Мама выходзіць замуж
Муа Марцінсан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 382с.
Мінск 1988
Дарослыя лічаць, што дзеці ніколі не хлусяць.
Дый каго цікавіла, праўда гэта ці выдумка. Гэтым людзям хацелася пачуць што-небудзь пра жыццё вялікага свету, і расказаць пра гэта магла васьмігадовая няшлюбная дзяўчынка, якую жыццё ўжо не раз кідала з месца на месца.
Я расказала пра мост, перакінуты цераз Муталу непадалёку ад папяровае фабрыкі, які да таго струхлеў
і падгніў, што ў адным месцы прагнуўся і стаў амаль вертыкальны.
Ідучы па гэтым небяспечным мосце, трэба было моцна трымацца за поручні і карабкацца, нібыта пад гару. Фабрычныя рабочыя, ідучы ў начную змену, бралі з сабою ліхтары, каб не зваліцца ў раку.
— I ты таксама пераходзіла мост?
— А як жа! Мы кожны дзень хадзілі па ім у школу. (У тую самую школу, дзе здарылася гісторыя з прутком.)
— Над вамі луналі анёлы і ахоўвалі вас,— сказала дванаццацігадовая дзяўчынка.
Я не стала спрачацца.
— Адзін раз смалакуры напіліся і п’яныя перайшлі цераз мост, не трымаючыся за поручні, і не ўпалі. Мой дзядзька таксама перайшоў цераз мост, калі быў п’яны, але ён лёг на жывот і перапоўз самую страшную мясціну, а смалакуры ішлі сабе як нічога ніякага.
Я ўстала і прайшлася, паказваючы, як ішлі смалакуры. Пры гэтым я трохі хісталася, каб падкрэсліць, якое гэта дзіва, што яны п’яныя перайшлі мост, адзін пралёт у якім амаль вісеў строма.
Дванаццацігадовая дзяўчынка нерашуча зірнула на бацьку.
— Хіба анёлы ахоўваюць п’яных?
Вольга ажно ззяла. Яна была невыказна гордая, што прывезла з сабою такую цікавую асобу. Мацней прытуліўшы да грудзей малога, яна выпрасталася, чакаючы, што хто-небудзь выкажа сваё меркаванне пра дзіва.
— П’яныя — як дзеці,— усміхнуўшыся, сказаў гаспадар.— Дзеці не думаюць пра тое, як пяройдуць, і п’яныя таксама. Вось чаму іх часта аберагае лёс.— Ён усміхнуўся мне светлымі прамяністымі вачыма, але мне не хацелася здавацца, я не хацела, каб анёлы ахоўвалі п’яніц.
— Юхан-Бляпіанка трапіў пад цягнік,— сказала я коратка.— Усе гаварылі, што ён быў п’яны. I ён памёр.
— Значыць, прыйшла яго пара,— хуценька ўставіла Вольга. Астатнія кіўнулі.
Шасцёра дзяцей, якія сядзелі радком на самаробных крэслах, данілі каву. 'Голькі тады бацька з мацераю падняліся з-за стала. Ніколі раней я не бачыла, каб хто-небудзь лічыўся з дзецьмі, каб бацька з мацераю без гыркання чакалі, пакуль яны кончаць есці. Але, можа, яны не гыркалі толькі таму, што была нядзеля?
У пралетарскіх сем’ях, дзе мне даводзілася бываць, у бацькоў не аставалася часу вучыць дзяцей, як трэба сядзець за сталом, правільней — паказваць ім, як трэба сядзець. Дый цяжка вучыць таму, чаго сам не ведаеш.
Мне вельмі хацелася астацца з дарослымі, але дзеці завалодалі мною, цягнулі мяне з хаты. Вольга ўхутала мяне ў стары мамін шаль, завязала на галаву мне шарсцяную хустку, і мы выправіліся на двор.
— Ты так даўно не была з дзецьмі, пагуляй сабе, калі такая нагода,— сказала Вольга.
Але якраз цяпер мне было зусім нецікава з дзецьмі. Да чаго ж някемлівыя дарослыя! Іменна цяпер мне не х.ацелася гуляць. Болей за ўсё на свеце мне хацелася астацца ў хаце, сядзець і слухаць спакойны голас цемнавокага прыгажуна гаспадара, а потым паглядзець, што за кнігі ляжаць на паліцы.
Кольмардэн здаваўся мне зусім сумным, дзеці мяне раздражнялі, але давялося паслухацца. Аставалася адна ўцеха — павець з яловымі лапкамі замест страхі і з чатырма хвоямі-асілкамі замест шулаў.
Як толькі мы паселімся дзе-небудзь паблізу лесу, я найперш збудую сабе такую хату, сваю хату. Бо ў нас на раўніне нават цень ад ядлоўцу і то навіна.
— У цябе такі высакародны бацька,— сказала я дванаццацігадовай дзяўчынцы.
— Ага-а,— няўпэўнена выціснула яна, акінуўшы мяне доўгім паглядам.
— У нас мама з багатай сям’і, паш дзядуля — акруговы суддзя, у яго цэлых шэсць коней. Два кані выязныя, іх толькі ў брычку запрагаюць,— казала яна далей амаль шэптам.
Выходзіць, я памылілася — у гэтай хаце высакароднасць увасабляла маці.
— Мама таму і плача, калі сюды прыязджаюць на конях.
— Падумаеш! Коні! — фыркнула я.
Настала кароткае маўчанне. Дзяўчынка пастаяла ў нерашучасці.
— Тата вельмі добры,— ціха сказала яна.
Мабыць, высакароднае паходжанне не было добраю якасцю ў вачах гэтай дзяўчынкі. Яна любіла бацьку па другіх прычынах. 3 высакароднымі людзьмі цяжка жыць — яны плачуць, калі бачаць дагледжанага каня, на якім не могуць ехаць і купіць якога няма ў іх за што: яны плачуць, калі ім напамінаюць пра страчанае шчасце.
— Твой бацька вельмі прыгожы! — сказала я.
— Вольга кажа, што твой тата таксама прыгожы.
— У мяне няма бацькі, гэта мой айчым,— запярэчыла я ўпарта.
Пагуляць нам так і не давялося. Мы загаманіліся і зусім забыліся пра гульню. Я начарціла на зямлі «класы», але зямля прамерзла і была ўкрыта пажаўцелаю травою, таму лініі не былі відны. Мы сталі круціць вяровачку, і я паказала дзецям, як трэба скакаць. Але дзень быў марозны, і іх так ухуталі, іпто ў іх нічога не выходзіла. He зважаючы на гэта, яны, паразяўляўшы раты, сачылі за ўсім, што я рабіла. Я не ведала, што яшчэ прыдумаць, каб цікавейшае. Але выявілася,
што яны і самі могуць сяму-таму навучыць: пасля таго як я паказала ўсё сваё майстэрства, яны паклікалі мяне гуляць у мяч.
Я вельмі здзівілася. У мяч? Няўжо ў іх ёсць мяч? I няўжо яны пакідаюць яго на дварэ, не баючыся, што хто-небудзь яго ўкрадзе?
Мячы аказаліся драўлянымі шарамі, выразанымі з капа — нарасці на ствале карэльскай бярозы, Побач ляжала шэсць палак. Чалавек, які выразаў дзецям шары і палкі, напэўна, і чуць не чуў пра гульню ў гольф.
На роўнай прасторнай кругловіне ў розных мясцінах былі выкапаньі ямкі. Правілы гульні былі простыя, і дзеці гулялі ў яе вельмі спрытна.
Яны абгулялі мяне ў адзін момант. Яны абгулялі б мяне і цяпер, бо з таго часу мне ні разу не давялося практыкавацца ў гэтай старажытнай гульні, у якую, калі верыць шматлікім раманам, вечна гуляюць англійскія лорды, якія пакутуюць ад спліну. Гольф часта становіцца іх апошняю абаронаю перад сентыментальным самагубствам, выкліканым сплінам.
Елкі і хвоі Кольмардэна, асветленыя снежаньскім сонцам, ціха шапацелі над нашымі галовамі, асыпаючы на зямлю сухую заінелую ігліцу.
Пяцёра дзяцей гулялі ў старажытную каралеўскую гульню, нанава вынайдзеную ў яе найпрасцейшай форме кольмардэнскім шаўцом, які моцна любіў сваю жонку і дзяцей.
Хутка на двор выйшлі дарослыя. Ведама, не гаспадыня —■ яна ўсё яшчэ адпачывала,— а Вольга і Карлберг з гаспадаром. Гаспадар выйшаў з голаю галавою, збіраючыся, мусіць, адразу вярнуцца, але перадумаў, падышоў да нас, узяў у свае дванаццацігадовае дачкі палку і паказаў мне, як трэба біць.
Карлберг вырашыў пагуляць з намі, але ад удару яго здаравенных ручышчаў шар закаціўся далёка ў лес. Вользе таксама далі палку. Яна паказала, што мае
здатнасць — двойчы загнала шар у ямку. Бегала яна лёгка, як пярэзімак. На шчоках у яе расцвілі ружы. Дзевер пахваліў яе.
Я пачула такую зайздрасць, што ў мяне слёзы нагарнуліся на вочы. Падумаць толькі, я няньчыла Вольжынага сынка, сядзела ў яе брудным пакоі, дзе на вокнах вісяць фіранкі з паперы, а цяпер яна прыйшла і стала гуляць з намі, хоць сама ўжо вялікая, ды яшчэ так спрытна гуляе. I чаго толькі дарослыя прыйшлі сюды. Ім тут не месца, ні Вользе, ні Карлбергу — нікому, апрача гаспадара. Ён зусім другая гамонка. А астатнія дарослыя пакінулі б лепей нас у спакоі.
— Ну, цяпер пара за стол, іначай мы не паспеем паабедаць. Вы скора павінны ехаць.
На абед падалі аржаныя аладкі з брусніцамі і з патакаю. Пышныя аладкі, спечаныя загадзя. Пачастунак мне вельмі спадабаўся. Я вырашыла ўгаварыць маму пячы ў суботу такія аладкі, а ў нядзелю толькі падаграваць іх. Тады гэта будзе сапраўдная нядзеля. A то, бывала, прыйдуць «заможныя», мама цэлы дзень мітусіцца, завіхаецца на кухні, смажыць біткі, парыць бульбу, збівае крэм, растрачвае ўсе грошы за адзін дзень, а пачастунак усё роўна не бывае такі смачны, як тут.
Вольга задумліва жавала аладкі, палітыя патакаю.
— Ты, мусіць, прывыкла да лепшай яды,— сказала гаспадыня, якая з выгляду не была цяпер такая стомленая.
— I не кажыце,— запярэчыла я нават злосна,— гэтыя аладкі смачнейшьія за ўсё на свеце.
— Ужо дзве гадзіны. Мы абедаем, як вялікія паны,— пажартаваў гаспадар.
— У дзве гадзіны? Што ты, дарагі! У вялікіх па-
ноў ніколі не абедаюць раней, як у чатыры,— запярэчыла гаспадыня.
Гаспадар толькі засмяяўся ў адказ.
— Ну, значыць, мы самыя высакародныя, бо ніколі зусім не абедаем,— заявіў Карлберг.
Але Вольга, штурхнуўшы яго ў бок, сярдзіта ўставіла:
— He так часта гэта бывае.
Вольжыны словы напомнілі мне пра маму і айчыма, якія асталіся адны дома на раўніне. Добра, што яны асталіся дома. Маме дык, мабыць, спадабалася б тут, але айчыму, ведама, не. Ён сядзеў бы і маўчаў, злосна гледзячы на ўсіх. А потым сказаў бы, што жытняя кава — гэта бурда, што ў хаце надта многа дзяцей, а ад аладак толькі пушыць жывот, калі да іх не падаюць смажанага мяса. Добра, што яны асталіся дома.
Мама стала б расказваць пра балота, парослае алешнікам, вакол хаты, дзе яна нарадзілася, абмалявала б тую ўскраіну Кольмардэна, дзе яна расла і дзе, як яна кажа, было так добра. А калі б пры гэтым не было айчыма, яна расказала б і пра мяне, пра тое, што я «пабочная», ці «па бакавой лініі», і пра тое, што яна ніколі не выйшла б замуж, калі б у яе не было дзіцяці, дзеля якога яна хацела стварыць сям’ю.
Добра, што яны асталіся дома.
Дванаццацігадовая дзяўчынка памагла бацьку прыбраць са стала, а мы асталіся сядзець. Малодшыя, нечага чакаючы, зіркалі па баках, нібыта ведалі, што пасля гэтага нешта будзе. Ва ўсіх былі ўважлівыя твары, і я таксама прыціхла.
Вярнуўшыся з кухні, гаспадар зняў з паліцы тоўстую кнігу.
«Біблія,— падумала я.— А можа, псалтыр? Ці пропаведзі?»
Нягледячы на прыгожыя вочы, бялёсыя валасы,
бельія зубы і прывабны твар, мой кумір адразу трошкі пацямнеў.
Але гэта была не біблія. I не псалтыр... Я гэта зразумела, як толькі ён разгарнуў кнігу. У ёй былі малюнкі і буйны новы шрыфт, а не той старажытны, з завітушкамі, які мучыў мяне, калі я зубрыла псалмы па бабуліным псалтыры. Разгарнуўшы кнігу, гаспадар паклаў яе перад сабою. Гэта былі «Вандраванні Хрысціяніна».