Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў палявыя нататкі капача Іван Стома

Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў

палявыя нататкі капача
Іван Стома
Выдавец: Полацкае ляда
Памер: 140с.
Полацк 2017
29.69 МБ
ПЕРШАЕ ВЫПРАБАВАНЬНЕ
Адным зь першых напраўду самастойных выпрабаваньняў для мяне стаў выпадак у Варонецкім лесе. Старыя высачэзныя елкі нават у сонечны ліпеньскі дзень дрэнна прапускаюць сьвятло. Узвышшы, на якіх яны растуць, ускладняюць арыенціроўку: ці то рака, ці то балота ў лагчыне, а мо і дарога, па якой трэба выходзіць?.. Аднак я не заблукаў, проста затрымаўся на адным цікавым і аж занадта прыгожым месцы. Быў канец сакавіка, і а палове дзявятай вечара было ўжо зусім цёмна. Дарога, па якой я рухаўся, была зьледзянелая, з глыбокімі лужынамі, і падэшвы гумовых ботаў сьлізгалі па ёй ледзьве не як канькі, таму пераступаць даводзілася меленечкімі сьцярожкімі крочкамі.
Цемра, гукі ў вечаровым і без таго змрочным лесе стваралі адпаведныя адчуваньні. Працяг уроку, што я атрымаў у езуіцкіх сутарэньнях, даваў зразумець, што такое асэнсаваньне дзеяньня. Ісьці назад, каб пераначаваць марозную ноч, ужо немагчыма: цемра хоць вока выкалі, па такой нават навобмацак цяжка знайсьці хоць якую дравіну для вогнішча ў сырым веснавым лесе, у даважак, акрамя поля, па якім я хадзіў, і дарогі, на якой я стаю, мне невядомыя ніякія тутэйшыя мясьціны. Дый ці ёсьць розьніца — вяртацца і сядзець ці йсці па гэтай цемры
і холадзе? Усё ж адзінае разумнае выйсьце — ісьці наперад. Хоць ад страху і цяжка перастаўляць ногі, робіш гэта больш галавой, нейкім нутраным рухавіком, чым самімі нагамі. Як яскрава б'е падобны выпадак па такой якасьці, як нерашучасьць, і паказвае яе ўбоства і здраддівасьць! Наперад — тры кілямэтры па зьледзянелай дарозе, адзін па вёсцы і дваццаць да Полацку.
...Адаспаўшыся ў горадзе, прачнуўшыся ў ложку і пасьля ранішніх спраў выйшаўшы ў горад, я адчуў нешта яшчэ: дробнасьць гэтай гарадзкой мітусьні, надуманасьць бытавых праблем, такіх, напрыклад, як хамства і бюракратызм у розных установах, імкненьне пазыцыянаваць сябе важным перад навакольнымі... Гэта быў толькі першы штуршок да ўсяго, што зразумеецца пасьля. Ланцуговай рэакцыяй пачалі выяўляцца рэчы, якія, як я зразумеў, можна высьветліць толькі з дапамогай самастойнага «абнаўленьня» сваёй скуры.
Пазьней некалькі разоў атрымлівалася знаходзіць волю ці спантанна адразаць шлях да адыходу, каб наўмысна паставіць сябе ў больш складанае становішча: блукаў ужо не па дарогах, а па сапраўдных лясных гушчарах. Тое нагадвала сапраўдную шокавую тэрапію, асабліва рэзкая зьмена моцных эмоцый, такіх як ледзяная паніка, эйфарыя, імкненьне да спакою і сузіраньня. Пасьля выхаду атрымліваеш асэнсаваньне адной
асабліва важнай рэчы, безь якой далейшы шлях разьвіцьця і скураскіданьня немагчымы — хто і што ты ёсьць. Тут, у адзіноце, пасьля напружаньня, зразумела, хочацца выгаварыцца. Яркія фарбы перажытага, разбуджаная ўнутраная балбатлівасьць, якія, здымаючы стрэсы, дапамагаюць замацаваць адоленае. Калі яны зьнікаюць, акунутыя ў рошчыну будзёншчыны, дык робяцца халодным загартаваным інструмэнтам, адкладзеным да патрэбы некуды далёка на паліцу.
Аднак «полацкія» пошукі і блуканьні па вёсках былі не адзіныя. Яшчэ з тых, «полацкіх» часоў даводзілася «пахварэць на вайну».
«ПАЧУЦЬЦЁВАЙНЫ»
Першыя выезды «на коп» па вайне адбываліся наступным чынам: на выходных ці на маіх вакацыях за мной заяжджалі «камрады», гадзін у 6 раніцы. «Малы», ці «пасажыр», ехаў у якасьці «талісмана»: «хай вучыцца», «прышпільны хлопец»... Першыя мае выезды адбываліся, калі я вучыўся, здаецца, у клясе 5-б-й. Свае дзіцячыя пошукі ў роднай вёсцы, мара знайсьці цэлы нямецкі набой, чытаньне кніг кшталту «Ніколі не забудзем»...
Галоўнае ў гэтых першых паездках — адчуваньні. Везьлі нас звычайна тыя, зь кім дамовіцца нехта з калег, часьцяком такія ж маладыя хлопцы, гадоў па 20—25, ня болей, на старых «шасьцёрках», «аўдзюхах» ці дапатопных «Вольвах». У машыне заўсёды грала радыё альбо нейкая папса на касэце, але яна не магла зьмяніць ці неяк паўплываць на настрой.
Адчуваньні ад вайны — вясковых і лясных пэйзажаў паабапал дарогі, лясоў, пералескаў, гаёў з адзіночнымі ячэйкамі, акопамі, траншэямі, што віліся пад елкамі і сярод кустоўя, бліндажамі на выспах, стваралі пачуцьцё, якое, як і шматлікія іншыя, амаль немагчыма перадаць словамі. Вельмі груба кажучы, то была мешаніна з нейкай жалобы, суму, унутранага бязмоўя... Ад гэтага
засільля было вельмі цяжка на душы, якая прагна прасіла вяртаньня да гоману цывілізацыі і штодзённых, звычайных і звыклых турботаў. Але галоўная пакута ў тым, што, як толькі гэтыя жаданьні збываліся, зь нейкай мазахісцкай прагай яшчэ болей цягнула ізноў вярнуцца да пакінутага сярод лесу і напаўзакінутых вёсак... Вядома, адчуваньні залежалі і ад месца ці прыроды. Найболей прыгняталі хмызы, лісцьвянікі з алешыны і асіны на ўсходзе, і неверагодныя адчуваньні пакідаў веснавы сасновы бор на паўночным захадзе. Напачатку чэрвеня ў такім бары проста пераймала дыханьне ад паху хвоі, сонца, і пах раскапанага пяску абязводжваў так, што замест сьліны заставалася адно цягучая пена, а разам усё гэта стварала водар, ад якога кружылася галава. Восеньню, у месцах, парослых кустоўем ляшчыны, адзінкавымі соснамі ў абхват, я хадзіў, забыўшыся пра пошук ад бачаньня гэтай прыгажосьці. У такія моманты на трафеі шанцавала болей за ўсё, бо менавіта павага, захапленьне, цікавасьць, а не надакучлівасьць і зануднае калупаньне эфіру болей за ўсё пасуюць як у гутарцы з людзьмі, з жывымі і з мёртвымі, так і з навакольлем. He магу не дадаць, што туманы ў такім лесе стваралі невымоўнае пачуцьцё цікавасьці і загадкавасьці, ад якога ажно пачынаўся нейкі прыемны сьверб.
Зь цягам часу, калі я ўжо езьдзіў адзін, «пачуцьцё вайны» нікуды не зьнікла, ня
стала слабейшым, а... найбольш удала будзе сказаць, што мы зь ім пасябравалі і яно перастала быць такім пакутлівым, як спачатку. I яшчэ. Калі я ехаў па тых жа дарогах, але ўжо проста ў вёску, на госьці, некуды па справах, я не адчуваў (нават успамінаючы) усяго таго, што было пры паездках на «капаніну». Напраўду, намер — вялікая справа...
Ужо калі падрос, узьбіўся на адпаведнае абсталяваньне, я патроху пачаў сам ладзіць «экспэдыцыі». Прыроджаная негутарлівасьць, імкненьне да адзіноты вымушалі працаваць ня болей чым з двума паплечнікамі, але і гэта мінула. Асноўным маім ворагам, калі я знаходзіўся адзін у лесе, напачатку быў мой стары знаёмы — страх. Проста нейкі жывёльны, ён зачапляўся горш за любыя кайданы, іншы раз да такой ступені, што літаральна скоўваў ногі, не даючы зрабіць і кроку, высунуцца зь ямы, зазірнуць за лапы ялін, якія гойдаліся. Прычыны для яго былі розныя, часьцей за ўсё надуманыя і па дарозе да месца добра разьдзьмутыя: натрапіць на засаду з ворганаў, ці яшчэ каго з падобных, страх заблукаць, што не даваў магчымасьці адысьці ад шашы болей чым на паўкілямэтра, перад дзікімі зьвярамі ці зграямі зьдзічэлых сабак, якія зьбягаліся з навакольных лецішчаў. Ад апошніх доўгі час не ратаваў ні пярцовы аэразоль у кішэні, ні сякера за поясам, ні гострая рыдлёўка з даўгім тронкам. «Шухер» здараўся ад раптоўнага
крыку зязюлі, трэску галінкі, шолаху лісьця ці падзеньня з яловага гальля веснавога сьнегу. Галоўнай прычынай зьнікненьня, прытупленьня «ляснога» страху, а дакладней фінальнага высілку ў барацьбе з ім, стаўся вельмі просты фактар — задзяўбала! Былі, канешне, і іншыя — вопыт і стан здароўя, які на трэцім дзясятку гадоў ужо даваўся ў знакі і вучыў, што няма нічога вечнага пад сонцам; і разуменьне, што калі і паміраць, дык за любімай справай усё лепей, чымся ў ложку; прызвычаеньне да абставінаў, азарт ад знаходак ці засяроджанасьць на пошуку... Адзіны страх, якога я надзіва ня меў пры выхадах «на вайну», — падарвацца на боепрыпасах, і растлумачыць гэта, як і шмат чаго іншага, нават сабе, я па сёньня не магу і не спрабую.
АДЧУВАНЬНЕ ПРЫСУТНАСЬЦІ
Вярнуся да выездаў «на старыну», «на поле», як яшчэ гэта называлася. Мне асабіста запомнілася з тых часоў адчуваньне жыцьця ў ліпавых прысадах паабапал дарог, дубах каля хутарышчаў. Бывае, стаіш так, адпачываеш і, гледзячы на месца, не разумееш, чаму такі ўпэўнены ў тым, што на гэтым месцы нешта стаяла? Ажно дрыжыкі прабіраюць — адчуваньне жыцьця ў гэтых нічым непрыметных дрэвах, зеляніне поля, зьліцьця яго з блакітам на даляглядзе... Я зьвярнуся да тлумачэньня гэтага пытаньня ніжэй.
Калі ж нарэшце пачынаў працаваць на гэтым месцы, то іншы раз узьнікала яшчэ адно на той час новае адчуваньне — прысутнасьць. Яно часьцей за ўсё не было напружлівым ці палохаючым, проста было і ўсё. Першы раз я адчуў такое на Палаце, калі стаяў пасярод рэчкі. Хуткая плынь, яе булькатаньне стваралі ўражаньне, нібыта Hex­Ta шэптам размаўляе за тваёй сьпінай. Яно ўзрастае асабліва, калі спрабуеш не зьвяртаць на яго ўвагі, адхінуцца ад яго справай, працэсам, усё мацней, мацней... Спыняецца толькі тады, калі нарэшце павернешся, пастаіш і паназіраеш за плыньню.
Іншы раз тая прысутнасьць магла выклікаць і непрыемныя пачуцьці. Але мне болей запомніўся выпадак на месцы былой вёскі
пад Полацкам. Зьнікла яна, падобна, недзе ў саўдэпаўскія часы. Ну як сказаць, зьнікла... Па краі берагу ракі, на якім яна стаяла, захаваліся дубы і так добра вядомыя мне шчыльныя прысады слівавага кустоўя, а за імі знаходзіліся цагляныя падмуркі і сутарэньні з бутавага каменьня. Захавалася яма ад перасохлай сажалкі, абсаджаная вербамі, a вакол саміх падмуркаў стаялі розныя мэталёвыя дзежкі і каністры, падрыхтаваная некім да вынасу і складзеная цэгла ад печышчаў. Агулам здавалася, нібыта вёску часова разабралі і вынесьлі некуды «на зімоўку», яна хутка вернецца сюды, мо праз тыдзень, ня болей — ад драўляных сьценаў хат і бляшаных дахаў да вады ў сажалцы... Там акрамя пачуцьця абжытасьці месца я адчуў і прысутнасьць некага з жыхароў: нібыта раптам з-за тых слівавых кустоў выйдзе такі тыповы селянін са шчэцьцю і вусамі, апрануты ў дублены кажушок і кашулю ў краткі, у пацёртай чорнай кепцы з караценькім брыльком, самакруткай у роце, запытаецца: «А што ты тут шукаеш, хлопец?» Там усё неяк склалася разам: абжытасьць, прысутнасьць. А якія там былі краявіды! Нават мяне, спакушанага на падобнае, неяк аж занадта перабрала, духі пераняло, калі я выйшаў на стромкі бераг той ракі.
Непрыемным жа гэтае пачуцьцё было, калі заходзіў у нейкі закінуты дом. Падчас пазьнейшых падарожжаў з начоўкамі, вы-