Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Аднойчы, недзе праз тыдзень пасля гэтага, я заседзелася ў пекара і прыйшла дахаты позна. I вось тут я ўбачыла нарэшце Вальдэмара. Ён ішоў з працы і, як звычайна, нёс вялікую бутлю. Я ведала, што ў ёй патака. Гэта быў незвычайна высокі і тоўсты мужчына з шырокім, зусім белым тварам і маленькім, амаль незаўважным ротам. Вяснушак у яго не было. Ён прысеў на дошках каля парога, бо ні гаспадыні — яго жонкі, ні дачкі не было дома, а ключ яны забралі з сабою.
Я ўселася каля яго, пачухала галаву, схавала свае брудныя ногі пад падол і паспрабавала завесці з ім размову. Ён адразу мне спадабаўся, і я захацела хоць трошкі дазнацца пра цукровы завод.
Ён весела паздароўкаўся са мною, дастаў з рота тытунь і, не перастаючы плявацца, адхарквацца і выціраць губы тыльным бокам рукі, сказаў:
— Ці не вельмі позна такой маленькай жанчыне, як ты? Ідзі лепей наверх, там маці ўжо, напэўна, дома.
Але я не паднялася, прапусціўшы яго словы міма вушэй. Недзе далёка грукатаў гром, збіраліся хмары. Вечарэла, стаяла задушлівая гарачыня. Мой сусед у прыцемку здаваўся веліканам, напэўна, гэта ён вырабляе самыя вялікія цукровыя галовы, якія бачыла я ў краме,— цукровыя галовы з дзіркаю на самай макаўцы, так што верхні драбок можна павесіць на калядную ёлку. У мяне ў камодзе былі схаваныя тры такіх драбкі. Мама заўсёды купляла макаўку — яна казала, што цукар там самы цвёрды і таму эканомны. Самы верхні драбок з дзіркаю даставаўся мне. Цяпер я хацела папрасіць Вальдэмара рабіць гэтыя дзіркі трошкі глыбей, тады і макаўкі на каляднай ёлцы стануць болыпыя.
— Дзядзя, гэта вы робіце цукровыя галовы? — пачала я.
— Ну што ты, нас там многа,— адказаў ён дружалюбна.
Вось дык расчараванне! А я ж думала, што ён адзін прыходзіць у нейкі вялізны белы пакой і абточвае там цукровыя галовы, а за сваю працу атрымлівае сіроп, які прыносіць дахаты. Цяпер ужо не варта і гаварыць пра дзіркі. Я трошкі адсунулаея — ад яго вельмі нядобра пахла. У пасёлку індывідуальных забудоўшчыкаў ад усіх людзей нядобра пахла — не хапала вады. I дажджу даўным-даўно не было.
— Як толькі пойдзе дождж, твая маці зможа прыйсці сюды і памыць,— казала крамніца. Але дождж усё не ішоў, а я, зразумела, не станавілася чысцейшая. Ад мяне, мусіць, таксама нядобра пахла, але ад Вальдэмара пахла проста страшна, і я не ста-
ла прадаўжаць размову. Паміж намі ўсталі бруд і смурод. Мне не хацелася, каб ён убачыў мае ногі, але сядзець блізка ад яго я таксама не магла. Сціснуўшыся ў камячок, я прымасцілася на самым краі дошкі.
Ен здаваўся мне вялікаю стомленаю гарою. У змроку ён падобны быў на вялізны цёмны камень. Ён апусціў галаву на грудзі і, напэўна, заснуў. Я таксама вельмі стамілася, бо тырчала ў цёплай пякарні да таго часу, пакуль пекар не выправіў мяне дахаты, збіраючыся легчы спаць.
Маланкі раз-пораз рассякалі неба. Навокал ні душы.
Вальдэмар памыліўся — мамы не было дома. Яна знайшла працу на новабудоўлі, прыбірала там і магла затрымацца да ночы.
Услед за Вальдэмарам задрамала і я, і мы пачулі, што падышла мама, калі яна пажадала нам добрага вечара. У руках яна трымала вялікі пакет.
— Ты ж не бачыў, як я жыву, пойдзем да нас, я нагрэю чаю.
He так лёгка было ўзабрацца магутнаму Вальдэмару па вузкай лесвіцы. Мама пакінула дзверы адчыненыя. Яна распаліла ў каміне, і калі ў пакоі стала цёпла, ад Вальдэмара пайшоў такі дух, што мама пабляднела. Я таксама спалохалася, але не ад смуроду: я баялася, каб яна не аскандалілася.
Яна спусцілася на хвілінку ўніз падыхаць чыстым паветрам, а мяне папрасіла папільнаваць чайнік. Ну вось, вельмі добра, што яна пайшла; я пільнавала чайнік і збірала на стол. У пакеце была булка і іншыя рэчы, якія мама вымала так, што Вальдэмар іх бачыў. Трохі студзеню, некалькі салёных гуркоў, рассыпісты сыр, два фартухі і сукенка. Фартухі і сукенку, пэўна, дала нейкая фру — мне гасцінец. Яны, здалося мне, прыгожыя, заўтра можна будзе прыбрацца.
— Здаецца, ты не кепска абыходзішся і без мужа,
Гедвіг,— сказаў Вальдэмар і памачыў у каву вялікі кавалак булкі.
Мама прамаўчала.
— Вось дык не думаў, калі мы працавалі разам у Хольста, што ты прыйдзеш да мяне наймаць пакой,— прадаўжаў ён.
Мама пахмурнела.
Яна пагаварыла пра сёе-тое, і я стала зусім засынаць, ды раптам пачула:
— Ёсць у цябе слоік? Давай налію патакі. У нас яе многа, ды я магу яшчэ прынесці.
Мама падала слоік, і ён наліў у яго вязкай шаравата-чорнай вадкасці. Нарэшце! Цяпер я не зблытаю патакі з хваёвай смалою! 3 гэтым я і заснула ў сваім кутку на непрыбранай з самае раніцы пасцелі.
Мяне разбудзіў страшэнны вэрхал. У вузкіх дзвярах стаяла гаспадыня і так лямантавала, што замест аднае ніжняе губы ў яе стала нібыта ажно тры. Вальдэмар, як і дагэтуль, моўчкі сядзеў на крэсле, мама таксама маўчала. 3-за гаспадынінай спіны выглядаў цікаўны даччын твар.
— Тут табе не фабрыка, адсюль ты як шпунт вылеціш! — крычала гаспадыня.— Заўтра ж выбірайся! Няма чаго адбіваць чужых мужоў! Мяне не ашукаеш! Табе што, усё яшчэ мала? Вунь цябе як разнесла, ледзь ногі перастаўляеш. А ты марш уніз, Вальдэмар, і вось што я скажу: у цябе ні капейкі не было за душою, але я выйшла за цябе. А цяпер толькі адвільнулася з дому, як ты скарыстаў выпадак. Я ўсё разумею!
Вальдэмар і мама маўчалі. Дзяўчынка пачала раўці, гаспадыня таксама разраўлася і абазвала маму прастытуткаю.
Тады мама ўскочыла. Я бачыла, як яна раз’юшылася. Яна нешта ліхаманкава шукала, потым ухапіла нож, якім кроілі хлеб. Тут я таксама закрычала.
— Гедвіг, перастань, ты ўжо павінна добра яе ве-
даць,— сказаў Вальдэмар, адбіраючы нож у мамы. Тым часам гаспадыня кінулася да стала і разбіла слоік з патакаю, кубак таксама паляцеў на падлогу.
— Вывсдзі вошай у дзіцяці і пільнуй свайго мужа! — крыкнула яна.
Тады Вальдэмар схапіў жонку ззаду за шыю і так ірвануў скуру на карку, што твар у яе перакасіўся. Рот расцягнуўся да вуха, вока ператварылася ў вузкую шчыліну, а вяснушкі на адной палавіне твару выцягнуліся і сталі прадаўгаватыя.
— Заткні горла, паганая ведзьма, а не дык я спушчу цябе з лесвіцы! — закрычаў ён.— Я адрабіў васемнаццаць гадзін, а ты лётаеш па сваіх кумках ды яшчэ і ключ зносіш з сабою. Выходзіць, я павінен сядзець, як дурань, і чакаць, пакуль ты зробіш ласку — вернешся? А потым яшчэ гадзіш людзей, якія нічога табе благога не зрабілі! Гедвіг таксама толькі што прыйшла дахаты. Два тыдні я аставаўся пасля работы, каб трохі падрабіць! А ты? Што тьі робіш? Залазіш у даўгі, за якія мяне скора ў турму запратораць!
Ён трымаў яе за шыю, а дзяўчынка, перастаўшы крычаць, з жахам глядзела на перакошаны мацерын твар.
— Пусці яе,— сказала мама,— пусці і ідзіце адсюль. У любую хвіліну можа явіцца Альберт, ён сказаў, што збіраецца сёння прыйсці.
Стала ціха. Мужчына выпусціў сваю ахвяру, і яны сталі спускацца ўніз па лесвіцы.
Я зусім прачнулася. Патака расцякалася па падлозе, і скора прыйдзе ён. Усё адразу пацямнела. Дык вось, значыць, чаму мама накупляла ўсялякай смакаты! Я захныкала.
Мама нічога не сказала, села на канапу і ўтаропілася пустымі вачыма на патаку і разбіты слоік. Нешта забарабаніла па прасмоленым кардонным даху — пайшоў дождж.
— He плач, Mia, мы пастараемся адсюль выбрацца,— сказала яна нарэшце і, падышоўшы да мяне, пагладзіла па галаве. Я не адказала.
Мама саскрэбла з дошак сіроп, які яшчэ мог спатрэбіцца, і вымыла падлогу: ішоў дождж, таму можна было дазволіць сабе такую раскошу. Потым яна паслала канапу на дваіх, прыбрала ў пакоі і стала чакаць. Я з усяе сілы старалася не заснуць, злавалася на маму за тое, што яна сядзіць і чакае, але стома пасля ўсіх трывог узяла сваё, і я заснула, хоць унізе не перасталі сварыцца і час ад часу далятаў моцны пагрозлівы Вальдэмараў голас.
Пасля поўначы прыйшоў айчьім. Ён не быў у нас з таго часу, як прывёз мэблю.
Залазячы па вузкай лесвіцы, ён так моцна грукатаў і лаяўся, што я прачнулася і ўбачыла, як пабляднела мама. У Вальдэмараў яшчэ не спалі:наадварот, сварка была ў разгары і да нас даносілася кожнае слова.
Шпурнуўшы ў куток прамоклую сумку, айчым плюхнуўся на крэсла, з яго ручаямі сцякала вада.
— Праклятае гарышча!
Мама шыкнула на яго. Унізе Вальдэмар крычаў нешта пра даўнейшыя грахі, пра «тваё» і «маё», пра хутары і бедных парабкаў, пра рыжыя валасы і заечую губу.
Айчым ківаўся на крэсле — ён быў зусім п’яны. Потым, памацаўшы ў кішэнях, выцягнуў вялікі кулёк і кінуў яго мне. У кульку былі прыгожыя карамелі.
— Вазьмі с-сумку і выц-ц-цягні скр-р-рутак,— прамармытаў ён, заікаючыся, потым дастаў з кішэні губны гармонік і стаў іграць вальс.
— Ты што, здурнеў? Ужо позна! — Мама развертае скрутак, і я бачу, як дрыжаць у яе рукі.
— Позна? Яны ўсё роўна брэшуць, як сабакі. Што,
велікан Вальдэмар не паладзіў са сваёю бабаю? 3-за чаго яны сварацца?
Ён прадаўжае іграць на гармоніку. Іграе і глядзіць, як мама возіцца са скруткам.
— Перарэж аборку, чорт цябе вазьмі!
Мама нарэшце развязала аборку. У пакунку была пара новых чаравікаў — гасцінец мне і клятчастая тканіна на сукенку, таксама мне. Гэта была так званая шатландка, вельмі модная ў той час.
Нават самы прапашчы мужчына і той ведае сцежку да жаночага сэрца. Мама так і засвяцілася, але я не абрадавалася, прыкінулася, што сплю. А ён потым нават не папытаўся, ці спадабаўся мне яго гасцінец. Ды яго і не цікавіла мая ўдзячнасць. Мама таксама не прымушала мяне дзякаваць яму. Айчым глядзеў толькі на маму, і гасцінец ён прынёс ёй. Лепшага гасцінца і не магло быць, ён гэта добра ведаў.
— He іграй болей,— папрасіла мама. Яна зноў стала прыгожая.
— 3-за чаго гэта ўнізе сварацца?
— He ведаю, нешта не паладзілі.
Я ўвярцелася ў коўдру і заплакала. Я любіла цяпер усіх людзей, апрача мамы і айчыма. Пекар быў намнога лепшы за іх, а Вальдэмар быў самы лепшы. Хана, Хана, а ты, як і раней, жывеш побач з маім богам! I гаспадыня добрая, яна проста зазлавалася на маму. Ну вось, цяпер і айчыма пачало ванітаваць — абое яны роўныя. Нібыта яны на дварэ. Клянуся, раніцаю ўцяку да Ханы ў багадзельню.
А ўнізе сварка яшчэ болей разгаралася.
— Я трохі перабраў піва, трэба пастарацца, каб вырвала мяне,— сказаў айчым.— А ты здорава растаўсцела, Гедвіг, калі ты чакаеш? — Ён паступова цверазеў.