Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Я зноў задрамала — і прачнулася, калі айчым з лесвіцы крыкнуў гаспадарам, каб яны пазатыкаліся. Раз’-
юшаная гаспадыня параіла яму лепей пільнаваць распусніцу, з якою ён жанаты, a то да яе ходзяць другія мужчыны. Айчым прыбег у пакой і, як шалёны, кінуўся да мамы. Хмель усё яшчэ брадзіў у ім.
— Гэта Вальдэмар! — крыкнуў ён.— Гэта Вальдэмар!
Тады мама таксама закрычала. Я пачула, як па лесвіцы зноў падымаецца Вальдэмар, і замерла. Усё адбылося так нечакана. Ноч нагадвала чартоўскі шабас, на якім гаспадыня была самаю агіднаю ведзьмаю з тых, якіх бачыла я на велікодных паштоўках.
Айчым схапіў маму за доўгія валасы. Яна стукнула яму па твары, а ён зваліў яе з ног. Я зараўла.
Але тут падаспеў Вальдэмар. Ён абхапіў айчыма ўпоперак тулава і, выцягнуўшы яго з пакоя, штурхнуў на лесвіцу.
— Я сумленны чалавек, хоць мая баба здурнела, разумееш. Як табе не брыдка падазраваць Гедвіг, яна вось-вось павінна радзіць! (Я запомніла яго словы, быццам іх выпеклі ў маёй памяці распаленым жалезам.) Няўжо ты думаеш, што я такі нягоднік? А сам добрая цаца! Увесь час, як яны жывуць тут, прападаў у свае дзеўкі! Думаеш, мы не ведаем? Лепей не паказвайся тут болей, а не дык я папераломваю табе рукі і ногі,
I абодва зніклі ў дварэ.
Праз некалькі гадзін яны вярнуліся назад. На гэты раз абышлося без крыкаў, гаспадыня не падала болей ні гуку, айчым з Вальдэмарам, відаць, неяк паладзілі, але мама адчувала сябе пагана. Хоць было толькі пяць гадзін раніцы, мне давялося адзецца і ісці з Вальдэмарам, які ішоў на працу. Ён так і не прылёг у гэтую ноч. Па дарозе на завод ён павінен быў паказаць мне, дзе жыве акушэрка, з якою мама загадзя дамовілася. «Добрая фрэкен», якую мама бясплатна абмывала.
Я надзела сукенку, якую мама выпрасіла ў некага
ў горадзе, і чысты фартух. Клятчастая тканіна і новыя чаравікі асталіся ляжаць у кутку.
На дварэ ішоў дождж. Мы прайшлі трохі па мокрай дарозе, і Вальдэмар узяў мяне за руку.
Ад акушэркі я пайду проста да бабулі. Так мы і ішлі — вялікі стомлены мужчына і я. Калі мы дайшлі да месца, дзе яму трэба было зварочваць на завод, ён выцягнуў з кішэні маленькую чорную кніжачку, да якое быў прымацаваны агрызак алоўка, і нешта напісаў на лістку паперы.
— Твой бацька не паклапаціўся пра гэта, дык вось: калі фрэкен не будзе дома, прымацуй гэтую паперку да дзвярэй,— ён пакапаўся ў сваім вялікім брудным кашальку і даў мне дзесяць эрэ, потым паляпаў мне па плячы сваёю вялізнаю ручышчаю і сказаў спяшацца.
Мне вельмі спадабаўся Вальдэмар. Я люблю яго і цяпер, хоць ён даўно памёр.
Фрэкен жыла каля заставы, у маленькім прыгожым дамку. На варотцах я прачытала: «Фрэкен Франсан, акушэрка».
Адчыніўшы варотцы, я прайшла цераз дворык, абсаджаны званочкамі і духмяным гарошкам, і пастукала ў кухонныя дзверы. Яны былі зачыненыя, ніхто не адазваўся. Тут я заўважыла на дзвярах паперку. На ёй было нешта напісана, але так неразборліва, што я ніяк не магла прачытаць. Потым я ўсё ж разабралася па складах: «... у Ютарыет». Гэта такі прыгарад. Ага, значыць, яна пайшла да некага ў Ютарыет. Там павінна нарадзіцца дзіця. I, выняўшы зашмальцаваную паперку, што напісаў Вальдэмар, я начапіла яе на ржавыя цвічкі, што тырчалі ў дзвярах.
Дождж перастаў, але я зусім прамокла і не змерзла толькі таму, што ўсё яшчэ было душна і грымеў гром. Я прысела на ўсходцах на ганку, стомленая і змучаная пасля шалёнае ночы, не маючы сілы ісці яшчэ некуды
ў Вільберген, да бабулі. Я запаўзла пад лаўку на ганку і заснула. Разбудзіла мяне фрэкен.
— Даўно ты ляжыш тут? — у руках яна трымала Вальдэмараву паперку.
Я не магла адказаць.
— Тваю маму завуць Гедвіг Стэнман?
— Ага, яна цяпер хворая, у яе будзе дзіця.
— Вы далекавата жывяце. Колькі да вас ісці?
— Гэта недалёка, у пасёлку індывідуальных забудоўшчыкаў.
Яна нешта прамармытала пра тое, што астаўся яшчэ па крайняй меры месяц, што яшчэ вельмі рана.
— Калі ты адыходзіла, мама ляжала? Яна была вельмі хворая?
— Ага, дзядзь... бацька стукнуў ёй, і яна зусім захварэла.
— Пойдзеш са мною і пакажаш дарогу,— паспешліва сказала фрэкен.
— Мне трэба ісці да бабулі, мне не дазваляюць быць дома, калі мама родзіць,— сказала я.
— Дой^зеш да скрАжавання, пакажаш дарогу. Ну, пайшда! —„Яна* дала мне вялікую булку, сабрала ў сумку ліф.труьіенты, вымыла твар, з’ела спехам лусту хлеба з*масл^м, і»мы вьтправіліся ў дарогу, пакінуўшы на.дзвяр%х йатЦску, куды пайшла акушэрка.
Гэт5 была тая самая фрэкен, якая прымала ў мамы роды, калі мы жылі каля Старое дарогі. Цяпер мама жыла ўжо не‘на яе ўчастку, але яна ўсё-такі згадзілася прыйсці. Да нашай акушэркі было не бліжэй.
У нас ужо не бьіло кавы, прыгожых штораў, вялікага ўтульнага пакоя і бабулі, якая заўсёды ведала, што трэба рабіць, калі нараджаецца дзіця,— усяго Taro, што было ў пакоі каля Старое дарогі. Але фрэкен, напэўна, вельмі любіла маму, бо прыйшла да яе прыняць трэцяе дзіця, хоць мы жылі цяпер зусім у другім прыгарадзе.
Я не магла прымусіць сябе палюбіць фрэкен. Я заўсёды ставіла яе ў непасрэдную сувязь з мамінаю хваробаю. Варта было ёй прыйсці, і ўсё перакульвалася дагары нагамі. Мяне абавязкова выганялі. Некаторыя жанчыны гаварылі мне, што дзіця прыносіць фрэкен. Але я ніколі ім не верыла, хоць зусім і не задумвалася над тым, як нараджаюцца дзеці. Іх паяўленне я лічыла натуральнаю патрэбаю, адным з тых няшчасцяў, да якіх я залічала таксама злосных настаўніц, паскудных мужчын, якія б’юць жонак, і жанчын, якія раптам становяцца тоўстыя і вечна охаюць. Я доўгі час думала, што ва ўсіх поўных жанчын, якія б старыя яны ні былі, скора паявіцца дзіця. Я баялася жанчын з вялікімі жыватамі. Нават паліцэйскага, які стаяў на рагу ў прадмесці, дзе мы жылі, я страшэнна баялася не так з-за яго шаблі і формы, як з-за вялікага жывата. Мне здавалася, што паліцэйскі з такім жыватом удвайне небяспечнейшы. А яшчэ я баялася ўсіх тоўстых дзядоў.
Я з практыкі ведала, што вялікія жываты абавязкова вядуць за сабою хваробы, крыкі і скаргі. Там, дзе мы жылі, я бачыла многа немаўлят, і ўсе яны, здавалася мне, пачварныя. Аднойчы ў цётчыным доме, яшчэ да мамінага замужжа, суседка нарадзіла блізнят.
-— Выкапаныя дзве малпачкі,— сказала цётка другой суседцы.
Тая паківала галавою — абедзве яны здаўна цярпець не маглі мацеры блізнят.
— Яна памрэ,— сказала цётка.— Ляжыць і трызніць пра пацукоў, быццам яны бегаюць па столі. Так страшна памерці і пакінуць двух сірот.
Цётка вымавіла гэта з такім асуджэннем, быццам маці блізнят сама вінаватая ў тым, што павінна памерці праз сваіх падобных на малпачак дзяцей. Але яна не памерла. Аднойчы я ўбачыла блізнят, мне было тады каля шасці гадоў. Яны ляжалі каля мацеры на вялікім ложку — уся сям’я жыла ў адным пакоі — і
здаліся мне папраўдзе страшнымі. Пацукі, пра якіх трызніла іх маці, і два няшчасныя блізнюкі — усё перамяшалася ў маёй галаве ў нейкі жах: пацукі паявіліся на свет разам з дзецьмі. Аднойчы бедалажак вынеслі ў маленькай скрынцы, і я шчыра абрадавалася гэтаму. Пакуль яны былі ў доме, я баялася цемры. He, я не магла паважаць тых фрэкен, якія прыходзілі, каб памагчы дзецям паявіцца на свет.
— Ну вось, а цяпер ідзі да свае бабулі,— сказала фрэкен.
Я пакланілася і пайшла назад.
На вуліцах ужо паявіліся першыя пешаходы, малочныя фургоны, мяснікі і садоўнікі. Паўзлі нагружаныя даверху вазы, якіх многа ў любую пару года. Двойчы я спрабавала ўшчаміцца на іх ззаду, але абодва разы мяне заўважалі і сцябалі пугаю. Нарэшце адзін малочны фургон прыпыніўся, я ўскараскалася на яго і праехала цераз увесь горад. Малочніцы трэба было развезці малако амаль па ўсіх Усходніх прысадах. Яна папыталася, ці не памагу я ёй. Ведама, я згадзілася, усё роўна мне не было чаго рабіць.
— Хіба ты не ходзіш у школу? — папыталася яна і строга паглядзела на мяне з-пад вялікае белае касынкі.
— He, мама родзіць дзіця, у мяне няма часу,— адказала я.
— Куды ж ты ідзеш?
— Да бабулі ў Вільберген.
— Дык гэта ж зусім у другім баку!
— Потым я вярнуся назад, мне ўсё роўна няма куды спяшацца. Бабуля не ведае, што я прыйду. Мне трэба было паклікаць да мамы фрэкен.
— Ну, а твой бацька?
— Ён... ён дома, але не змог пайсці, бо Вальдэмар набіў яго.
— Грубіяны,— сказала малочніца.
— Вальдэмар добры,— заступілася я,— але мой дзя... мой тата быў вельмі злосны, і тады Вальдэмар узяў і набіў яго.
— Праўду кажуць, што ўсе яны нягоднікі,— сказала старая малочніца.
Я адчувала да яе вялікую сімпатыю. Пра тое, што дома, у кутку ў нашай мансардзе, ляжыць тканіна на сукенку і пара чаравікаў, я зусім забылася. Мабыць, я добра разумела, што гэта хабар, патрэбны толькі для тагс, каб памірыцца з мамаю. А такімі гасцінцамі рэдка даражаць. Мне ніколі не падабалася, калі мяне надорвалі мімаходзь. Няшчырыя гасцінцы — самае зневажальнае ў дабрачыннасці.
Я памагала малочніцы амаль да самага паўдня, a яна падзяліла са мною сваё снеданне і пачаставала густым, як вяршкі, малаком. Яна нават падвезла мяне трохі да Вільбергена, хоць ёй давялося дзеля гэтага зрабіць вялікі круг, і дала дзесяць эрэ. Цяпер у мяне было дваццаць эрэ.
Я пачакала, пакуль яна не схавалася з вачэй, і вырашыла да вечара не ісці да бабулі. 3 дваццаццю эрэ можна абысці ўвесь горад і спакойна пабадзяцца без клопату, а ў бабулі трэба сядзець на месцы і віць клубкі на яе бясконцае вязанне. А пытанні, на якія ніколі не ведаеш, што адказаць! Зноў яна гадзінамі будзе распытвацца ў мяне і абавязкова заўважыць, калі я штонебудзь праміну ці прыхлушу. Дарослыя вечна задаюць дурныя пытанні! Усе яны такія, нават самыя харошыя і добрыя. Ім заўсёды здаецца, што чалавек павінен ведаць, што сказала тады вунь мама і што сказаў тады вунь тата, што падумала адно і што падумала другое... Хіба можна ўсё гэта запомніць? А калі адкажаш тое, што прыйдзе ў галаву, атрымаецца непрыемнасць.
Затое цяпер я зусім вольная. Ніхто не ведае, дзе я. Ніхто мяне не чакае. Ёсць, праўда, адно «але». Што мне, па праўдзе кажучы, рабіць?
Я выйшла на адну доўгую гарадскую абсаду. Пасля дажджу вызірнула сонца, высушыла лаўкі, і я прысела, каб сабрацца з думкамі.
Абсада ў гэты час дня пуставала, толькі часам праходзілі грузчыкі з Салтэнгі, але ні адзін нават не зірнуў на мяне. Пагойдваючыся, у ссунутым на патыліцу капелюшы, набліжаўся Вялікі Мядзведзь, самы дужы і самы страшны грузчык у горадзе. Ён нешта мурлыкаў сабе пад hoc. He звяртаючы на мяне ўвагі, ён плюхнуўся побач, і я мацней сціснула ў кулаку свае дваццаць эрэ. Быў яркі, сонечны поўдзень, але ці мала што можа здарыцца. Высокі паліцэйскі, які заўсёды стаяў каля Паўночнага вакзала, паволі ішоў у наш бок. Вялікі Мядзведзь не бачыў яго. Звесіўшы галаву, адхінуўшыся на спінку лаўкі і шырока расставіўшы ногі, ён спаў.