• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мур  Жан-Поль Сартр

    Мур

    Жан-Поль Сартр

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 231с.
    Мінск 1991
    53.66 МБ
    — Што з табой, мілая мая ясачка? — спытала мама. Яна апусцілася побач на калені і глядзела занепакоена.
    — Я дурэю,— сказаў Люсьен.
    Ад мамы добра пахла, але ён баяўся, каб яна да яго не дакранулася: яна здавалася яму нейкай дзіўнай. Зрэпггы, і тата — таксама. Ён вырашыў, што болей ніколі не будзе спаць у іхнім пакоі.
    Наступнымі днямі мама нічога не заўважала. Як і звычайна, Люсьен як хвосцік бегаў паўсюль за ёю, трымаючыся за спадніцу, балбатаў, як сапраўдны маленькі мужчына, і аднойчы папрасіў расказаць пра Чырвонага Каптурка. Мама ўзяла яго на калені і, падняўшы палец, з усмешкаю пачала сур’ёзна распавядаць пра воўка і старую бабульку. Люсьен глядзеў на маму.
    паўтараючы: «А што тады?» —і час ад часу кратаў кудзеры, што звісалі маме на шыю; але слухаць яе не слухаў, ён думаў — ці сапраўдная гэта яго мама? Калі яна скончыла казку, ён папрасіў:
    —• Мама, раскажы, як ты была дзяўчынка.
    I мама пачала расказваць. Але можа быць, яна хлусіла. Можа быць, раней яна была хлопчык, і на яе ўвесь час надзявалі сукенкі — як на Люсьена тым вечарам,— і яна іх так і пачала насіць, прыкідваючыся дзяўчынкай. Ён ціхутка памацаў прыгожыя маміны рукі, якія пад ядвабам здаваліся мяккімі, нібы масла. А што будзе, калі з мамы здымуць сукенку і яна надзене татавы штаны? Можа быць, у яе адразу пачнуць расці чорныя-чорныя вусы? Ён з усяе сілы сціснуў маміны рукі; у яго было такое ўражанне, што зараз проста ў яго на вачах яна ператворыцца ў якога страіпнага звера ці, можа, абярнецца ў тую барадатую цётку, што ён бачыў на кірмашы. Мама засмяялася, шырока разявіўшы рот, і Люсьен убачыў яе ружовы язык і глыбокую глотку: там было слізка і брыдка, і яму захацелася плюнуць.
    — Ха-ха-ха! — смяялася мама.— Як ты мяне picHem, маленькі ты мой чалавечак. Ану, сцісні яшчэ мацней. Так моцна, як любіш.
    Люсьен узяў прыгожую маміну руку, унізаную сярэбранымі пярсцёнкамі, і пакрыў яе дробнымі буськамі. Але назаўтра, калі мама сядзела побач і, трымаючы яго за рукі, каб ён не ўпаў з гаршка, сказала: «А-а-а, Люсьен, а-а-а, патужся, маё золатка, прашу цябе»,— ён раптам перастаў тужыцца і, пераводзячы дых, спытаў: «А ты напраўду мая сапраўдная мама?» Яна адказала: «Дурненькі»,— і запыталася, ці хутка ў яго што-небудзь выйдзе. 3 гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што мама з ім грае камедыю, і ўжо ніколі больш не казаў, што ажэніцца з ёй, калі вырасце. Зрэшты, у яго не было ніякага ўяўлення, у чым была
    гэта камедыя: можа быць, той ноччу з тунелем прыйшлі зладзеі і проста з ложка ўкралі яго маму і тату, а замест іх падклалі вось гэтых? Ці, можа, тата і мама былі сапраўдныя, але ўдзень яны выконвалі ролю, a ўначы рабіліся зусім іншыя? Ён мала здзівіўся, калі раптам, прачнуўшыся ў калядную ноч, убачыў, як яны хаваюць у каміне цацкі. Назаўтра яны гаварылі пра Каляднага дзеда, і Люсьен рабіў выгляд, што верыць, але думаў, што гэта таксама ўваходзіць у ролю: гэтыя цацкі яны, напэўна, укралі. У лютым у яго пачалася шкарлятына, і ён вельмі весела бавіў час.
    Калі Люсьен ачуняў, у яго ўзнікла прывычка гуляць у сірату. Ён сядаў пад каштанам, пасярод парослай траўкай палянкі, набіраў поўныя жмені зямлі і думаў: «Быццам я сірата, і мяне завуць Луі. I быццам я не еў ужо цэлых шэсць дзён». Пакаёўка Жэрмена клікала яго снедаць, і тады ён гуляў далей за сталом; тата і мама нічога не заўважалі. Яны былі быццам зладзеі, якія ўкралі яго, каб зрабіць сабе памагатага, такога ж зладзюжку. Але ён, як толькі паснедае, уцячэ і ўсіх іх выдасць. Ён еў і піў вельмі мала: некалі ў кніжцы «Прытулак Анёла-Заступніка» ён прачытаў, што, калі вельмі згаладалы чалавек есць першы раз, ён павінен з’есці зусім трошкі. Яго забаўляла, што ўсе вакол таксама гуляюць. Мама і тата гулялі, быццам яны мама і тата; мама гуляла, быццам вельмі хвалюецца, што яе золатка так мала есць, а TaTa гуляў, быццам чытае газету і часам круціць перад носам у Люсьена пальцам і кажа: «Балябом, паночку!» I Люсьен таксама гуляў, але ўрэшце ўжо сам не ведаў у што. У сірату? Ці ў тое, што ён Люсьен? Ён зірнуў на графін. Усярэдзіне зіхацеў маленькі чырвоны зайчык, які скакаў у вадзе, і здавалася, што туды, у ваду, трапіла татава рука: яна была вялізная і святлівая, з маленькімі чорнымі валасінкамі на пальцах. У Люсьена раптам узнікла ўражанне, што графін Tax-
    сама гуляе, быццам ён графін. За ўсё снеданне ён так амаль і не дакрануўся да ежы і адвячоркам быў настолькі галодны, што ўкраў добры тузін сліў, ад якіх ледзь не захварэў на нестраўленне. Тады ён падумаў, што яму надакучыла гуляць у Люсьена.
    Зрэшты, перашкодзіць сабе ў гэтым ён быў няздольны, і яму ўвесь час здавалася, што ён гуляе. Яму хацелася быць такім, як пан Буфардзье — такім жа сур’ёзным і непрыгожым. Калі пан Буфардзье прыходзіў да іх на абед і, схіляючыся да мамінай рукі, казаў: «Маё шанаванне, мілая пані»,— Люсьен стаяў пасярод гасцінай і глядзеў на яго вачыма, поўнымі захаплення. Але ўсё, што адбывалася з Люсьенам, было несур’ёзна. Калі ён падаў і набіваў гузак, ён нават часам пераставаў плакаць і думаў: «Ці мне сапраўды такая ўжо вава?» Тады яму рабілася яшчэ сумней, і ён яшчэ мацней плакаў. Аднойчы, калі ён пацалаваў маму ў руку і прамовіў: «Маё шанаванне, мілая пані»,— мама ўскудлаціла яму валасы і сказала: «Гэта нядобра, маё мышанё, нельга смяяцца з дарослых». Люсьен быў зусім збіты з панталыку. Трошкі важнасці яму ўдавалася набыць толькі ў першую і трэцюю пятніцу месяца. Гэтымі днямі да мамы ў госці прыходзіла шмат розных паняў, сярод якіх дзве ці тры заўсёды былі ў жалобе: Люсьену падабаліся гэтыя пані ў жалобе, асабліва калі ў іх былі вялікія ступакі. Дый увогуле ён любіў быць сярод дарослых: яны былі такія паважныя — з імі ніколі не ўзнікала думкі, што яны могуць забыцца ў ложку за такімі рэчамі, якія робяць маленькія хлопчыкі; на іх заўсёды надзета столькі і такога цёмнага, што нават немагчыма ўявіць, што ў іх пад усім гэтым ёсць. Калі яны збіраюцца разам, яны ядуць усякае рознае, і нават смех у іх такі важны; і ўсё так прыгожа, як на імшы. Яны ставіліся да Люсьена, як да сапраўднай асобы. Пані Куфэн садзіла яго сабе на калені і, мацаючы за лыткі, абвяшчала: «Гэта найча-
    роўнейшы красунчык, якога я калі-небудзь бачыла». Потым яна пачынала распытваць, што яму падабаецца, цалавала яго і пыталася, што ён хоча рабіць, калі вырасце. А ён то адказваў, што будзе вялікім генералам, як Жана д’Арк, і забярэ ў немцаў Эльзас-Латарынгію, то хацеў быць місіянерам. I кожны раз ён шчыра верыў у тое, што кажа. Пані Бэс была высокая і дужая кабета з маленькімі вусікамі. Яна куляла Люсьена на спіну і, лашчачы, прымаўляла: «Вось мая маленькая лялечка». Люсьен быў зачараваны, ён дадушы смяяўся і курчыўся пад казытлівымі ласкамі і ўяўляў сябе чароўнай маленькаю лялечкай, зробленай для дарослых; яму хацелася, каб пані Бэс распранула яго, памыла і паклала спаткі ў маленькай калысцы, як гумовага салышыка. I часам пані Бэс казала: «А лялечка ў нас размаўляе?» — і раптам націскала яму на жывот. Тады Люсьен прыкідваўся завадной лялькай і сціснутым голасам прамаўляў: «Піп»,— і яны абое смяяліся.
    Аднойчы кюрэ, які кожную суботу прыходзіў да іх на сняданак, спытаў, ці любіць ён сваю маму. Люсьен абажаў сваю прыгожую мамачку і свайго татулю, які быў такі дужы і добры. Ён зірнуў свяшчэнніку ў вочы і адказаў: «Люблю!» — з такім надзьмутым і ўпартым выглядам, што ўсе разам засмяяліся. Галава ў свяшчэнніка была падобная да маліны — уся чырвоная і бародаўчатая, і на кожнай бародаўцы расло па адной валасіне. Ён сказаў Люсьену, што гэта добра і што заўсёды трэба любіць сваю маму, а потым спытаў, каго Люсьен любіць болей — маму ці Пана Бога. Люсьен не змог здагадацца адразу, які трэба даць адказ, ён затрос бялявымі кудзеркамі, забрыкаў нагамі і закрычаў: «Бом-тарарара-бом!» А дарослыя адразу пачалі гаманіць пра сваё, нібыта яго не было. Тады ён схапіў свой трысняговы кіёк, кінуўся ў сад і праз заднюю фортку выбег за агароджу.
    Натуральна, Люсьен ніколі не павінен быў выходзіць з саду, гэта было забаронена, і звычайна ён быў паслухмяны хлопчык, але ў той дзень яму хацелася пасваволіць. Ён задзірліва зірнуў на вялікі куст крапівы; адразу было відаць, што тут — забароннае месца: мур быў крыху чарнаваты, крапіва — злая і шкодная, і пад самым кустом крапівы нагадзіў сабака; вакол пахла раслінамі, сабачым калам і цёплым віном. Люсьен пачаў сцябаць крапіву кіёчкам і закрычаў:
    — Я люблю маю маму, я люблю маю маму!
    Ён бачыў, як у крапівы ламаюцца і мізэрна панікаюць сцябліны і як іх белаватыя, пакрытыя пушыстымі валосікамі шыйкі раскудзельваюцца на дробныя валаконцы, выпускаючы белы сок. Ён чуў, як нейкі тонкі і самотны галасок крычыць: «Я люблю маю маму, я люблю маю маму». Побач лётала і гудзела тоўстая сіняя муха: муха была гнаявая, і Люсьэн вельмі яе баяўся; ноздры яму распіраў моцны, забаронны, гнілосны і спакойны пах. Ён паўтарыў яшчэ раз:
    — Я люблю сваю маму!
    Але голас здаўся яму чужы, ён жудасна напалохаўся і без аглядкі кінуўся назад у гасціную. Пачынаючы з гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што не любіць мамы. Ён адчуваў сябе вінаватым і таму зрабіўся яшчэ больш ласкавы, ён лічыў, што трэба ўсё жыццё рабіць выгляд, быццам любіш сваіх бацькоў, іначай усе будуць цябе лічыць злосным вісусам. Пані Флёр’е заўважала, што з кожным днём сын з ёю ўсё больш пяшчотны; тым летам якраз пачалася вайна, тата пайшоў біцца на фронце, і мама ў сваёй журбе была шчаслівая ўжо тым, што Люсьен зрабіўся такі ўважлівы. Надвячоркам, калі яна з цяжкай душою сядзела ў садзе на раскладным шэзлонгу, ён бегаў у пакой па падушку, якую падсоўваў ёй пад галаву, ці пакрываў капаю ногі, а яна, адбіваючыся, смяялася: «Ды мне будзе горача, мой ты чалавечак, які ж ты клапатлівы!» Тады ён,
    ледзь пераводзячы дых, імпэтна цалаваў яе і казаў: «Мая мамачка! Мая!» — і потым бег пад каштан.
    Аднойчы, седзячы пад каштанам, Люсьен сказаў: «Каштан!» — і счакаў. Але нічога не адбылося. Мама ляжала на верандзе, яна здавалася зусім маленькаю ў цяжкай, задушлівай цішыні. Пахла цёплай травой, можна было б пагуляць у падарожніка, які апынуўся ў дрымучым лесе, але ў Люсьена ўжо знікла ахвота гуляць. Паветра дрыжала па-над чырвоным грэбенем мура, сонца ляжала пякучымі плямамі на зямлі і на руках у Люсьена.