Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
— Пудзіла гарохавае! Хоць пашкадавала б небараку! — крычала маленькая худая бабуля.— Сораму ў цябе няма! Быццам не ведаеш, якая цяжкая ў цябе рука! Вернецца фру, яна табе пакажа!
Я ведала, што «фру» — загадчыца. Значыць, цяпер яе няма, а Міна набіла Хану. Яна ляжыць цяпер недзе, яе збіла Міна. Страх зноў апанаваў мяне. Мой новы бог тут не мае ўлады, а старога я заўсёды лічыла толькі карнікам, і больш нічым.
— Ты і сама часта забываешся выйсці па патрэбе, хоць ты і старая карга! — закрычала высокая бабуля і, сціскаючы кулакі, падышла да Міны.— Ты брудная, смярдзючая калоша, вось ты хто! He ведаю, пра што толькі думаў бог, калі паслаў табе дзіця! Табе якраз толькі кручнікам быць! Напэўна, пераламала дзяўчынцы рэбры.
Тут я неабдумана закрычала на ўсё горла і кінулася ў дзверы. Уперад, уперад, праз вялікую залу, наверх па лесвіцы, зноў уніз — і на кухню! А там сядзела Хана! Я адразу ўбачыла, што яна плача, але можа кратацца, яна — ёсць! Каля яе стаіць жанчына, трымае кубак з малаком, у які Хана мачае скібу булкі.
У гэты ж дзень у багадзельні ўсё ішло шыварат-навыварат: на кухні ў жаночым аддзяленні, дзе ніколі не паказваўся ніводзін мужчына, стаяў высокі, сутулы стары. Ён таксама нахіліўся да Ханы, размаўляючы з ёю жартаўлівым «дзіцячым» голасам. Хана ела, час ад часу ўсхліпваючы. Жанчына, што карміла яе, гаварыла неяк дзіўна, і яе ніхто не разумеў. У яе былі беласнежныя валасы, белыя вейкі і бровы, а вочы чырвоныя, як у труса. Ёй не было і трыццаці гадоў.
— Хана, Хана! Фрэкен пусціла мяне і дазволіла пайсці да цябе! Цябе яна таксама на сёння пусціла. Фрэкен ніколечкі на цябе не злуецца, ты не бойся! — выпаліла я.— Так сказала фрэкен! А цяпер я астануся з табою.
Хана пачырванела і выхапіла кубак з рук у жанчыны-альбіноскі. Мусіць, ёй стала сорамна, што я бачыла, як яе кормяць. Стары павярнуўся да мяне:
— Такая добрая дзяўчынка, добра, што ты прыйшла. Хане вельмі кепска, Міна, яна...— Але тут ён, мабыць, успомніў, што Міна ўсё ж такі Ханіна мама, і, нічога больш не сказаўшы, выйшаў з кухні.
Хана расказвала потым, што стары з’явіўся якраз, калі Міна біла яе за тое, што яна прыйшла дадому мокрая.
— Усё таму, што гэта заўважыў марак Шоквістан, інакш мама нізашто не набіла б мяне,— усхліпвала Хана.— Але Шоквістан сварыцца на маму, кажа, што яна дурная і што яе дзеці таксама ніколі не паразумнеюць. Таму мама так раззлавалася і набіла мяне. Яна б, мусіць, забіла мяне, але тут прыйшоў дзядзька Берг
і выкінуў маму адсюль, а другія жанчыны памаглі яму. Таму што, калі мама злуецца, яна можа забіць. Забіла ж яна кошку, на якую раззлавалася...
Мяне вельмі зацікавіла ўсё, што я пачула.
Тут, мабыць, прывыклі лічыць, што чалавек можа рабіць так, як яму ўздумаецца: раззлаваўся на кошку— узяў і забіў яе. Увайшла альбіноска і пралэпятала нешта незразумелае. Раптам з яе зваліўся фартух. Тады яна захіхікала, падхапіла яго і сказала нешта Хане. Тая ў адказ паказала язык. Я ніколі не бачыла, каб Хана крыўлялася.
— Ёй здаецца, што мужчыны толькі пра яе і думаюць, бо ў яе заўсёды падае фартух. Яна сама развязвае тасёмкі дзесяць разоў на дзень і крычыць: «Тэнтэн-тэн, мэй-мэй-мэй!»
Хана са злосцю перадражнівала няшчасную жанчыну з белымі, як у зайца, валасамі і папраўдзе вельмі непрыгожую. У пакой увайшла адна з тых бабуль, якія лаялі Міну ў сенцах, і ўбачыла альбіноску з фартухом у руцэ.
— Ты зноў тырчыш тут са сваёю паганаю анучаю! Пайшла вон! Ты паказваеш кепскі прыклад дзецям! — I маленькая крывабокая старая выпхнула няшчасную ідыётку ў сенцы.
Я не магла зразумець, што яна зрабіла кепскае і што тут такога, калі нават мужчыны думаюць толькі пра яе адну? Але Хана хітра мне падміргнула. Я бачыла, калі фру няма, яна адчувала сябе тут зусім свабодна; гэта была зусім другая, новая Хана, якая ведала мноства таямнічых рэчаў, пра існаванне якіх я і не здагадвалася.
— Ну, як ты цяпер пачуваешся, Хана? — папыталася маленькая бабуля, калі выгнала альбіноску.
Напраўду, Хане здорава папала, Міна моцна набіла яе. Але ў мяне адразу мільганула думка, што яна
трошкі прыкідваецца. Так яно і было. Як толькі бабулька, кульгаючы, выйшла з пакоя, Хана шапнула:
— У яе водзяцца грошыкі, разумееш, і яна заўсёды дае мне манетку, каб пазлаваць астатніх старых, у якіх няма ні гроша.
He вельмі лёгка было Міне гадаваць дзяцей у багадзельні. Каб яна хоць крышку разумела, што такое выхаванне, яна, безумоўна, адчаялася б, а так яна толькі паўтарала, што Хана яе дачка, а гэта было праўда. Хана нарадзілася ў багадзельні, і бабулі прастаялі тады ўсю ноч пад дзвярамі пакоя, чакаючы яе з’яўлення на свет.
Усе, хто быў злосны на Міну, а такіх было большасць, бо Міна сярод іх была самая маладая, кожную суботу ездзіла на рынак і ёй былі яшчэ даступныя некаторыя радасці жыцця, а на долю другіх аставаліся толькі боль і гаркота,— усе гэтыя Мініны ворагі бралі Хану пад абарону кожны раз, як толькі Міна разяўляла рот, каб зрабіць дачцэ заўвагу.
3 такіх дробязяў звычайна і пачыналіся самыя вялікія скандалы ў багадзельні, якія не мог спыніць ніхто, апрача фру.
Але сёння фру не было дома.
Я павяла Хану ў стары зарослы сад. Дрэвы стаялі, усыпаныя яшчэ не спелымі пладамі, ірваць якія было строга забаронена: яблыкі належалі старшыні муніцыпалітэта.
Але Хана вельмі спакойна сарвала некалькі зялёных яблыкаў, і я адчула, як у мяне ўсярэдзіне нешта ёкнула. Ніколі ў жыцці я не асмелілася б сарваць зялёны яблык з дрэва, што расло каля нашай хаты, і так нядбайна аддаць яго сяброўцы. Ніколі яшчэ каля тых дамоў, дзе я жыла, не расло адразу па некалькі яблынь.
— Табе вельмі баліць? — Мне захацелася зноў убачыць Хану няшчасную і залежную ад мяне, хоць я і зразумела ўжо, што ў яе і без таго хапае абаронцаў.
— He вельмі. Хочаш паглядзець?
Яна расшпільвае сваю нязменную кофту, здымае яе, задзірае на галаву брудна-шэрую бялізну і стаіць так, асветленая сонцам, маленькая і худая. Грубы пояс ад спадніцы ўразаецца ў голае цела. На скуры, якая Tyra абцягвае рэбры, відаць сляды кожнага апліка ад кофты. Хана страшэнна худая.
— Цябе што, зусім не кормяць? — пытаюся я.
— Канечне, не. Ды я ніколі і не хачу есці, я ем толькі па суботах, калі мы з мамаю бываем у горадзе,— кажа яна абыякава і дадае: — Паглядзі сюды...
На спіне ў яе вялізны гузак — след Мінінага магутнага кулака, а па баках — сінякі ад даўнейшых шчыпкоў і грымакоў.
— Вось тут баліць, на спіне. У мамы такая цяжкая рука... А гэта адзін стары, ён шчыкае мяне з усяе сілы, як толькі ўбачыць. Паглядзі,— яна падымае маленькую худую руку — падпаха зусім чорная.
— Бабуліну сястру збілі так, што ўся спіна была ў крыві, і яна ўтапілася. Раскажы пра ўсё фрэкен, пакуль яны зусім цябе не забілі,— кажу я, апанаваная жахам.— А не дык я сама скажу.
Вочы ў Ханы цямнеюць ад перапалоху.
— He кажы,— пачынае яна ўсхліпваць. — He кажы, а калі скажаш, я болып не пайду ў школу.
— He, не,— абяцаю я,— але тады не давайся больш старому шчыкацца.
— Ён таксама дае мне грошы. Усе старыя добрыя, вось убачыш,— яна зноў апускае сарочку і надзяе кофту, не зашпільваючы яе.
— He так баліць, калі не зашпілена,— кажа яна тонам бывалага чалавека.
Хана цягне мяне ў куток саду, у сапраўдны зарас-
нік здзічэлых сліў. Яна запаўзае ў кусты і вылазіць зноў са жменяй манет па пяць і дзесяць эрэ.
— Я баюся паказаць іх маме. Разумееш, дзяды не тое, што бабулі, яны не пляткараць, калі даюць грошы. Але таму я і баюся паказаць манеткі маме, што атрымала іх ад дзядоў. Бабулі — тыя дадуць што-небудзь і адразу ўсім раскажуць. На, вазьмі іх!
— He, не! — я спалохалася гэтай кучы грошай і адхіснулася.— He, не!
Такіх скарбаў я не змагла б хаваць. Мама пачала б распытваць, адкуль яны ўзяліся. У худзенькай Ханінай руцэ манеткі здаваліся такімі небяспечнымі! Рукі яе намнога меншыя за мае, але ўжо касцістыя і грубыя, бо яна памагае Міне ламаць дубцы на венікі.
— Выкінь іх, Хана! Выкінь! — упрошвала я.— Ta66 пападзе за іх!
— Ну вазьмі хоць адну манетку,— прашаптала яна.— Адну-адзіную. Я ж узяла ў цябе сукенку.
Я бяру адну манетку. Астатнія Хана зноў хавае у кусты і зверху кладзе камень. Змрочны, укрыты меднаю зелянінаю скарб, Эрэ, якія пахлі тытунём старых дзядоў.
Жалосна ўскрыкваючы ад болю, яна зашпільвае кофту.
— Я твой друг,— шапчу я.— Хана, я твой друг. Бабуліна сястра пайшла да свайго хлопца, а яны збілі яе так, што яна ўтапілася. Раскажы пра ўсё фрэкен, Хана.
— Хана, Хана! — пачулася раптам.
— Га-а-а! — адказвае Хана і шэпча: — Раніцай я прыйду ў школу. Купі сабе што-небудзь на гэтую манетку,— і яна пабегла.
Было ўжо позна. Моцна сціснуўшы ў руцэ пяць эрэ, я пералезла цераз плот і выйшла на дарогу. Ісці развітвацца ў багадзельню не хацелася.
Манетку я схавала пад камень каля дарогі. Можа,
яна і цяпер яшчэ там ляжыць. Можа, і Ханін скарб таксама ляжыць у кустах і ўкрываецца меднаю зеленню...
Нават цярплівы і дужы чалавек стамляецца, капаючы канавы, асабліва калі ў ліпеньскую спякоту зямля робіцца нібы камень, а торф у канаве — цвёрды, як яловы корань. Блакітныя блузы на спінах выгараюць ад сонца, і здаецца, што трымаеш у руках не рыдлёўку, а пук толькі што сарванай пякучай крапівы. He паспееш каўтнуць квасу, як горла зноў высахла, кроплі поту сцякаюць у вочы, пякуць і слепяць.
А недзе побач цурчыць крыніца. Многія сяляне і землякопы выпілі з яе смерць. Часамі смерць пранікала ў людзей па венах натруджаных ног — дзень за днём мокнуць у ледзяной вадзе чаравікі, пакуль сонца пячэ галаву і спіну.
Кожны дзень над раўнінай збіраюцца навальнічныя хмары і, не выліўшыся дажджом, ідуць далей, пагражаючы пажарам і гібеллю, напаўняючы ў душныя ночы страхамі сон парабкаў. Яркія маланкі не даюць людзям спаць, і ноч не прыносіць жаданага адпачынку. А з раніцы зноў праца, цяжкая і невыносная.
Самыя цярплівыя могуць страціць цярпенне, а майму айчыму траціць не было чаго.
У адзін з першых ліпеньскіх дзён ён пайшоў з распаленага сонцам поля, на якім вяліся дрэнажныя работы. Трубы ўжо ляжалі ў канавах, але самі канавы яшчэ не былі засыпаныя зямлёю.
— 3 мяне хопіць, няхай д’ябал там працуе, я не негр.
— Што ж цяпер будзе?
— Што-небудзь ды будзе.
— Мне дык усё роўна, мне ад твае работы карысці мала.