Мур
Жан-Поль Сартр
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 231с.
Мінск 1991
— Цяпер мне пара вяртацца туды,— стомлена сказала яна.
— Куды гэта — туды?
— Я цяпер у «Тэатральнай» гасцініцы, на вуліцы Вандам. He гасцініца, а нейкая жудасць.
— Заставайся са мной.
— He, Анры, прашу цябе, не ўгаворвай, я ж сказала табе, што гэта немагчыма.
«Нясе нейкаю плынню, такое жыццё; немагчыма нічога ні ацаніць, ні зразумець, можна толькі паддацца. Заўтра я буду ў Ніцы». Яна пайшла ў ванны пакой, каб трошкі спаласнуць вочы цёплай вадой. Потым зябка захуталася ў паліто. «Толькі б удалося сёння ноччу паспаць у цягніку, іначай у Ніцы зусім выцягну ногі». Ёй не цярпелася пайсці, таму што астатнія хвіліны былі асабліва цяжкія.
— Што ты збіраешся рабіць з гэтым Галуа? — спытала яна.
Галуа заказваў Анры афішу, Анры яе зрабіў, а цяпер аказвалася, што яна Галуа болып не патрэбная.
— He ведаю,— сказаў Анры.
Ён зашыўся пад коўдру, з-пад якой тырчалі толькі валасы і край вуха. Млявым і нейкім ленаватым голасам ён прамовіў:
— Я хацеў бы заснуць і праспаць цэлы тыдзень.
— Бывай, дарагі,— сказала Люлю.
— Бывай.
Яна нахілілася, крыху адвяла коўдру і пацалавала яго ў лоб. А потым доўга стаяла на лесвічнай пляцоўцы і не рашалася зачыніць за сабой дзверы. Нарэшце яна адвяла вочы і рэзка пацягнула за ручку. Пачуўся сухі шчаўчок, і Люлю здалося, што зараз яна страціць прытомнасць: падобнае пачуццё ў яе было, калі яна кінула першы камяк зямлі на труну свайго бацькі.
«Анры быў не вельмі прыязны. Мог бы, прынамсі, устаць і правесці мяне да дзвярэй. Можа, мне хоць не так было б сумна, каб ён сам зачыніў дзверы».
IV
— Усё-такі, значыць, яна гэта зрабіла,— сказала Рырэта, пазіраючы некуды перад сабой,— усё-такі, значыць, зрабіла.
Быў вечар. Гадзіне а шостай Рырэце затэлефанаваў П’ер, і яны сустрэліся ў кавярні «Каля сабора».
— Але ж вы, здаецца,— сказаў П’ер,— павінны былі сёння ўбачыцца з ёй у дзевяць гадзін?
— Мы бачыліся.
— I ў ёй не было нічога незвычайнага?
— Ды не,— сказала Рырэта,— я не заўважыла. Праўда, яна была крыху стомленая, але сказала, што проста доўга не магла заснуць, калі вы пайшлі: яе ўвесь час бударажыла думка, што хутка яна ўбачыць Ніцу, і, апроч таго, яна трошкі баялася алжырца, які там быў за калідорнага... Ды не — яна мяне нават спытала, ці не думаю я, што вы купілі білеты ў першы клас: яна ўсё жыццё марыла праехацца ў першым. He,— рашуча прамовіла Рырэта,— я ўпэўненая, што нічога падобнага ў яе ў галаве не было. Прынамсі, пакуль я была з ёй. Я ж праседзела там цэлыя дзве гадзіны, а на такія рэчы ў мяне вока спрактыкаванае. Было б проста дзіўна, каб нешта выпала ў мяне з-пад увагі. Вы зараз скажаце мне, што яна вельмі скрытная.
але я ведаю Люлю ўжо цэлыя чатыры гады і паспела пабачыць у розных абставінах. Не-не, я ведаю яе як свае пяць пальцаў.
— Значыць, яе ўгаварылі Тэксье. Дзіўна...— на некалькі імгненняў ён задумаўся і дадаў: — Мне вось цікава, хто мог ім даць адрас? Я ж сам выбіраў гасцініцу, Люлю пра яе раней і не чула.
Ён машынальна круціў у руцэ канверт з запіскай Люлю, што прымушала Рырэту сядзець як на іголках: ёй вельмі рупіла прачытаць, што там напісана. Але П’ер не прапаноўваў.
— Калі вы яго атрымалі? — нарэшце спытала яна.
— Пісьмо?..— ён проста працягнуў ёй канверт.— Ды вось можаце прачытаць. Яна пакінула яго ў кансьержкі гадзіне, мусіць, а першай.
Гэта быў тонкі фіялетавы лісток, якія прадаюць ва ўсіх тытунёвых лаўках.
«Мілы мой дарагі!
Толькі што прыехалі Тэксье (я не ведаю, хто даў ім адрас), і я вельмі цябе засмучу, але, мілы мой П’еру, мая любоў, я не еду, я застаюся з Анры, таму што ён вельмі няшчасны. Яны былі ў яго сёння раніцай, ён не захацеў адчыняць, і пані Тэксье кажа, што ў яго ўжо зусім нечалавечы выгляд. Яны былі вельмі прыязныя і падтрымалі ўсе мае довады, яна кажа, што ўся віна толькі на ім і ён проста мядзведзь, але ўвогуле не такі ўжо кепскі. Яна кажа, што яму гэта было трэба, каб зразумеў, наколькі прывязаны да мяне. He ведаю, хто даў ім мой адрас, яны не сказалі, напэўна, яны ўбачылі мяне выпадкова, калі мы раніцай сёння выходзілі з Рырэтай з гасцініцы. Пані Тэксье сказала, што ведае, якую вялікую ахвяру просіць мяне зрабіць, але яна мяне добра ведае і ўпэўненая, што мяне гэта не спалохае. Я вельмі шкадую нашага з табой цудоўнага падарожжа ў Ніцу, але я падумала, што ты не будзеш вельмі журыцца, бо я ў цябе па-ранейшаму ёсць і заўсёды
буду. Я ўся твая, і сэрцам і целам, і мы будзем сустракацца гэтак жа часта, як і раней. Але Анры забіў бы сябе, каб я яго кінула, я яму неабходная. I клянуся, што мне зусім не весела адчуваць такую адказнасць. Спадзяюся, ты не будзеш на мяне вельмі злавацца, таму што я цябе тады заўсёды вельмі баюся, ты ж не хочаш, каб мяне мучылі згрызоты, праўда? Зараз я паеду да Анры, мне крыху прыкра, калі я думаю, што ўбачу яго такога, але цяпер у мяне стане смеласці паставіць свае ўмовы. Перш за ўсё, мне трэба болей свабоды, таму што я цябе люблю і не хачу, каб ён зноў увесь час чапляўся да Рабэра і каб болей ніколі не казаў кепска пра маму. Мілы мой, мне вельмі сумна, мне так хочацца, каб ты быў тут, я хачу цябе, я прыціскаюся да цябе і адчуваю твае ласкі на маім целе. Заўтра а пятай гадзіне я буду ў кавярні «Каля сабора».
Люлю».
— Бедны мой П’ер.
Рырэта ўзяла яго за руку.
— А ведаеце,— сказаў П’ер,— я больш якраз шкадую яе. Ёй так было трэба трошкі паветра, сонца. Але... калі ўжо яна сама так рашыла... Маці ж рабіла мне жудасныя сцэны,— прызнаўся ён.— Віла належыць ёй, а не мне, яна ні за што не хацела, каб я ехаў туды з жанчынай.
— Вунь...— прамовіла Рырэта здушаным голасам,— вунь што. Дык значыць — значыць, усё выдатна, усе задаволеныя!
Яна выпусціла П’ераву руку і чамусьці адчула горкае расчараванне.
НАЧАЛЬНІКАВА ДЗЯЦІНСТВА
«Я проста чароўны ў гэтым анёльскім гарнітурчыку». Гэта пані Парцье так сказала маме: «Ваш сынуля сапраўдны цуд! Ён проста чароўны ў гэтым анёльскім гарнітурчыку». Пан Буфардзье падцягнуў Люсьена да сябе і, паставіўшы між каленяў, палашчыў за плечы. «Ды гэта ж дзяўчынка,— з усмешкай прамовіў ён.— Ану, як цябе зваць? Жакліна, Люсьена, Марго?» Люсьен густа пачырванеў і буркнуў: «Мяне зваць Люсьен». Ен быў і сам ужо не вельмі ўпэўнены, што ён не дзяўчынка: вельмі многія абдымалі і цалавалі яго, называючы пры гэтым паненкай, і ўсе лічылі, што ён вельмі прыгожанькі ў гэтай доўгай блакітнай сукенцы з празрыстымі крылцамі, з голымі да плечаў ручкамі і такімі бялявымі кудзеркамі. Люсьен баяўся, каб людзі раптам не вырашылі, што ён болей не хлопчык, бо тады пярэч — не пярэч, ніхто цябе слухаць не будзе, і яму ніколі ўжо не дазволяць расставацца з сукенкай, хіба што перад сном, а раніцай, прачынаючыся, ён зноў будзе бачыць яе ў нагах каля ложка. А калі днём ён захоча піпі, яму трэба будзе яе задзіраць, як Нанеце, і садзіцца на кукішкі. I ўсе будуць казаць яму: «Мілая мая любачка». «А можа, ужо так і ёсць, можа, я ўжо дзяўчынка?» Усярэдзіне ён адчуваў такую млявасць і слодыч, што яму рабілася нават крыху млосна; словы зляталі з яго губ, прамоўленыя вельмі мяккім, вельмі пяшчотным голасам, і, абыходзячы госцяў, ён раздорваў кветкі вельмі зграбнымі, плаўнымі рухамі; яму так і карцела пацалаваць сябе ў згін рукі каля локця. Ён падумаў: усё гэта не па-сапраўднаму, гэта быццам.
Яму вельмі падабалася, калі штось было быццам, a больш за ўсё ён навесяліўся ў апошні дзень перад вялікім постам; яго прыбралі тады ў П’еро, і яны з Рыры лёталі, гарлалі, скакалі паўсюль і хаваліся пад сталамі. А мама дала яму лёгенькага плескача ларнетам і сказала: «Я ганаруся сваім сынулькам». Яна была самавітая і прыгожая — сярод усіх паняў яна была самая высокая і найтаўсцейшая. Калі Люсьен прабягаў каля доўгага, пакрытага белай сурвэткай буфета, тата, які стаяў якраз побач і піў з келіха шампанскае, ухапіў яго і, падняўшы на рукі, сказаў: «Ну што, паночку!» Люсьену захацелася заплакаць і сказаць: «Ну!» I ён папрасіў апельсінавага напітку, бо той быў вельмі халодны і яму заўсёды забаранялі яго піць. Яму налілі ўсяго на два пальцы ў зусім маленькую шкляначку. Смак у напітку быў дзіўны і ліпкі, але ён быў зусім не такі ўжо халодны. Люсьен раптам прыгадаў, як яму, калі ён быў хворы, давалі піць з апельсінавым напіткам рыцыну. Ён загаласіў і супакоіўся толькі тады, калі апынуўся ў машыне, між мамай і татам. Мама прыціскала Люсьена да сябе, яна была цёплая і духмяная, і мяккая ў сваёй ядвабнай сукенцы. Час ад часу ў машыне ўсё рабілася белае, нібы крэйда, Люсьен пачынаў лыпаць вачыма, браткі на мамінай кофце вынырвалі з прыцемку, і ён раптам адчуваў іх водар. Ён трошкі яшчэ ўсхліпваў, але ўсярэдзіне адчуваў прыемную вынегу, і казытанне, і нейкую ледзь прыкметную ліпкую слодыч, як у апельсінавага напітку; яму хацелася паплюхацца ў сваіх маленькіх начоўках, і каб мама мыла яго гумовай вяхоткай. Яму дазволілі легчы ў мамінай і татавай спальні, як тады, калі ён яшчэ быў немаўлятка; ён смяяўся, рыпеў спружынамі на маленечкім ложку, і тата сказаў: «Ён вельмі ўзбудзіўся». Яму далі трошкі вады, настоенай на апельсінавых кветках, і ён убачыў тату без пінжака.
Назаўтра Люсьен быў упэўнены, што нешта забыў.
Ён выдатна памятаў сон, які яму сніўся: тата і мама былі ў анёльскім адзенні. Люсьен голы сядзеў на гаршку, граў на бубне, а тата і мама ляталі вакол — гэта быў нейкі кашмар. Але да сну было нешта яшчэ: Люсьен, відаць, прачынаўся. I калі ён стараўся ўспомніць, то бачыў доўгі чорны тунель, асветлены маленькай сіняю лямпачкай, вельмі падобнай да начніка, што кожны вечар запальвалі ў бацькоўскім пакоі. I недзе ў самай глыбіні гэтага чорна-сіняга змроку нешта адбывалася — нешта белае. Ён сеў на падлогу каля мамы і ўзяў бубен. Мама сказала: «Золатка маё, ты чаго глядзіш на мяне такімі вочкамі?» Люсьен апусціў вочы і, ударыўшы ў бубен, крыкнуў: «Бом-бом-тарабом!» А калі мама адвярнула галаву, пачаў пільна яе разглядаць, нібы бачыў упершыню. Вядома, ён пазнаваў і сінюю сукенку з палатнянаю ружай, і твар. Але цяпер нешта было трошкі іначай. Раптам яму падумалася, што — вось-вось, ён крыху яшчэ пра гэта падумае і знойдзе, чаго шукаў. Тунель асвяціўся бледна-шэрым агнём, стала відаць, як там нешта варушыцца. Люсьен спалохаўся і закрычаў: тунель знік.