Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Дзень быў зусім сапсаваны. Пра мяне забыліся. Дзіця ўжо не крычала і ляжала зусім ціха, утаропіўшыся цьмянымі вочкамі ў столь.
— А ён вельмі слаўны,— сказала мама.
Тут я ўжо не вытрывала і рашуча праціснулася паміж мамаю і драўлянаю скрынкаю, каб напомніць пра сябе.
— Ідзі адсюль, Міа, не замінай,— сказала мама.
Мне давялося вьтбрацца. Я пакарылася, адышлася, села на сваю жалудовую канапу і ўзялася стукаць чаравікамі па дрэве.
— Пасаромелася б, Міа, ты ж вялікая,— сказала мама, нацягваючы на дзіця кашульку з карункавымі
манжэтамі і паверх яе фланелевую кофтачку. Усё новае. Усё, што павінна было насіць яе роднае дзіця.
Фланелевую кофтачку пашыла бабуля. Трэба будзе расказаць ёй, як мама раскамандавалася з яе падарункам.
— Цяпер наглядзім, ці не знойдзецца ў нас чым палячыць скурку,— сказала мама.— Ты сама можаш увосень назбіраць такіх зёлак, Вольга, дома мы збіралі іх вельмі многа. Нават іншы раз прадавалі. Гэта — пылок.
Дзіва што, пра яго Вольга чула, але ў тутэйшых мясцінах яго, напэўна, няма.
— Расце ён усюды,— тонам, які не дапускае пярэчанняў, сказала мама, і Вольга мусіла пагадзіцца.
Я добра ведала, што маме пылку дала бабуля, але цяпер выходзіла, нібыта мама сама збірала залацістую пудру, калі была яшчэ зусім маленькая, сваім будучым дзецям. Праўда, дарослыя не такія ўжо справядлівыя. Яны не проці таго, каб павыхваляцца. Нават мама. Цяпер яна, безумоўна, кожны дзень будзе важдацца з гэтым дзіцем.
А яно стала зусім другое, ператварылася ў прыгожы пахучы пакунак, які мама падала Вользе. Вольга паднялася, прысела перад мамаю, яшчэ раз прысела, узяла маму за руку і падзякавала, потым зноў прысела і падзякавала. Уся мая злосць імгненна знікла.
— Такі прыгожы ён ніколі не быў,— сказала Вольга,— такі ён прыгожы, радасць мая!
— Паспрабуй, ці не хоча ён пассаць трохі,— сказала мама.— А калі гаспадар паедзе ў горад, хай дастане часночнага настою. I не давай яму нічога, апрача груднога малака, тады ён адразу стане здаровым хлопчыкам. Па крайняй меры тры месяцы кармі толькі грудзямі.
Вольга выцягнула з-пад сіняй блузы неахайны
мокры ручнік, дала дзіцяці цыцку, і абедзве жанчыны сталі балбатаць пра ўсё ўсялякае. Я ціхенька выйшла.
Дзіцяці патрэбен часночны настой, і абавязкова з горада! Хіба не гадзіцца той салодкі настой, што дала маме папярэдняя гаспадыня? Селянін павінен быў купіць настою ў аптэцы.
А на самай макаўцы на дрэве ўсё яшчэ вісяць, насмешліва пагойдваючыся, два яблыкі. Кінуць каменем? Няможна, вельмі блізка ад вокан. Каб знайсці дзе жардзінку! Мяне падпільноўваюць адны няўдачы, я нават не магу дастаць двух падмарожаных яблыкаў. Навокал пустэльна і ціха. За што ж узяцца?
А тут яшчэ мама...
Нейкі час хаджу я бязмэтна вакол дома, потым успамінаю, што не піла яшчэ кавы, хоць павінна была піць разам з Вольгаю. Узрадаваўшыся, я бягу дадому. На ганку, з карзінаю ў руцэ, стаіць мама і гукае мяне. Побач з дзіцем на руках, Вольга.
— Вечна ты недзе бегаеш! Ідзі сюды! Хуценька занясі кавы Альберту!
Вось і ўсё, што мне дасталося. Нават булкі не далі!
Я выправілася ў дарогу.
— He балбачы там з ім доўга! — крыкнула ўслед мама.
Я не адазвалася. Мне хацелася сказаць, што кава магла пастаяць і да абеду, яшчэ мацнейшая стала б.
Але я прамаўчала.
Айчым вазіў з поля салому, і я ездзіла з ім да самага абеду, а потым мы разам пайшлі дадому, адно адным вельмі задаволеныя. Мама ўжо пачала непакоіцца і, калі я прыйшла, раздражнёна папыталася:
— Чаму ты так доўга не вярталася?
— Гэта я ёй дазволіў,— сказаў айчым.— Ёй жа зусім няма з кім гуляць.
Так ёй, маме, і трэба.
Я ніколі яшчэ не бачыла, каб мама з айчымам жылі ў такой згодзе, як на пачатку гэтай зімы. Нават у пакоі каля Старой дарогі такога не было.
Са мною быў ён такі добры, ласкавы, што я яго называла толькі «тата» і зусім адвучылася гаварыць «дзядзька». Што перайначыла айчыма, я не ведала. Ці бабуля гэтаму прычынай, ці, можа, паліцыя? Бо, калі мы жылі ў патачным дамку, яго шукала паліцыя. А яшчэ я чула, што яму здорава ўляцела ад дзядзькі за тое, што ён на ўвесь горад зняславіў маміну радню. Але як там ні было, нам з мамаю гэта пайшло на карысць, а калі мама стала даіць кароў і зарабляць грошы, стала зусім добра.
Вечарам у той самы дзень, калі мама адхаяла дзіця, у дзверы пастукалі, і ўвайшоў Вольжын муж.
Гэта быў маленькі пануры мужчына, да таго падобны на Вольгу, што можна было падумаць, што гэта брат і сястра. Такія самыя вялікія тоўстыя губы, зубоў зусім не відаць пад густымі вусамі, у роце — жвачка, да ніжняй губы прыліплі тьітунёвыя крошкі.
— Заходзьце, сядайце,— трошкі здзіўлена гаворыць айчым; ён змазвае маслам вялікую трэшчыну на руцэ.
У айчыма вялізныя непрыгожыя рукі, моцна патрэсканыя і ніколі не зажываюць, нават калі ён астаецца без працы і толькі п’янствуе.
— Дзякуй, я на хвіліну,— адказвае мужчына, але ўсё ж садзіцца, а мама ставіць перад ім кубачак кавы.
Ён азіраецца навокал, якраз як гэта рабіла раніцаю Вольга, але, відаць, пакой не робіць на яго такога моцнага ўражання.
— У вас тут утульна,— заўважае ён нарэшце.
— Ведама, тут мы трохі прыгрэблі,— кажа айчым і жартуе: — На ноч даводзіцца затыкаць рыльца ў кафейніку ад тараканаў, a то кава можа стаць мацнейшая, чым трэба.
Вольжын муж змушана ўсміхнуўся.
— Дзякуй богу, калі ўдаецца зарабіць на кавалак хлеба,— кажа ён.— Тут ужо не да тонкасцяў.— Карлберг вытрашчыўся на хлопчыка з жабаю.
— У нас няма ніякіх тонкасцяў,— пакрыўджана адказвае мама.
— Бачыць бог, у нас усё проста,— падтрымлівае яе айчым.— Давайце лепей вып’ем па глытку кавы.
Кава вельмі моцная і смачная. Мама яшчэ з горада прывезла кілаграм падпражанага над параю зерня. Вяскоўцы такога не купляюць, звычайна яны падпражваюць самі.
I вось, хоць сабе позні час, мужчыны п’юць каву і жуюць тытунь. Чутно, як на ганку ціхенька ходзіць Вольга. Нарэшце Карлберг падымаецца і ўжо ў дзвярах гаворыць:
— Я, папраўдзе, зайшоў падзякаваць Гедвіг за Hama хлапчаня. Вольга не вельмі разбіраецца ў дзецях. Я даўно зразумеў, што яна няправільна даглядае малога, раз ён крычыць удзень і ўночы.
Мужчына падышоў да мамы, узяў яе за руку, якраз так, як зрабіла гэта Вольга, і пакланіўся.
— I табе таксама дзякуй, Альберт,— сказаў ён і падаў айчыму руку.— У цябе добрая жонка. Вольга таксама стане добрая, трэба ёй толькі крышачку падвучыцца, і тады мы самі з усім управімся.
I ён пайшоў, яшчэ раз падзякаваўшы маме.
Двое дарослых людзей кланяюцца і дзякуюць толькі за тое, што іх малому далі сухую пялёнку і кашульку! Мне раптам вельмі захацелася быць на месцы гэтага хлопчыка.
Але айчым пахмурнеў, быццам навальнічная хмара. За ўвесь вечар ён не сказаў болей ні слова, нават не папрасіў памагчы, калі перавязваў свае патрэсканыя рукі. Ён толькі злосна паглядваў на маму.
— Ты так вытрэшчваеш на мяне вочы, што нават на сценах цень астаецца.
Ен не адказаў, раздзеўся, моўчкі залез у ложак і павярнуўся да нас спінаю, ды так разлёгся, што маме амаль не асталося месца.
Раніцаю, адыходзячы на працу, ён кінуў:
— Знайдзі сабе які-небудзь другі занятак, замест таго каб цэлы дзень няньчыцца з дзіцем Карлбергаў.
Мама таксама зазлавалася не на жарт.
— He твой гэта клопат,— буркнула яна ўслед айчыму.
Але гэтая невялікая бура не прычыніла ніякай бяды. Вечарам айчым зноў быў добры і вясёлы.
А праз некалькі дзён да нас завітала ў госці сама гаспадыня. Пасля абеду ў пакой стрымгалоў уляцела Вольга і, не асмельваючыся гаварыць моцна, зашаптала:
— Госпадзі Ісусе! Гедвіг, гаспадыня ідзе, яна, напэўна, да вас.— I Вольга выскачыла на двор.
Мама прыняла гэтую вестку даволі спакойна, а я кінулася на злом галавы да айчымавага люстэрка, перад якім ён голіцца, каб выпусціць на лоб грыўку і ўплесці ў касу стужку. Вольжына трывога перадалася і мне.
— А яна «сялянская дачка»? — папыталася я.
— He чапай валасоў! Надзень чысты фартушок... Зрэшты, ідзі лепей гуляць на двор.
Мама ўсё-такі таксама трошкі хвалюецца. Дзіва што! Нарэшце я ўбачу праўдзівую сялянскую дачку!
— А яна праўдзівая сялянская дачка?
— Яна землямерава дачка. Пастарайся быць разумніцай.
Землямерава дачка! Гэта новая каста, пра якую ніколі раней я не чула. Маленькая, поўная, прыгожая, з круглым ружовым тварам, гаспадыня зусім не адпавядала таму адзінаму ўяўленню пра жанчыну-сялян-
ку, якое склалася ў мяне пасля знаёмства з Вальдэмаравай жонкаю. Hi рабаціння, ні раздвоенай ніжняй губы, адзетая зусім як гараджанка, нават без фартуха. Значыць, уся справа ў тым, што яна — землямерава дачка! А мне дык здавалася, што ўсе сялянскія жанчыны павінны быць абавязкова падобныя адна на адну. Усе фабрычныя работніцы падобныя ж — усе як адна бледныя, у аднолькавых, з махрамі, шалях. Па гэтым шалі адразу можна пазнаць фабрычную.
— Я зайшла пазнаёміцца з вамі,— сказала гаспадыня, прыпыняючыся ў дзвярах.
— Сядайце, калі ласка,— запрасіла мама.— Міа, падыдзі і павітайся.
Я прысела і стала каля дзвярэй, гатовая ў любую мінуту ўцячы, калі стане сумна.
— У вас так утульна і чыста, што можна ў кутку цадзіць малако,— сказала гаспадыня.
— Што вы, я паспела толькі трошкі прыбрацца.— Было відаць, што мама вельмі ўсцешаная.— Я мушу падзякаваць вам. Вы былі такія добрыя, што паслалі па нас падводу, і мы прывезлі ўсе пажыткі,— сказала мама, якая заўсёды ведала, што і калі трэба гаварыць.
— He трэба дзякаваць, коні ўсё роўна гулялі.— Здавалася, гаспадыня таксама ўсцешаная. Прыемна ж гаварыць з людзьмі, якія ўмеюць абыходзіцца.
— Можа, вып'еце кубачак кавы? — папыталася мама. (Раніцаю яна сказала, што кавы асталося толькі на адзін раз, і цяпер я чакала, ці не адмовіцца гаспадыня.)
— Дзякую вам, з радасцю,— згадзілася гаспадыня. I мама высыпала ў кафейнік рэшту падпражанае над параю кавы.
— 3 суседзямі вы ўжо, напэўна, пазнаёміліся? — папыталася фру.
— А як жа,— адказала мама.
Фру, відаць, хацела дадаць яшчэ нешта, разявіла была рот, але прамаўчала.
Мама паслала на стол чыстую сурвэтку.
— Можа, запрасіць Вольгу? — прапанавала мама. Відаць, яна не хацела, каб Вольга аставалася адна і думала, што яна тут лішняя.
— Ведама, запрасіце. Яна раней служыла ў нас і выйшла замуж за нашага парабка Кольберга. Яна чакала дзіця, так што замужжа было найлепшым выйсцем.