Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
— Пайду намачу бялізну, потым крыху прыграбёмся. Людзі парабіліся вельмі ўжо ахайныя,— з горыччу сказала яна. А зусім жа нядаўна мама лічылася самаю ахайнаю і акуратнаю з усіх фабрычных работніц.
Вось тут і ўстала праблема з помпаю.
Як я і чакала, маме не дазволілі мыць. Яна вярнулася назад з бруднымі кашулямі і штанамі прадзільных майстроў. Я бачыла, як яна ішла па дарозе, чула, як яна шпурнула ў сенцах клумак з бялізнаю. He пастукаўшыся, яна зайшла да гаспадыні. Я зразумела, што мама вельмі зазлавалася — не яе была звычка так урывацца да людзей.
Да мяне даносілася кожнае слова.
Мама не павіталася і пачала перагаворы без ніякіх папярэдніх кампліментаў.
— Ты ведаеш, што ў нас чутно кожнае тваё слова? — пачала яна.
Гаспадыня не адказала. Нехта з гасцей усё яшчэ сядзеў у яе.
— Ты вельмі клапоцішся,— пачула я,— пра мяне, пра маё бруднае дзіця і пра майго мужа. Калі ты сама апошні раз мыла? Ці, можа, ты крадзеш ваду ўночы?
Ніякага адказу.
— За мілю адсюль і то вады не дастанеш. Ты павінна была мяне папярэдзіць пра гэта, калі здавала сваю халупу. Ты сама прапанавала мне пакой, калі я сустрэла цябе і дарэчы ўпамянула, што шукаю кватэру. Выхваляка! Ты ж абяцала пачакаць два тыдні з платаю. He паспела я пераначаваць у хаце, як ты ўжо тут са сваімі плёткамі. Няўжо ты думаеш, у мяне такая благая слава, што я не дастану чатыры кроны, якія павінна плаціць табе за месяц? У цябе няма патрэбы хлусіць пра мяне з-за такое дробязі і гарлапаніць так, што дзіця чуе кожнае слова праз шчыліны ў тваёй «віле»...— Мама вымавіла «віла» вельмі насмешліва. (Той, хто сам нічога не мае, можа дазволіць сабе гаварыць з насмешкаю пра чужое дабро.)
— I ты яшчэ заікаешся пра чысціню. (Я чула, як зазлавалася мама. Гаспадыні мне ані не было шкада.) Ты помніш, што сказаў аднойчы мой бацька твайму бацьку? — пачуўся зноў мамін голас.— Помніш? Пра гэта гаварыла ўся парафія. Твой бацька прыйшоў да нас, каб выгнаць мяне, бо я вярнулася дахаты цяжарная, а ў парафіі не была запісаная. Твой бацька вельмі баяўся за сваю парафію. Але хто паручыўся за твайго бацьку, калі самому была нявыкрутка? Ён жа быў ганарысты і фанабэрысты, строіў з сябе багатага селяніна, пакуль хапала грошай. Ведама, мой бацька.
I яму паверылі, бо думалі, што яму перапалі добрыя грошы ад таго пана за маё бруднае дзіця. Табе нічога не аставалася, як здаць мне пакой, бо ты лепей за другіх ведала, што мой бацька памог вам сваімі грашыма, калі вы згалелі. Дарэчы, калі ён памёр, а крэдыторы атрымалі сваё, мы ледзь наскрэблі грошай, каб пахаваць яго.
Гаспадыня пачала ўсхліпваць і жаліцца, што Гсдвіг яе асарамаціла, што цяпер ёй будзе брыдка людзям на вочы паказацца; а адна яе госця пачала клапатліва тлумачыць маме, што бялізну можна занесці ў гарадскую пральню. (Гэта вельмі падыходзіла маме, якая толькі што прывалакла анучы з горада!)
— Тут наўрад ці знойдзецца чым вымыць посуд нават у нядзелю,— жартам заўважыла госця, стараючыся паказаць, што сама яна тут ні пры чым.
Мама не сказала болей ні слова і, грукнуўшы дзвярыма, паднялася на гарышча.
Яна нагрэла тую ваду, што ў нас яшчэ асталася, і пачала да болю шараваць мне галаву; потым дастала са скрынкі чысты фартух.
— Мы пойдзем у Вільберген, да бабулі, я павінна памыць, каб заплаціць за кватэру гэтай ведзьме. Чула, як я яе прабрала?
— Так ёй і трэба,— адказала я, дзівячыся, як гэта мама не захварэла ад бульбы і кілбасы, што з’ела.
— А многа грошай аддаў дзед? Якое ён меў права аддаваць мае грошы? А можа, гэта былі не мае грошы, калі я была яшчэ такая маленькая?
He адказваючы, мама ўтаропілася проста перад сабою. Я чакала, надзвычай узрушаная.
— He ведаю,— нарэшце сказала яна, не перастаючы думаць пра нешта сваё.— He ведаю. Зрэшты, тут ,мы доўга не затрымаемся,— дадала яна цвёрда і зноў
узялася збіраць брудныя кашулі прадзільных майстроў, якія толькі раніцаю прывалакла.
— Хіба мы не будзем спачатку распакоўваць рэчаў і прыбірацца?
— He, трэба памыць бялізну і заплаціць за кватэру.
Да бабулінае хаты было каля мілі.
Памыўшы і папрасаваўшы зашмальцаванае рабочае адзенне і засаленыя кухонныя фартухі, мама пайшла да сваякоў, каб заплацілі за працу, але грошай у іх не знайшлося.
— Я ж табе гаварыла,— сказала бабуля, калі мама вярнулася,— вось ужо дваццаць гадоў яны вінаватыя мне за цэлы стог палавікоў.
Прайшло трыццаць гадоў, а «заможныя» так і не заплацілі за тую памытую бялізну, але ўсё-такі яны «трохі памаглі Гедвіг працаю».
Мусіць, гэта было сталым кодэксам у «заможных»: бедныя людзі павінны мець працу, тады яны як-небудзь пражывуць.
Бабуля дала грошай, каб заплаціць за кватэру.
— А не дык цябе жыўцом з’ядуць. Я гэту публіку ведаю.
У той жа вечар гаспадыня атрымала грошы. Падзякаваўшы маме, яна, нібыта нічога і не здарылася, пачала малоць языком. Відаць было, што яна вельмі радая грашам. Дзіва што — даўным-даўно не бачыла яна жывых грошай. У мізэрным бюджэце індывідуальных забудоўшчыкаў гэтыя чатыры кроны нешта значылі. Да гэтага часу яны ўсё ўкладвалі ў дом. I вось нарэшце нешта атрымалі! Кватэрная плата! Жывыя грошы! Мама трымалася стрымана.
Пры пэўных абставінах сябры дзяцінства могуць быць вельмі халодныя адно з адным.
У пакоі нічога не змянілася з таго часу, як мы пайшлі: таз з бруднаю вадою, у якім мама мыла мне галаву, так і стаяў на крэсле, пасцель на дваіх на канапе пакамечаная і згамтараная. Мая пасцель ляжала ў кутку.
О ты, мой любы дом каля Старое дарогі, з белымі абрусамі, з новымі палавікамі, з цішынёю. Там мы былі ўдзвюх са шчасліваю тады мамаю! Ніколі, ніколі потым не была я такая блізкая з ёю. Занадта многа стаяла цяпер паміж намі: клопат, бруд, даўгі, айчым; дый мама дужа пабрыдчэла і растаўсцела і галава яе была занятая толькі айчымам.
3 тае першае ночы ў пакоі каля Старое дарогі, калі мама легла ў адну пасцель з айчымам, мы болей ніколі не аставаліся ўдзвюх. I нідзе ўжо не было так чыста і прыгожа, як там. Тут на гэта няшчаснае забітае акно не павесіш нават простай фіранкі — у пакоі адразу стане цёмна, а на штору з дзяўчынкаю ў драўляных чаравіках і зусім не было месца. Ды яна і не патрэбная: сонца ніколі не зазірала ў пакой, не пералівалася на яркіх абрэзках палавікоў.
Канапа перастала быць маёю ўласнасцю, на ёй цяпер спала мама і начамі лічыла жалуды на спінцы. Адзінае, што было яшчэ авеяна нейкаю таямніцаю,— гэта Вальдэмар, але яго мне ніяк не ўдавалася ўбачыць. Той самы Вальдэмар, які працаваў на цукровым заводзе. Напэўна, ён такі багаты! Я ведала, што кожны дзень ён прыносіць дадому патаку,— на гарышчы стаяла вялікая чатырохкантовая бляшанка, поўная патакі.
— Яны атрымліваюць яе на заводзе,— сказала мама.— Гэта неачышчаны цукар, і завод не можа яго прадаваць.
Бабуля гаварыла, што ў таго, хто ўкрадзе хоць кропельку патакі, на носе кожны раз ускоквае вяснушка. А колькі вяснушак было ў нашае гаспадьші! Можа,
гэта праз патаку? Мне трэба было ўбачыць Вальдэмара. Калі ў яго гэтаксама многа вяснушак, як і ў яго фру, значыць, ён і праўда крадзе патаку.
Спякотныя, гарачыя дні. Апусцілі запыленыя галоўкі лопух і бадзякі. Калі мама не ходзіць у горад мыць бялізну ці падлогу, яна ляжыць на жалудовай канапе, і яе рве. Усё, што яна з’ядае за дзень, ідзе прахам.
Вошы, як і дагэтуль, плодзяцца ў мяне ў валасах. Ад пакатае столі ў пакоі пахне смалою. Унізе гаспадыня штодзень пячэ хлеб з цукроваю патакаю — яе ўжываюць замест соладу. Хлеб атрымліваецца салодкі, як мёд, адзін раз далі мне паспытаць кавалачак. А на гарышчы стаіць бляшанка, таямнічая, недаступная.
3 новых сцен сачылася смала, усюды віселі жоўтыя смачныя кроплі. Доўгія гадзіны прастойвала я на гарышчы, гледзечы на бляшанку, і адзін раз узяла ў рот кроплю смалы. Яна павінна быць патакаю. Калі ў хаце ёсць вялікая бляшанка з патакаю, значыць, і смала, што сочыцца з сцен, павінна быць патакаю. Але кропля аказалася звычайнаю хваёваю смалою ды такою горкаю, што я ажно зморшчылася.
Гаспадыніна дачка хадзіла ў школу. Мне таксама трэба было вучыцца.
— He варта,— сказала мама,— мы ўсё роўна скора пераедзем.
Я старалася сустрэць гаспадыніну дачку на дварэ, калі яна вярталася са школы, але тая не звяртала на мяне ўвагі. Седзячы на ганку на смалістых дошках, я гадзінамі чакала, пакуль яна выйдзе, але яна не паказвалася. Але варта было мне пайсці, як яна адразу выбягала і ляцела да каго-небудзь у хату, дзе ў яе былі таварышы.
Ёй не дазвалялі са мною гуляць, але мне такая думка нават не прыходзіла ў галаву. Я верыла, варта мне толькі загаварыць з ёю, і мы пасябруем, пачнём будаваць лялечныя хаткі і будзем спраўляць лялькам патачныя банкеты. Я верыла ў сваю здольнасць заваёўваць новых таварышаў і не прывыкла да таго, каб мяне пазбягалі. Але мне ніяк не ўдавалася спыніць яе. Аднойчы я ўсё-такі схапіла яе за спадніцу.
— Пусці мяне, гадасць ты! — закрычала яна.
На крык выйшла губатая дачка селяніна:
— Ідзе трэба рыхтаваць урокі,— на твары ў яе паблісквала рабацінне.
Паступова я пачынала сёе-тое разумець.
Домаўласнікі звычайна здавалі маленькія пакойчыкі, без якіх лёгка маглі абысціся, адзінокім мужчынам або жанчынам. Калі ж у мансарду выпадкова траплялі кватаранты з дзецьмі, то дзеці домаўласнікаў не сябравалі з імі. Таму я не знайшла таварышаў у пасёлку; тыя дзеці, што жылі тут, былі залішне добрыя як на мяне.
3 усяго пасёлка мяне любіла адна толькі крамніца. Я магла браць вады столькі, колькі мне захочацца. Мама ніколі не купляла ў доўг у гэтай краме, у яе быў крэдыт у горадзе. Таму фру «паважала» нас і аднойчы нават пачаставала каваю.
Я так і не пазнаёмілася ні з адным равеснікам, затое ў мяне паявіліся другія таварышы: я моцна падружылася з пекарам.
Жыў ён проста ў пякарні, у падвале, і я вельмі часта тырчала там да позняга вечара. Тады па мяне прыходзіла мама і заўсёды атрымлівала гасцінец — вялікі бохан толькі што спечанага, яшчэ гарачага хлеба. Ужо чаго-чаго, а хлеба ў нас было ўдосталь.
Іншы раз пекар напіваўся дап’яна. Тады ён разуваўся, залазіў босы ў вялізныя ночвы з цестам, мя-
сіў яго нагамі і крычаў: «Так пяклі хлеб, калі быў я хлопцам». Ён так старанна таптаў цеста, што яно абляпвала яго да пояса.
Калі я расказала пра гэта маме, яна легла на канапу і заціснула рот рукамі. 3 мамаю станавілася ўсё цяжэй і цяжэй мець справу.