Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
Мама нічога не адказала і моўчкі пайшла па Вольгу.
— Пайдзі пасядзі з Вольжыным хлопчыкам, пакуль яна вып’е кавы,— сказала яна мне.
Увайшла Вольга. На ёй была спадніца і кофта, якія яшчэ ў горадзе падарыла маме нейкая фру. Адзенне было таго самага фасону і веку, што і Ханіна кофта «на трыццаць аплікоў», але з мякчэйшага і мацнейшага матэрыялу; з яго мама збіралася пашыць мне сукенку. Вольга была вельмі прыгожая ў гэтых старамодных строях. Хлопчыка, адзетага ў карункавую кашульку і спавітага ў чыстыя пялёнкі, а потым уверчанага ў чыстую посцілку, яна трымала на руках. Мабыць, Вольга добра папрацавала пасля таго, як убачыла гаспадыню каля павароткі дарогі. Яна ўвайшла, выструніўшыся, а калі паказвала потым свайго хлопчыка і пыталася, ці вырас ён, трымалася стрыманей, чым сама гаспадыня.
— Дзіва што, пэўна ж, вырас! Я думала, што ён не выжыве, калі ўбачыла яго адразу, як ён нарадзіўся,— фру глядзела пільна і злосна болей на Вольгу, чым на хлопчыка.— Вольга нібыта зноў збіраецца стаць нявестаю. Яна так глядзіцца, што можа смела справіцца на паравой малатарні,—сказала фру здзекліва.
— Ёй трэба карміць грудзямі, дый рызыкоўна
стаяць на скразняку каля малатарні,— умяшалася мама, бо сама Вольга не знайшла, што адказаць.
— У такім разе, можа, нам запрасіць, гм... запрасіць вас?
— Мяне завуць Гедвіг. Я таксама месяц назад нарадзіла малютку. Дзіця памерла, а я яшчэ не зусім паздаравела. Баюся, што не спраўлюся на малатарні,— мама гаварыла коратка і рашуча.
Гаспадыня трохі знізіла тон, паспачувала маме, паспрабавала ўцягнуць у агульную размову маркотную Вольгу, расхваліла яе хлопчыка, успомніла нават пра тое, як і ў яе пасля родаў аднойчы памерла дзіця.
Я непрыкметна ўцякла. Вечныя размовы пра роды! Як толькі ім не надакучыць!
А на дварэ ўсё было ўхутана такім шчытным туманам, што два яблыкі, здавалася, купаюцца проста ў воблаках.
Кава і цукар кончыліся, да палучкі аставалася яшчэ два тыдні, і мама з Вольгаю пайшлі на малатарню.
Я гэтулькі наслухалася тым часам пра паравую малатарню, што бачылася яна мне не інакш як вялізазным панурым страшыдлам, якое паволі рухаецца з месца на месца, гоніць людзей на працу, пыліць, грукоча і раве.
I вось аднойчы мама разбудзіла мяне ў шэсць гадзін раніцы. Бог ты мой, як яна была адзетая! Ці яна хацела стаць такою самаю, як Вольга? На ёй была вылінялая, залатаная айчымава рубашка, старая спадніца, жывот абкручаны хусткаю, а зверху завязаны фартух з мешкавіны. Галаву шчытна аблягала вялікая касынка, завязаная на патыліцы.
— На каго ты падобная! — жахнулася я і зараўла.
— Чаго гэта яна раве? — папытаўся айчым.
— Ёй здалося, што я вельмі брыдка адзелася. Уставай, Міа, у цябе таксама ёсць клопат, ты аетанешся з хлопчыкам,— сказала мама.
Тут слёзы пацяклі ручаём.
— Гэта што яшчэ за капрызы,— прабурчаў айчым.
Я спалохалася і стала адзявацца.
— Яда ў буфеце. Самі мы сёння паямо ў гаспадара, але я абедам на хвіліну забягуся дахаты. Вольга таксама прыйдзе дадому, так што не зводзь у печцы агню. Хоць не, не трэба, згарыць дужа многа дроў. Ну, а цяпер варушыся, вось тваё малако.
— Ды глядзі добра дзіця. Ты такая вялікая, што павінна быць ад цябе хоць якая карысць,— дадаў айчым.
Мама маўчала. Раней яна нізашто не дазволіла б айчыму гаварыць са мною такім тонам. Гэта была маркотная раніца. Няўжо яны абое супраць мяне? Цяпер я ўвесь час буду зусім адна. Яны будуць хадзіць на працу, а вярнуўшыся дахаты, удваіх лаяць мяне?!
Я нават не магла піць малака і толькі ікала.
— Ты вельмі яе раздурыла,— сказаў айчым і грукнуў дзвярыма.
А мама трошкі пастаяла, узяла мяне за руку і наказала не басячыць.
— Я пайшла наймічкаю да сялян, калі мне споўнілася гэтулькі, колькі цяпер табе.
—• Няпраўда, табе было адзінаццаць, ты сама гаварыла. А Вольга ніякая не сялянка! — крыкнула я.
— Адзінаццаць? Як табе не брыдка! Глядзі ў мяне!
— Ты гаварыла, што табе было адзінаццаць, калі ты пайшла наймічкаю да сялян,— хныкала я.— Мне ж толькі восем, дый я павінна выціраць за хлопчыкам. He ўмею я выціраць! Падумай, а раптам ён памрэ, тады вінаватая буду я!
— He памрэ. Трэба толькі закалыхваць яго, калі ён крычыць. Ну, будзь разумніца.
Ухутаная ў лахманы, мама прытуліла мяне да сябе, але мне было агідна: у такіх уборах няма чаго лезці абдымацца. I ўсё-такі яна сказала няпраўду, што ў восем гадоў пачала працаваць. Ёй было адзінаццаць, я чула гэта і ад яе і ад цёткі.
— Добра, я буду глядзець хлопчыка. Ідзі лепей, a не дык «ён» зноў раскрычыцца.
— He смей гаварыць «ён», называй яго бацькам. Дужа смелая стала! I добра глядзі хлопчыка, зразумела? А не дык заробіш на абаранкі,— раздражнёна сказала мама, адчуўшы, відаць, што я не ацаніла яе ласкі. Потым яна пайшла.
У дзверы тыцнула нос Вольга, ухутаная ў такія самыя лахманы, як і мама.
— Соска пад падушкаю, лямпу я прыкруціла. Ты пакуль туды не хадзі, ён цяпер будзе доўга спаць. Я спавіла яго ва ўсё чыстае. Усяго добрага. Як толькі мне заплацяць за малацьбу, я табе нешта дам.
Яна пабегла. Я чула, як, цяжка ступаючы, прайшоў яе муж. I вось я асталася адна ва ўсім доме.
Выявілася, што гэта зусім не так сумна і страшна, як я думала. Дом патануў у цішыню, напоўненую цэлым роем успамінаў пра людзей і пра падзеі, якія ўжо забыліся на новым месцы. Вярнуліся думкі пра Хану, бабулю і настаўніцу. Я спехам памылася і старанна прычасалася. Заплятаць свае доўгія валасы ў роўную прыгожую касу я не ўмела і пакінула іх незаплеценыя. Потым я нагрэла ў печцы абломак грыфеля і паспрабавала падвіць грыўку, як не раз у мяне на вачах рабіла цётка, але толькі апякла пальцы. Я прыбрала ў пакоі і сяк-так склала пасцелі. Я нібыта некага чакала, і мне падабалася, што з дому пайшлі ўсе дарослыя. Гэта было зусім новае пачуццё, якога ніколі дагэтуль я не ведала.
На пальчыках (іначай я баялася хадзіць у пакоі) прабралася я цераз цёмныя, напоўненыя ранішнім змрокам сенцы і ўвайшла да Вольгі. Там так смярдзела, што я спехам патушыла лямпу і пабегла да сябе. Я вырашыла, што ў цемені хлопчык паспіць даўжэй. Было толькі сем гадзін. Калі малы прачнецца, я перанясу яго цераз сені да нас, дарослыя пра гэта і не дазнаюцца. А перад іх прыходам занясу яго назад.
Неяк раз пасля абеду, калі Вольга пайшла ў краму, я сядзела каля яе хлопчыка і ўвесь час плакала. Але ў пакоі было так пуста, што не плакаць, мне думалася, я проста не магла.
Стол без абруса, крэсла, ложак, і болей нічога. Нічагусенькі.
На акне вісела папера з выразанымі па краях зубчыкамі. Голая падлога, сукаватая і брудная. Толькі каля парога ляжаў мяшок. Смецця, праўда, не было. Вольга падмятала часта, тры разы на дзень, як заведзена ў сялян, дзе кухню падмятаюць пасля кожнай яды. I ўсё-такі ў пакоі было вельмі брудна.
Цагліны на пліце чорныя, патрэсканыя ад разлітага малака і малочнага супу. Але бруднай пасуды не відно. Дзве талеркі і два кубкі Вольга мыла адразу пасля яды, болей посуду ў хаце не было. Ніякай аздобы, толькі некалькі наготак, якія Вольга выкапала разам з каранямі і зямлёю і пасадзіла ў бляшанку. Яны ўжо адцвілі, але на лісточках яшчэ не патух прыемны светла-зялёны колер. I як толькі выжылі такія светла-зялёныя лісткі ў гэтым непрыгожым, пустым пакоі? Гэта было ўжо зусім незразумела. Увесь запас бялізны — дзве прасціны і тры ручнікі. Яшчэ адна прасціна — брудная — ляжала на ложку. «Карлберг такі неахайны,— жалілася Вольга,— абавязкова плюхнецца пасля абеду на ложак».
«Мая шафа на бялізну»,— паказвала Вольга на скрынку з-пад маргарыну, дзе складала яна пялёнкі.
У Карлбергаў не было радні, нікога, хто памог бы ім хоць чым-небудзь. А знаёмыя былі таксама бедныя, як яны самі. Гаспадары далі ім ложак і стол, а зводны Карлбергаў брат з Кольмардэна падарыў прасціны. Седзячы ў змрочным пакоі і пакалыхваючы карзіну з-пад бялізны, пастаўленую на два палазы, я ўвесь час плакала, не ведаючы чаго, а потым раптам падумала, што Вольга з мужам самі вінаватыя, што ў іх так бедна.
Я зазлавалася на іх. He раз я чула, як бабы гаманілі між сабою: «Кожны сам павінен ладзіць сваё жыццё». Старыя ведзьмы заўсёды былі радыя папляткарыць пра маладажонаў, якім няма з чаго пачынаць супольнае жыццё. Плёткі мацнейшыя за пропаведзі, і я ненавідзела Вольгу і Карлберга за іх беднасць. Я баялася іх пакоя гэтак, як баялася мамы, калі яна пераставала глядзець у нас парадку.
У той момант, калі ў пакой, ружавеючы ў агні прыкручанай лямпы, пачало цадзіцца світанне, я пачула грукат паравое машыны. Я яшчэ вастрэй адчула сваю адзіноту. Цяпер усе да аднаго занятыя толькі грукатлівым страшыдлам. I я таксама павінна даваць карысць — так сказаў айчым.
Я патушыла лямпу, запаліла ў печы і пачала мыць посуд, прыслухоўваючыся, ці не прачнуўся хлопчык; некалькі разоў спрабавала я заслаць наш вялікі ложак гэтак прыгожа, як мама, але выходзіла то крыва, то коса, і колькі я ні прыгладжвала белае пакрывала — усё было дарэмна. Нічога не выйшла і з маёю жалудоваю канапаю. Века не зачынялася, пасцель тапырылася. Я так старалася, што пот з мяне каціўся градам, але ўсё дарэмна: выходзіла няроўна і непрыгожа; і я адчула павагу да мамы, якая ўмела хораша засцілаць ложкі. Трэба будзе прыгледзецца, як яна гэта робіць.
Наліўшы ў сподачак забароненай мне кавы, я вы-
піла яе, трымаючы сподачак у руцэ і элегантна адставіўшы мезенец. I зноў са мною была Хана. Я так выразна адчувала яе каля сябе, што пачала моцна гаварыць з ёю. Усеўшыся каля камоды, дзе былі схаваны лялька, паштоўкі і ракавінкі, я ўчыніла там генеральную ўборку. Ляльку я раздзела і намачыла ў тазіку ўсе яе анучы.
— А ты, Хана, памый анучы і развесь іх, каб да абеду яны высахлі,— сказала я.
Ніхто, ведама, не адказаў, але гэта мяне ані не засмуціла. У лялькі была фарфоравая галоўка, нават валасы былі з фарфору, ды гэты недахоп я хутка ліквідавала, сплёўшы над фарфоравымі валасамі вялізны парык з белых і сініх нітак, якіх бабуля навыцягвала з рознае тканіны. Я доўга думала, ці не адрэзаць пасму сваіх валасоў, але ў самы апошні момант не адважылася.
— «Вясна наступіла, лугі зацвітаюць...»
— Так хораша,— сказала Хана.
— А школе цяпер канец, я буду няньчыць хлопчыка і атрымліваць дзве кроны за месяц.
Хана ўзрадавалася.