Пагарда  Альберта Маравія

Пагарда

Альберта Маравія

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1989
64.38 МБ
59.87 МБ
омніла мне пра мае адносіны з Эміліяй, я ж сам быў чалавекам, які кахае сваю жонку, а яна яго не. I ў той жа момант па нейкай незразумелай асацыяцыі мне ўспомнілася нешта такое, што, як я тут жа вырашыў, магло даць адказ на пытанне, якое я задаваў сабе ў прыёмнай, чакаючы выкліку да Бацісты: чаму Эмілія больш мяне не кахае?
Цяпер, калі я расказваю, можа здацца, што на гэта пайшло шмат часу. У сапраўднасці ж успаміны пранесліся ў мяне ў галаве імгненна, у якую долю секунды. Дык вось, пакуль Рэйнгольд схіляў да мяне свой твар з усмешкай, я раптам убачыў сябе ў нашай гасцінай: я дыктаваў сцэнарый. Дыктаваў ужо некалькі дзён, работа набліжалася да завяршэння, а я ўсё яшчэ не мог сказаць: прыгожая была машыністка ці не. Нязначны выпадак, так сказаць, адкрыў мне на гэта вочы. Машыністка друкавала чарговую фразу, калі я, зірнуўшы на ліст паперы праз яе плячо, убачыў, што яна зрабіла памылку. Я нахіліўся і выправіў памылку — сам надрукаваў патрэбнае слова. Кладучы пальцы на клавішы, я міжвольна даткнуўся да яе рукі. Я заўважыў, што рука ў яе вялікая, дужая і неяк зусім не стасуецца з хілай фігурай. Яна не прыняла сваёй рукі. Я надрукаваў наступнае слова і гэты раз, бадай, ужо наўмысна крануў яе пальцы. Пасля я глянуў ёй у твар, яна таксама глядзела на мяне — чакала і нібы падахвочвала. Раптам, нібы ўбачыўшы яе першы раз, я зразумеў, што яна прыгожая. У яе быў маленькі пажадлівы рот, капрызны носік і густыя, зачасаныя назад валасы. Яе далікатны, бледны твар быў расчараваны і злосны. I яшчэ адна дэталь — калі машыністка сказала з грымасай: «Даруйце, я задумалася» — мяне здзівіў рэзкі, сухі тэмбр яе даволі непрыемнага голасу. Дык вось, глянуўшы на яе, я заўважыў, што яна не толькі не апусціла вочы, але нават паглядзела на мяне з выклі-
кам. Мусіць, я крыху збянтэжыўся, і з гэтай хвіліны на працягу некалькіх дзён мы толькі тое і рабілі, што абменьваліся позіркамі. Дакладней сказаць, паглядала на мяне яна — прычым нахабна, з бессаромным выклікам. Яе пагляд сачыў за маім, калі я адводзіў вочы ўбок; стараўся затрымаць мой пагляд, калі нашы позіркі сустракаліся, і паглыбляўся ў мас вочы, калі я глядзеў на яе. Спачатку яна паглядала на мяне толькі зрэдку, пасля ўсё часцей і часцей. Урэшце, не ведаючы, як ухіліцца ад яе позірку, я пачаў дыктаваць, ходзячы ў яе за спіной. Але ўпартая какетка сумела знайсці выйсце з такога становішча — пазірала на мяне ў вялікае люстэрка, што вісела на супрацьлеглай сцяне. Кожны раз, калі я падымаў вочы, я сустракаў у люстэрку яе пільны дапытлівы позірк. Урэшце здарылася тое, чаго яна так старанна дабівалася. Аднойчы, зноў выпраўляючы праз яе плячо чарговую памылку, я ўзняў на яе вочы, нашы позіркі сустрэліся, і вусны самкнуліся ў кароткім пацалунку. Характэрна, што, пацалаваўшыся са мной, яна тут жа сказала: «Нарэшце! Я пачынала ўжо думаць, што ты так ніколі і не адважышся». Відаць, яна была ўпэўнена, што цяпер я ў яе ў руках, і настолькі ўпэўнена, што не стала больш цалавацца са мной і адразу ўзялася за работу. Я збянтэжыўся і пакаяўся. Вядома, дзяўчына мне падабалася, інакш я не стаў бы яе цалаваць, але я ведаў, што яе не люблю. Я пацалаваў яе таму, што мяне змусіла да таго яе смелая, грубаватая і пахвальная для майго мужчынскага гонару настойлівасць. Цяпер яна друкавала, не падымаючы вачэй ад машынкі. Я глядзеў на яе бледны круглы твар, на густую грыву чорных валасоў, і яна здавалася мне ўсё болып прыгожай. Пасля, відаць, знарок, яна зноў зрабіла памылку і, хочучы яе выправіць, зноў нахілілася над сталом. Яна сачыла за кожным маім рухам. Як толькі мая галава наблізілася да яе твару, яна хуценька павярнулася,
абняла мяне і, схапіўшы маю галаву, прыціснула да маіх губ свой рот. У гэту хвіліну расчыніліся дзверы і ў пакой зайшла Эмілія.
Я думаю, што не варта падрабязна расказваць, што пасля гэтага адбылося. Эмілія адразу ж выйшла. Я хуценька сказаў машыністцы: «Сіньёра, сёння работа закончана... Ідзіце дамоў» — і ледзь не бягом кінуўся ў пакой да Эміліі. Я чакаў сцэны рэўнасці, але, калі я зайшоў, Эмілія мне толькі сказала: «Ты хоць бы сцёр з губ памаду». Я выцер губы, сеў побач з ёй і пачаў апраўдвацца, расказваючы, як усё адбылося. Яна слухала мяне крыху недаверліва, але, у сутнасці, спагадліва і памяркоўна, а пасля сказала, што калі я і праўда люблю машыністку, то не трэба прасіць прабачэння, яна, Эмілія, вядома, згодзіцца даць мне развод. Яна сказала гэта без ніякай злосці, мякка і з сумам, нібы прасіла мяне без слоў сказаць «не». Урэшце мае доўгія тлумачэнні і крайні адчай (я скалануўся ад думкі, што Эмілія пакіне мяне), відаць, пераканалі яе, і, крыху паўпарціўшыся, яна згадзілася мне дараваць. У той жа дзень у прысутнасці Эміліі я пазваніў машыністцы і паведаміў ёй, што больш у яе паслугах не маю патрэбы. Дзяўчына хацела прызначыць мне спатканне, але я ўхіліўся і з таго часу яе больш не бачыў.
Як я ўжо казаў, можа здацца, што гэтыя ўспаміны занялі шмат часу, а ў сапраўднасці яны азарылі маю памяць як успышка маланкі: я раптам убачыў Эмілію, якая адчьіняла дзверы ў той самы момант, калі я цалаваў машыністку. Безумоўна, падумаў я, падзеі разгортваліся паступным чыпам: Эмілія зрабіла выгляд, што не надала гэтаму выпадку ніякага значэння, але на самай справе ён працягваў яе мучыць, хоць сама яна таго, можа быць, і не ўсведамляла. Пазней, успамінаючы гэты выпадак, яна накручвала вакол яго ўсё больш цвёрды клубок расчаравання, якое не сціхала, а ўсё расло і расло. Пацалунак, які быў для мяне мінутнай
слабасцю, нанёс яе душы, кажучы мовай псіхіятараў, траўму, рану, якая з часам не толькі не зарубцавалася, але зрабілася яшчэ больш балючай.
Мусіць, пакуль я думаў пра гэта, выгляд у мяне быў вельмі разгублены, таму што раптам, нібы з густога туману, да мяне даляцеў устрывожаны голас Рэйнгольда:
— Вы слухаеце мяне, сіньёр Мальтэні?
Туман раптоўна рассеяўся, я страпянуўся і ўбачыў перад сабой рэжысёра з усмешкай на твары.
— Даруйце,— сказаў я.— Крыху задумаўся над тым, што вы мне сказалі: чалавек любіць жонку, a яна яго не...— He ведаючы, аднак, што гаварыць далей, я ўхапіўся за адзін факт, які раптам прыйшоў мне ў галаву: — Але ж у паэме Гамера Пенелопа кахае Адысея... У пэўным сэнсе ўся паэма трымаецца на каханні Пенелопы да Адысея.
— Гэта вернасць, сіньёр Мальтэні,— усміхнуўся Рэйнгольд,— а не каханне... Пенелопа верная Адысею, але мы не ведаем, кахае яна яго ці не. А як вам вядома, можна быць вунь якім верным і не кахаць... Часам вернасць можа стаць нават помстай, расплатай за каханне... Вернасць, а не каханне.
Гэтыя словы Рэйнгольда мяне зусім ашаламілі. Я зноў падумаў пра Эмілію. Я падумаў, ці не аддаў бы я перавагу яе здрадзе з наступным раскайваннем — вернасці і абыякавасці. Вядома, аддаў бы. Калі б Эмілія здрадзіла мне, пасля адчула сябе вінаватай, я мог бы трымацца з ёй больш упэўнена. Але ж я толькі што пераканаў сябе, што не Эмілія здрадзіла мне, а я здрадзіў Эміліі. 3 зноў паглыбіўся ў свае думкі, калі раптам пачуў голас Бацісты:
— Словам, Мальтэні, мы дамовіліся, вы будзеце працаваць з Рэйнгольдам.
— Дамовіліся,— выціснуў я цераз сілу.
— Цудоўна.— У голасе Бацісты я пачуў задаваль-
ненне.— Зробім так: заўтра раніцай Рэйнгольд павінен ехаць у Парыж, ён прабудзе там тыдзень, за гэты тыдзень вы, Мальтэні, напішаце і прадставіце мне лібрэта сцэнарыя «Адысеі»... Як толькі Рэйнгольд вернецца з Парыжа, вы абодва паедзеце на Капры і неадкладна пачнеце работу над фільмам.
Пасля гэтай апошняй фразы, якая падагульніла нашу размову, Рэйнгольд устаў, і я машынальна падняўся ўслед за ім. Я ведаў, што мне трэба сказаць пра кантракт і пра аванс, інакш Баціста абвядзе мяне вакол пальца. Але мяне непакоілі думкі пра Эмілію, а яшчэ горш — пра дзіўнае супадзенне рэйнгольдаўскай інтэрпрэтацыі Гамера з фактамі майго асабістага жыцця. Усё ж, калі мы падышлі да дзвярэй, я прамармытаў:
— А кантракт?
— Кантракт падрыхтаваны,— нечакана лагодна адказаў Баціста.— А разам з кантрактам і аванс... Вам трэба толькі зайсці ў канцылярыю, падпісаць кантракт і атрымаць грошы...
Я разгубіўся ад нечаканасці. Я думаў, што, як paHeft, пры рабоце над іншымі сцэнарыямі, Баціста будзе віляць і так і сяк, стараючыся знізіць мой ганарар ці зацягнуць выплату авансу, а тут раптам ён плаціць мне адразу, без затрымкі. Пакуль мы ішлі ў суседні пакой, дзе была канцылярыя, я не стрымаўся і прамармытаў:
— Дзякуй, Баціста... Ведаеце, я цяпер без грошай.
Я кусаў сабе губы. Перш за ўсё, я маніў, што сядзеў без грошай, ва ўсякім выпадку, справы мае былі не такія кепскія, як можна было зрабіць вывад з маёй фразы, якую я толькі што сказаў. Ды і наогул я адразу адчуў, не ведаючы нават чаму, што мне не трэба было гэтага гаварыць. Баціста падліў масла ў агонь.
— Я здагадваўся пра гэта, мой дарагі,— сказаў ён, паблажліва паляпваючы мяне па плячы,— і пра ўсё паклапаціўся.
I, звярнуўшыся да аднаго з сакратароў, што сядзелі за бар’ерам, ён распарадзіўся:
— Гэта — сіньёр Мальтэні... кантракт і аванс...
Сакратар устаў, адгарнуў папку і дастаў з яе ўжо гатовы кантракт, да якога сашчэпкай быў прыколаты бланк распіскі ў атрыманні авансу. Паціснуўшы Рэйнгольду руку, Баціста зноў наляпаў мяне на плячы, пажадаўшы мне ўдачнай работы, і вярнуўся да сябе ў кабінет.
— Сіньёр Мальтэні,— сказаў Рэйнгольд, падыходзячы да мяне і падаючы руку,— мы ўбачымся, як толькі я вярнуся з Парыжа... Тым часам зрабіце лібрэта сцэнарыя «Адысеі», пакажыце яго сіньёру Бацісту і абмяркуйце з ім.
— Добра,— адказаў я, паглядзеўшы на яго крыху са здзіўленнем, мне здалося, што ён вельмі спрыяльна і па-сяброўску кіўнуў мне.
Заўважыўшы мой здзіўлены позірк, Рэйнгольд раптам узяў мяне за руку і прашаптаў на вуха:
— He хвалюйцеся і не бойцеся... Хай Баціста гаворыць усё, што хоча... Мы зробім псіхалагічны фільм... толькі псіхалагічны.
Я звярнуў увагу, што слова «псіхалагічны» Рэйнгольд вымавіў на нямецкі манер: «псюхалагічны». 3 ледзь улоўным паклонам ён паціснуў мне руку і выйшаў, стукаючы абцасамі. Я правёў яго позіркам. Голас сакратара змусіў мяне ўздрыгнуць:
— Сіньёр Мальтэні... Зрабіце ласку,— распішыцеся вось тут...
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
Калі я вярнуўся дамоў, было