• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

    Мама выходзіць замуж

    Муа Марцінсан

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 382с.
    Мінск 1988
    83.88 МБ
    Нарэшце! I я паяўлюся там у самых прыгожых строях майго дзяцінства. Садоўнік, ведама, падумае, што я з высакародных, не сляпы ж ён? Мама паслала мяне купіць кветак магазіншчыцы на пяцьдзесят эрэ. Пакуль мама ляжала хворая, фру вельмі спагадала ёй. Цяпер мама ўжо паднялася і патроху ходзіць па пакоі. На яе страшна глядзець, такая яна бледная, але затое зноў худая і, як некалі, прыгожая і чыстая. На камодзе ляжыць зробленая з шакаладу вінаградная гронка, яе мне падараваў айчым. Вінаградзінкі ўверчаны ў фольгу, а ўсярэдзіне — белая салодкая начынка. Я ведаю гэта, бо ўжо з’ела адзін драбок.
    Шакалад ляжыць каля хлопчыка, які нахіліўся
    над пнём і глядзіць на жабу. Я некалькі дзён шукала каля хаты жаб, але, мусіць, яны тут не водзяцца. Гіпсавая жаба сядзіць зусім як жывая і нібыта гаворыць нешта хлопчыку. А раптам жабы і напраўду могуць гаварыць? Ва ўсякім разе, гіпсавыя напэўна могуць.
    — Як толькі паявяцца і’рошы, перш-наперш куплю такі самы «бюст»,— сказала гаспадыня, зайшоўшы да нас і ўбачыўшы гэты твор мастацтва.— Яны проста як жывыя. Нават можна спалохацца. Колькі аддаў Стэнман за бюст? (Яна ўпарта называла скульптуру бюстам.)
    Айчым стаяў і з незадаволеным выглядам тузаў вусы.
    — Я купіў яго за бясцэнак, я знаёмы з дзедам. Вы напэўна не купіце за такія грошы. Я аддаў пяць.
    Я заўважыла, як спахмурнела мама, але, відаць, адразу здагадалася, што ён проста выхваляецца перад гаспадыняю.
    Вальдэмар таксама прыходзіў да нас паглядзець на фігурку.
    — Добра мець такіх хлопчыкаў, яны па крайняй меры не просяць хлеба,— сказаў ён і шматзначна перавёў пагляд з айчыма на гіпсавага хлопчыка.
    — Праўда, яны не просяць хлеба,— згадзіўся айчым, астаючыся спакойным.
    — Ліха на яго! Гэтая жаба як жывая! I навошта яны робяць такіх падобных, глядзець агідна,— сказаў Вальдэмар.
    — Іх злосць забірае, што ў нас такія фігуркі, таму яны так і крывяцца,— сказаў айчым, калі Вальдэмар пайшоў з пакоя.
    I вось іду я цяпер да садоўніка, убраная, чыстая і прыгожая. I ад гэтага ідзецца мне так радасна. Нарэшце я ўзнагароджана за ўсё. Гаспадыніна Іда побач са мною глядзіцца брыдкім качанём, і аднойчы маўкліва адкусіла яна ад майго шакаладу маленькі драбо-
    чак, хоць у іх на гарышчы стаіць вялікая бляшанка з патакаю. Гаспадыня па некалькі разоў на дзень прыбягае да нас, каб падзяліцца з мамаю ўспамінамі пра дзяцінства. Нібыта ніколі і ў паміне не было прыкрага часу вошай і ануч і тае брыдкае сваркі ўночы.
    А цяпер я іду з подскакам па кветкі і думаю трапіць нарэшце за жывую агароджу, за тую самую агароджу, якая так напалохала мяне ў тую месячную ноч. 3 тае ночы, калі мама ішла па дарозе ў адных панчохах, мяне быццам падмянілі. Цяпер усё асталося seafly. Клопату быццам і не было. Ай’Аім зарабляе многа грошай і прыносіць іх маме разам -з смачнаю ядою. Праўда, іншы раз 'ён вяртаецца падпіты, але ўсётакі прыходзіць дахаты кожны вечар, і мама, вельмі ціхая і бледная, паволі ходзіць па хаце, пакуль ён возіцца з дрывамі. Насіць ваду — ён таксама ўзяў на сябе гэты клопат. Гаспадыня крамкі ім зачараваная і дазваляе браць вады колькі хочаш. Я часта чула, як ён гаварыў маме:
    — Ты такая цікавая жанчына, Гедвіг, але ты страшэнна халодная.
    Мама нічога на гэта не адказвала. Мабыць, яе мала радавалі айчымавы кампліменты.
    — Кветак? — перапытаўся садоўнік.— Гэта не так проста, ужо быў марозік, але мы паглядзім...
    I ён сабраў у вялізны букет уцалелыя пасля замаразкаў вяргіні, галінкі спаржы, флёксы, жоўтыя рудбекіі і вялікі пук духмянага гарошку, які расцвіў у пару асенніх дажджоў. Я хадзіла па садзе між дрэў, усыпаных яблыкамі і грушамі. Пад нагамі скрозь ляжалі паданкі з падбітымі бачкамі, але я нават не зірнула на іх: затаіўшы дыханне, я сачыла за садоўнікам. А ён зразаў кветку за кветкаю, трымаючы ў роце палоску лыка, падрыхтаваную загадзя, каб звязаць букет. Вельмі добра было ў садзе, каб яшчэ думаць пра яблыкі. У кішэні ў мяне пяцьдзесят эрэ, і ўбраная так, што
    садоўнік не адважваецца гаварыць мне «ты», не прыбавіўшы «малышка», каб украсці яблык — не можа быць і гамонкі.
    — Яны яшчэ цвёрдыя,— кажа ён, звязваючы вялізны пахучы букет,— але ты ўсё ж вазьмі парачку, малышка.
    Я раблюся раптам вельмі сарамлівая. Варта толькі нагнуцца, каб падняць яблык і адкусіць кавалачак, але садоўнік глядзіць проста на мяне. I тады я прыдумляю цэлую цырымонію. Я стаю роўненька, потым трошкі прысядаю, але не нагінаюся, каб узяць яблык, і нічога не бяру. Садоўнік сам дае мне некалькі яблыкаў.
    — Дзе ты жывеш?
    — У прыватных дамах.
    — У вас там свой дом?
    — He, мы наймаем у Вальдэмараў.
    — Вось яно што, значыць, гэта вы Стэнманы? — Ён уважліва агледзеў мяне з ног да галавы.— Такая слаўная маленькая дзяўчынка, ніколі б не падумаў...— Ён ідзе ў кладоўку, прыносіць кулёк і накладвае ў яго дзівосных мяккіх груш.— Занясі дадому, яны смачныя, пачастуеш сваіх.
    Я аслупянела ад здзіўлення, але ветліва прысела, а ўсярэдзіне ў мяне нешта падскочыла, якраз гэтак, як падскоквае на камодзе жаба, калі надыходзіць ноч. Калі-небудзь яна, напэўна, зусім знікне. У грудзях у мяне стукалі і скакалі маленькія і вясёлыя жабяняты. Я выйшла праз варотцы на прасёлак. Вось я і пабывала за жывою агароджаю.
    — Такая краса,— сказала гаспадыня, убачыўшы кветкі.— Каму гэта?
    — Крамніцы,— адказала я стрымана і палезла наверх па вузкай лесвіцы. Духмяны гарошак пах на ўсё гарышча, дзверы ў наш пакой былі адчыненыя насцеж. Хлопчык у сініх штанах, як і дагэтуль, стаяў на камо-
    дзе, гэтаксама глядзела на яго знізу ўверх жаба, а побач ляжаў шакаладны вінаград і стаялі вазы з пучкамі сухое травы. На жалудовай канапе адпачывала мама. Было спакойна і хораша, шафа таксама не пуставала, і я ведала, што ў любы момант магу ўзяць лусту хлеба з маслам.
    — Такія прыгожыя кветкі! Трэба было б адразу занесці іх, пакуль не завялі. Яны такія дзівосныя, і так іх многа на пяцьдзесят эрэ!
    — А вось што мне далі ў прыдачу,— падала я маме грушы.
    — У прыдачу? Гэта яшчэ навошта?
    — Садоўнік вырашыў, што я вельмі прыгожая.
    — Гм,— толькі і вымавіла мама,— гм...
    — Праўда, ён так сказаў! Думаеш, я ўзяла іх сама? (Я ўспомніла, што прайшло не так многа з таго часу, калі я прапаноўвала маме ўкрасці яблык,— гэта было ў тую ноч, калі яна спаліла плеценую карзіну.)
    — He, не, ты не сама ўзяла іх, але няўжо чалавек павінен быць хораша адзеты, каб пакаштаваць грушы? Ці босае дзіця яе не рассмакуе?
    Ну вось, заўсёды яна нешта выдумае. Я не звярнула на яе словы ніякай увагі. Ведама, людзі частуюць нечым смачным толькі «высакародных» дзяцей, а не тых, якія кепска адзетыя.
    Я ўзяла адну грушу, кветкі і зноў выйшла.
    — А ты ведаеш, што трэба сказаць? — крыкнула мне ўслед мама.
    — Пакланіцца ад мамы і падзякаваць за падмогу, калі мама хварэла,— паўтарыла я.
    Мама кіўнула і павучыла:
    — He забудзься гэта і асцярожна нясі кветкі... Пачакай, вазьму і я парачку,— яна выцягнула з букета некалькі кветачак духмянага гарошку і паставіла іх у шклянку. Атрымалася вельмі прыгожа. Выйшаўшы з кветкамі з пакоя, я трошкі пастаяла каля бочачкі з
    патакаю. Мама, здаецца, цешылася з хараства майго, бо яна не падганяла мяне, а толькі задумліва глядзела мне ўслед.
    Каля крамы гулялі дзеці. Яны ўжо не раз бачылі мяне і заўсёды асыпалі мяне лаянкаю або ўцякалі. Калі з імі была гаспадыніна дачка, яны абавязкова ўцякалі. Яна ў іх верхаводзіла. Але цяпер яны, здаецца, мяне не пазналі. Гаспадыніна дачка таксама была з імі, яна круціла вяроўку за адзін канец, другая дзяўчынка — за другі, а трэцяя скакала.
    Я адразу заўважыла, што махаюць яны вяроўкаю зусім памалу, а дзяўчынка скача вельмі кепска. He звяртаючы на іх ніякай увагі, я зайшла ў краму і аддала фру кветкі.
    — Мама кланяецца і дзякуе за падмогу, калі... за тое... што яна... за тое, што фру прыходзіла да яе, калі яна хварэла,— успомніла я нарэшце.
    — Дарагая мая, кланяйся ад мяне фру Стэнман. Я адразу зразумела, як толькі вас убачыла... А ты, дзевачка, такая прыгожанькая стала. Цяпер, напэўна, ты ўжо не захочаш памагаць мне ў садзе? — Яна кладзе ў пакецік некалькі ледзянцоў і дае мне.
    — Што вы! Я толькі збегаю дадому, надзену будзённую сукенку і зноў прыбягу!
    — He, не, я пажартавала. Будзь такая прыгожая ўвесь дзень. Сёння ўжо дзеці згодзяцца з табою гуляць. Вунь яны стаяць і чакаюць цябе.
    Я прамаўчала. Фру паглядзела на мяне — выпрабоўвала, і я адказала задзірыстым паглядам.
    — He хачу з імі гуляць,— выпаліла я, потым прысела і выбегла з крамы. А на дварэ мяне чакала Іда і яшчэ некалькі дзяўчынак.
    — Міа! — храбра крыкнула Іда, хочучы, відаць, паказаць астатнім дзецям, што ведае, як мяне завуць.
    — Няма калі,— коратка сказала я і пайшла сваёю дарогаю.
    Дзеці пайшлі за мною. Фру выйшла з крамы.
    — На, пагуляй з маім абручом,— і адна дзяўчынка падала мне прыгожы плецены абруч і палачку.
    — Мы будзем круціць вяроўку, а ты скачы,— памяркоўна прапанавала Іда.
    Скакаць у пыле ў новых чаравіках? Але ж павінна паказаць я ім, як гэта робіцца. Дый пыл можна потым выцерці, і мама нічога не пазнае.
    — Ты ўмееш скакаць? — нясмела папыталася другая дзяўчынка.— Калі не ўмееш, не бойся, мы цябе навучым.
    — Патрымай,— рашуча сказала я і аддала Ідзе пакецік з ледзянцамі.
    Дзве дзяўчынкі пачалі круціць вяроўку, я падбегла і стала спакойна, нават абыякава скакаць.
    — Хутчэй... хутчэй! — крыкнула я і закружылася на адной ножцы. Цяпер яны ўбачаць! Трапяталася мая новая сукенка, скакала ўгару і ўніз на спіне мая каса, дзяўчаткі пачырванелі ад натугі, а я іх усё падганяла і падганяла. I, клянуся, я выскачыла з-пад вяроўкі, ні разу не зачапіўшыся за яе.
    Я і выгляду не паказала, што задыхалася, моўчкі ўзяла ў Іды свой пакецік і пачала смактаць ледзянцы.
    Маўчанне, якое настала адразу, было красамоўнае. А на ганку стаяла фру і смяялася.
    — Ты смела можаш пайсці ў цырк, Міа. Кланяйся маме і дзякуй за кветкі! — крыкнула яна мне.
    — Так скачуць толькі ў горадзе,— ціха сказала адна дзяўчынка.
    — Я і навучылася ў горадзе, а яшчэ мы, калі скакалі, падкідалі мячы. Я магу нават вальс танцаваць пад вяроўкаю.
    — Ты з горада? — здзівіліся яны, быццам першы раз мяне бачылі і ні разу не праганялі прэч.
    — Ага, з горада. (Яны ж не ведалі, што я хадзіла ў хольмстадскую школу і што мая самая лепшая сяброўка жыла ў багадзельні.)