• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў палявыя нататкі капача Іван Стома

    Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў

    палявыя нататкі капача
    Іван Стома

    Выдавец: Полацкае ляда
    Памер: 140с.
    Полацк 2017
    29.69 МБ
    Пачатак 2000-х запомніўся кустоўямі на Верхнім замку, за якімі, як здавалася, абавязкова знойдуцца муры нейкіх невядомых, не адшуканых раней навукоўцамі вежаў ці цэркваў; прырэчныя хмызы хавалі размывы ад вясновай паводкі, у якіх абавязкова знойдзецца ўсё тое, аб чым марыш: жмені фібул, талераў, пярсьцёнкаў... Стары патрэсканы асфальт, нефарбаваныя фасады дамоў, драўляная забудова, ад якой тады яшчэ нешта захавалася, невялічкая каштанавая алейка з помнікам Талстому каля «доміка Пятра», якая рамантычна выглядала дажджлівымі і ветранымі восеньскімі вечарамі, бо гойданьне лісьцяў цьмяна падсьвечвалася ліхтарамі; захад сонца з паўднёва-заходняга ўскрайку замчышча — фрагмэнты таго майго Полацку.
    Калі мне трапляліся нейкія знаходкі, яны нагадвалі фотаздымачкі нечых лёсаў, дробныя кадрыкі мінулых жыцьцяў тых, хто быў
    таксама часьцінкай абагульняючай «асобы» — Полацку. Я ніколі не заставаўся на тым месцы, дзе знаходзіў той «фотаздымачак», бо разам з захапленьнем, азартам мне хацелася адчуць у сабе іншыя часьцінкі старога Полацку, таму я йшоў шпацыраваць па вуліцах ці ўзьбярэжжы Дзьвіны, уяўляючы, як гэтая рэч, што ляжыць у кішэні — нейкая дробная манэтка, накладка, крыжык, шпацыравала ў далёкія стагодзьдзі разам з гаспадаром і як яна апынулася ў зямлі ці ў рэчышчы.
    Зімой цягнула на берагі рэк жаданьне пабачыць, як нейкі падгулялы шляхціч, пакаўзнуўшыся на лёдзе, губляе з кашалю россыпам добрую жменю барацінак; як рыбак, прабіраючыся празь вербы каля грэблі, каб зьняць мярэжы, чапляецца дрэнна прышытым гузікам за галінку; як падчас наезду наўяў на Полацак удава падыходзіць да палонкі, каб адкупіцца ад прыхадняў зь цёмнага сьвету срэбраным пярсьцёнкам.
    ЕЗУІЦКІ КАЛЕГІЮМ
    На Полацак тых маіх часоў прыпала яшчэ адна болей чым цікавая зьява — Езуіцкі калегіюм. Гэты напраўду адзін зь цікавейшых архітэктурных, археалягічных аб'ектаў стаў ддя мяне сапраўднай школай і выпрабаваньнем, хоць правёў я там ня болей за тры-чатыры гады, у той час, калі там вяліся рэстаўрацыйныя працы пасьля перадачы будынкаў Полацкаму дзяржуніверсітэту. У тыя гады там панавалі будаўнікі й археолягі.
    Пра сам будынак... У адрозьненьне ад той часткі Полацку Езуіцкі калегіюм зьмяніўся да непазнавальнасьці. Ад старога выгляду захаваліся драбнюткія рэшткі, якія, так бы мовіць, надвор'я ня робяць. У той час, калі я першы раз апынуўся ў калегіюме, там ішоў рамонт. Менавіта рамонт, а не рэстаўрацыя, як гэта называюць сёньня. Будаўнікі выкарчоўвалі ўсё, што засталося ад ваеннага шпіталя, і пад іх працавітую руку трапляла ці ня самае каштоўнае. Паддога з драўляных дошак і пліткі пачатку XX стагодзьдзя, якая вытрымала выпрабаваньні ста гадоў і дзьвюх войнаў, разьбіралася, закладваліся нішы і дрэнажы (апошняе, між іншым, паўплывала на вільготнасьць у будынку). Неяк ужо бліжэй да заканчэньня рамонту мы зь мясцовым краязнаўцам Андрэем Бухавецкім запыталіся ў нейкай сустрэтай намі ў калідоры жанчы-
    ны зь кіраўнікоў, ці ведае яна, што паддозе, якую яны нішчаць у гістарычным будынку, больш за сто гадоў? Адказ быў вычарпальны: «Ну і што?!» У засыпцы пад падлогай старанна корпаліся ўжо археолягі. Яны ж адбівалі пазьнейшыя савецкія ці кадэцкія закладкі з цэглы на нішах езуіцкіх часоў, ускрывалі і вывучалі хады ацяпленьня і дымавыя хады ў сьценах і пад той жа паддогай, дрэнажы ў сутарэньнях карпусоў... Іх знаходкамі звычайна былі рэшткі лістоў часоў езуітаў і піяраў, кадэцкія запалкі і фанэрныя скрыначкі ад іх, абгорткі ад тытуню, цыгарэтныя недапалкі, карыкатуры на настаўнікаў, намаляваныя на кавалках кардону, гузікі, аптэчныя бутэлечкі, кавалкі старых газэт ці часопісаў і таму падобнае цікавае сьмецьце тых часоў.
    Калегіюм на сваім прыкладзе яскрава дэманстраваў пазьней асэнсаваную мной канчаткова гэтак званую тэорыю невычарпальнасьці, што стала адным зь першых дадзеных мне ўрокаў на жыцьцёвым шляху, і гэты ўрок быў там зусім не адзіным. Усе наступныя пасьля яго былі альбо замацаваньнем, альбо дадаткам да гэтага падмурку, таму ён і стаўся для мяне нейкай нават эпохай... Падобны да кубіка Рубіка зь некалькімі гранямі, пад кожнай зь якіх схавана яшчэ нейкая загадка, галаваломка, таксама зь некалькімі гранямі...
    Калегіюм успамінаецца асабліва пры размовах з калегамі-капачамі, якія ўжываюць
    фразы кшталту «ўсё перакапана», «месца N вынесена»... Пад кадэцкай дашчанай падлогай стогадовае даўніны археолягі выяўлялі хады ацяпленьня ўзростам паўтара стагодзьдзя. Пад імі ці побач мог знаходзіцца падмурак печы з разваламі рознакаляровых паліваных кавалкаў пячной кафлі (сапраўднага твору мастацтва полацкіх ганчароўкафляроў), узрост якіх пераваліў ужо за 250 гадоў. I, здавалася б, усё... Мы сыходзілі, лічачы, што тут мы канчаткова зрабілі сваю працу, «усё выбіта». Але калі прыходзілі тынкоўшчыкі ды маляры, высьвятлялася, што хады ацяпленьня ідуць яшчэ і па сценах, і там знаходзяцца ўсё тыя ж закладзеныя нішысхованкі. Заставаліся адно сьцены. Думаеце, усё? Дык вось акурат яны і былі аднымі з самых цікавых сховаў. Як культурны пласт у зямлі, яны, гэтыя тоны рознапамернай і рознафарматнай цэглы, несьлі ў сабе самае каштоўнае, тое, чым грэбуюць і лічаць непатрэбшчынай так шмат капальнікаў. Менавіта ў іх месьцілася інфармацыя аб перабудовах, якія рабілі ў свой час гаспадары будынка. Палосамі, арачнымі праёмамі, прамакутнікамі ці квадратамі закладак, умацаваньняў выступалі каміны, дымаходы, уваходныя праёмы дзьвярэй. I атрыманьне падобнай інфармацыі — як каштоўнасьць табой знойдзенай, здабытай і апрацаванай веды, нават толькі атрыманьне, без наступнага асэнсаваньня, несла сапраўднае, нязьведанае захапленьне,
    якое патроху прыходзіла як дапаўненьне, a потым і замяняла сабою прыярытэт азарту ад знаходак. Знаходкі ў розных закладках гэтых ніш, вокнаў, праёмаў таксама распавядалі пра пікантныя асаблівасьці жыцьця будынка і яго насельнікаў. Пасьля асэнсаваньня знойдзенага прыходзіла ўсьведамленьне таго, што гэта адбылося ў нейкім памяшканьні памерам, напрыклад, усяго 3x4 мэтры і вышынёй 2,5 — 3 м, а зусім не на бяскрайнім полі ці ў кілямэтровым рэчышчы з мэтровымі па таўшчыні рачнымі адкладаньнямі.
    Асабліва запомніўся выпадак, калі мы знайшлі дымаход у паўднёвай сьцяне залі, дзе раней, пры езуітах, месьцілася бібліятэка, а зараз, па іроніі лёсу, здаецца, сталовая ўнівера. Спадарства, зачытваю кароткую справаздачу!
    «Пры разборцы закладкі мелкапамернай цэглай дымаходу ў Пд сьцяне, леваруч ад футарала былога гадзіньніка, у былой бібліятэцы Кадэцкага корпусу, былі знойдзены наступныя артэфакты:
    1.	Талерка парцалянавая, фабрыкі Кузьняцова, у фрагмэнтарным стане, 1 (адна) шт.;
    2.	Крыса, сушаная, з рэшткамі поўсьці, 1 (адна) шт.;
    3.	Кот, сушаны, муміфікаваны, з рэшткамі поўсьці, 1 (адна) шт.;
    4.	Сабака, муміфікаваны, бяз поўсьці, 1 (адна) шт.»
    ...Некаторыя з гэтых дымаходаў вялі на гарышча будынка, і яшчэ сёньня там знаходзяцца іх незачыненыя цагляныя вусьці. Падобнага кшталту знаходкі былі ня рэдкасьцю і ў дымаходах, і ў нішах, але менавіта пра тую застаецца толькі гадаць — ці гэта адно зь незьлічоных кадэцкіх свавольстваў, ці нейкая выпадковасьць.
    Адзін, мабыць, з самых цікавых момантаў у калегіюме — сутарэньні. Агулам, канешне, гэта асобная гісторыя. Калі бачыш сучасныя фільмы жахаў, разумееш, як шмат страцілі іх стваральнікі! Скляпеністыя сутарэньні старога будынка, са старымі бойлерамі, лякарскімі вагамі, чыгуннымі ваннамі...
    Напачатку, калі будаўнікі яшчэ толькі пачыналі свае працы, яны стаялі зусім некранутыя. За іх увогуле ўзяліся ў апошнюю чаргу, на фінальнай стадыі, так бы мовіць, калі пачалі ўсталёўваць сістэмы ацяпленьня і водаправоду.
    Пакоі сутарэньняў я наведаў першымі з усяго калегіюму, калі толькі вывелі вайсковы шпіталь, і яшчэ стаяў бэтонны плот, ужо без калючага дроту, і яшчэ не было ніякіх будаўнікоў і археолягаў, а толькі адзін вартаўнік недзе ў пакойчыку на першым паверсе. Мы з выпадковым знаёмым, выбраўшы нейкі зімовы вечар, чакалі пад валам Івана Грознага моманту, калі на ходніках ня будзе мінакоў, хутка прабягалі праз вуліцу, перакульваліся,
    як атрымаецца, праз плот, потым праз двор і хутка, але асьцярожна ныралі між рэшты ад жалезных кратаў у вакно пакоя пад двухпавярховай часткай корпусу...
    Менавіта ў сутарэньнях я ўпершыню сутыкнуўся (у далейшым з самым частым, карысным і істотным з маіх «капацкіх» адчуваньняў) — са страхам. Як і радасьць, і захапленьне, і шмат таму падобных зьяваў, ён быў кожны раз новы, як з прычынаў яго зьяўленьня, так і з прычыны рознага яго ўспрыманьня. I кожны раз уражаньні ад яго ці барацьбы зь ім былі незабыўныя.
    Напачатку і па нявопытнасьці я было думаў, што калі патлумачыць яго і звыкнуцца з гэтымі тлумачэньнямі, то ён пройдзе. Сёньня такое тлумачэньне, нават ад самога сябе, я палічыў бы незваротнай, вышэйшай ступеньню крэтынізму. Тлумачыў жа я яго звычайна непрагляднаю цемрай, гукаізаляцыяй і агульнай атмасфэрай закінутага аграмаднага старога будынка. Як у страху, так і ў спробах тлумачэньня я быў не адзіны. Полацкі археоляг Саша Салаўёў (між іншым, ён выдаў манаграфію па Езуіцкім калегіюме) быў адным з такіх людзей. Яго разважаньні зводзіліся да таго, што, мабыць, у часы апошняй вайны там некага дапытвалі і катавалі немцы... Пазьней я заўважыў, што пачуцьцё нават ня страху, а нейкага нутранога, ціхага, ледзянога жаху апаноўвае ня толькі ў сутарэньнях, a ўвогуле ва ўсім будынку. Нават у казематах
    і калідорах, дзе сонца сьвяціла і грэла праз вокны бяз шыбаў, дзе шумелі і разгульвалі будаўнікі, гэтае пачуцьцё заставалася амаль нязьменным. Як першае, найбольш уражальнае для мяне сутыкненьне з навакольлем, што адбылося з дапамогай майго захапленьня, майго пачатку сапраўднага жыцьцёвага шляху, яно не пакінула мяне і сёньня. Праз 10—15 гадоў мне ўсё яшчэ трызьніцца, як я хаджу па тых памяшканьнях, заглядаю ў кожны пакой, але раптам разумею, што трэба сыходзіць, спрабую зьбегчы, пазбавіцца гэтага ледзянога подыху жаху. Нарэшце выходжу ў двор і бачу вакно сутарэньня, зь якога выходзяць трубы, абкладзеныя шкловалакном, і апраметную цемру гэтых вокнаў. Вакол сонца, побач стаяць сябры і будаўнікі, і я разумею, што гэтая цемра — улоньне гэтага жаху, і спрабую патлумачыць, што вось па гэтых трубах, вось-вось, з гэтай цемры — ці гэтая цемра... Так ці інакш, але нам трэба сыходзіць... Хутчэй, зараз!..