Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Што рабіць у горадзе, я не ведала. Можа, зайсці да каго-небудзь з «адукаваных» ці да цёткі, у якой я жыла раней, і паспрабаваць раздабыць пяць эрэ?
Я разумела безнадзейнасць такой спробы: цётка сама ўсё брала ў доўг і ніколі не мела грошай, імі распараджаўся дзядзька. «Адукаваныя» ж проста прагоняць мяне дадому. Мне ж яшчэ не споўнілася і сямі гадоў.
Падыходзячы да гандлярскай вагі, я ўсё яшчэ смактала цукерачкі: іх хапіла да самага цырка. Вага была зачыненая, цырк таксама, арэлі і карусель пуставалі. Страшнаю адзінотаю веяла ад стракатага цыркавога рэквізіту, ад звяроў на каруселі і такой таямнічай, замкнёнай цяпер вагі.
Я села на масток, які вёў цераз роў да цырка, і ўзялася за апошнюю цукерачку.
3 Санкт-Анна, ці з Дротхема, ці яшчэ аднекуль пад’ехаў селянін. Ён спыніўся каля вагі, выцягнуў ключ і адамкнуў дзверы. Потым перакінуў з драбін на вагу маленькія вузкія сходкі і, расчыніўшы клетку, зацягнуў туды за хвост няшчаснае цяля, потым уцягнуў яго — на гэты раз за вушы — назад у драбіны. Цяля хрыпла мэкала, быццам адчувала, што яго век кончыўся (так яно і было на самай справе) і гарадскі мяснік хутка яго зарэжа. Я трохі паплакала па бедным цяляці і зусім забылася пра сваё гора. Але тут мне прыйшло ў галаву, што бясконца сядзець на мосце нельга, і слёзы імгненна высахлі.
Я пачала разважаць, гледзячы ўніз, у шчыліны паміж дошкамі, на папяросныя акуркі, білеты і рознае смецце, што там валялася. Раптам мяне азарыла цікавая думка. Я ніколі не была ў цырку і, ведама, не мела паняцця пра тое, што беднякі яшчэ з часоў Рыма заўсёды знаходзілі што-небудзь там, дзе забаўляліся багацеі. Багатыя такія нядбайныя, у іх жа ўсяго многа.
А тут паміж дошкамі вялізныя шчыліны, і людзі напэўна губілі тут грошы. Ва ўсіх гарадах пасля кожнага спектакля дзеці поўзаюць пад мастамі і што-небудзь знаходзяць. Але я думала, што іменна мне першай прыйшла ў галаву гэта цудоўная думка.
Я спаўзла ў сухі роў і залезла пад мост. Нават цёмная халупа заўсёды наганяла на мяне страх. Цётка ніколі не магла выправіць мяне злазіць па бульбу ў агідны сыры склеп, пакуль, бывала, не адлупцуе як мае быць. Яна думала, што я лянуюся, а на самай справе я вельмі баялася гэтай цёмнай пячоры. У склепе я дрыжала, як у ліхаманцы, ледзь магла набраць кош бульбы, і пасля гэтага цэлы дзень мне было не па сабе. Але цяпер я забылася на ўсякі страх, хоць пад мостам было цёмна і валяўся там розны хлам. Я думала толькі пра знаходку. Вужы і жабы, якія здаваліся мне ўсюды ўдзень і ўночы, з таго часу як мы пераехалі ў вёску, быццам зусім прапалі. Я поўзала пад мостам, аглядаючы ўсё навокал сантыметр за сантыметрам. I знайшла манетку — дваццаць пяць эрэ. Гэта мяне ані не здзівіла. Так і павінна было быць. He хапала яшчэ, каб я нічога не знайшла, пасля таго як мяне азарыла такая выдатная ідэя!
Увесь дзень я была сама не свая. А тут свет адразу стаў другі, жыццё змянілася,— выходзіць, можна ўладкаваць свае справы без таго, каб дарослыя тыцкалі ў іх нос ці стаялі над душою, патрабуючы на кожным кроку адказу! Цяпер можна дазволіць сабе купіць яшчэ трошкі ледзянцоў; але нейкі ўнутраны голас пры-
мусіў мяне пайсці ў горад і перш купіць на пяць эрэ дражджэй, а потым на дваццаць эрэ смачных булачак з карыцаю і цукрам. Ледзянцоў я болей не купляла і з’ела толькі адну булачку. Так і не ведаючы, што сказаць маме, я пусцілася дадому. Было ўжо за паўдня, a маме трэба хлеб на полудзень айчьіму да кавы. Ён заўсёды сварыцца і лаецца па любой прычыне. Амаль усю дарогу дадому я бегла.
Мама проста кіпела ад злосці. Яна паспела спячы некалькі аладак і ўжо сабралася ў поле да айчыма. Убачыўшы мяне, яна схапіла вялікую розгу, якая была ў яе заўсёды напагатове. Ведама, розга патрэбная для выхавання — і яе ж біў бацька, і вось з яе выйшла прыстойная жанчына. Праўда, няшлюбнае дзіця — вялікі мінус, але гэта ўжо, мусіць, вынік таго, што яе ўсё ж мала лупілі, і таму мне яна розгаў не шкадавала. Дый на гэты раз пайшла я ў горад па забароненай дарозе і бадзялася абы-дзе амаль пяць гадзін...
— За што ты хочаш мяне біць? Глянь, што я прынесла! — усклікнула я.
— Вось я табе зараз пакажу «прынесла»!
Я аддала ёй мяшэчак з булачкамі і пачак дражджэй.
— Дзе ты была, дачка?
I я адразу расказала гісторыю, якая прыдумалася сама па сабе. На'мяне напаў «шалёны Оскар» (Оскар — вясковы дурань, ціхі і бяскрыўдны). Ён пабег за мною, мне давялося звярнуць з дарогі, я згубіла пяць эрэ і плакала так горка, што нейкі добры дзядзька даў мне дваццаць пяць эрэ. Тады я пабегла да заставы і купіла дражджэй і булачак, каб маме не трэба было пячы хлеба.
Мама адразу паверыла мне. Калісьці яна чытала, як потым і я, пра добрых людзей, якія дораць бедным дзяўчаткам манеткі ўзамен згубленым. I як толькі мая
бедная мама ўбачыла ласыя булачкі, у яе пацякла слінка.
He так ужо многа смачных рэчаў можна было купіць на восем кронаў, а тут яшчэ ў нядзелю прыходзілі «адукаваныя» госці і ўсё з’ядалі. Яна ўзяла адну булачку і спяшаючыся праглынула яе, потым дала мне кошык і паклала туды тры булачкі, а аладкі дастаць забылася. Я таксама атрымала булачку на дарогу і панесла айчыму каву; з мамаю я не толькі зусім памірылася, але нават апынулася ў яе ў вялікай міласці.
Айчым зарадаваўся, калі ўбачыў у кошыку і булачкі і аладкі.
— Кланяйся дома і не забудзь падзякаваць! — сказаў ён.
Гэтага я ад яго яшчэ ні разу не чула.
Так скончыўся гэты дзень, і зноў пайшлі будні. Дзіўнейшая за ўсё была манета ў дваццаць пяць эрэ, якую я знайшла пад мостам. Калі я вырасла, я не пераставала думаць пра гэты выпадак. Мусіць, не меней за сотню дзяцей пабывала пад мостам пасля апошняга цыркавога паказу.
Можа, яе згубіў другі сямігадовы хлопчык, якога таксама паслалі па дрожджы, а ён не адважыўся адзін палезці па яе.
Гэтае незвычайнае здарэнне яшчэ болей узмацніла маю схільнасць да таямнічага. Яно было куды болей таямнічае, чым глухія вушы, у якіх аказаліся дзіркі. Гэта было сапраўднае чараўніцтва, дар аднекуль з неба ці ад якога-небудзь троля, які жыве пад мостам. Аднак я ніколі не спрабавала паўтарыць свае пошукі, наадварот, пакуль мы жылі ў тых мясцінах, я надта баялася моста. Той дзень быў вельмі насычаны падзеямі, вельмі моцнае было адчуванне віны. I адзіная радасць — манета ў дваццаць пяць эрэ, дый тая ўзялася невядома адкуль.
He пражылі мы і паўгода на хутары, як пачаліся пераезды, а мне пара было ісці ў школу.
Першую сваю настаўніцу я ўзненавідзела з таго самага дня, як мама прывяла мяне да яе. Тады ўжо я даволі добра чытала і трохі ўмела пісаць, і мы з мамаю вельмі гэтым ганарыліся. Але настаўніца, калі пачула пра мае поспехі, пагардліва папыталася ў мамы, ці варта яе дачцэ хадзіць у школу, калі яна такая ўжо граматная.
— Павінна вам сказаць, мадам, што не бачу нічога добрага, калі дзіця дома вучыцца чытаць. Мяне гэта зусім не радуе, мадам.
Мадам! За ўсё жыццё ніхто не называў так маю маму. Гэты зварот даўно састарэў. Толькі вельмі пажылых жанчын ды яшчэ прыбіральшчыц на кірмашы называлі «мадам». А маме ж толькі споўнілася дваццаць сем гадоў, і, нягледзячы на цяжкія гады недаядання на фабрыцы і непасільную працу на хутары, яна вельмі добра глядзелася. Настаўніца ж, мусіць, гадоў на пятнаццаць старэйшая за маму!
Усю дарогу назад, да самай папяровай фабрыкі, мама лае настаўніцу. Я з усяе сілы памагаю ёй.
— Трэба было паслаць к чорту гэтую школу! — гаворыць мама.
— Ага,— згаджаюся я.
— Ён зноў пачаў піць, і мы ўсё роўна тут не затрымаемся. Зможаш пачаць вучыцца і ў другім месцы.
— Ну канечне,— кажу я.
— Зразумела, гэта не выратуе ад клопатаў,— адумваецца мама, атрымаўшы ад мяне занадта гарачую падтрымку.— Але ж цяпер яна ўсё роўна пачне чапляцца да цябе, так што ты пастарайся слухацца. Будзь заўсёды ветлівая, рабі ўсё, што яна скажа, і вучы добра ўрокі! Hi ў якім разе не грубіянь!
— Нізашто не буду,— супакойваю я яе, і мы дружна лаем настаўніцу далей.
Мы ідзём дахаты, блізкія адна адной як ніколі. Мы ж выправіліся, каб запісацца ў школу і каб пахвалілі за мае веды, а замест гэтага зарабілі наганяй. He трэба было спяшацца.
У той час я нядрэнна вязала пруткамі і кручком, хоць і была зусім маленькая. Пасля замужжа мама часта хадзіла ў заробкі, дні без яе здаваліся асабліва доўгімі, гуляць на дварэ не хацелася, і патроху то ў адной суседкі, то ў другой я вучылася вязаць, як вучылася і чытаць.
Але іменна маё ўменне вязаць і прынізіла мяне ў вачах прыстойнай настаўніцы.
Бацькі большасці навічкоў працавалі на папяровай фабрыцы, але былі і дзеці тарпароў 1 і сялян. Мала добрага ў жыцці бачылі гэтыя дзеці. Фабрычная дзятва лічыла сябе надта «высакароднымі», каб вадзіцца з імі. Я таксама лічыла сябе фабрычнаю, хоць толькі што прыехала з хутара, дзе айчым працаваў парабкам. Сапраўднае дзіця горада, я хутка вывучыла гарадскі жаргон. I ўсё ж такі мне куды лепей жылося на хутары каля Старой дарогі, чым у горадзе. Чалавек такі няўдзячны, асабліва ў дачыненні да прыроды.
Дзеці тарпароў гулялі адны да самай восені, пакуль паспявалі яблыкі. Тут ужо яны са сваімі сумкамі, поўнымі сакаўной садавіны, рабіліся поўнымі гаспадарамі, а мы віліся ўкруга і ўсяляк падладжваліся пад іх, нават хапала ў нас ласкавых слоў.
Школа тулілася ва ўбогай халупе.
Кожны год фабрычнае начальства абяцала пабудаваць новую школу, але далей за размовы справа не ішла. Я думаю, што яны і да гэтага часу нічога не пабудавалі.
1 Тарпар — беззямельны селянін-арандатар.
Дом — старая сялянская хата — меў з фасаду трое дзвярэй. Крайнія вялі ў пакой, такі самы вялікі, як клас, дзе жыла нейкая сям’я, сярэднія — проста ў клас, а трэція —да настаўніцы, у якой таксама быў адзін пакой. Усяго ў доме былі тры аднолькавыя пакоі.
Дзяцей было трыццаць, а клас меў шэсць метраў у даўжыню і пяць у шырыню.
Доўгія лаўкі, калісьці, мабыць, чорныя, даўно страцілі свой колер. На кожнай сядзела па шэсць вучняў. I калі той, хто сядзеў пасярод, нашкодзіўшы, уставаў, каб падысці да настаўніцы і атрымаць пакаранне, астатнім таксама даводзілася падымацца і выходзіць з-за стала. Выходзіла, што мы ўстаём нібы для таго, каб прывітаць вінаватага. Я сядзела з самага краю — і гэта было вельмі зручна, мне даводзілася часта выходзіць, хоць адносіны ў мяне з настаўніцай спачатку былі добрыя. Першым часам яна старалася ўсяляк прымірыць хутарзкіх дзяцей з фабрычнымі: мамы сялянскіх дзяцей слалі ёй густыя вяршкі да кавы, а часта і галку масла, фабрычныя «дамы» — запрашэнні на шклянку кавы; тое і гэта было аднолькава прыемнае. Спачатку ў яе проста не аставалася на мяне часу: мая мама не пасылала ёй ні вяршкоў, ні запрашэнняў,— нам і самім усяго не хапала.