Нататкі з краязнаўчага сшытка
Валерый Тухта
Выдавец: Медысонт
Памер: 120с.
Мінск 2013
У хуткім часе па краіне прайшла хваля раскулачвання. Закранула яна і нашу мясцовасць. Першымі, у 1932 годзе, раскулачылі і саслалі сям'ю Маліноўскага Адольфа. Зараз ад гэтага хутара засталася адна назва — Маліноўшчына, ды неглыбокія рвы на месцы каналаў якія ўручную капаў гаспадар, каб адвесці ад поля ваду. Там, дзе калісьці расла збажына і гародніна, зараз стаіць густы лес. Пасля Маліноўскага пад раскулачванне трапілі сем'і Закрэўскага Браніслава, Буевіча Антона, Будрэвіча Вінцэся. Сям'ю Будрэвіча выслалі ў Талды-Курганскую вобласць. Вярнуліся яны ў Беларусь толькі пасля вайны.
А потым прыйшоў яшчэ адзін даволі складаны перыяд у жыцці сялян — барацьба з так званымі «ворагамі народа». Дастаткова было аднаго даноса, каб чалавека забралі, як кажуць «без суда і следства». Сярод нашых землякоў былі рэпрэсіраваны: Казлоўскі Франц Іванавіч, Куноўскі Вікенцій Лявонавіч, Куноўскі Вячаслаў Лявонавіч, Прывада Мікалай Лазаравіч, Цяліца Іосіф Францавіч, Цяліца Карл Францавіч, Цяліца Юльян Францавіч, Цяліца Антося Іосіфаўна.
Тое, што калгаснікі жылі на сваіх хутарах, часам даволі далёка адзін ад аднаго, стварала вялікія цяжкасці ў рабоце. Было вырашана звезці хутары ў адно месца. Спачатку рашылі бу-
давацца ва ўрочышчы «Зеркала». Дзе, ужо стаялі калгасныя хлявы, загоны, была пабудавана малочная. Аднак, у 1936 годзе непадалёк пачалося будаўніцтва дарогі Лепель — Мінск, якая дала магчымасць хутарам звязацца з навакольным светам. Таму канчаткова выбралі месца бліжэй да бальшака. Тут ужо было некалькі хутароў ва ўрочышчах Папоў Кашэль, Навінкі і Лаўкі. Сюды ў 1939 годзе пачалі звазіць бліжэйшыя хутары з урочышчаў Сакол, Барок (Паўлава), Чорны Дуб, Кеста, Бруснічны. А ў 1940 годзе звезлі астатнія хутары з урочышчаў Гарадок, Фундацыя, Барсукі і П'яная Гара. Магчыма, назва аднаго з хутароў засталася ў назве вёскі, хоць доўгі час вёску ў абыходзе называлі Варашылава, бо калгас насіў гэта імя. Сюды ж прывезлі і школу. Вёска пабудавалася трыма пасёлкамі. Кожны з іх меў сваю назву. Даволі цікавая гісторыя ўтварэння гэтых найменняў. Напрыклад, пасёлак Зорка называўся так таму, што нявесткі тут былі ў большасці з вёскі Зароўе. На другім — жылі сем’і, дзе жанчыны былі родам з вёскі Навінкі. А вось пасёлак Лыскі атрымаў назву таму, што побач расло вельмі многа алешніку. Жанчыны зразалі з яго кару і выкарыстоўвалі яе як фарбу для афарбоўкі нітак, адзення. На дрэвах заставаліся залысіны. Вось і атрымалася назва Лыскі. На пачатку вайны ў вёсцы было звыш трыццаці дамоў. Яна з’яўлялася ўжо цэнтрам аб’яднанага калгаса, у які ўваходзілі яшчэ жыхары вёсак Валова Гара і Окана. Аб'яднаны калгас стаў насіць імя Чкалава, бо гэта імя насіў калгас з вёскі Валова Гара.
У 1941 годзе большасць мужчын з вёскі былі мабілізаваныя. Многіх праводзілі з музыкай, песнямі, як на вайсковую службу. Людзі не думалі, што вайна зацягнецца надоўга. Увесь цяжар сялянскай працы лёг на плечы жанчын і старых. У 1942 годзе пачалася блакада. Хаваліся па лясах, балотах. 3 кары дрэў рабілі буданы, каб можна было размясціць дзяцей. Многіх немцы пазнаходзілі. Мужчын расстрэльвалі на месцы, жанчын і дзяцей сагналі ў лагер. Потым маладзейшых адпраўлялі ў Германію. 3 нашай вёскі адправілі Кунчэўскую Марыю, Куноўскую Марыю,
Мірановіч Праскоўю. Спадзеючыся, што іх не разлучаць, яны запісаліся на адно прозвішча Мірановіч. Дзяўчатам пашанцавала, іх выслалі ў Аўстрыю, у горад Зальцбург. Там яны працавалі ў баўэра. Усе трое выжылі і вярнуліся пасля вайны дадому. A вось мужчын шмат загінула. Пасля перамогі дахаты вярнуліся адзінкі. Сярод іх — Мірановіч Андрэй, Кунчэўскі Віктар, Быкаў Іван, Багдановіч Павел, Куноўскі Іосіф.
У час вайны вёска знаходзілася ў зоне дзеяння партызанаў. Сяляне дапамагалі партызанам: пяклі хлеб, давалі адзенне, коней. Фашысты жорстка расправіліся з вяскоўцамі. У блакаду 1943 — 1944 гадоў, перад самым прыходам Чырвонай Арміі, амаль уся вёска была спалена. Ацалелі толькі некаторыя хаты ды гаспадарчыя пабудовы, якія былі размешчаны на водшыбе. Засталося таксама цэлым памяшканне мясцовай школы. Вось у гэтых будынках і асталёўваліся жыхары, якія вярнуліся з лесу. У некаторых дамах жыло па пяць-шэсць сямей адначасова.
У памяць аб загінуўшых земляках у 1971 годзе ў цэнтры вёскі Барсукі ўзведзены помнік-скульптура воіна з аўтаматам. На помніку выбіта 71 прозвішча тых, хто загінуўу гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вельмі цяжка вёска аднаўлялася пасля вайны. Палеткі амаль усе зараслі хмызняком. Прыходзілася ўручную вырываць кусты, карчаваць пні. Аралі на сабе. Каб было спадручней, да плуга прымацоўвалі жэрдку, за якую бралася па некалькі жанчын. Такім чынам цягалі плуг. Упрагалі таксама кароў, быкоў, якіх удалося захаваць у вайну. За насеннем хадзілі пешшу ў Лепель і Празарокі. Потым цягнулі гэтыя дарагія клункі з зернем на санках, a то і проста на плячах. У вёсцы аднавілі калгас. Старшынёй быў абраны Кунчэўскі Фёдар. Праз некаторы час яго змяніў Багдановіч Павел, потым Гардзіёнак Раман. У цэнтры сяла пабудавалі гаспадарчыя памяшканні. У 1950-я гады за праданы лес купілі два грузавыя аўтамабілі. Працавалі на іх Кунчэўскі Міхаіл і Гардзіёнак Іван. Палі пачалі апрацоўваць
трактарамі, якія прысылалі з МТС. Пасля расфарміравання МТС калгасу выдзелілі два трактары.
У 1950-я гады ў вёсцы стварылася многа новых сем'яў. Пачалося актыўнае будаўніцтва жылля. Разам з жылымі дамамі будаваліся аб’екты сацыяльна-культурнага быту. У 1950 годзе пабудавалі клуб. У ім размясцілі таксама бібліятэку, якая да гэтага часу знаходзілася ў вёсцы Валова Гара. Быў пабудаваны магазін, бо да гэтага часу тавары прадаваліся ў лаўцы, размешчанай на кватэры. Старое памяшканне магазіна, якое знаходзілася ваўрочышчы «П'яная Гара» на беразе Бярэзінскага канала, у вайну было спалена.
У 1957 годзе Бярэзінская пачатковая школа была ператворана ў сямігодку, а потым васьмігодку. Вучняў у школе было многа, займацца даводзілася ў дзве змены. Таму ў 1966 годзе пабудавалі новую прасторную школу. На жаль, у студзені 1967 года яна згарэла. Дзяцей на непрацяглы час размясцілі ў Домжарыцкай школе. У Барсукі перавезлі фінскі домік, які пераабсталявалі пад школу, яна праіснавала да 1975 года. Потым была пераўтворана ў пачатковую, а ў 1977 годзе наогул закрылася. Дзеці пачалі вучыцца ў Домжарыцкай СШ. Знаходзіліся яны там увесь тыдзень, жылі ў школьным інтэрнаце. Дадому прыязджалі толькі на выхадныя. У 1981 годзе калгас купіў новы аўтобус. На ім сталі вазіць дзяцей на заняткі кожны дзень.
У сувязі з вялікім жыллёвым і сацыяльным будаўніцтвам калгасна-гаспадарчыя пабудовы, якія знаходзіліся да гэтага часу ў цэнтры вёскі, прыйшлося пераносіць на новае месца. Выбралі для гэтага пустку, якая знаходзілася паміж цэнтрам сяла і пасёлкам Зорка. Тут размясцілі хлявы для кароў, коней, свінаферму, кармакухню, свірны. На беразе рэчкі пабудавалі малочную. Працавала піларама.
3 1961 года старшынёй калгаса стаў Шайтар Сцяпан Антонавіч. У бытнасць яго старшынёй, пагалоўе калгаснай жывёлы значна павялічылася. Будаваць новыя памяшканні
не было як, бо навокал знаходзілася балоцістая мясцовасць. Вырашылі зноў пераносіць ферму на новае месца. Выбралі для гэтага ўрочышча «Галяк» на водшыбе ад вёскі. Зямля тут была пясчаная, непрыгодная для земляробства. Таму і называлася месца «Галяк». Вось тут у 1967-1968 гадах пабудавалі новыя памяшканні для жывёлы. Перавезлі некалькі ранейшых будынкаў са старога месца.
У 1963 годзе ў вёску было праведзена радыё. У 1965 годзе ў дамах сялян загарэлася электрычнае святло. У 1965-66 гадах у вёсцы пачала працаваць яшчэ адна арганізацыя — Барсукоўскае лясніцтва, якое належыла Лепельскаму лясгасу. Першым ляснічым быў Рудак В., пасля яго Жарнасек Канстанцін. У 1983 годзе лясніцтва скасавалі, а матэрыяльную базу, дакументы перадалі ў Слабадское лясніцтва.
На месцы былога ўтвараецца новае лясніцтва, якое належыць Бярэзінскаму дзяржаўнаму запаведніку. Ляснічым працуе Рамановіч П. У 1991 годзе лясніцтва рэарганізавана ў паляўнічую гаспадарку. Былі створаны брыгады лесарубаў, і вялікая частка мужчын пераходзіць сюды на працу з калгаса. Кіруе гаспадаркай Ігнаценка М. М.
У 1974 годзе калгас Чкалава з цэнтрам у вёсцы Барсукі ўзначальвае Шалак Мікалай Дзям’янавіч, пры яго кіраўніцтве калгас спецыялізуецца на адкорме буйной рагатай жывёлы. Гэта дае свае вынікі. Сяло пачало багацець. Ствараюцца новыя сем'і. Узнікае жыллёвая праблема ў калгасе будуюцца жылыя дамы. У 1980-82 гадах у вёсцы ўзнікае новая вуліца. Ёй даюць назву Маладзёжная, бо селяцца тут маладыя сем’і. Адначасова ў цэнтры вёскі будуецца дзіцячы сад, у якім з 1981 года пачынаюць звінець дзіцячыя галасы. Загадчыцай дзіцячага сада працуе былая настаўніца Шайтар Елізавета Астапаўна (Еўстаф’еўна).
Пасля калгас узводзіць яшчэ адзін будынак. У ім размяшчаецца фельдшарска-акушэрскі пункт і комплексны прыёмны пункт. Загадвае ім Парфіновіч В. і Чуес В. Старое памяшканне
ФАПа аддаецца пад жыллё. У пакоі КПП размяшчаецца аддзяленне сувязі. Гэта дае магчымасць вызваліць пад жыллё яшчэ адзін дом.
У снежні 1984 года калгас узбуйняецца за лік далучэння да яго вёсак Верабкі, Бяседы, Окана. Павялічваецца колькасць пасяўных плошчаў. У калгасе з'яўляецца дойны статак. У сувязі з гэтым змяншаецца севазварот. Аднак гэта не апошнія пераўтварэнні. У 1988 годзе калгас імя Чкалава аб’ядноўваюць з калгасам «Пражэктар». Цэнтрам становіцца вёска Слабада.
У 1987-88 гадах да будынка дзіцячага сада прыбудоўваецца яшчэ адно крыло. У ім адкрываюць Барсукоўскую пачатковую школу. Кіруе ёй маладая настаўніца Яроменка A. М.
У 1990 годзе на базе былога калгаса імя Чкалава ствараецца малое аграрна-прамысловае прадпрыемства (МАПП) «Барсукі». Планавалася, што ў ім будуць развівацца падсобныя промыслы. 3 гэтай мэтай пачынаюць будаваць гаспадарчыя пабудовы — піўзавод, цэхі па апрацоўцы скуры, станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў (СТА). Вёска ўяўляе сабой суцэльную будаўнічую пляцоўку. Кіруе арганізацыяй Карчагін У М. Аднак задуманае спраўдзіць не ўдалося. 3 1991 года прадпрыемства зноў набывае статут калгаса. Мяняецца спецыялізацыя. Будаўніцтва замарожваецца. У 1995 годзе ў калгас вяртаецца былы кіраўнік Шалак М. Д. Аднак, пастаянныя хістанні ў розныя бакі не прайшлі бясследна. Нягледзячы на ўсе намаганні, калгас ужо не можа вярнуць былую славу. Далейшае развіццё ўсіх сфер не адбываецца. Пачынаецца сыход моладзі з вёскі, бо тут для іх няма ніякай перспектывы. У 1997-98 гадах усю тэхніку, землі, пабудовы перадаюць на баланс Лепельскага прафтэхліцэя. Былы калгас становіцца падсобнай гаспадаркай ліцэя. Людзям не стае работы, бо не кожны можа штодзень ездзіць на працу ў райцэнтр. Многія звальняюцца, едуць у іншыя месцы. У гэты час пачынае нарошчваць моц іншае прадпрыемства — эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка «Барсукі». Гаспадарка знаходзіцца на балансе Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Будуецца піларама