• Часопісы
  • Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

    Мама выходзіць замуж

    Муа Марцінсан

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 382с.
    Мінск 1988
    83.88 МБ
    — Барані божа, я там ніколі не была,— сказала суседка.
    А я дык хадзіла туды аднойчы з мамаю і айчымам, яшчэ да таго, як яны пажаніліся, і цяпер проста
    калацілася ад страху, што мама ўсё ж такі пацягне туды суседку. На каго яна падобная! У гэтай шапцы! А там так светла! Там многа прыгожа адзетых людзей! I якія людзі! А слугуюць такія прыгожыя паны! Той раз нас абслугоўваў вельмі далікатны пан. Ён прананаваў сок з садавіны, пірожнага, а мне даў гасцінец — апельсін.
    — За твае прыгожыя вочы,— сказаў ён мне, зусім як дарослай.
    — He надта ён разумны,— заўважыў айчым і хутка разлічыўся. Ён адчуваў сябе не ў сваёй талерцы. Вельмі ўжо ветлівы быў са мною і з мамаю афіцыянт.
    — He, у Стрэшхольмен мы не зможам пайсці,— кажа мама, крадком паглядаючы на суседчыну шапку. Сама яна без шапкі, касынка спаўзла з галавы, і ад гэтага яна стала яшчэ прыгажэйшая.
    На царкве святога Эмануіла гадзіннік прабіў палову дванаццатай, і суседка сказала, што трэба спяшацца, інакш і піўныя зачыняцца. Нарэшце мы дабраліся да кавярні каля самага ўезду ў Салтэнген.
    — Цяпер тут вольна, але ў дванаццаць прыйдзе змена, так што лепей сядайце ў кухні,— сказала нам гаспадыня.
    — Мы затрымаліся на працы і вельмі галодныя. Ці можаце вы чым-небудзь пакарміць нас? — папыталася мама.
    — А як жа, у нас усё прыгатавана да прыходу змены.
    I пачалося сапраўднае баляванне: смажаная бульба, мяса з цыбуляю, хлеб з маслам, сыр, чарнасліў і малако!
    Таўстуха суседка ела з такой прагнасцю, што ледзь не падавілася. Без перадыху спусташала яна талерку за талеркаю.
    — Трэба скарыстаць выпадак,— шапнула яна маме,— усё роўна плата тая самая.
    Мама не адказала. Яна і ела нямнога. Цяпер яна пабялела і выгляд у яе бьіў стомлены. Гаспадьінін муж, які нам слугаваў, відаць, прывык бачыць галодных людзей і папытаўся, ці не хочам мы яшчэ чагонебудзь.
    — Толькі папрасіце,— сказаў ён.— У нас людзі могуць есці, колькі ім хочацца. Партовыя рабочыя лічаць, што гэта правільна. I яны ніколі не з’ядуць лішняга,— тут ён паглядзеў на суседку.— Мы не размяркоўваем яду порцыямі, вельмі ўжо гэта казённа. Кожны сам накладае сабе. Будзеце піць каву?
    Суседка ўзяла каву, а мы з мамаю адмовіліся.
    Гадзіннік прабіў дванаццаць. 3 двара пачуліся галасы, смех. Гэта прыйшлі грузчыкі — у порце кончылася змена.
    — Можа, і твой муж з імі? — папыталася мама ў суседкі.
    — He, не. Ён цяперака не на пастаяннай рабоце. А гэтыя грузчыкі — пастаянныя. Яны ўсе арганізаваныя,— ну, адным словам, сацыялісты. Мой муж кажа, што гаспадары не любяць, калі рабочыя арганізаваныя.
    Мама глянула на яе трохі насмешліва, але прамаўчала.
    — Мы б расплаціцца хацелі,— сказала яна да запыханага, спацелага гаспадара, калі ён забег на кухню, каб напоўніць вялізную міску.
    — Зараз! Зараз!
    — Давайце ўцячом,— сказала суседка.— Ты ж прапанавала заплаціць? Самі вінаватыя, што не бралі, ім не будзе чаго і сказаць.
    Я гатовая была з ёю згадзіцца.
    Мама зрабіла выгляд, што не чуе. Суседка паднялася; яна з’ела вельмі многа і ўвесь час ікала.
    Мама адчыніла свой кашалёк, у ім ляжалі чатыры дзесяткі.
    — Божа мой,— усклікнула суседка.— Так многа
    ты зарабіла! Цяпер цэлы месяц вы зможаце жыць прыпяваючы.
    — Есць дзіркі, якія трэба заткнуць,— сказала мама.
    Падышоў гаспадар:
    — 3 вас дзве кроны.
    Суседка шматзначна пакруціла галавою. На яе думку, гэта было вельмі дорага.
    — Калі ласка,— мама дастала адну дзесятку,— сем крон і пяцьдзесят эрэ здачы.— Здзіўленая суседка вылупіла вочы.
    — Дзякуй вам, вы вельмі добрыя,— і гаспадар кінуўся разменьваць грошы.
    — Ты што, здурнела? Гэтага хапіла б на цэлы тыдзень на мяса,— не стрывала суседка. У гэты момант вярнуўся гаспадар з грашыма:
    — He забывайце нас, і яшчэ раз вялікі дзякуй.
    —■ Мы дзякуем, вы нас добра накармілі.
    — Сюды, калі ласка,— сказаў гаспадар і, адчыніўшы дзверы, выпусціў нас на цёмны двор.— Я правяду вас і адчыню вароты. Нам не дазваляюць абслугоўваць выпадковых наведнікаў,— але ж вы елі на кухні, так што гэта не лічыцца. Дзе вы жывяце?
    — Недалёка ад Хольмстада.
    — Зрабіце ласку, захапіце некалькі афішаў і расклейце іх там,— ён бяжыць у камору і прыносіць нейкія лісткі.
    — Пра што гэта? — пытаецца мама.
    — Ката Дальстром і Фабіян Монсан выступяць у нядзелю з прамовамі ў Оксвалене.
    — Добра, я расклею,— і мама ўзяла афішы.
    — Вось бачыш, яны не мелі права нас карміць. Магла б зусім не плаціць,— не сціхала суседка.
    — Ніхто не павінеі/ есці дарэмна, хіба што той, хто крадзе, а я не краду. Вядома, каб не памерці з го-
    ладу, можна пайсці жабраваць, але сёння ў мяне ёсць грошы. Нашто мне прасіць,— адрэзала мама.
    Я зразумела, што яна пачынае злавацца на суседку, і з усяе сілы сціснула ёй руку. Малайчына!
    — Ката Дальстром сядзела ў турме,— сказала суседка,— гэта небяспечны чалавек.
    — Зусім яна~ не небяспечная. Яна сябар беднякоў, за гэта і сядзела ў турме.
    — А што яна можа ім даць? У яе ёсць грошы?
    — He думаю, сябры беднякоў самі нічога не маюць. Але яна лічыць, што людзі лепшыя не зробяцца, калі атрымаюць грошы, яна хоча нечага другога.
    — Ты ведаеш яе, мама? — прашаптала я ціха.
    — Я чула яе аднойчы, як яна добра гаворыць.
    — Чалавек не стане сапраўдным чалавекам без грошай,— упарта сказала суседка.
    Мы ішлі па мосце цераз Салтэнгу. Пахла вадою, і было вельмі ціха. Каб не суседка, я лепей распытала б у мамы, што гэта за Ката Дальстром. Але суседка не сціхаючы малола ўсялякую лухту і не пераставала спрачацца. Нам з мамаю была б добрая праходка, па дарозе дадому мы памеркавалі б, што цяпер трэба купіць, калі мама нарэшце зарабіла трохі грошай. Але побач ішла суседка, няспынна ўздыхала і паўтарала, што чалавек нічога не можа зрабіць, калі ён небагаты.
    — Тут недалёка, у Салтэнгене, жыве варажбітка. Зойдзем да яе. У яе можна пагадаць і ўночы. Днём яна працуе ў пральні, бо ў яе муж хворы,— суседка з усяе сілы старалася ўгаварыць нас.
    Салтэнген — гэта гарадская ўскраіна, якая карысталася нядобрай славай; склады ды некалькі бедных халуп — і больш нічога. Мама спынілася ў нерашучаеці.
    — Я ведаю, кожнаму, хто’йабываў у яе, яна вываражыла праўду.
    — Цікава паспрабаваць. Колькі яна бярэ? — пытаецца мама.
    — Крону з чалавека, але ж я магу і проста паслухаць. У цябе, праўда, ёсць грошы, але на мяне не варта траціцца.
    — Ну, калі мы ўжо разам, я заплачу.
    Гэтаму выпадку суджана было стаць адным з самых агідных успамінаў майго дзяцінства.
    Суседка збочыла з дарогі і павяла нас вузкім праходам, міма вялізных жалезных складаў. Недзе далёка гарэў ліхтар.
    — Чорт ведае што! — раптам сказала мама і спынілася.— Тут жа начуюць розныя валацугі са сваімі дзеўкамі. Яшчэ аграбяць, тут і такое здаралася.
    — He, я добра ведаю дарогу. Яны не асмеляцца прыйсці сюды, калі ў праходзе гарыць ліхтар.
    Мы моўчкі пайшлі за ёю. Я ішла апошняя, трымаючыся за мамін шаль.
    Усё гэта было вельмі цікава. Вось дык будзе што расказаць Хане!
    Мы прайшлі міма маленькага дома. Было чуваць, як у хаце крычаць і лаюцца. Мама тузанула за рукаў суседку, якая спынілася, каб паслухаць.
    Хутка мы падышлі да вялікага дашчанага склада. 3 заліва Бровікен данёсся пах вады, недзе прагудзеў параход. Насустрач нам ішлі дзве жанчыны. Яны моцна і віскліва гаварылі.
    — Вы да варажбіткі? — не прывітаўшыся, папыталіся яны.
    — Ага. Яе няма дома?
    — Дома, але... ды самі ўбачыце, калі прыйдзеце.
    I пайшлі, не развітаўшыся, быццам нечым моцна расхваляваныя.
    — Па-мойму, яны п’яныя,— сказала мама.
    Мы стаялі перад халупаю, якая ў цемры здавалася
    павеццю. Праз асветленае акно было відно, што ўсярэдзіне ёсць людзі. Суседка пастукала ў дзверы.
    — Заходзьце!
    Мы ўвайшлі. Высокая хударлявая светлавалосая жанчына няпэўнага веку аддзірала паперу, што прыліпла да яшчэ не спечаных праснакоў. Увесь ложак быў завалены сырымі праснакамі, уверчанымі ў «Норчэпінгс тыднінгар».
    У праснакі моцна паўядалася друкарская фарба, сям-там да іх прыліплі шматкі паперы. Судовыя справаздачы, аб’явы пра вяселлі і аукцыёны — усё гэта выразна адбілася на цесце. 3 хлебам можна было праглынуць любую сенсацыю.
    Але нашу ўвагу прыцягнула не гэта жанчына з яе няшчаснымі праснакамі, а жоўты змардаваны мужчына, які сядзеў у адной сарочцы на драўляным вядры. У пакоі стаяў страшэнны смурод. Мужчына нават не глянуў на нас, калі мы ўвайшлі, і толькі ціхенька стагнаў. У яго з твару струменьчыкамі сцякаў пот. Мама заціснула нос і кінулася да дзвярэй.
    — Фру не павінна была пускаць нас, пакуль мужчына не ляжа ў пасцель,— сказала яна з абурэннем.
    — Зачыніце лепей дзверы, мілыя, не памраце ж вы ад таго, што пагледзіце на хворага чалавека. Ён так сядзіць гадзінамі —■ у яго рак, і тут ужо нічога не зробіш. А ў бальніцу яго не бяруць.
    Яна шпурнула ў печ праснакі з адбітымі на іх літарамі і словамі і з грукатам зачыніла дзверцы. Мужчына, як і раней, безуважна сядзеў на вядры.
    — Мы пойдзем,— рашуча сказала мама.
    Але суседка, як выявілася, добра ведала варажбітку, нават была з ёю на «ты», і стрымала маму.
    — Пакінем дзверы адчыненыя. На дварэ цёпла, a калі чалавеку ўжо нішто не паможа, не памрэ ж ён ад паветра,— сказала таўстуха, і зялёная паляўнічая шапка падскочыла ў яе на галаве.
    — Хочаце паваражыць? Гэта каштуе крону. Грошы наперад, a то варажба не спраўдзіцца. Тут бывалі высакародныя пані і паны, і, скажу вам, нікога з іх не турбаваў пах. Хіба да гэтага, калі чалавек можа даведацца пра сваю будучыню. Сам бургамістр прыходзіў сюды. Ты ж маладая, прыгожая і, ведама, хочаш новага жаніха? — папыталася варажбітка ў мамы.
    Я была проста ашаломлена гэтым патокам слоў і ўсім абсталяваннем пакоя — самым неахайным, які я калі-небудзь бачыла: лахманы, нямыты посуд, стары лямец паміж рамамі. Тут спаў і тоўсты сабака, які нават не забрахаў, калі прыйшлі чужыя. А мужчына, які сядзеў на вядры з заплюшчанымі вачыма! Нахіліўшыся наперад, ён упёрся галавой у ложак. Прасціна была аж чорная ад бруду.
    — Сядайце. Мне спачатку трэба праснакі спячы,— сказала варажбітка і пачала зграбаць у кучу праснакі, брудныя ад паперы і друкарскай фарбы. Потым яна паклала цеста на стол і пайшла па новую газету, каб паслаць яе на ложак.
    — Я купляю макулатуру, гэта вельмі танна. А паперы трэба многа, калі ён увесь час сядзіць на вядры,— і яна паклала новую партыю праснакоў, паласатых ад паперы і чорнай фарбы.