На шляху духоўнага самасцвярджэння
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 160с.
Мінск 1995
Дастаткова прыгадаць хоць бы творы на тэму калектывізацыі. Толькі зрэдчас можна было сустрэць твор на гэту тэму, дзе заможны селянін, ці, паводле вядомага класавага вызначэння, кулак, быў носьбітам станоўчых якасцей характару. Такі паказ багатага вяскоўца супярэчыў бы вядомаму сталінскаму патрабаванню ліквідацыі кулацтва як класа. I пісьменнікі, баючыся трапіць пад рэпрэсіўны ўдар, нярэдка насуперак сваёй творчай волі вымушаны былі будаваць штучны стэрэатып пра добрых, міласэрных, працалюбівых і высокамаральных сялян-беднякоў і іх сквапных, бессардэчных крывасмокаў-эксплуататараў — багацеяў, кула-коў.
I гэты штучны стэрэатып, збудаваны папярэднікамі, здаваўся з’яваю настолькі звыклаю і неаспрэчнаю, што на яе парушэнне нялёгка ішлі і наступнікі. Прычым нават тады, калі ўжо, здавалася, прзсінг вялікага страху і небяспекі за ўласнае жыццё прыкметна зменшыў сваю ўладу над творчаю асобаю пісьменніка.
Так, напрыклад, у трылогіі М. П. Лобана «Шэметы» (1961 —1981) і рамане А. Д. Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка» (1961 —1964), як гэта справядліва прызнана нашай крытыкай, таленавіта выяўляе сябе новы погляд і на падзеі дакастрычніцкага вясковага жыцця, і на тыя складаныя, драматычныя падзеі, якія звязаны з калектывізацыяй аднаасобніцкай беларускай вёскі. Гэтыя творы, нягледзячы на багатую і плённую мастацкую традыцыю ў асвятленні вясковай тэмы і надзвычай складанага яе аспекту — калектывізацыі, упершыню вызначаліся, апроч усяго, і новым узроўнем гуманістычнасці ў дачыненні да чалавека-працаўніка.
Мастацкае слова пісьменнікаў тут больш цярплівае, больш асцярожнае і памяркоўнае ў вызначэннях характару і псіхалогіі чалавека, чым, напрыклад, слова М. Шолахава ў рамане «Узнятая цаліна» або, скажам, слова К. Чорнага ў аповесці «Лявон Бушмар», дзе аўтар хут-
чэй за ўсё насуперак уласнай волі — ёсць для такога меркавання адпаведныя факты ў творы — «аддае даніну» часу, яўна завастраючы, завышаючы, падчас нават гіпербалізуючы негатыўныя рысы ў характары галоўнага героя аповесці Лявона Бушмара. He хочацца даць веры таму, што К. Чорны, аўтар псіхалагічна тонкіх раманаў «Сястра» і «Зямля», яркіх апавяданняў, дзе заглыблена раскрываецца ўнутраны свет чалавека і ў якіх з выключнай, зайздроснай, рэалістычнай дакладнасцю паказваюцца навакольныя абставіны, раптам пачаў «збівацца з тропу» і не заўважаць важнейшыя спружыны рэчаіснасці.
He, ён вымушаны быў гэта рабіць пад уздзеяннем акалічнасцей, жывы і размаіты рух якіх тагачасныя лідэры нашай краіны імкнуліся ўціснуць у вузкую схему тэорыі класавай барацьбы, у межах якой бядняк, пралетарый у параўнанні з багацеем мусіў (за рэдкім выключэннем), бадай, заўсёды заставацца на вышэйшай духоўна-маральнай ступені. Ну а тых, хто такую меру ацэнкі лічыў недасканалай, афіцыйныя ўлады «пераконвалі» шляхам прымусовага і проста рэпрэсіўнага навязвання ім сваёй волі. I гэты факт, безумоўна, трэба ўлічваць, калі ў творах таленавітых пісьменнікаў мы часта знаходзім парушэнне законаў жыццёвай праўды.
Так што не будзем сёння спяшацца іх крытыкаваць, a паспрабуем глыбей, улічваючы канкрэтна-гістарычную,. грамадска-літаратурную сітуацыю, разабрацца ў складаным і спрадвечным пытанні двух дыялектычна ўзаемазалежных велічынь — чалавека і абставін, звязваючы яго не толькі з фармаваннем і развіццём характару літаратурнага героя, але і з рухам, станам, эвалюцыяй хара'ктару самога пісьменніка. I тады мы павінны будзем прызнаць, што герою, як і пісьменніку, перамагчы абставіны іншы раз бывае проста не пад сілу.
У такім разе пад жорсткім націскам вонкавай сілы асяроддзя, добра разумеючы і адчуваючы .рэальнае разгортванне жыццёвых канфліктаў, ён падчас вымушаны паказваць у сваіх творах рэальнасць падмалёваную, пад* фарбаваную, а іншы раз і проста бесканфліктную, ружова-бязвоблачную. Гэту з’яву, вядома, не можа ў поўнай меры апраўдаць у творчасці пісьменніка ніякі аргумент. Але нельга не зразумець і таго, што ў межах добра вядомай таталітарнай улады свабодны творчы пошук ісціны быў заняткам непажаданым і выключна небяспечным, бо гэта магло прывесці да адмаўлення нейкіх важ-
ных для гэтага рэжыму пастулатаў, дактрын, прынцыпаў, тэорый і наогул да непрадбачаных вынікаў.
Таленавітыя, сумленныя пісьменнікі, аднак, і ў такіх умовах кожны па-свойму шукалі спосабы і прыкладалі намаганні, каб мастацкае слова пэўным чынам захоўвала і ў неспрыяльных абставінах сувязь з жыццёваю асновай — рэальнымі фактамі, канфліктамі, характарамі і г. д. У шэрагу выпадкаў (хай сабе і з яўнымі эстэтычнымі выдаткамі) ім гэта ўдавалася.
Жывыя праявы сацыяльна-псіхалагічнай рэальнасці, якія мы знаходзім, напрыклад, у такіх творах, як «Лявон Бушмар», «Люба Лук’янская» і «Зямля» КЧорнага, «Канец дружбы» К. Крапівы, «Адшчапенец» Я. Коласа, «Вязьмо» М. Зарэцкага, «Запіскі Самсона Самасуя» А. Мрыя і інш., даюць нам сёння магчымасць па-новаму іх перачытваць, знаходзіць у іх другую, глыбейшую і больш змястоўную сюжэтную лінію, што раней пад уплывам пэўных грамадскіх абставін і пад уздзеяннем нарматыўных патрабаванняў літаратурнай тэорыі (у прыватнасці, тэорыі і метадалогіі сацыялістычнага рэалізму) мы часта адсоўвалі на задні план, давалі звужаную і памылковую трактоўку характарам, якія неслі ў сабе прыхаваную, завуаляваную падтэкстам аўтарскую думку аб нежаданні здаровага народнага сэнсу і здаровай народнай маралі механічна, бяздумна падпарадкоўвацца адцягненым, адарваным ад жыцця тэорыям, не дужа разумным і не вельмі схільным улічваць маральныя духоўныя набыткі вякоў, агульначалавечыя каштоўнасці.
У гэтай сувязі, напрыклад, своеасаблівы.м адкрыццём для шырокага масавага чытача, ды і для шэрагу прафесіяналаў, крытыкаў і літаратуразнаўцаў, з’явіўся артыкул М. Мушынскага «Ці быў Міхал Тварыцкі ворагам народа?» I, здаецца, яму ўдалося пераканальна даказаць, што ніякім ворагам народа і савецкай улады Міхал Тварыцкі не быў і што яго жонка Зося, беручы на веру просталінейнасць асобных палажэнняў сталінскай тэорыі класавай барацьбы, не такі ўжо і станоўчы, а дакладней кажучы, зусім не станоўчы герой, як гэта доўгі час прынята было лічыць. Пад гэтым кутом гледжанняў пазітыўным ацэначным ключы разглядаецца і такі яе крок, як прамы і недвухсэнсоўны палітычны данос на ўласнага мужа.
He кожнаму пісьменніку, аднак, удавалася закласці ў свой твор мастацкую праграму, якую ў пэўных умовах
магчыма было расчытаць у значна больш аб’ёмным і глыбокім плане ўзаемадзеяння мастацкай думкі, мастацкага малюнка з рэчаіснасцю, чым гэта нярэдка прапаноўвалася вульгарна-сацыялагічнай крытыкай. У шмат разоў цяжэй, напрыклад, было закласці такую поліфанічную сэнсавую праграму паэту-лірыку, бо ў самім жанры лірыкі мастацкае слова звычайна больш і часцей імкнецца выявіць сябе ў формах адкрытай спавядальнасці, чым слова спакойнай і ўраўнаважанай рэалістычнай манеры. Усё гэта, трэба меркаваць, павялічвала ўнутраныя пакуты і ўскладняла творчы шлях усякага сапраўднага паэта, які разумеў і адчуваў, што жыццё ў сваім оазвіцці значна складаней, чым недвухсэнсоўна і просталінейна настройвалі яго ўспрымаць розныя ружова-аптымістычныя тэорыі, у той жа час скіраваныя на падаўленне ўнутранай, духоўнай ініцыятывы асобы і яе творчай самастойнасці.
Мы ведаем, напрыклад, што Я. Купалу трэба было, каб неяк «улагодзіць» таталітарны сталінскі рэжым ці ў рэшце рэшт стварыць ілюзію лаяльнасці да яго кіраўнікоў, у чымсьці адмовіцца ад самога сябе, папярэдне зрабіўшы замах на ўласнае жыццё. Відаць, многія таямніцы пісьменніцкай душы ў поўнай меры ўзнавіць і рэканструяваць не пад сілу нават самаму тонкаму крытыку-псіхолагу. Калі ж, аднак, гэта можна было б зрабіць, то ў праявах мажорнай танальнасці многіх яго вершаў часоў сталіншчыны мы ўбачылі б, відавочна, прысутнасць той унутранай несвабоды і самакантрольнай сілы, якая, змагаючыся з самою сабой і імкнучыся абысці паўстаўшую на яе шляху смяртэльную пастку-перашкоду, вымушана была ўсё ж пэўным чынам імітаваць сваю згоду з сілаю жорсткага і бязлітаснага вонкавага прымусу.
Цяжка ўявіць, што Купала, першакласны, бліскучы літаратар, глыбокі знаўца душы чалавека і народнага жыцця, чалавек, які прайшоў праз буры трох рэвалюцый і акумуляваў у сабе такі багаты грамадскі вопыт, раптам стаў настолькі блізарукім і наіўным, што не ўбачыў і не зразумеў, куды мы ідзём, хто нас вядзе і якімі метадамі карыстаюцца ўсе тыя, хто, прыкрываючыся імем народа, учыняў нечуваныя па сваім размаху і жорсткасці антынародныя акцыі, прымушаў працоўны люд знясільваць сябе ў бесперапынных і малаэфектыўных эксперыментах і выпрабаваннях.
Як нам здаецца, штучна не скіроўваючы Купалу на шлях нейкай празмерна наіўнай даверлівасці і шчырых, суб’ектыўных заблуджэнняў наконт таго, хто ёсць хто і што ёсць што ў нашым драматычным і трагічным жыцці 30-х гадоў, ёсць падстава дапусціць, што Купала ішоў (мусіў ісці) на пэўны тактычны кампраміс са сваім вельмі неспрыяльным для творчай працы часам, каб перачакаць злую навалу і проста ўратавацца. I калі гэта так, то не будзем да яго залішне і сурова патрабавальнымі. He будзем спяшацца рабіць вывад аб тым, што ва ўслаўленні Сталіна, яго саратнікаў і іх дзейнасці ЯКупала быў суб’ектыўна шчырым.
Сапраўды, многага пра той трагічны і страшны час мы яшчэ не ведаем. Але можна здагадвацца ўсё ж, што не толькі пра антынародную дзейнасць сталінскіх служак у літаратуры і па-за літаратурай з горыччу і скрухай у сэрцы думаў Я. Купала, загнаны амаль у безвыходную, тупіковую сітуацыю і вымушаны шукаць паратунку ў спробах самагубства. He вельмі добрыя думкі былі ў яго ў гэты час, напэўна, і пра таго, хто стаяў на чале ўсёй вялікай краіны і паспеў ужо надзяліць сябе неабмежаваным правам мудрага знаўцы ісціны ў апошняй інстанцыі. Як мы сказалі, дэталёва ўзнавіць і ва ўсіх падрабязнасцях рэканструяваць кардыяграму псіхалагічнага стану Купалы гэтага часу, відаць, немагчыма. Але зноў-такі правамерна, на наш погляд, зрабіць дапушчэнне, што Купала, у асобных сваіх творах услаўляючы Сталіна і сталіншчыну, мог бы, відаць, сказаць пра ўсё гэта словамі паэта Дзяржавіна, які, хоць і знаходзіўся ў прывілеяваным становішчы, усё ж добра ведаў пакуты і цяжкасці адоранай, таленавітай і свабодалюбівай асобы, калі яе прама ці ўскосна вымушалі (менавіта вымушалі, а не прасілі ці натхнялі) спяваць песні-оды, няўхільна падпарадкоўваючыся націску чужой волі: