Мама выходзіць замуж  Муа Марцінсан

Мама выходзіць замуж

Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
83.88 МБ
— Пакладзіце хоць анучу пад праснакі, a то зноў выйдзе тое самае,— сказала мама.— Ці насыпце пад іх больш мукі. Хто ж гэта кладзе цеста на паперу? У Салтэнгене валяецца столькі дошак, маглі б даўно зрабіць лапату. He дзіва, што ў хаце рак, калі так жыць.— Мама ўсё больш злавалася. Але на варажбітку яе словы не падзейнічалі.
— Мы накралі ўжо так многа дроў, што, калі я вазьму яшчэ хоць трэску, не мінуць мне Трэдгордсгатана. (Там была турма.) А мукі ў мяне і так не хапае, вось і кладу праснакі на ложак,— і яна вывернула цеста проста на агідна брудны матрац. Потым прыбра-
ла рог стала, паставіла каля яго два крэслы. Мне давялося стаяць.
— Паглядзі ўгору, мне трэба бачыць твае вочы,— сказала варажбітка маме.
Мама нехаця падняла вочы. Мужчына на вядры не варушыўся. 3 двара даносіліся начныя шолахі, гудкі параходаў.
Жанчына ўтаропілася ў маміны вочы, потым выклала на стол некалькі зашмальцаваных картаў.
— Чакае цябе вялікая страта, затое быць табе пры грашах. Нейкая жанчына бегае за тваім мужам, але ты знойдзеш другога, прыгожага і багатага. Праз месяц ты будзеш ужо зусім пры другім інтэрасе... Ат халера, падгарэлі! — Яна выкідае з печы два праснакі і кладзе на іх месца тыя, якія толькі што замясіла, так што яны яшчэ не паспелі падысці, потым кажа далей:
— Твая радня ненавідзіць цябе, але ты ўсё роўна паставіш на сваім. Ты любіла мужчыну, які табе не дастаўся, затое дастанецца той, каго любіш цяпер.
Моцна застагнаў мужчына. Стогн перайшоў у крык.
— Божа, ён памірае! — закрычала мама.
— Ды не, гэта хутка пройдзе.
Але мама паднялася і, паклаўшы на стол крону, узяла мяне за руку. Мы выйшлі на двор. Суседка марудзіла, і нам давялося чакаць яе, бо адны мы нізашто б адтуль не выбраліся.
Зноў закрычаў, а потым застагнаў мужчына, але абедзве жанчыны спакойна размаўлялі далей.
— Каб мы хоць ведалі дарогу, мы б адразу пайшлі,— сказала мама.
Мужчына застагнаў яшчэ мацней.
Мама расчыніла дзверы і зноў зайшла ў хату.
— Памажы свайму мужу легчы ў ложак! Ці ты пакінеш яго паміраць на вядры? Так ён і да раніцы не дажыве,— пачула я мамін голас.— Папраў пасцель!
Я не хачу дакранацца да гэтых ануч, але ж трэба яго пакласці.
Цяпер мужчына стагнаў жаласна, як дзіця, быццам не асмельваўся грамчэй.
Я пачула нейкую валтузню і зазірнула ўсярэдзіну. Жанчына ладзіла пасцель; калі яна перасцілала анучы, ад іх падняўся страшэнны смурод.
— Цяпер пакладзі газеты, мяняй іх часцей і не давай яму так доўга сядзець і мучыцца,— мама была вельмі расхваляваная і, здавалася, вось-вось гатова расплакацца — я адчувала гэта па яе голасе.
— Я спраўлюся сама,— умяшалася суседка і, падняўшы ледзь жывога мужчыну, паклала яго на ложак у лахманы.
Гэта было жахлівае відовішча. Няшчасны, смяротна хворы чалавек у руках бяздушнай істоты — тоўстай, вялізнай жанчыны ў брыдкай паляўнічай шапцы.
— Зараз жа пайшлі адсюль, а не дык мы самі пойдзем шукаць дарогу,— сказала мама.— Я чую галасы людзей і, калі ты не пойдзеш, паклічу іх сюды.
— Вось халера, праснакі зноў падгараюць! — закрычала варажбітка.
Суседка выйшла разам з мамаю. Пад шалем у яе быў схаваны ўверчаны ў газету праснак. «Хлеба і газет!» — калі можна так сказаць, але гэта не была пародыя на вялікага Цэзара, бо той, «перад кім увесь свет ляжаў у пыле, тырчыць затычкаю ў шчыліне».
— Заходзьце да мяне другім разам! — крыкнула варажбітка.— Толькі не прьіходзьце да канца года, раней ён не памрэ. А табе не трэба быць такою далікатнаю! Такая прыгожая, яшчэ даб’ешся свайго! — крычала яна маме ўслед.
Мы не адказалі і моўчкі пакіраваліся за паляўнічаю шапкаю, якая выразна вырысоўвалася з надыходам світанку на фоне жалезных складаў.
Пад Бергенскім мостам, як звычайна, цурчала Ba-
да; па суседстве, у сырым будынку, стукацелі ткацкія машыны, і стомленая начная змена з нецярпеннем чакала раніцы. На мосце мама загадала суседцы выкінуць у раку ўзяты ў варажбіткі праснак.
— Праўда, рыба можа здохнуць ад яго,— з’едліва сказала яна.— Але тут ужо нічьім не паможаш.
— Хлеб згодзіцца ідыётам, якія чакаюць мяне дома,— сказала суседка і падмацавала свае словы энергічным кіўком, ад якога яе паляўнічая шапка зусім з’ехала набок.
Пасля гэтага мама за ўсю дарогу не сказала ёй ні слова.
Калі мы нарэшце прыйшлі дадому, было зусім светла. Суседка паспяшалася пайсці да сябе, нават не развітаўшыся і не падзякаваўшы маме за пачастунак. Як звычайна, з яе пакоя даносіўся дзіцячы плач. Мама, стомленая і расхваляваная, пачала слаць пасцель.
— I чаго толькі мы пайшлі да гэтай гадкай бабы? Больш нізашто не пойдзем да яе,— спрабавала я падвесяліць маму.
— Жыццё — цяжкая штука. Ніколі б не паверыла, што такое бывае. Яшчэ цябе туды пацягнула. Вельмі цікавае відовішча дзіцяці! Пастарайся забыць пра гэта — можа, мы прыйшлі якраз у той момант, калі ў варажбіткі ўсё было асабліва пагана. А лепей паспрабуй зусім не думаць пра гэты жах. А заўтра вечарам пойдзем з табою ў рабочы саюз глядзець смешную п’есу, яе назва «Эпе на гары».
I хоць мы хадзілі туды і сядзелі на самых высокіх месцах,— а можа, іменна па гэтай прычыне,— павучальная камедыя мне не запомнілася. Затое ўсё, што я бачыла ў варажбіткі, і цяпер стаіць у мяне перад вачыма. П’есу ж з таго часу мне ні разу не давялося глядзець.
Хане я расказала толькі пра згорбленага начнога вартаўніка. Пра варажбітку я пасаромелася расказ-
ваць. Нічога не расказала я і пра спектакль, каб не засмучаць Ханы. Яна ніколі не бачыла ні адной п’есы. Венічніца Міна не цікавілася тэатрам, і, апрача таго, кожны вечар да васьмі гадзін яны з Ханаю абавязаны былі вяртацца ў багадзельню. Нават да мяне ёй дазволілі схадзіць толькі адзін раз — яна павінна была «прыносіць карысць».
Тое, што я схадзіла ў тэатр, я лічыла здрадаю Хане. Але настаўніцы я ўсё ж такі ахвотна пра яго б расказала.
Мама аддала даўгі ў крамах, часткова разлічылася за кватэру, купіла кавалак тканіны, які схавала ў скрынку, а потым пашыла з яго дзіцячыя сарочкі. На суседку яна ўсё яшчэ крыўдзілася, і тая цяпер не заходзіла да нас так часта, як раней.
Прайшло два тыдні, а мама ўсё сядзела дома. Яна шыла і кожны вечар чакала айчыма. Ён не прыходзіў. Грошы, якія яна зарабіла на піўным заводзе, хутка кончыліся. Давялося ёй зноў шукаць працу.
Тым часам гаспадар надумаўся выселіць суседку з двума ідыётамі. Нават тады мы не ўбачылі яе мужа. Хана расказала мне на перапынку, што суседка жыве цяпер у іх у багадзельні і што ўсе бабулі лаюцца з ёю праз яе ідыётаў, якія разбураюць і псуюць усё, што трапляе ім пад рукі.
Аднойчы ўночы мяне разбудзіў моцны айчымаў голас.
На стале я ўбачыла бохан сітнага хлеба, салёныя агуркі, кавалак студзеню і дзве пляшкі піва.
Айчым заўважыў, што я не сплю, і загадаў маме даць мне студзеню, скібку хлеба з маслам і трохі піва. Было дзве гадзіны ночы.
— Яна, мусіць, ніколі ў жыцці не спытвала такога масла,— сказаў ён з п’янаю шчодрасцю.
Студзень і сітны хлеб з маслам, і праўда, не часта бывалі ў нас на стале, і я, седзячы на сваёй жалудовай канапе, са смакам з’ела ўсё, што мне далі, запіла пачастунак глытком піва, ад якога ў мяне адразу закружылася галава.
Спачатку я не чула іх размовы. Я думала пра тое, як раніцай падзялюся з Ханаю смачным хлебам з маслам, студзенем, гурком і раскажу ёй пра тое, як піла піва. Раней мне яго ніколі не давалі, хоць, зразумела, як і ўсе іншыя дзеці, дома ў якіх часта пілі, я ўпотайкі каштавала і піва і гарэлку, але ані не прыахвоцілася да іх. Наадварот, я даведалася, што яны агідныя на смак.
Я прыслухалася да маміных словаў:
— Мы ноймем мансарду ў Вальдэмараў, яны якраз адбудаваліся,— і яна расказала пра дачку селяніна, якую калісьці ведала,— тая цяпер замужам за Вальдэмарам, і яны вельмі добра жывуць. Ён працуе на цукровай фабрыцы. Можна пераехаць на тым тыдні, а з платай за кватэру месяц пачакаюць,— кончыла яна.
— Добра, тады я дамоўлюся з возчыкам,— адказаў айчым.
I вось усё вырашана. Датуль, пакуль яны не падшукалі кватэру, мне было спакойна. А цяпер спадзявацца няма на што. Кусок стаў у мяне ўпоперак горла; хлеб і студзень ужо не здаваліся смачнымі; піва было горкае і агіднае. Раптам мяне вырвала.
— Дзіўнае дзіця,— прабурчаў айчым,— Відаць, яда ёй заблажыла.
— Яна не прывыкла да піва,— сказала мама.
Я залезла пад коўдру, нацягнула яе на галаву, абы толькі не чуць іх. Я ненавідзела іх абаіх. «Уцяку...— думала я.— Можна будзе жыць у Ханы ў багадзельні
ці..» Тут я дала волю сваёй фантазіі, і хутка мне прыснілася, што ўсё добра і я жыву ў школе разам з настаўніцаю.
Але выйшла зусім інакш. Неўзабаве мы пераехалі ў «патачную» хатку.
Айчым атрымаў у горадзе месца возчьіка. Яму плацілі як халасцяку, але ён быў забяспечаны ядою і мог спаць у канюшні.
У мяне настала пара прыніжэнняў (тады я гэтага яшчэ не разумела), пара няўпэўненасці ў заўтрашнім дні; і хоць такое не раз бывала і раней, я ніколі так востра не адчувала гэтага, бо ў мяне заўсёды што-небудзь знаходзілася. Надышла пара вошай, брудных фартухоў і прагулаў. Пачалося сапраўднае цыганскае жыццё.
Бабуля была далёка, «заможныя» да нас болей не завітвалі; даўным-даўно я ўжо не чула: «Тут гэтак хораша і добра». На новую кватэру мы з мамаю перабіраліся пехатою. Праўда, і ў хату каля Старой дарогі мы таксама не прыехалі, а прыйшлі, але якое тут магло быць параўнанне!
Раніцаю айчым павёз нашы рэчы, а мы з мамаю трохі забавіліся, каб прыбраць старую кватэру. Маме некалькі разоў даводзілася адпачываць, пакуль яна не вымыла падлогу ў цёмным пакойчыку, Яна так распаўнела за апошні час! Я падавала ёй шчотку і анучу — ёй цяжка было падымацца з падлогі, яна зусім не магла працаваць.
У дзень пераезду ў нас не было чаго есці. На суседзяў мы не спадзяваліся, іх нават дома не было — яны працавалі, каб зарабіць на хлеб. Быў чацвер, і нават пры ўсім жаданні яны не змаглі б нам памагчы. А хіба жыхары прадмесця Норчэпінга могуць памагчы камунебудзь напярэдадні палучкі? У сяго-таго, ведама, Ha­
ват і ў гэты дзень было поўна ўсяго, але з такімі сяброўства ў нас не было. Дый ніхто не ведаў, якая бедная мая мама. Бо яна ж збіралася пераехаць да сваёй знаёмай, дачкі селяніна.
На падаконніку ляжаў пакунак. Я ведала, што ў ім. Дзве прасціны. Мы пройдзем праз увесь горад, а прасціны дабяруцца толькі да ламбарда, і пакуль яны там не апынуцца, ніякай яды не будзе.