Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
3 усіх бакоў дом акружае пустынная, маркотная раўніна. Удалечыні відаць цёмная палоска — Кольмардэн. Навокал ні дрэўца. Толькі каля самага дома стаіць старая яблыня з ралам за метр ад зямлі, з рала пачынаюцца тры галіны.
Ружовая палоска на ўсходзе ўсё шырэе, вось-вось павінна вызірнуць сонца. Я пільна гляджу на неба скрозь голае голле і раптам заўважаю два яблыкі, якія цудам уцалелі на самай макаўцы. Mae яблыкі. Іначай і быць не можа. Як толькі надзену будзённую сукенку, абавязкова палезу па іх. А каля вугла дома апусцілі галоўкі некалькі вялых наготак, якія выстаялі проці кастрычніцкіх замаразкаў. Яны таксама мае. Нарэшце ў чалавека паявілася хоць нейкая ўласнасць. Імгненне я прыслухоўваюся: ні гуку, толькі каркаюць вароны ды з дома даносяцца галасы. Мама з Вольгаю ўсё яшчэ балбочуць.
Я не паспела пабыць на хутары і ведала толькі, што коні, на якіх мы прыехалі, былі адтуль. Каля дома пачынаецца віхлястая сцежка, потым яна знікае за ўзгоркам. Там, напэўна, і хутар. Дзіцячых галасоў не чуваць. «Мабыць, яшчэ вельмі рана,— суцяшаю я сябе.— Дзеці проста яшчэ не ўсталі». Пры гэтай думцы я адразу адчуваю сваю перавагу над нябачанымі яшчэ хутаранскімі дзецьмі, бо ўстала раней за іх і прыехала ўчора ў брычцы з запонаю.
Але выявілася, што на хутары зусім няма дзяцей. Ніводнага, хто падыходзіў бы мне ў таварышы.
У трох сем’ях хутарскіх парабкаў былі дзеці, але мама сказала, што яны грудныя. А двое тарпароў былі такія старыя, што іх дзеці паспелі даўно выехаць у Амерыку. Я аказалася адна-адненькая на ўсім хутары, вялікім сялянскім хутары. Да суседняга селішча было далёка, а да школы яшчэ далей. Амаль восем кіламетраў. Страшэнна далёка.
— Ну што ж. Нічога не зробіш,— сказала мама.
Мінула тры месяцы, як я перастала хадзіць у школу, і гэтая зіма зноў прападзе.
— Зможапі і тут чытаць і пісаць, каб зусім не развучыцца,— сказала мама.
Ніводнага таварыша, з кім можна было б пагуляць! Замест гэтага я сама стала мамаю. He думайце, што маё мацярынства зрабіла сенсацыю: проста я стала мамаю Вольжынага дзіцяці.
Асаблівай радасці я не адчула, гэта была толькі сумная патрэба. Калі прывезлі паравую малатарню, усім дарослым давялося ісці на хутар. Вользе таксама. Грудное дзіця пакінулі на мяне.
Пасля прыезду мама цэлы тыдзень удзень і ўночы шчыравала дома, вечарамі ёй памагаў айчым, і нарэшце пакой стаў вельмі ўтульны. Сцены зіхацелі белізною, на печы красаваліся сінія кветкі: мама намалявала іх тою самаю сінькаю, якою сініла шторы. На ўсіх трох вокнах віселі шторы: на двух — доўгія, а на трэцім, найбліжэйшым да пліты,— кароткая. 3 скрынак айчым змайстраваў лаўку і абабіў яе бляхаю.
— На кухні доўгая штора не гадзіцца,— растлумачыла мама.
Адна палавіна пакоя стала жылым памяшканнем, а другая — кухняю. Тут было амаль гэтаксама хораша, як у пакоі каля Старой дарогі, але ўсё-такі...
Адладзіўшы пакой, мама запрасіла Вольгу на каву.
Я з такім нецярпеннем чакала, ці спадабаецца пакой Вользе, што нават забылася пра яблыкі, якія цэлы тыдзень віселі на галіне, не даваліся марозу і маім спробам іх збіць. Нарэшце яна прыйшла з малым, уверчаным паверх пялёнак у стары мужчынскі пінжак. Гэты раз валасы ў яе на патыліцы звязаны ў вялізны вузел. На ёй палінялая, але чыстая рабочая блуза — мусіць, мужчынская,— з абрэзанымі і падшытымі рукавамі, стары залатаны фартух. Усё мытае, але непрасаванае.
Увайшла яна нясмела і няёмка, ледзь ступаючы па маміных палавіках, нічога не гаварыла і толькі азіралася.
— Гедвіг, напэўна, служыла ў багатых дамах,— сказала яна праз нейкі час.
— Нічога падобнага,— здзівілася мама.— А чаму ты пытаешся пра гэта? — Я добра бачыла, што мама ведае, чаму Вольга пытаецца, і, калоцячыся ад цікаўнасці, чакала, што ж адкажа Вольга. Нарэшце явілася зачараваная публіка. 3 захапленнем, не сапсаваная будзённымі клопатамі публіка. Ніводная дэталь не магла схавацца ад вока, звыклага да самага беднага абсталявання, якое толькі можна сабе ўявіць. А такой беднасці, як у пакоі ў Вольгі, якая нядаўна выйшла замуж, я не бачыла болей нідзе, нават у Паўднёвым прадмесці.
Такую публіку лёгка задаволіць.
Болей за ўсё ўразілі Вольгу кветкі, намаляваныя сінькаю на белай печы, і хлопчык з жабаю. Ад жабы яна проста не магла адарваць вачэй. Мама не знайшла паблізу ніводнае алешыны — да лесу было добрых дванаццаць міль,— таму ў вазах стаялі хваёвыя лапкі. Мама любіла вольху — там, дзе яна нарадзілася, было вялікае балота, зарослае алешнікам. Яна часта расказвала мне пра гэтае балота. Ласі там былі незвычайна вялікія, гадзюкі — «страшэнныя»; там
расло так многа брусніц, як ні на адным балоце на свеце. Трэба было толькі адысці на некалькі крокаў ад хаты, каб за адну гадзіну назбіраць цэлую карзіну.
Тое балота назаўсёды асталося ў мяне сімвалам нечуванага багацця, мясцінаю, куды адкрыты доступ усім беднякам.
— He, у багатых дамах я не служыла, я працавала толькі ў сялян. У мяне яшчэ да замужжа нарадзілася дзяўчынка, так што ў багатых дамах мне не было чаго спадзявацца на працу.
Мама, пэўна, здурнела. Навошта яна ўсё гэта гаворыць? Мне здалося, што твар у Вольгі праясніўся, сплылі з яго пакорнасць і захапленне. «Дзяўчынка да замужжа» — якраз гэтым заўсёды калолі нам у вочы «заможныя». I вось цяпер, калі знайшоўся нарэшце чалавек, які думаў, што мы з «высакародных», мама адразу ўсё разбалбатала пра «няшлюбнае дзіця», сялян і ўсё астатняе.
— У вас тут гэтак хораша, як там, на хутары,— сказала Вольга.— Нават харашэй, у іх жа няма такіх малюнкаў.
He, я памылілася, Вольга, як і дасюль, ляжыць у пыле. Парыя, што пакорна схіляецца нават перад ценем браміна. Побач з Вольгаю мама ў сваёй залатанай сукенцы і перашытых неданосках здавалася далікатнай фру. На мне была сукенка, таксама перашытая са старсга, надточаная, з латкамі на тых мясцінах, дзе асталіся дзіркі ад прарэшкаў і кішэняў. Але гэта была раскоша ў параўнанні са старым, прапахлым хлявом і канюшняю мужчынскім пінжаком, у які было ўверчана няшчаснае Вольжына дзіця, малюсенькае, усё ў прышчах, з чырвонымі вачыма, якія ўвесь час гнаіліся.
Толькі самыя бедныя здольныя папраўдзе ўскурыць фіміям арыстакратызму. Да нас увесь гэты арыстакратызм не з неба зваліўся. Мама глядзела, як адзяюцца высакародныя, і па тых самых фасонах перашы-
вала сукенкі, якія атрымлівала ў дамах дапамогі бедным. Вось чаму былі мы адзетыя не горай за другіх.
Але варта было маме сапсаваць фігуру, як пачыналася ванітаванне, размовы пра «фрэкен з сумкаю», і мы нястрымна каціліся ўніз, да таго стану, у якім была цяпер Вольга. Але не, мама ніколі не была такая страшная. У старой мужчынскай сарочцы яна ніколі не хадзіла. Безумоўна, прычына беднасці — дзеці. Тое самае сказала і Вольга.
— У горадзе заўсёды можна хоць як-небудзь павярнуцца і што-небудзь раздабыць,— сказала яна так, быццам вось-вось збіраецца пераехаць у горад.
— Пачастуйцеся,— запрасіла мама. Вольга не аднеквалася; яна паспрабавала нават увапхнуць трохі кавы і хлеба ў рот свайму месячнаму дзіцяці.
— Яно яшчэ вельмі малое на такую яду,— заўважыла мама,— дый не трэба прывучаць яго да кавы. Яно пачне яшчэ болей капрызіць і зусім перастане спаць.
— Хіба яно вырасце на адных малочных памыях? — сказала Вольга. Але ў гэты момант малое папярхнулася, усё пасінела, нават не магло крычаць, толькі цяжка, з прысвістам дыхала.
Мама ўзяла яго на рукі, перавярнула тварам уніз, памаленьку палопала цераз брудны пінжак па спінцы, і вось скрутак зароў. Мне адразу здалося, што ў нас стала ўжо не так утульна. Проста дзіва, як дзіцячы крык можа сапсаваць прыгожы пакой.
Вольга расхвалявалася, хацела ўзяць свой «скрутак» назад, але мама села з ім каля печы і, расхіліўшы пінжак, памацала пялёнкі.
— Яно мокрае,— сказала яна.
— Ага, але ў мяне няма другіх пялёнак,— адказала Вольга,— яны сохнуць на печы.
Трымаючы хлопчыка ў адной руцэ і не звяртаючы ўвагі на яго шалёны крык, мама падышла да скрынкі,
у якую мяне ніколі не цягнула зазірнуць. Я добра ведала, што там: некалькі кофтачак, кашулек і чыстыя анучы, зусім прыдатныя на тое, каб увярцець у іх смярдзючую жывую ляльку. Мама выцягнула поўны камплект чыстай дзіцячай бялізны і зусім яшчэ добрую суконную коўдру, якую купіла некалі на папяровай фабрыцы.
— Найлепей мець гэта заўсёды ў запасе, ніколі ж не ведаеш, колькі будзе дзяцей,— сказала мама.
Чым далей, тым горай і горай. Вось мама налівае ў тазік цёплай вады. Вой, ды яна збіраецца ў нашым тазе купаць дзіця! А ў ім жа іншы раз малолі каву!
Але тым часам мяне разбірала і цікаўнасць. Я сядзела як на іголках, гатовая ў любую мінуту кінуцца наўцёкі, і глядзела, як мама распавівае немаўля, здымаючы адну за адною смярдзючыя анучы. Нарэшце на свет паявілася маленькае няшчаснае цельца з аблезлаю скураю і чырванню на спіне і ножках. Страх адзін! Нібыта апаранае кіпнем і такое худое — скура ды косці. Няўжо маме прыемна браць яго ў рукі? Здавалася, самой Вользе не было ад яго асаблівай радасці, і зусім не мацярынскі гонар блішчаў у яе ў вачах.
— Уся скурка ў яго злезла,— ціха сказала яна.— У мяне няма чым яго змазваць, а ад крухмалу робіцца яшчэ горш.
— Ты, відаць, вельмі рэдка мяняеш пялёнкі,— сказала мама.— Але мь: паспрабуем яго вылечыць, бо яно ніколі не дасць табе спаць уночы. А ўсё таму, што яно не ўмее акуратна есці, малако ў цябе ўвесь час цячэ і шчыпае яго, бедалагу.
Яна зноў паварочвае маленькае няшчаснае цельца тварам уніз.
— He, Вольга, так не гадзіцца,— кажа яна і выцягвае кавалачак мыла, што тырчаў паміж ягадзіцамі.
— У яго запоры, і гаспадар параіў лячыць мылам, гэта звычайна памагае.
Я глядзела, і настрой у мяне ўсё болей і болей псаваўся. Пра мяне мама зусім забылася. Я бачыла, як пяшчотна і беражліва бярэ яна малечу і мае ад гэтага ўцеху, хоць ад яго вельмі смярдзіць. Прайшло ж трошкі болей за месяц з таго часу, як вадзіў мяне Вальдэмар па «фрэкен».
I вось цяпер яна трымае на руках такую пачварную і брыдкую істоту, якраз як тыя блізняты, якіх пацукі прыцягнулі да фру, што жыла ў горадзе па суседстве з маёю цёткаю.
Вось мама апусціла дзіця ў таз з цёплаю вадою, і я адразу вырашыла мыцца надалей толькі ў ночвах. Між іншым, я ўжо не раз думала пра гэта, гледзячы, як айчым мые ў тазе свае прылады для галення. Але тое, што рабіла цяпер мама, было намнога горшае. Акунаць у наш таз гэтае смярдзючае дзіця! Мама проста здурнела! А яна, ані не звяртаючы на мяне ўвагі, плёскала на малечу вадою, ажно пырскі ляцелі на палавік, а потым выцірала яго маім чыстым, толькі што пагладжаным ручніком.