На шляху духоўнага самасцвярджэння

На шляху духоўнага самасцвярджэння

Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 160с.
Мінск 1995
60.08 МБ
ўзвышаецца найперш усё-такі ў казках, песнях, паданнях не фізічная сіла, а дабрыня, розум, мудрасць ці тая ў рэшце рэшт наіўная, як у Іванкі-дурачка, безаглядная смеласць і нестандартнасць мыслення, што з’яўляецца ў выніку важным матывам поспеху ў выкананні пэўнай, найчасцей няпростай справы, у разгадванні шмат у чым таямнічай з’явы і г. д. Вось чаму, шукаючы саюзніка і дарадчыка ў асобе безыменнага і шматгалосага калектыўнага аўтара народных твораў, гэты момант трэба абавязкова ўлічваць і ні ў якім разе не спяшацца абагульняць, а тым болей штучна падганяць вывады пад звужана-аднамерную сістэму сваіх суб’ектыўных планаў. Бо тэндэнцыйнасць, якая ў тых або іншых формах не можа не спадарожнічаць самаму аб’ектыўнаму погляду ў літаратуры і мастацтве, пад уплывам паспешлівага, не падуладнага кантролю строгай аналітычнай думкі меркавання можа перарастаць у схематычныя формы суб’ектывізму.
He пазбегнула гэтага праліку і мастацкая думка У. Маякоўскага ў паэме «Уладзімір Ільіч Ленін». Маючы абсалютнае і поўнае права вылучыць буйным, завостраным планам ідэю, якую ён лічыць галоўнай, вузлавой, дамінантнай, пісь-меннік у той жа час у імя праўдзівасці і аб’ектыўнасці мастацкага малюнка не павінен быў змяншаць ролю і значэнне сілы, якая з фармаваннем і развіццём гэтай ідэі звязана самым цесным і непасрэдным чынам. Гэты жыццёвы і літаратурны закон паэт часта парушае. I асабліва прыкметна парушае яго там, дзе ў параўнанні з неабдымнай сілай, магутнасцю і веліччу партыі роля і сіла аднаго чалавека ў грамадскагістарычным працэсе паказваецца мізэрнай, малазначнай. А іншы раз асобны чалавек пры такім супрацьпастаўленні выступае наогул у нейкай паблажліва-іранічнай або нават насмешліва-пагардлівай, зневажальнай аўтарскай характарыстыцы. Як бы паміж іншым паэт можа сказаць, што «еднннца — ноль», «еднннца — вздор», «голос еднннцы тоньше пнска», які можа пачуць хіба толькі жонка, ды і то «еслн не на базаре, а блнзко». У. Маякоўскі падчас нібыта забывае, што моц любой дзеяздольнай і творчай грамады, у тым ліку і ўсякай мудрай, дальнабачнай партыі, выяўляецца не толькі ў адзінстве і сцэментаванасці яе радоў, але і ў тым, наколькі адметны і яркі ў духоўных адносінах кожны чалавек, што ўваходзіць у яе склад, і наколькі гэты чалавек, уваходзя-
чы ў пэўны калектыў, захоўвае за сабою права заставацца і быць тут шмат у чым самастойнай, суверэннай, актыўна-творчай і незалежнай індывідуальнасцю.
У Маякоўскага ж, чалавека ўвогуле не вельмі схільнага падпарадкоўвацца чужой волі і здольнага пастаяць за свой уласны гонар і духоўны суверэнітэт, як гэта не можа падацца некалькі дзіўным і парадаксальным, падобны прынцып у мастацкіх творах савецкага часу далёка не заўсёды вытрымліваецца. Найбольшую цікавасць і найболывую каштоўнасць для аўтара мае той, у каго заўжды і нязменна прысутнічае імкненне «каплей лнться с массамн».
He выключана магчымасць, што менавіта такі погляд паэта на падпарадкавальную ролю асобы ў яе ўзаемадачыненнях і ўзаемасувязях з калекТывам, партыяй найбольш і «крануў» Сталіна, калі ён падшукваў словы і эпітэты для той шырокавядомай фармуліроўкі, дзе У, Маякоўскі характарызуецца як «лепшы, таленавіцейшы паэт нашай, савецкай эпохі». Чалавек, які выяўляе безагаворачную ўнутраную гатоўнасць «каплей лнться с массамя», безумоўна, ужо наўперад шмат у чым адмаўляецца ад свайго індывідуальнага «я» і пакладаецца на волю, розум і дасведчанасць іншых. А гэта якраз і трэба было Сталіну: тады прасцей было маніпуляваць і асобным чалавекам, і масамі.
Гэта вельмі імпанавала будаўнікам і праектантам таталітарнага рэжыму яшчэ і таму, што давала ім магчымасць «падыгрываць» эмацыянальна-рамантычнаму імкненню людзей, многія з якіх, належным чынам «апрацаваныя» ўльтрарэвалюцыйнымі тэорыямі, па-сапраўднаму шчыра верылі, што чалавек, поўнасцю даверыўшыся калектыву і зліўшыся з ім, за больш кароткі тэрмін і больш лёгкім, простым і безбалесным спосабам зможа вырашынь усе свае складаныя сацыяльна-эканамічныя і нават духоўна-асабістыя, інтымныя праблемы і пытанні.
Падобныя тэорыі і падобнае, гаворачы словамі вядомага філосафа А. Цыпко, «супрацьпастаўленне грамадскага інтарэсу — асабістаму, будучага — сучаснасці і мінуламу, агульначалавечай маралі — класавай прынеслі людзям шмат бедаў, няшчасцяў, драматычным і трагічным бокам закранулі літаральна ўсе сферы жыцця нашай краіны» 8. Аднак наступу такіх тэорый і такіх мерка-
8 Наука н жнзнь. 1988. № 11. С. 55.
ванняў, якія ў імя агулыіых калектыўных інтарэсаў, у імя «ачышчальнай» класавай барацьбы і заваёў далёкай светлай будучыні згодны былі праігнараваць надзённыя інтарэсы нейкага аднаго чалавека, было і супрацьдзеянне. I хоць больш ці менш смелыя і сумленныя яго праявы жорстка перапыняліся, знаходзіліся людзі, якія адважваліся гаварыць праўду і выступаць у абарону суверэнных грамадзянскіх правоў асо^ы, даказваючы, што толькі з духоўна развітой асобай мы можам звязваць свае планы і надзеі на цывілізаваныя, гуманістычныя формы развіцця грамадства і шчаслівае жыццё.
Так, на рубяжы 30-х гадоў, калі культ Сталіна набіраў сваю злавесную сілу, а пад сцягам ілжэнавуковых тэарэтычных высноў абвастрэння і нарастання класавай барацьбы адпаведныя органы распачыналі сваю страшэнную «працу» па вышуку так званых ворагаў народа, з даволі рэзкім пратэстам супраць нястрымнага свавольства высокіх дзяржаўных інстанцый у адносінах да асобы, з прачулым словам у абарону яе чалавечай годнасці і самакаштоўнасці выступае сусветна вядомы вучоны-фізіёлаг I. П. Паўлаў. На паседжанні, прысвечаным стогадоваму юбілею з дня нараджэння I. М. Сечанава, таксама буйнога і сусветна вядомага вучонагафізіёлага, ён сказаў такія вельмі смелыя і ў пэўным сэнсе прароцкія словы: «Мы жывём пад пануючым уплывам жорсткага прынцыпу: дзяржава, улада — усё, асоба абывацеля — нішто... Без Іванаў Міхайлавічаў Сечанавых з іх пачуццём годнасці і доўгу ўсякая дзяржава асуджана на пагібель знутры, нягледзячы ні на якія Днепрабуды і Волхаўбуды» 9.
I. П. Паўлаў, як бачым, ставіць побач асобу буйнога, сусветна вядомага вучонага і асобу звычайнага чалавека, ці, як ён гаворыць, абывацеля, бо для яго ў дадзеным выпадку важна падкрэсліць думку пра тое, што і буйны вучоны, і звычайны чалавек здольны забяспечыць усебаковы і надзейны росквіт грамадства, краіны і дзяржавы толькі тады, калі сама дзяржава будзе спрыяць іх духоўнаму развіццю і не будзе скоўваць іх індывідуальнай творчай свабоды. I ён вельмі непакоіцца, каб адзінай і універсальнай мерай сацыяльна-эканамічнага і культурнага ўздыму краіны не сталі раптам Днепрабуды, Волхаўбуды і г. д. Для I. П. Паўлава ўсё гэта, трэба мерка-
9 Советская культура. 1989. 14 янв.
ваць, не другарадныя, але і не першараднага, не самага галоўнага значэння моманты. Галоўным цэнтрам яго ўвагі з’яўляецца асоба, якая і ў абставінах націску на яе жорсткіх нівеліруючых сіл захоўвае сваё індывідуальнае духоўнае рэнаме.
I. П. Паўлаў, з’яўляючыся прадстаўніком старой класічнай школы рускіх вучоных, дзе ў кожнай яе галіне моцна выяўляла сябе ліберальна-дэмакратычная, талерантная плынь думкі, даволі смела падтрымлівае гэту тэндэнцыю і ў небяспечны, неспрыяльны для яе час. Гэта быў перыяд, калі з навуковай гісторыі фактычна былі ўжо выкраслены імёны так званых філосафаў-ідэалістаў — М. Бярдзяева, У. Салаўёва, С. Булгакава, Г. Флароўскага, Г. Фядотава, Б. Вышаслаўцава і інш. А ме.навіта ў іх працах праблема духоўнасці чалавечай асобы і праблема свабоды чалавека займала дамінуючае месца.
М. Бярдзяеў, напрыклад, у шэрагу сваіх прац і ў такой капітальнай з іх, як «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX стагоддзя і пачатку XX стагоддзя», імкнецца шырокім позіркам акінуць усе грамадскія пласты і плыні, звязаныя з фармаваннем і развіццём рускай душы і мнагастайных яе грамадска-псіхалагічных праяў у розныя перыяды гісторыі і пад уплывам розных акалічнасцей. Ен, як можна заўважыць, знаходзячы багаты спектр разнастайнасці гэтых грамадска-псіхалагічных прыкмет, у кожным выпадку спрабуе адшукаць аб’ектыўныя прычыны, якія садзейнічалі ўмацаванню «абшчынных», калектывісцкіх тэндэнцый у народнай свядомасці або, наадварот, спрыялі імкненню чалавека да індывідуальнай самазаглыбленасці і духоўнага самаўдасканалення. Аўтар лічыць не вельмі пажаданым супрацьпастаўляць гэтыя тэндэнцыі па лініі іх якасных вызначэнняў. Але бясспрэчным для яго застаецца той факт, што толькі пры існаванні моцнай і дзейснай народнай плыні, у якой працуе «абвостраная свядомасць асобы» 10 у сваіх супрацьдзеяннях уплыву «безасабовага калектыву» (выдзелена мною.— В. Ж-), і складваюцца найбольш спрыяльныя ўмовы як для прагрэсу грамадства, так і для духоўнага росту асобы.
Боязь таго, каб даверлівы чалавек раптам не падпаў пад уладу «безасабовага калектыву» і не страціў сваю
10 О Росснн н русской фнлософской культуре: Фнлософы русского послеоктябрьского зарубежья. М., 1990. С. 45.
індывідуальнасць, вельмі хвалявала і перадавых рускіх пісьменнікаў. Падчас слова іх у вырашэнні і пастаноўцы гэтага пытання набывала рэзкі і вострапалемічны характар, што найчасцей сведчыла пра іх неабыякавасць да такой важнай жыццёвай, грамадскай праблемы. Ф. М. Дастаеўскі, напрыклад, вельмі непакоіўся, каб рускі чалавек, грамадска-побытавае жыццё якога шмат у чым было заснавана на абшчынных пачатках, залішне не перадаверыўся новаспечаным рэвалюцыянерам, для якіх іншы раз ідэя рэвалюцыі і перабудовы сацыяльна-палітычнага ладу краіны набывала абстрактны, самамэтны характар і не вельмі ўлічвала рэальныя патрэбы жывога чалавека і ўнутраную духоўную падрыхтаванасць шырокіх народных мас да такой карэннай грамадскай перабудовы.
У рамане «Бесы» ён якраз і ўступае ў вострую палеміку з тымі людзьмі, якія імкнуліся, нягледзячы ні на што, не столькі паглыбляць і расшыраць гарызонты народнай свядомасці, колькі ўзбаламучваць яе, падштурхоўваць на няпэўныя авантурныя ўчынкі і пад камуфляжам прыгожых слоў і ружовых абяцанняў неўпрыкмет адсоўваць на задні план «боскае» і вялікае ў чалавеку, прапаноўваючы яму танныя заменнікі лёгкіх рашэнняў і апаганьваючы яго душу і свядомасць д’ябальскай сілай бессардэчнай стыхіі, антыгуманнасці і разбурэння.