаго-небудзь ці хоць проста сказаць, што сапсавала пруток, але я не магла прыдумаць, як гэта здарылася. Я разумела, што павінна растлумачыць, як сапсавала пруток, каб апраўдацца, але, мабыць, у той дзень знаходлівасць здрадзіла мне.
Выйшла я са школы, калі зусім сцямнела.
А дома ўсё было перавернута дагары нагамі. Hi мама з чырвоным ад слёз тварам, ні расхваляваны і бездапаможны айчым не звярнулі ўвагі на тое, што я прыйшла позна. Каб я зусім не вярнулася дадому,