Ноч Вальпургіі | Белы дамініканец  Густаў Майрынк

Ноч Вальпургіі | Белы дамініканец

Густаў Майрынк
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 320с.
Мінск 2014
72.24 МБ
Гэта азначае: каму Бог дае розум, таму ён дае і пасад; але яны сугеруюць: прымі пасад, і Бог дасць табе розум.
Яны ведаюць: жыццё на зямлі павінна быць станам пераходу, таму хітра вабяць: «рабі рай з гэтага існавання», добра пры гэтым ведаючы марнасць такіх намогаў.
Яны вызвалілі цені Аіда і ажыўляюць іх флюідна-дэманічнай сілай, каб людзі паверылі, што настала паўстанне з мёртвых.
Паводле аблічча нашага майстра яны зляпілі вусеня, які прывідам паўстае то тут, то там, часам у мроях празарліўцаў, часам у коле заклінальнікаў духаў у выглядзе рэчывазамяняльнай постаці, часам як аўтаматычна ўтваральны малюнак медыяў; Джон Кінг — Ёган Кароль — называе сябе зданню тым, хто цікавіцца ягоным імем, каб узнікла вера ўтое, што гэта Ян Евангеліст. Яны «загадзя» пераймаюць аблічча для ўсіх, хто, як ты, выспеліўся дзеля таго, каб зірнуць праўдзе ў вочы; яны загадзя сеюць, каб потым магчы пажынаць паняверкі, як цяпер вось у цябе, блізіцца гадзіна, калі запатрабуецца ніколінепахісная вера.
Ты раздушыў вусеня, калі спатрабаваў «поціску» рукі, цяпер сапраўднае аблічча для цябе робіцца дзяржальнам магічнага, выкаванага без стыку суцэльнага кавалка чыр-
вонага жалязняку; хто яго атрымлівае, таму робіцца жывым сэнс псальмы: «Аперажыся мечам па паясніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім, і ў гэтым уборы Тваім паспяшайся, сядзь на калясніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі».
XV.	Нэсава кашуля
Як арліны крык, скаланаючы паветра на горных вышынях, вызваляе снежны завал, які, коцячыся, вырастае ў лавіну і агаляе з-пад снегу ў поўным бляску ледзяныя пласты, так словы продка агаляюць часціну майго «Я».
Псальма заглушае ў вушах завыўнае брунжанне, вобраз пакоя тухне перад вачыма, і мне здаецца, быццам я качуся ў бяскрайнюю сусветную прастору.
«Цяпер, цяпер я раскалюся, рассыплюся!» Але падзенню канца няма; з усё большай і большай хуткасцю глыбіня ўсмоктвае мяне, і я адчуваю, як мая кроў падымаецца па хрыбетніку і прарывае чэрап сляпучым снапом святла.
Чую хруст касцей, пасля ўсё мінаецца; стаю на нагах і ведаю: гэта было запамарачэнне пачуццяўі мозаку, магнетычны паток пранік у мяне ад ступакоў да галавы і абудзіў ува мне адчуванне, быццам я падаю ў бездань.
Поўны недаўмення я азіраюся навакол і дзіву даюся, што лямпа спакойна паліцца на стале і нічога не змянілася! Толькі сам сабе здаюся як бы ператвораным, быццам у мяне выраслі крылы, а карыстацца імі не магу.
«Мне адкрылася новае адчуванне», ведаю, і ўсё ж доўга не магу даўмецца, у чым яно заключаецца і як гэта так я зусім іншы, аж пакуль не даходзіць да свядомасці: у мяне ў руцэ нейкі круглы прадмет.
Гляджу наяго — нічога не відаць; растапырваю пальцы — прадмет знікае, але я не чую, каб нешта падала на паддогу; сціскаю кулакі — і ён зноўёсць, халодны, круглы, як шар, і цвёрды.
«Гэта ж тронка», здагадваюся раптам; абмацваю і знаходжу лязо, яно нават парэзала мне скуру.
Ці лунае меч у паветры? Я адступаю на крок ад месца, дзе стаяў, хапаю меч. Гэтым разам пальцы хапаюць гладкія, металічныя кольцы, якія ўтвараюць ланцуг, аперазаны мне па паясніцы, на ім вісіць той меч.
Глыбокае здзіўленне закрадваецца ў мяне, і адступае толькі тады, калі мне спакваля робіцца ясна, што адбылося: унутранае адчуванне вобмацкам, якое ўчалавеку спіць мацней за ўсё, прачынаецца; тонкая сцяна падзелу, якая разводзіць паабапал жыццё тамтэйшае і зямное, назаўсёды прабітая.
Дзіўна! Такі вузенькі парог паміж абодвума светамі, і ўсё ж ніхто нагі не падыме, каб пераступіць яго! Проста ўсутыч са скурай мяжа з іншай рэальнасцю, але мы не адчуваем гэтага! Тут, дзе фантазія магла б стварыць новы край, яна тармозіцца.
Імкненне да бостваў і страх застацца сам-насам з сабою і зрабіцца творцам свайго ж свету, гэта якраз тое, што спыняе людзей, не дае разгарнуцца магнетычным сілам, якія дрэмлюць у ім; ён хоча мець спадарожцаў і прыроду, якая абступае яго ў поўнай сваёй магутнасці; яму хочацца любові і нянавісці, хочацца чыніць дзеі і перажываць іх на сабе! Як бы ён мог гэта, калі б зрабіў сябе творцам новых рэчаў?!
«Табе толькі трэба працягнуць руку, і ты дакранешся ёю да аблічча тваёй каханай», горача надзіць мяне, але мурашкі па целе пры думцы, што рэальнасць і фантазія — гэта тое ж самае. Страхоцце апошняй ісціны выскаляецца мне ўтвар!
Яшчэ страшней за магчымасць стацца ахвярай дэманічнага дакранання альбо быць выкінутым у бяскрайняе мора вар'яцтва і галюцынацый, я разумею: нідзе няма рэальнасці, ні там, ні тут, ёсць толькі фантазія!
Узгадваюцца поўныя страху словы: «Ці бачыўты сонца?», сказаныя колісь маім бацькам, калі я расказаў яму пра сваё вандраванне на гару; «хто не бачыць ніякага сонца, той спыняе вандроўку; ён сыходзіць у вечнасць».
— He; я хачу заставацца вандроўцам і пабачыцца з табою, бацька! Хачу быць паяднаным з Афэліяй, а не з Богам! Я хачу Бясконцасці, а не Вечнасці. Што я навучыўся бачыць і чуць духоўнымі вачыма і вушамі, гэта, чаго я хачу, павінна
таксама быць рэальнасцю ў маім адчуванні. Я адмаўляюся рабіцца Богам, укаранаваным стваральнай сілай; з любові да вас я хачу заставацца створаным чалавекам, хачу дзяліць з вамі жыццё роўнымі часткамі.
Як на абарону ад спакушэння, выцягнуць у жарсці рукі, я ашчаперыў тронку меча.
— Тваёйдапамозе, майстар, аддаюсябе! Будзь жа творцам усяго, што вакол мяне.
Так выразна маёй руцэ ўсвядоміўся твар на капітэлі меча, што я, здалося, глыбока перажыў гэта сваім нутром. Гэта бачанне і адчуванне адначасова. Станаўленне майго алтара дзеля захавання найсвяцейшага.
Таямнічая сіла цячэ з гэтага, яна пераносіцца на рэчы і ўдыхае ў іх душы.
Калі я пачуў гэта словамі, я ўжо ведаў: тая лямпа на стале ёсць падабенства твайго зямнога жыцця, пакой тваёй самотнасці яна асвятляла, цяпер яна зрабілася калыхлівай уяўнасцю; алей у ёй канчаецца.
Мяне прыгнятае быць пад чыстым небам, калі праб'е гадзіна вялікай сустрэчы!
Лесвіца вядзе на дах, на якім у дзяцінстве я часта сядзеў і з подзівам сузіраў, як вецер заганяў у воблакі белыя твары і фігуры драконаў. Я караскаюся надах і саджуся на парэнчу.
Ашушканы ў ноч, разлёгся ўнізе горад.
Усё маё мінулае, вобраз за вобразам праплывае перад мною і палахліва туліцца да мяне, нібы хочучы папярэдзіць: «Трымай мяне, вазмі мяне з сабою, каб не памерці мне ў забыцці і жыць у тваёй памяці».
Навокал на гарызонце джгаюць і палахцяць заранкі: палаючае, мігатлівае велізарнае вока, і дамы і вокны кідаюць на мяне палымянае святло, і падаюць назад здрадлівы знак зніча: там, там! Там ён стаіць, каго ты шукаеш!
«Усіх маіх слуг ты перабіў, цяпер я сам на чарзе», — далёкае выццё пранізвае паветра, я павінен думаць пра ўладарку цемры і пра тое, што сказаў мой бацька пра яе нянавісць.
— Нэсава кашуля! — шыпіць парыў ветру і рве на мне вопратку.
Гром паўтарае сваё аглушальнае «Так».
— Нэсава кашуля! — паўтарыўя; — Нэсава кашуля?!
I маўклівае, як смерць, чаканне; бура і бліскавіцы раяцца, што ім рабіць далей.
Унізе раптам гучнаўсплёсквае рака, быццам папярэджваючы мяне: Хадзі сюды да мяне! Хавайся!
Чую спалоханы пошум дрэў: «Ураган з рукамі забойцы! Кентаўры Медузы, дзікае паляванне! Угніце галовы, едзе рыцар з касою!»
У маім сэрцы стукае ціхая радасць: Чакаю цябе, мой каханы.
Зазваніў звон на званіцы кірхі, быццам у яго ўдарыў нябачны кулак.
У святле бліскавіц запытальна ўспыхваюць крыжы на могілках.
— Так, маці, я іду!
Недзе, рэзка адчыняецца акно і са звонам разбіваецца на бруку шыба: смяротны страх рэчаў, утвораны чалавечай рукою.
Ужо ці не месяц упаў з неба і блукае наўкол? Белы палаючы шар навобмацак прабіваецца ў паветры, хістаецца, апускаецца, падымаецца, бязмэтна блукае і з грамавым трэскам лопаецца, як бы раптоўна ахоплены лютасцю; зямля дрыжыць у дзікім страху.
Выплываюць усё новыя; адзін абшукаў мост, павольна і падступна коціцца праз прысады, агінае нейкае гарышча, з громам лупіць па ім і разносіць на трэскі.
«Шаравая маланка!» — у дзяцінстве я ў кніжках чытаў пра іх, а апісанне іх загадкавага руху лічыў за байку, і вось цяпер гэта ў жыцці! Сляпыя істоты, створаныя з электрычнай сілы, бомбы касмічнага абвалу, галовы дэманаў без вачэй, рота, вушэй і носа, паднятыя з глыбіняў зямлі і паветра, віхура, якая кружляе ваколцэнтра нянавісці, які без органаў успрымання паўсвядома намацвае ахвяры для сваёй разбуральнай лютасці.
Якой страшэннай сілай валодалі б яны, калі б мелі чалавечую форму! Няўжо маё немае пытанне знадзіла яго,
гэты палаючы шар, які рагггам памяняў сваю траекторыю і скіраваўся на мяне? Але амаль ля самай парэнчы паварочвае, слізгае да мура, заплывае ў адчыненае акно і выплывае зноў з другога вонкі, робіцца авальным: і вогненны прамень высякае варонкуў пяску пад страшэнны ўдар грому, аж увесь дом скаланула і ныл падняўся да мяне.
Яго святло, сляпучае як белае сонца, аггаляе мне вочы; так ярка і востра асветлена мая постаць на секунду, яго рэфлекс запаўняе мае павекі і раз'ядае маю сутнасць.
— Ці ты бачыш нарэшце мяне, Медуза?
— Так, я бачу цябе, пракляты! — і чырвоны шар падымаецца з зямлі. Паўаслеплы я адчуваю: ён большае і большае, вось ужо плыве над маёй галавою — метэор бязмежнага шалу.
Я раскідваю рукі: нябачныя рукі хапаюць за мае рукі «поціскам» Ордзна, уключаюць мяне ў жывы ланцуг, які сягае аж у бясконцасць.
Спалена ўва мне толькі тое, што падлягае распаду, ператворанае смерцю ў полымя жыцця.
Я стаю выпрастаны ў пурпуровай шаце агню, аперазаны зброяй з чырвонага жалязняку.
Я назаўсёды пераплавіў свой труп на меч.
Пра аўтара
ГустаўМайрынк (Gustav Meyrink, 19.1.1868 — 4.12.1932) — аўстрыйскі пісьменнік з выразнай схільнасцю да містычнага і гратэскава-сатырычнага светапогляду. Нарадзіўся ў Вене як незаконны сын вюртэмбергскага міністра і баварскай актрысы прыдворнага тэатра Марыі Майер і спачатку насіў прозвішча маці, у чыім радаводзе ён пазней выявіў прозвішча «Майрынк»; яго пісьменнік спачатку выкарыстаў як псеўданім, а ў 1917 годзе ад баварскага караля атрымаў права на афіцыйнае прызнанне ў якасці прозвішча.
Пасля заканчэння гімназіі (Мюнхен, Гамбург) шаснаццацігадовы Майрынк пераехаўу Прагу, дзе вучыўся ў Гандлёвай акадэміі, пазней кіраваў банкам, уваходзіўушматлікія акультныя і спірытычныя гурткі і толькі ў 1902 годзе пасля трохмесячнага турэмнага зняволення па падазрэнні ў фінансавых махінацыях, маральна і юрыдычна апраўданы, але сацыяльна і фінансава зруйнаваны дашчэнту, пакінуў «залаты» горад, пра які сказаў: «Няма на свеце такога горада, ад якога так не хацелася б адвярнуцца, калі ў ім жывеш, і куды так не прагнуў бы вярнуцца, як толькі пакінеш яго».